Мінск 20:17

Ад пачатку года дзяржбальніцы абслужылі ў выходныя дні каля 6 тыс. пацыентаў на суму больш як 9 млн рублёў

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

26 жніўня, Позірк. Ад пачатку года дзяржаўныя медыцынскія ўстановы ў выходныя дні аказалі паслугі каля 6 тыс. пацыентаў на суму больш як 9 млн рублёў, паведамляе тэлеканал “Беларусь 1” са спасылкай на даныя Міністэрства аховы здароўя.

У праекце ўдзельнічае 39 медустаноў, сярод якіх сталічныя і абласныя бальніцы, а таксама вядучыя навукова-практычныя цэнтры. У выхадныя і святочныя дні ў іх на платнай аснове можна прайсці дыягностыку або зрабіць прызначаную ўрачом аперацыю (за выключэннем трансплантацыі органаў).

Паводле інфармацыі Мінздароўя, на аб’ёмы меддапамогі, якая надаецца за бюджэтныя сродкі, эксперымент не ўплывае. Сцвярджаецца, што платнае лячэнне ў дзяржустановах значна таннейшае, чым у прыватных клініках. Варта адзначыць, што стацыянарную дапамогу аказваюць толькі некаторыя недзяржаўныя клінікі Беларусі, віды аператыўных умяшанняў, якімі займаюцца медустановы гэтага тыпу, вельмі абмежаваныя.

Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шэраг парушэнняў у цэнаўтварэнні ў сферы аказання медпаслуг, паведаміла ў траўні прэс-служба гэтага органа. Паводле інфармацыі намесніка старшыні КДК Андрэя Лабовіча, гаворка пра завышэнне кошту медпаслуг, уключэнне ў чэк тых паслуг, якія насамрэч не аказваліся, або дублюючых паслуг.

КДК і ўрад унеслі прапановы, а Мінздароўя паведаміла пра распрацаваны плане мерапрыемстваў для ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў адсправаздачыўся пра перагледжаны парадак вызначэння і прымянення тарыфаў на платныя медпаслугі, што “дазволіць забяспечыць адзіныя падыходы да фарміравання сабекошту платных медыцынскіх паслуг”.

Пра тое, што стаіць задача вырашыць праблему разбежкі цаны паміж платнымі паслугамі ў дзяржаўных паліклініках і прыватных цэнтрах “па ўсіх кампанентах дапамогі, пачынаючы ад стаматалогіі і заканчваючы УГД”, заявіў у лютым у эфіры тэлеканала АНТ міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.

Кажучы пра розніцу цэн, ён адзначыў, што кансультацыя спецыялістаў у арганізацыі аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў, “але нечаму ў прыватных кампаніях яна пачынаецца ад 50”.

“У большасці сваёй гэта спецыялісты, якія, не атрымаўшы нейкіх дадатковых ведаў, проста пераходзяць у прыватную сістэму, аказваючы абсалютна тую ж паслугу. Мы павінны быць роўнымі, роўнымі перад законам і роўнымі перад умовамі і ва ўмовах, у якіх мы працуем”, — сказаў чыноўнік.

У 2022 годзе Мінздароўя актыўна правярала прыватныя медцэнтры. Прыпынялася праца не менш за дзевяць з іх: “Кравіра”, “Доктар Нэма”, “ПлеядаМед”, “Тры Дантыста Плюс”, Dental Clinic, “Нардын”, “ЛОДЭ”, “Клініка А1”, а таксама “Клініка “Мэрсі” , будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусветнага банка.

Большасць медцэнтраў аднавіла аказанне паслуг.

17 красавіка 2023 года Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра узбуджэнне крымінальнай справы супраць уладальніка і чатырох работнікаў медцэнтра “Новы зрок”.

Падзяліцца: