Мінск 15:24

На фоне выпадкаў уварвання дронаў у неба Беларусі Лукашэнка абмяркоўвае з вайскоўцамі беспілотную авіяцыю

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

24 верасня, Позірк. Перспектывы развіцця беспілотнай авіяцыі і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы “з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў” абмяркоўвае з прадстаўнікамі сілавых структур Аляксандр Лукашэнка 24 верасня на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць).

На думку Лукашэнкі, якую прыводзіць яго прэс-служба, сучасная вайна — гэта “вайна беспілотнікаў”. “Цяпер мы ўсе бачым, што без БПЛА няма вайны. Ужо пачынаюць беспілотнікамі ганяцца за салдатам”, — заявіў ён.

Трэніроўкі і вучэнні з беспілотнікамі, паводле яго слоў, павінны быць “набліжаныя да баявых умоў”. “Усё павінна быць натуральным чынам, як у баі, і ніякай паказухі быць не павінна. Мне гэта не трэба”, — сказаў ён.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

У ліпені, жніўні і верасні рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было змушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

17 верасня Лукашэнка заявіў, што ўлады “дамовіліся па каналах з украінцамі”, што бакі не будуць “у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў і расійскіх, і ўкраінскіх” на беларускую тэрыторыю.

Ён прызнаў, што баявыя беспілотнікі час ад часу залятаюць на тэрыторыю Беларусі, адзін з іх нібыта быў знойдзены “ажно пад Бабруйскам”. “Гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хаця і з іншага боку бывае”, — адзначыў Лукашэнка.

Амаль год таму, 25 верасня 2023-га, падпісаны ўказ № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў” (набыў моц 1 красавіка 2024-га), які забараняе ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Падзяліцца: