Мінск 07:57

Ціханоўская выступіла з “катэгарычным асуджэннем” абразлівых выказванняў Лукашэнкі пра Арменію

Сталіца Арменіі Ерэван
Фота: Лявон Варданян / unsplash.com

21 жніўня, Позірк. З катэгарычным асуджэннем “абуральных абразаў на адрас Арменіі” і народа гэтай краіны з боку Аляксандра Лукашэнкі выступіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сацсетцы “Х” (“Твітар”).

“Дыктатар аддаў і беларусаў, і Арменію, дзейнічаючы ў інтарэсах Крамля. Беларусы салідарныя з дружалюбным народам Арменіі і маюць намер умацоўваць нашы сувязі”, — падкрэсліла палітык.

Раней у гэты дзень дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны “неадкладна разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю да зрынання дыктатара Лукашэнкі з пасады”.

З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі 21 жніўня да амбасады Беларусі ў вёсцы Арындж ля Ерэвана. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі ” закідалі будынак амбасады яйкамі, памідорамі і бульбай.

Патрабаванне аб разрыве дыпадносін згадваецца ў заяве Кансультатыўнай платформы дэмакратычных сіл Арменіі, тэкстам якой падзяліўся з “Позіркам” палітолаг, эксперт Армянскага цэнтра палітычных і міжнародных даследаванняў Рубен Меграбян, які з’яўляецца адным з арганізатараў акцыі.

Дэмсілы таксама рэкамендавалі запрасіць у Ерэван з візітам “абранага прэзідэнта Беларусі Святлану Ціханоўскую”.

Падзеі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу “Россия”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

“Вы бачыце палітыку. Я нават не звяртаў увагі і казаць не хачу пра Арменію. Ну што гэта за палітыка? Ну каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Хай развіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што ў іх ёсць. Якая Францыя, які [прэзідэнт] Макрон? Заўтра не будзе Макрона, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію”, — сказаў Лукашэнка.

Сёлета 13 чэрвеня прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка. Пашынян выказаўся ў кантэксце яго заяў аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня. Пасля заявы прэм’ера абедзве краіны адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацый.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, кіраўнік урада Арменіі заявіў аб магчымым выхадзе краіны з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Падзяліцца: