Мінск 20:26

Міжнародны саюз канькабежцаў падоўжыў адхіленне беларускіх спартсменаў

Фота: skating.by

29 верасня, Позірк. Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) яшчэ на сезон падоўжыў адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, паведамляюць расійскія дзяржСМІ.

Тэма ўздымалася на пасяджэнні Савета ISU, якое прайшло 27–28 верасня ў Лазане (Швейцарыя).

“Пытанне разглядалася, але рашэнне аб допуску прынята не было”, — сказала тэлеканалу “Матч ТБ” крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

“Пасяджэнне завершана, змяненняў ніякіх, адхіленне падоўжанае. Гэты сезон мы прапусцім. Прагнозы на будучыню рабіць не буду, гэта справа няўдзячная”, — заявіў ТАСС прэзідэнт Саюза канькабежцаў Расіі Мікалай Гуляеў.

Пад эгідай ISU праводзяцца спаборніцтвы па канькабежным спорце, фігурным катанні і шорт-трэку.

28 верасня стала вядома, што да выступленняў у новым сезоне не дапусцяць беларускіх біятланістаў.

Днём раней паведамлялася аб падаўжэнні адхілення ад міжнародных стартаў беларускіх лыжнікаў, гарналыжнікаў, фрыстайлістаў і сноўбардыстаў.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя федэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: