Мінск 12:29

“…А праз год усё змянілася”. Музыка Сяржук Доўгушаў пра пошук месца ў эміграцыі

Фота: Антон Туркоў

Нядаўна з’явілася навіна аб тым, што беларуская арт-рэзідэнцыя “Дом творцаў” у Варшаве можа спыніць існаванне з фінансавых прычын. Пра гэта заявіў прынамсі яе дырэктар, вядомы айчынны музыка Сяржук Доўгушаў.

“Позірк” пагутарыў з творцам пра дзейнасць арт-рэзідэнцыі, яе праблемы, сучаснае становішча беларускай культуры і на іншыя тэмы.

“Апошнім часам мне складана назваць сябе музыкам”

— Кім бы вы сябе назвалі: музыкам, этнографам, творцам…?

— Ведаеце, апошнім часам мне складана назваць сябе музыкам ці творцам. Творцам, мабыць, яшчэ і можна, але цяпер у мяне больш такой арганізацыйнай працы, больш засяроджваюся на Доме творцаў, з’яўляюся яго стваральнікам і дырэктарам, і мы падтрымліваем, дапамагаем, адраджаем і захоўваем беларускую культуру. Таксама я стварыў праект мужчынскіх спеваў “Касары”, займаюся выдавецкай дзейнасцю праз праект “Этна Традыцыя”.

Часам праводжу заняткі па спевах, асабліва цікавы праект мужчынскіх традыцыйных спеваў. Нядаўна, 23 жніўня, “Касары” зладзілі ў Варшаве выступ і прэзентавалі кліп рэжысёра Дзяніса Дзюбы на песню “Ой, да сонцэ”. “Касары” спяваюць выключна народныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, бяседныя, лірычныя, касарскія, валачобныя.

Сам я на сцэну ўжо выходжу не так часта, а раней былі такія розныя праекты, як гурт VuRaj, Fratrez. Або Isna Trio, які мы стварылі ў Варшаве ў 2021 годзе. Было шмат выступаў і гастроляў, у свой час аб’ездзіў усю Беларусь. Вядомая мая ініцыятыва “Спеўны сход”, калі збіраліся дзясяткі і сотні чалавек, развучвалі і спявалі беларускія песні.

А ўжо ў эміграцыі у мяне адкрылася новая старонка ў жыцці, з’явілася новая дзейнасць.

Група "Касары" падчас здымак кліпу “Ой, да сонцэ” (Варшава, 2024 год)
Фота: Аляксандр Драгавоз

“Раней не мог знаходзіцца за мяжой больш за месяц”

— У 2019-м вы давалі інтэрв’ю “Советской Белоруссии”. Выпадковых людзей там не бывае, то, мусіць, нейкі “тэст на лаяльнасць” прайшлі. Што змянілася?

Вядома, мне прыйшлося з’ехаць пасля падзей 2020 года, і я з’ехаў вясной 2021-га. Дарэчы, да гэтага я не мог знаходзіцца за мяжой больш за месяц.

Я спрабаваў жыць у Чэхіі яшчэ пасля 2010 года, у Польшчы, дзе ў 2018-м атрымаў стыпендыю міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Gaude Polonia. Але мяне хапала не надоўга. Пару тыдняў пабуду і цягнічком (быў такі класны цягнік Варшава Мінск) прыязджаю ў Мінск, праводжу “Спеўныя сходы”, канцэрты, імпрэзы, фальклорныя экспедыцыі…

А наконт 2019 года хутчэй за ўсё гэта быў вельмі актыўны час, калі ладзілася шмат канцэртаў. Той год увогуле быў вельмі насычаным на падзеі і надзеі, тады я быў арганізатарам трох фестываляў: традыцыйнай музыкі Rajok, клезмераўскай музыкі Litvak Klezmer Fest і вясельных традыцый “Вяселле Фэст”. З гуртам Vuraj мы запісалі альбом Lito і шмат ездзілі, выступалі, прэзентавалі. Карацей, гэта быў вельмі актыўны год, а праз год усё змянілася.

“Не лічылі, колькі людзей прайшло праз Дом творцаў”

— Як узнікла ідэя Дома творцаў?

Адразу пасля эміграцыі. Я бачыў вакол шмат сяброў, знаёмых і агулам творцаў, якія шукалі сябе і хацелі нешта стварыць разам. І першая думка была менавіта аб’яднаць творчых людзей пад нейкім дахам, каб яны маглі разам над нечым працаваць.

У нас была пробная рэзідэнцыя ў жніўні 2021 года, калі мы выязджалі ўвогуле ў горы, сяліліся там і ставілі першую оперу з рэжысёрам Юрыем Дзіваковым. Потым, у снежні 2021-га, у нас з’явіўся свой дом, і той момант можна лічыць пачаткам Дома творцаў. Туды прыехалі першыя рэзідэнты з Беларусі, розныя музыкі, і гэта была наша першая музычная рэзідэнцыя. Яе фінальным вынікам стаў канцэрт.

Музыкі з нашай першай рэзідэнцыі ўвайшлі ў Варшаўскі вольны аркестр, стварэнне якога было прымеркавана да Дня Волі 25 сакавіка 2021 года.

Пад словам “рэзідэнцыя” мы разумеем перыяд, калі Дом творцаў аддадзены пад канкрэтную групу тых самых творцаў, напрыклад мастакоў ці, як я згадаў толькі што, музыкаў. Агулам за ўвесь час рэзідэнцый было восем: тэатральныя, музычныя і мастацкія. Мы ладзілі выставы, пастаноўкі, канцэрты, але адзін з асноўных накірункаў нашай дзейнасці дапамога пры вяртанні творцаў у прафесію.

Нават калі ў нас нейкі час няма канкрэтнай рэзідэнцыі, мы ўсё роўна дапамагаем творцам і даем на пэўны час магчымасць бясплатна жыць у доме, дзелімся кантактамі ці арганізуем, напрыклад, бясплатныя курсы па спевах, па арт-тэрапіі, калі можна было кожнаму прыйсці і павучыцца маляваць. Мы арганізуем заняткі з псіхолагам, і ў прынцыпе, і зараз творцы маюць магчымасць бясплатна звярнуцца па псіхалагічную дапамогу ці паўдзельнічаць у нашых групавых трэнінгах. Асабліва актуальныя трэнінгі на тэму эміграцыі: як захаваць сябе, пазбегнуць выгарання, змагацца са стрэсам і г.д.

— Колькі людзей ужо прайшло праз Дом творцаў?

Мы не лічылі. Думаю, што агулам ужо больш за 500. Толькі ў кожнай са згаданых мной ужо васьмі рэзідэнцый паўдзельнічала ад 15 да 30 чалавек. А быў такі час, калі ў нас не было рэзідэнцый, а ў доме жыло каля 15 чалавек.

Падчас працы мастацкай рэзідэнцыі
Фота: архіў Дома творцаў

“Праблема ўзнікла з-за падвышэння арэнднай платы”

— А хто гэта ўсё фінансаваў, калі не сакрэт? І чаму ўзнікла праблема з грашыма?

Не сакрэт, у нас былі розныя партнёры, мы сябравалі з German Marshall Fund, Libereco. By_help нам у свой час дапамагаў, былі індывідуальныя спонсары. Фандрайзінг таксама ратаваў у моманты, калі трэба было “закрыць” месяц існавання нашага дома, мы ладзілі збор, і людзі дапамагалі. Яшчэ мы ўдзельнічалі ў конкурсе і атрымалі грант ў рамках праграмы ArtPower ад Беларускай рады культуры, дзякуючы якому арганізавалі дзве рэзідэнцыі: музычную і мастацкую. Гэта быў супольны праект з фундацыяй Tutaka.

Сталага фінансавання няма, з-за чаго, мабыць, і ўзнікла цяперашняя праблема, бо была падвышана арэндная плата. Зараз утрыманне дома штомесяц каштуе 13 тыс. злотых (3,4 тыс. долараў ЗША. “Позірк”.), а раней было 9 тыс. з нечым (2,3 тыс. долараў. “Позірк”.). У цяперашні час там жывуць дзве сям’і, заязджаюць асобныя мастакі. Некаторыя прыязджаюць на некалькі дзён, некаторыя на тыдзень. Напрыклад, нейкі творца толькі пераехаў у Польшчу і жыве ў нас пэўны час, пакуль не знойдзе жытло.

Хацеў бы, карыстаючыся выпадкам, папрасіць падтрымаць збор сродкаў на дзейнасць Дома творцаў (на 1 верасня сабрана 481 з 10 тыс. еўра. “Позірк”.).

Працы рэпрэсаваных мастакоў на выставе ў Музеі вольнай Беларусі (Варшава, 2023 год)
Фота: архіў Дома творцаў

“Трэба знаходзіць сваё месца пад сонцам”

Ці не падаецца вам апошнім часам, што прынамсі ў Польшчы на беларускую культуру звяртаюць мала ўвагі, а менавіта ў гэтай краіне яна стала кшталту “разменнай манетай” у разборках мінулага і цяперашняга ўрадаў?

Мне здаецца, што трэба неяк змагацца за сваё існаванне, знаходзіць сваё месца пад сонцам. Наконт разменных манет нават не ведаю. Лічу, што мы ўсё ж па-за нейкімі палітычнымі гульнямі і спрабуем сябраваць з рознымі палітычнымі супольнасцямі і арганізацыямі.

— Якая агульная сітуацыя ў творцаў у эміграцыі?

Калі я размаўляю з творцамі, якія жывуць у нашым доме, то першае, што яны кажуць: нам хочацца не згубіць сябе, у прыватнасці ў той прафесіі, якой мы займаліся ўсё жыццё. Але ўзнікаюць бытавыя рэчы, і самае складанае пражыванне, на гэта выдаткоўваецца шмат грошай, на арэнду кватэры могуць пайсці ўсе заробкі.

І, вядома, яшчэ адзін вельмі складаны момант арганізацыя мерапрыемстваў. Калі ў Беларусі мы ўжо прызвычаіліся да ўсяго, ведалі нават, як прайсці ўсе гэтыя колы ідэалагічных праверак, як арганізаваць канцэрт, то тут быццам бы трэба ўсё пачынаць спачатку, усё функцыянуе па-іншаму. Няма ідэолагаў і нейкіх забарон, але, каб знайсці, напрыклад, пляцоўку, трэба больш-менш валодаць польскай мовай ды і ўвогуле разбірацца ў гэтай сферы.

Падчас першага знаходжання ў Доме творцаў мы даем магчымасць людзям адаптавацца, стаць на ногі. Шмат якія творцы, калі прыязджаюць, ідуць працаваць грузчыкамі ў крамы і г.д.

Мы даем на такую адаптацыю два месяцы, нехта жыў больш, але ёсць правіла, што ў доме ты можаш пажыць месяц альбо два. За гэты час можна “выдахнуць”, агледзецца. Мы дапамагаем нават набыць праязны білет, адкрыць рахунак у банку. Потым чалавек ужо знаходзіць сваё месца, тыя ж самыя кантакты сярод музыкаў ці мастакоў.

У іншых краінах, як мне падаецца, такіх дамоў няма, але ёсць супольнасці беларусаў, фундацыі, профіты. Я сябрую шмат з кім у ЗША, выязджаю туды і ладжу супольныя праекты з беларусамі ў Сан-Францыска, Мінесоце, там адбываюцца свае працэсы.

Творцы, якія прыязджаюць да нас, яны збольшага з Беларусі, тыя, хто нядаўна эміграваў. Калі мы ладзім рэзідэнцыі і ёсць адбор, то творцы прыязджаюць і з Нямеччыны, Літвы.

Сяргей Доўгушаў падчас канцэрту ў Познані
Фота: Аляксандр Драгавоз

“Арганізаваць сур’ёзнае творчае мерапрыемства ў Беларусі маларэальна”

А што чуваць ад калег, якія засталіся ў краіне? Усё зачышчана ва ўгоду “рускаму свету”, ці ёсць, як некаторыя кажуць, нейкае падполле, дзе яшчэ можна тварыць, выдумляць?

Мне здаецца часам, што пра ўсё мы можам ужо і не ведаць. Усё менш маіх сяброў і знаёмых застаецца ў Беларусі, але я бачу, што музыкі, мастакі творчасць не спыняюць. Мастакам можна зараз рабіць творы і, калі забараняюцца выставы, выстаўляць іх анлайн.  

Музыкі таксама могуць выдаваць музыку на міжнародных платформах і г.д.

Ёсць нават прыклады, калі на сённяшні дзень некаторыя музыкі, якія з’ехалі з краіны, прыязджаюць выступаць у Беларусь і вяртаюцца назад.

Хаця думаю, што арганізаваць нейкае сур’ёзнае творчае мерапрыемтства ў Беларусі зараз маларэальна. Калі ты нідзе не засвяціўся і “праспаў” 2020 год і вось раптам з’явіўся ў 2024-м і не будзе да чаго прычапіцца, тады, можа, нешта і зробіш. А беларуская мова гэта, на жаль, як раз тое, да чаго ў сучасных умовах можна прычапіцца.

Будзеш спяваць па-расейску, мець “правільную” старонку у сацсетках ці сайт, не ўжываць спалучэнне белага і чырвонага колераў, пройдзеш праверку “па базе”, то атрымаеш дазвол на выступ з якой-небудзь “нармальнай” рускай песняй. А беларуская мова, на мой погляд, першае, што выклікае ў ідэолагаў пытанні, і, можа, не адразу, а праз нейкі час цябе могуць выклікаць на гутарку з ідэолагам.

Нават тады, калі ў Беларусі яшчэ было магчыма нешта арганізаваць, калі я быў салістам філармоніі, мяне вызывалі на гутаркі да нейкіх ідэолагаў, кадэбэшнікаў.

Калі я бачу, напрыклад, што на канцэрт прыйшло 200 чалавек, мы спяваем беларускія песні, адразу бачна людзей, якія прыйшлі проста прасачыць за тым, што адбываецца. Думаю, што на мяне і шмат якіх іншых творцаў ужо сабралася нармальнае “дасье”, што да 2020 года, што пасля. Буду чакаць дзяржаўную ўзнагароду ці медаль (смяецца).

Падзяліцца: