Мінск 19:58

Сейм Латвіі прыняў папраўкі з забаронай на знаходжанне ў краіне аўто з беларускімі нумарамі

Галоўны будынак латвійскага парламента
Архіўнае фота: прэс-служба Сейма Латвіі

12 верасня, Позірк. Сейм Латвіі 12 верасня ў другім — канчатковым — чытанні прыняў папраўкі да закона “Аб дарожным руху”, паводле якіх з 1 лістапада ўводзіцца забарона на знаходжанне ў краіне транспартных сродкаў з беларускай рэгістрацыяй, паведамляе LSM.

Да 31 кастрычніка аўтамабілі з беларускімі нумарамі павінны быць або перарэгістраваныя для выкарыстання ў Латвіі, або вывезеныя з краіны. У адваротным выпадку транспарт можа быць канфіскаваны.

Папраўкі прадугледжваюць, што пасля акрэсленага тэрміну зарэгістраваныя ў Беларусі аўтамабілі змогуць уехаць у Латвію толькі адзін раз для транзітнага перасячэння тэрыторыі краіны, загадзя падаўшы заяўку праз сістэму электронных паслуг Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху.

Выключэнне зроблена для транспарту дыпламатычных і консульскіх службаў, амбасады і дэлегацый Беларусі, якія могуць уязджаць у Латвію “з мэтай перамяшчэння”, а таксама аўтамабіляў, што прызначаныя “толькі для гуманітарных мэт, у тым ліку для эвакуацыі або рэпатрыяцыі людзей”.

На адмыслова абсталяваных аўтамабілях з беларускімі нумарамі змогуць уязджаць асобы з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння — для наведвання бацькоў, дзяцей, мужа ці жонкі.

Акрамя таго, Міністэрства замежных спраў Латвіі можа хадайнічаць пра ўезд у краіну аўто з беларускімі нумарамі ў выпадку, звязаным з “канкрэтным пытаннем нацыянальнай бяспекі”. Адказная за выкананне санкцый Служба фінансавай выведкі, разгледзеўшы гэты выпадак, зможа выдаць дазвол на ўезд на тэрмін да 3 месяцаў.

За прыняцце паправак прагаласавалі 77 дэпутатаў, супраць — 9.

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, з 18 ліпеня — праз Літву (да 18 студзеня 2025 года дзейнічае шэраг выключэнняў). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.

Падзяліцца: