Мінск 16:31

КДБ дадаў у спіс “тэрарыстаў” яшчэ шэсць чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

23 верасня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс у пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, яшчэ шэсць чалавек, вынікае з абноўленага дакумента ў тэлеграм-канале спецслужбы.

Сярод іх Міхаіл ГалаўкоАліна Галінская, а таксама прызнаныя палітвязнямі Вадзім ЛуцэвічАнтон ЧарамныхЯўген Гурыновіч і Аляксандр Лазарэвіч.

Згодна з данымі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Вадзіма Луцэвіча асудзілі сёлета ў ліпені ці жніўні паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Праваабаронцам невядома, на які тэрмін.

20 верасня мужчыну ўнеслі ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады (Мінск) падпалкоўнік Антон Чарамных асуджаны на невядомы тэрмін паводле арт. 130 і ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).

Галоўны інспектар на мытні Яўген Гурыновіч асуджаны на пачатку гэтага года на невядомы тэрмін зняволення паводле васьмі крымінальных артыкулаў. У мужчыны міжпазваночная грыжа, праз якую ён не можа доўга сядзець і стаяць.

Аляксандр Лазарэвіч асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) на невядомы тэрмін пазбаўлення волі.

Фельчар хуткай меддапамогі са Жлобіна (Гомельская вобласць) Аліна Галінская завочна асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 130 КК. У верасні яе ўнеслі ў “спіс экстрэмістаў”.

Цяпер у спісе “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці” фізічных асоб 1.164 пазіцыі.

Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Ведамства публікуе пералік у тэлеграм-канале, які быў створаны 7 траўня. Упершыню СМІ знайшлі канал у ліпені, спіс быў датаваны 28 чэрвеня. Іншых паведамленняў там няма. На сайце Камітэта дзяржбяспекі інфармацыя пра папаўненне адпаведнага спісу не абнаўлялася з лютага 2024 года — рэсурс не працуе. 26 красавіка адказнасць за ўзлом сайта КДБ узяла на сябе група ананімных хакераў “Кіберпартызаны”. У іх паведамленні гаварылася, што партал спецслужбы на той момант “не працуе ўжо больш за два месяцы” — а “ўсё таму, што “Кіберпартызаны” прабраліся туды яшчэ ўвосень 2023 года і выпампавалі ўсю даступную інфармацыю”.

Падзяліцца: