Мінск 15:49

Камісія генпракурора Шведа дазволіла вярнуцца ў спорт семярым футбалістам, якія “прызналі памылкі” (дапоўнена)

Крыніца: unsplash.com / Markus Spiske

Дададзеныя 4-ы, 5-ы, 6-ы і 7-ы абзацы.

26 студзеня, Позірк. У сувязі “са шчырым раскаяннем і прызнаннем сваіх памылак, здзейсненых у 2020 годзе”, спецкамісія пад кіраўніцтвам генеральнага пракурора Андрэя Шведа вырашыла дапусціць да прафесійнай дзейнасці семярых спартсменаў, паведамляе Міністэрства спорту і турызму.

Гаворка пра Аляксандра Гутара (брамнік, БАТЭ, Барысаў), Аляксандра Джыгеру, Паўла Чыкіду, Уладзіслава Жука (паўабаронцы, “Славія”, Мазыр), Данілу Нячаева (паўабаронца, БАТЭ), Іллю Бранаўца (брамник, “Слуцк”), Дзмітрыя Дудара (брамник, “Тарпеда-БелАЗ”, Жодзіна).

Адметна, што дэ-факта большасць з названых футбалістаў былі выключаныя з “чорнага спісу” раней і ў 2023 годзе займаліся “прафесійнай дзейнасцю” ў сваіх клубах.

Нячаеў правёў 24 матчы ва ўсіх турнірах, Жук — 22, Джыгера — 11, Чыкіда — 10, Дудар — 2, Гутар — 1. Бранавец з прафесійнага спорту перайшоў у аматарскі.

Пры гэтым, паводле інфармацыі спартыўнага партала Tribuna, Гутар поўнай “рэабілітацыі” не атрымаў. Паводле асабістага ўказання міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, яго было забаронена выпускаць на поле — дазвалялася толькі трымаць у запасе.

Па заканчэнні сезона 2023 года Гутар, Нячаеў, Жук, Чыкіда, Джыгера і Дудар пакінулі свае каманды і цяпер шукаюць варыянты новага працаўладкавання.

Адпаведнае рашэнне камісія прыняла “ў сувязі з актыўным удзелам” гэтых спартсменаў “у значных грамадска-патрыятычных мерапрыемствах, скіраваных на падтрымку дзяржаўнага ладу; абавязацельствам выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, павагі дзяржаўных сімвалаў і нацыянальных традыцый краіны, а таксама развіцця беларускага спорту і дастойнага прадстаўлення Рэспублікі Беларусь у спартыўных мерапрыемствах”.

У 2020 годзе 93 беларускія футбалісты вышэйшай і першай ліг, замежных чэмпіянатаў, моладзевай і нацыянальнай зборных запісалі відэазварот, у якім асудзілі гвалт. Сярод іх былі Бранавец, Дудар, Джыгера, Жук, Чыкіда. Гутар пазней таксама вымавіў на камеру фразу: “Мы супраць гвалту”.

У 2022 годзе Tribuna паведамляла, што ў “чорны спіс” Мінспорту трапіла 48 футбалістаў. Спартсменам з гэтага спісу павінны былі забараніць заключаць кантракты ў Беларусі. У пераліку апынуліся Нячаеў, Бранавец, Дудар, Гутар, Джыгера, Жук, Чыкіда. Пры гэтым Бранавец і Нячаеў з’яўляюцца падпісантамі “праўладнага ліста спартсменаў”.

У жніўні 2023-га Гутар сабраў прэс-канферэнцыю, на якой заявіў: “У 2020 годзе нас, спартсменаў і футбалістаў, проста хацелі выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах”.

“Я таксама паўдзельнічаў у запісе відэа “супраць гвалту”, але мэту пераследваў толькі адну — каб канфлікт хутчэй завяршыўся. Нікога ні да якіх радыкальных дзеянняў не заклікаў. Нажаль, іншы бок перавярнуў усё ў выгодны для сябе бок і надаў гэтым словам іншы сэнс. Потым ад нас хацелі большага, але я заявіў, што ні ў чым удзельнічаць не буду і ніякія спісы падпісваць не збіраюся”, — сказаў футбаліст.

Варта адзначыць, што камісія Шведа створана для разгляду зваротаў “грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў”, пытанні спартсменаў для яе — дадатковая нагрузка.

Падзяліцца: