Мінск 01:25

Ціханоўская: Выбары ў Беларусі — рытуал, цырк і вайсковая аперацыя

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

2 кастрычніка, Позірк. Нельга называць выбарамі “рытуал і цырк, калі адбываецца перапрызначэнне Лукашэнкі самім Лукашэнкам”, заявіла дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская 2 кастрычніка на Варшаўскім форуме бяспекі.

Гаворачы пра запланаваныя на 2025 год прэзідэнцкія выбары, палітык адзначыла, што на іх не будзе назіральнікаў АБСЕ.

“Я думаю, гэта будзе больш падобна на вайсковую аперацыю. Мы бачым, як узмацняюцца рэпрэсіі перад так званымі выбарамі”, — адзначыла палітык.

Дэмакратычныя сілы павінны выкарыстоўваць гэтую магчымасць, каб “мабілізаваць людзей, шукаць спосабы нешта зрабіць”, мяркуе яна.

“Магчыма, гэта будзе буйная медыякампанія. Нам патрэбны адзіны і скаардынаваны падыход: што могуць зрабіць беларусы ўнутры краіны ў гэты дзень і тыя, хто знаходзіцца ў выгнанні”, — сказала Ціханоўская, дадаўшы, што дэмсілы заклікаюць дэмакратычных партнёраў “загадзя заявіць пра тое, што яны не прызнаюць гэтыя выбары”.

Палітык пры гэтым не хацела б, каб беларусы “ахвяравалі сабой, выходзілі на мітынгі, таму што гэтыя так званыя выбары не зменяць нічога ў Беларусі”: “Гэта не пра змены, гэта толькі пра ўладу Лукашэнкі”.

Паводле слоў экс-кандыдата ў прэзідэнты, Лукашэнка хоча вярнуцца да супрацоўніцтва з “дэмакратычным светам”, як раней, “пасылае сігналы, напрыклад, прапануе Літве вярнуцца да канструктыўнага дыялогу”, і выказала надзею, што дэмакратычнае грамадства змянілася і не стане прыслухоўвацца да наратываў, якія “паўтараюцца з году ў год”, і не дасць Мінску сябе падмануць.

Дэмлідэр таксама заявіла пра неабходнасць узмацнення адказнасці за злачынствы, учыненыя рэжымам, адзначыўшы, што перадача Літвой адпаведных матэрыялаў у Міжнародны крымінальны суд з’яўляецца “важным крокам наперад”.

Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб іншыя краіны далучыліся да гэтай ініцыятывы і калектыўна “паказалі беларускаму народу, што не павінна быць беспакаранасці”.

Падтрымка Захадам дэмакратычнай Беларусі, сказала палітык, цяпер важная “нават больш, чым раней”.

“Мы бачым, як Расія падпарадкоўвае сабе Беларусь, умешваецца ва ўсе сферы беларускага жыцця: у эканоміку, медыя, адукацыйныя працэсы. Мы бачым, як Расія русіфікуе Беларусь. Лукашэнка разам з Пуціным змагаюцца з усім беларускім”, — адзначыла дэмлідар.

Ціханоўская ў чарговы раз падкрэсліла, што Мінск дапамагае Маскве ў вайне супраць Украіны. “Часам я чую, што Лукашэнка не зусім вінаваты, таму што беларускае войска не ўдзельнічала ў вайне. Але трэба патлумачыць, што гэта не заслуга Лукашэнкі, што беларускае войска не далучылася да расійскага. Гэта заслуга беларускага народа, які аднагалосна супраць вайны”, — сказала яна.

Палітык зноў нагадала пра важнасць раздзялення беларускага рэжыму, які “з’яўляецца марыянеткай Пуціна”, і грамадства, якое “змагаецца за свабоду, за еўрапейскую Беларусь”.

Ціханоўская таксама адзначыла, што ў Еўрасаюза “няма выразнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі”. Пры гэтым яна мяркуе, што ЕС займаецца паслабленнем рэжыму “ўсімі магчымымі спосабамі”: санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэння як эканамічная ізаляцыя, непрызнанне Лукашэнкі і ягоных міністэрстваў як ізаляцыя палітычная.

Гаворачы аб падтрымцы дэмсіл з боку ЕС, Ціханоўская падкрэсліла, што яны без гэтай дапамогі “не выжылі б”, аднак ім “патрэбная дапамога не толькі для выжывання, але і для ўзмацнення”.

Еўрапейскі саюз, паводле слоў Ціханоўскай, можа зрабіць значна больш, перш за ўсё “ягоная палітыка павінная быць сінхранізаваная з палітыкай ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і іншых краін, каб была агульная, стабільная і паслядоўная пазіцыя ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі”.

Ціханоўская падкрэсліла, што за чатыры гады пасля выбараў-2020 не з’явілася прыкмет таго, што палітыка Захаду змянілася або што дэмакратычны свет гатовы вярнуцца да супрацоўніцтва з Лукашэнкам, прызнаць яго.

“Калі не спыніць дыктатараў у Беларусі ці Украіне, яны пастукаюць і ў вашы дзверы”, — заявіла палітык.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.

Папярэднія прайшлі 9 жніўня 2020 года. Самыя масавыя ў гісторыі краіны пратэсты, якія суправаджалі іх і працягваліся пасля, былі жорстка падаўленыя ўладамі, масавыя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу, іх узровень расце.

Варшаўскі форум па бяспецы — адна з вядучых еўрапейскіх канферэнцый па бяспецы, прысвечаная трансатлантычнаму супрацоўніцтву і засяроджаная на распрацоўцы сумесных адказаў на агульныя выклікі з акцэнтам на бяспеку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Варшаўскі форум па бяспецы, які арганізоўваецца з 2014 года, штогод збірае больш за 1,5 тыс. найвышэйшых прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, прамысловасці, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці з больш чым 90 краін.

Сёлета ён праходзіць у Варшаве 1 і 2 кастрычніка.

Падзяліцца: