Мінск 19:44

Латушка ў адказе Лукашэнка назваў вызваленне палітвязняў адной з умоваў свайго ўдзелу ў выбарах

Архивнок фото: "Белсат"


10 верасня, Позірк. Спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў — частка ўмоў, якія кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паставіў Аляксандру Лукашэнку для свайго ўдзелу ў выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе.

У распаўсюджанай ягонай прэс-службай заяве палітык адзначыў, што гатовы прыняць удзел у кампаніі і “расказаць беларусам, кім насамрэч з’яўляецца Лукашэнка”, а таксама “што з сябе ўяўляюць дэмакратычныя сілы і сама дэмакратыя”.

“Я гатовы прыняць удзел у выбарах, калі ты спыніш крымінальныя справы ў адносінах да ўсіх беларусаў, якія вялі барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў нашай краіне гэтыя 4 гады, калі ты адменіш усе палітыка-матываваныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да беларусаў. І санкцыі за ўсё гэта будуць адмененыя”, — падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Яшчэ адной умовай названа прысутнасць міжнародных і ўнутраных назіральнікаў на кожным выбарчым участку падчас выбараў.

“З усяго таго, што я пералічыў, ты (Лукашэнка. — “Позірк”.) не зробіш нічога. Таму што аддаеш сабе дакладна справаздачу ў тым, што не маеш падтрымкі ў беларускім грамадстве. Я выйграю ў цябе, Лукашэнка, нават знаходзячыся за мяжой, калі ты зарэгіструеш мяне кандыдатам і забяспечыш незалежнае назіранне за падлікам галасоў. Выйграю не я — Павел Латушка, выйграе беларускі народ”, — лічыць палітык.

На ягоную думку, сярод беларускіх палітыкаў шмат тых, “хто гатовы кінуць табе выклік і перамагчы цябе. Але ж ты не дапусціш да выбараў нікога акрамя сваіх халуёў, бо ты — шулер”.

“Беларускі народ ніколі не выбера цябе, бо беларусы цябе ненавідзяць. Ты баязлівец, хлус і забойца. Адзінае, у чым ты не схлусіў, хоць сам, вядома, лічыш інакш — у беларусаў будзе новы прэзідэнт”, — падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Аляксандр Лукашэнка 10 верасня на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній заўважыў, што “інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі абсалютна віскочуць кожны дзень” наконт даты маючых адбыцца выбараў прэзідэнта.

“Ці амерыканцы, ці нашы беглыя нават прызначылі выбары ўжо і дату вызначылі. Развілі кучу канспіралагічных тэорый на гэты конт, — адзначыў аратар. — Наступныя выбары <…> мы павінны правесці не пазней за 20 ліпеня… І трэба вельмі ўдумліва паставіцца да вызначэння дня галасавання. І перыяду, на які ляжа электаральная нагрузка”.

Ён папярэдзіў, што “лёгка не будзе, бо апаненты ўжо спрабуюць разгойдваць сітуацыю”. “Абрушацца новыя інфармацыйныя плыні ўсякага бруду. Мы выдатна бачым, кантралюем усё, што адбываецца вакол нас — за межамі нашай краіны і ўнутры”, — адзначыў Лукашэнка.

“Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю праўду ці яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцый. Людзям трэба прыйсці і растлумачыць, чаму вы так “клапоціцеся” пра Беларусь і чаму вы ваюеце супраць яе. Чаму вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі”, — сказаў Лукашэнка.

Пасля нарады кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка паведаміў дзяржСМІ, што ён назваў чатыры магчымыя даты: “Пасля адкрыцця сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзяць магчымыя варыянты даты выбараў і прымуць рашэнне аб правядзенні выбарчай кампаніі”.

14 жніўня аб’яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваны на 23 лютага.

Раней дэмакратычныя сілы краіны неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гістрыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.

Падзяліцца: