Мінск 15:29

Урад удвая падвысіў стаўкі экспартных пошлін на шэраг вуглевадародаў

Ілюстрацыйнае фота: "Віцебскаблгаз"

2 кастрычніка, Позірк. Мытныя пошліны на шэраг вуглевадародаў, якія вывозяцца з Беларусі за межы Еўразійскага эканамічнага саюза, падвышаны 1 кастрычніка пастановай Савета міністраў № 724 ад 30 верасня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 2 кастрычніка, экспартная пошліна на звадкаваныя вуглевадародныя газы цяпер складае 45,2 долара за тону (на 1 верасня — 20,8 долара), на этан, бутан і ізабутан — 40,6 (18,7). Па абедзвюх пазіцыях стаўкі пошлін выраслі ў 2,2 раза.

Са студзеня да лютага 2024 года пошліны на вываз гэтых вуглевадародаў складалі 1,6 і 1,4 долара за т адпаведна. З лютага да верасня яны былі роўныя нулю.

Ад пачатку года застаюцца нулявымі пошліны на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіну, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года — 24,7 долара за т), прамагоннага бензіну (13,5), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4).

Стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія пошліны роўныя расійскім.

Падзяліцца: