Мінск 09:31

Мінабароны акрэдытавала ваеннага аташэ пры амбасадзе Венгрыі

10 верасня, Позірк. Аб акрэдытацыі аташэ па пытаннях абароны, ваеннага і ваенна-паветранага аташэ пры амбасадзе Венгрыі палкоўніка Іштвана Багнара паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Падчас сустрэчы ў дэпартаменце міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны бакі “абмяняліся думкамі аб стане вайскова-палітычнага становішча ў Еўрапейскім рэгіёне і двухбаковых стасункаў у вайсковай сферы”.

20 жніўня, віншуючы прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана з нацыянальным святам — Днём Святога Іштвана, Аляксандр Лукашэнка назваў гэтую дзяржаву краінай з “адказнай і актыўнай пазіцыяй, паслядоўна праводзіць узважаную міралюбную палітыку”.

Лукашэнка падкрэсліў, што,” нягледзячы на любыя міжнародныя складанасці”, Мінск і Будапешт застаюцца “вернымі сваім прынцыпам, развіваюць узаемавыгаднае раўнапраўнае супрацоўніцтва, заснаванае на павазе і падабенстве поглядаў па многіх пытаннях”.

Урад Беларусі ўключыў Венгрыю ў спіс “недружалюбных” краін. Пры гэтым Венгрыя застаецца адзінай краінай Еўрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з Мінскам. Як сябра ЕС яна далучылася да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, аднак прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх.

29 траўня міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петар Сіярта наведваў Мінск з рабочым візітам.

“Сорамна бачыць”, як міністр замежных спраў Венгрыі прыязджае ў Беларусь, паколькі гэтыя візіты “становяцца рэгулярнымі”, напісаў на наступны дзень галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

“Такія сустрэчы ўносяць раскол у адзінства ЕС у яго палітыцы ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, узаконьваючы рэпрэсіі і тэрор супраць беларусаў. Некалькі крывадушна”, — адзначыў ён.

Падзяліцца: