Мінск 14:58

Намеснік кіраўніка МУС перасцярог выкладчыкаў і студэнтаў БДУ ад уцягвання ў “гульні спецслужбаў”

Падчас сустрэчы
Фота: тэлеграм-канал "Милиция Беларусі. Мы — НА СТРАЖЕ"

6 лютага, Позірк. Ад “уцягвання ў злачынныя гульні спецслужбаў іншых дзяржаў і так званых паліттэхнолагаў” перасцярог намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч 6 лютага на сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі юрыдычнага факультэта БДУ.

Паводле яго, за гэтым можа рушыць суровае пакаранне.

“Падчас выступу спікер падрабязна спыніўся на сутнасці такіх з’яў, як экстрэмізм і тэрарызм”, — паведамляе тэлеграм-канал часопіса “Милиция Беларуси” и газеты “На страже”.

Казакевіч лічыць, што рэсурсы, названыя ім экстрэмісцкімі, “шырока выкарыстоўваюць сродкі псіхалагічнай вайны, у тым ліку дэзінфармацыю, запалохванне, маніпуляцыю грамадскай свядомасцю, падмену паняццяў і фактаў”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пратэстаў, якія рушылі за імі, улады пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам актыўна ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі, выкарыстоўваючы адпаведныя артыкулы крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў.

У тым ліку гэта тычыцца незалежных СМІ, пераважная большасць якіх пазбаўлена магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі крыміналізаваныя.

Цягам 2023 года “экстрэмісцкімі фармаваннямі” было прызнана 10 незалежных СМІ. 33 асуджаныя работнікі СМІ ўключаны ў афіцыйны спіс “экстрэмістаў”, 12 — у спіс “тэрарыстаў”.

У Крымінальным кодэксе з’явіліся новыя артыкулы за “экстрэмізм”. У прыватнасці, артыкул 2891 прадугледжвае адказнасць за “прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданне”, артыкул 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) дапоўнены адказнасцю за “распаўсюд заведама ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Узброеныя сілы Беларусі, іншыя войскі і воінскія фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі”.

Падзяліцца: