Мінск 12:53

“Ёсць рызыка зацяжнога канфлікту”. Як выбары ў Грузіі могуць адбіцца на беларусах

Раман Кісляк
Фота: "Позірк"

Сёння, 26 кастрычніка, у Грузіі — адной з асноўных краін знаходжання беларускіх палітуцекачоў — праходзяць парламенцкія выбары, ад зыходу якіх залежыць яе далейшы знешнепалітычны курс. Перамога кіроўнай партыі “Грузінская мара” звязанага з Расіяй мільярдэра Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, на думку мясцовых палітолагаў, працягне працэс замарозкі стасункаў з Захадам. Поспех аб’яднанай апазіцыі, як чакаецца, дазволіць аднавіць ранейшы ўзровень супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і ЗША, працягнуць шлях краіны ў ЕС.

Апытанні грамадскай думкі, заказаныя супрацьлеглымі лагерамі, даюць разбежку амаль у 25% для “Грузінскай мары” — 35 супраць 60. У першым выпадку апазіцыя мае шанец сфармаваць кааліцыйны ўрад, у другім “ГМ” можа атрымаць канстытуцыйную большасць і рэалізаваць пагрозу свайго кіраўніка расправіцца з апанентамі.

Палітычныя баталіі, якія закіпелі за паўтара года да выбараў, закранулі і беларусаў. З аднаго боку, яны па-ранейшаму могуць знаходзіцца ў краіне без візы 364 дні ў годзе, з другога — некаторым актывістам беларускай дыяспары ў Грузіі, як Яўгену Гацаку ў красавіку 2023 года і Андрэю Мялешку ў верасні 2024-га, адмаўляюць у вяртанні, калі яны выязджаюць з краіны, каб абнуліць тэрмін знаходжання.

Акрамя таго, улады адмаўляюць беларусам у атрыманні міжнароднай абароны. Адзін з іх — брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, які будзе судзіцца з дэпартаментам міграцыі МУС Грузіі.

“Позірк” пагаварыў з Кісляком пра становішча беларусаў у Грузіі, яго справу, развіццё сітуацыі пасля выбараў, а таксама пра запасныя варыянты.

“Ёсць рызыкі для асобных катэгорый: праваабаронцаў, журналістаў”

— Давайце адразу, мабыць, пра галоўнае для беларусаў у Грузіі: ці лічыце вы гэтую краіну цяпер бяспечнай для іх? Ці варта яе цяпер выбіраць хоць бы як прамежкавы пункт у экстранай сітуацыі пры ад’ездзе з Беларусі?

— Як прамежкавы пункт — так. Пры кароткачасовым знаходжанні тут няма ніякай небяспекі, нікога дагэтуль не выдалі. Грузія — бязвізавая краіна, беларусы могуць знаходзіцца ў ёй да года, потым можна выехаць і вярнуцца.

Думаю, тыя, хто хоча ехаць далей, за гэты час могуць атрымаць візу Польшчы, Германіі, іншых дзяржаў. Тыя, хто застаецца ў Грузіі, павінен для сябе вырашыць, не мець ніякага статусу альбо падавацца на прытулак. Вядома, ёсць рызыкі для асобных катэгорый: праваабаронцаў, журналістаў, якія вырашылі тут застацца надоўга. Апошнія падзеі як раз і паказалі, што журналістаў у Грузію не пускаюць, у тым ліку тых, хто тут жыў і вырашыў абнуліць тэрмін знаходжання.

У зоне рызыкі, мяркую, актывісты грамадскіх арганізацый, напрыклад у сферы ЛГБТ, з улікам нядаўна прынятай парламенцкай большасцю — партыяй “Грузінская мара” — закона “Аб сямейных каштоўнасцях і абароне непаўналетніх”. У гэтай жа зоне актывісты, якія выступаюць супраць вайны Расіі ва Украіне, супраць імперыі.

Увогуле, планаваць кароткатэрміновае знаходжанне можна, яно бяспечнае, але планаваць на працяглы тэрмін — стратэгічна — немагчыма, пакуль — поўная нявызначанасць. З аднаго боку, зусім незразумела, як скончацца парламенцкія выбары 26 кастрычніка (як улада, так і аб’яднаная апазіцыя загадзя кажуць пра сваю перамогу, спасылаючыся на апытанні грамадскай думкі. — “Позірк”.). Закон, які рэгулюе сферу надання прытулку, не дзейнічае як мае быць. Мы не ведаем, як працуюць суды, таму што справы беларусаў, якія падаліся на міжнародную абарону, фактычна толькі пачалі разглядаць пасля доўгага перыяду замарозкі.

— Апошнім часам нямала пішуць пра тое, што ўлады не пускаюць многіх з тых, хто абнуляе тэрмін знаходжання і вяртаецца ў Грузію. Наколькі, паводле вашых звестак, гэта закранае беларусаў, або вераснёўскі выпадак з журналістам Андрэем Мялешкам можна лічыць адзінкавым?

— Не пускаюць розных людзей, у асноўным як раз журналістаў. Ёсць і беларусы, і грамадзяне іншых дзяржаў. Прычым гэтыя беларусы не знаходзіліся ў публічным полі.

Андрэй Мялешка з малодшай дачкой у самалёце на Варшаву пасля адмовы грузінскіх уладаў пусціць у краіну
Фота: архіў Андрэя Мялешкі

“МУС Грузіі не разумее ўсіх пагроз”

— Цяпер вы праводзіце ў Грузіі цыкл сустрэч “Права на прытулак”. Пра што пытаюцца, пра што расказваеце?

— Апошнія сустрэчы былі ў Батумі і Тбілісі, усяго прыйшло 40 чалавек, і гэта досыць шмат. Частка з іх ужо атрымалі адмову, частка проста цікавіцца гэтай працэдурай. Мы гаварылі пра механізм абскарджання адмоваў у судзе.

Перш за ўсё трэба адзначыць: калі чалавек выязджае з Грузіі і спрабуе ўехаць назад і яго не пускаюць, ён пачынае скардзіцца на парушэнне правоў. Але, на жаль, права на ўезд у чужую краіну як такога не існуе. Ёсць толькі магчымасць уехаць. Дзяржава можа пускаць, можа не пускаць.

З іншага боку, кажуць — у тым ліку мае калегі — пра пэўную палітыку ў сферы міграцыі. Ёсць права на прытулак. Гэта значыць, з другога боку ёсць абавязак. Дзяржава абавязана разгледзець адпаведную заяву, даць магчымасць грамадзяніну прывесці свае довады, разгледзець пададзеныя дакументы ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Канстытуцыя Грузіі як раз добра апісвае гэта права. Там сказана, што працэдура павінна быць прапісаная ў законе, а статус уцекача — выдавацца паводле стандартаў міжнароднага права. Ёсць нядрэнны закон аб міжнароднай абароне — праблема ў яго тлумачэнні.

МУС Грузіі звяртае ўвагу перш за ўсё на тое, які пераслед зведваў чалавек раней. Вядома, гэта важна вывучыць. Але не менш важна разумець, што чакае чалавека пры вяртанні ў Беларусь, бо адмова ў прытулку стварае пагрозу дэпартацыі менавіта туды.

На працягу месяца чалавеку прапануюць добраахвотна пакінуць Грузію, аднак пры адсутнасці сапраўднага пашпарта нельга выехаць у іншыя краіны, і Беларусь — адзіная, куды беларус можа ўехаць. А там яго затрымліваюць, з ім жорстка абыходзяцца, катуюць, пераследуюць за палітычныя погляды, а калі артыкул КК дазваляе — ёсць пагроза смяротнага пакарання.

Аднак МУС Грузіі лічыць, што няма ніякай небяспекі, не разумее ўсіх пагроз. Не ведае, як утрымліваюцца палітвязні ў нашай краіне.

Таму просьбітам прытулку абавязкова трэба казаць пра тое, што іх чакае ў выпадку вяртання на радзіму і арышту: жоўтыя біркі, інкамунікада, памяшканне ў ШІЗА. Гэта значыць людзей ламаюць, але гэта не становіцца прадметам даследавання пры разглядзе прашэння аб прытулку.

Другі момант. Магчыма, МУС Грузіі вырашыла адмаўляць усім беларусам, і гэта палітычнае рашэнне. І тут важна падкрэсліць, што права на прытулак абмяжоўвае палітыку. Улады Грузіі не могуць паводзіць сябе як заўгодна. Гэтую сітуацыю павінны выправіць суды — спадзяюся, што выправяць. Калі не, то ёсць наступны этап: зварот у міжнародныя органы, у Еўрапейскі суд па правах чалавека, камітэты ААН супраць катаванняў, па правах чалавека і іншыя.

Іначай кажучы, калі людзям адмаўляюць у прытулку, гэта не канец гісторыі, пройдзена толькі траціна шляху. Я разумею, што гэта дастаткова доўга і для некаторых можа быць непрымальна і яны імкнуцца з’ехаць у іншыя краіны, дзе на адміністрацыйным узроўні пытанне вырашаецца — напрыклад у Польшчу, Літву.

Спадзяюся, што суды ў Грузіі выправяць сітуацыю. Але на гэта неабходны нейкі час — год, два.

Важна таксама пры звароце ў міжнародныя органы прасіць прыняць часовыя меры абароны, і тады грузінскую дзяржаву абавяжуць не дэпартаваць чалавека ў перыяд разгляду яго справы.

Акрамя таго, тыя, каму адмоўлена ў атрыманні абароны, могуць прасіць статус ўцекача ва Упраўленні вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў. У Грузіі ёсць прадстаўніцтва гэтай структуры. Былі прэцэдэнты і ў Беларусі, калі УВКБ давала такі статус, а іншая краіна згаджалася прыняць гэтых людзей. Такая магчымасць існуе “тут і цяпер”. Паралельна кантактуеш з УВКБ, а таксама з дыпламатамі краін, якія могуць прыняць у сябе.

“Наўскідку, адмову атрымала чалавек дваццаць”

— Якая цяпер сітуацыя з вашай справай? Міжнародную абарону вам не далі, вядома, што 30 кастрычніка Тбіліскі гарадскі суд павінен разгледзець вашу скаргу.

— Так, мы падрыхтавалі скаргу на рашэнне мясцовага адміністрацыйнага органа. На 30-е прызначанае першае пасяджэнне. Я схадзіў у бюро спецыялізаваных паслуг, і там бясплатна далі адваката. Згодна з грузінскім законам, па такой катэгорыі спраў, як міжнародная абарона, гэтая магчымасць прадугледжваецца. Зараз працую з адвакатам, рыхтую дакументы, у якіх адлюстраваныя рашэнні міжнародных інстытуцый па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Адметнасць маёй справы ў тым, што Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі прыняў рашэньне адмовіць мне ў прытулку, нягледзячы на тое, што я адпавядаю крытэрам, прадугледжаным Канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў ад 1951 году. Мне адмоўлена таму, што маё знаходжанне на тэрыторыі Грузіі быццам бы непажадана з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі. Высветлілася, што не толькі я не ведаю нічога пра гэта — МУС таксама не ведае. Ведамства таксама падала матэрыялы ў суд. Ёсць дакумент са Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі, там літаральна пяць радкоў, і таксама нічога не зразумела.

Таму я хачу заявіць, каб другім адказчыкам была Служба дзяржбяспекі, і буду спрабаваць у яе высвятляць прычыны. Я падаў туды заяву з просьбай растлумачыць сітуацыю. Карацей, чакаем і рыхтуемся.

Пры разглядзе заяў аб наданні прытулку праводзіцца два інтэрв’ю. Беларусаў, якія прайшлі першае інтэрв’ю, цяпер масава выклікаюць на другое, пасля чаго выносяцца рашэнні аб адмове. Адмову з такой жа фармулёўкай, як у мяне, атрымала Марына Зялёная (Калініна). Астатнім адмаўляюць таму, што нібыта іх кейсы не падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі аб статусе ўцекачоў. Наўскідку, адмову атрымала чалавек дваццаць.

— Як спрацуе закон у вашым выпадку, што падказвае чуццё? Вы ў даволі рызыкоўнай сітуацыі: тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся, ёсць толькі часовае пасведчанне асобы, выдадзенае мясцовымі ўладамі.

— Вядома, я ў зоне рызыкі, нічога прыемнага ў гэтым няма. Праблема ў тым, што я і іншыя суайчыннікі сутыкаемся вось з гэтымі палітычнымі рашэннямі, закон пакуль не працуе. Ці запрацуе ён у судзе, я не ведаю. Але, як кажуць адвакаты, былі прэцэдэнты, калі суды прымалі рашэнні на карысць заяўніка, нават калі адмова была матываваная інтарэсамі нацыянальнай бяспекі.

Дарэчы, офіс амбудсмэна зацікавіўся нашымі справамі. Магчыма, яго прадстаўнікі будуць прысутнічаць на судзе. На ўзроўні МУС усё было ў адзін бок: нашыя аргументы нібыта ўспрымаліся, але не было зваротнай сувязі. У судзе ж будзе спаборны працэс.

На жаль, у дэпартаменце міграцыі, у асяродку мясцовых юрыстаў, адвакатаў няма ведання сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны больш у курсе, што адбываецца ў Сірыі, але не ў Беларусі. Спадзяемся, нам удасца паказаць рэальную сітуацыю ў Беларусі, даказаць, што беларусам нельга адмаўляць у прытулку, падвяргаць іх рызыцы вяртання.

Цяпер на прытулак падаваліся ў асноўным тыя, у каго скончыўся альбо заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, у тым ліку бацькі, у дзяцей якіх ёсць такая праблема, як у Марыны Зялёнай. У мяне скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта падчас разгляду справы.

І былі прэцэдэнты, калі грузінскія ўлады разглядалі заявы да трох гадоў, хоць трэба на працягу паўгода. Тэрмін можа быць прадоўжаны, але толькі да 21 месяца. Цяпер справы разглядаюцца, людзі атрымліваюць адказы, аднак пакуль усё — адмоўныя.

“Грузія і Арменія прыкладна роўныя па бяспецы”

— Вам не здаецца, што цяпер больш бяспечнай краінай з’яўляецца Арменія, якая не выдае беларускіх актывістаў?

— Арменія — удзельнік масы міжнародных пагадненняў і абавязаная затрымліваць людзей не толькі па картках Інтэрпола, але і паводле пагаднення ў рамках СНД. Беларусь можа абвясціць людзей у міждзяржаўны вышук, а ў лік удзельнікаў пагаднення ўваходзяць Расія, Кыргызстан, Казахстан, Арменія. І гэта фармуе пагрозу. Арменія затрымлівала некалькіх чалавек, абвешчаных у вышук беларускімі ўладамі, але давала ім палітычны прытулак.

Думаю, Грузія і Арменія прыкладна роўныя для беларусаў па бяспецы знаходжання. Грузія хоць і не дае прытулак, але пакуль і не высылае, не выдварае і не дэпартуе. Арменія таксама не дэпартуе, але што будзе далей, складана сказаць.

Я тут паглядзеў статыстыку. Выявілася, што Грузія — у лідарах па колькасці скаргаў у Еўрапейскі суд па правах чалавека на душу насельніцтва. З іншага боку, з 1990-х гадоў па цяперашні час камітэты ААН — па правах чалавека, супраць катаванняў, па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, па правах дзіцяці, — прынялі толькі шэсць рашэнняў па зваротах з Грузіі, прычым ніводнага — па пытанні надання прытулку. Думаю, калі мясцовыя суды будуць адмаўляць беларусам у абароне, мы падымем камітэтам ААН статыстыку па Грузіі. Дарэчы, ёсць магчымасць падаваць скаргі ў камітэты ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і па правах інвалідаў.

“Будзем дамагацца зменаў, якімі б ні былі вынікі выбараў”

— На пачатку размовы вы канстатавалі поўную нявызначанасць зыходу парламенцкіх выбараў у Грузіі. Але ці ёсць надзея на пазітыўныя змены пасля іх для беларусаў?

— Думаю, у любым выпадку мы будзем дамагацца пазітыўных зменаў, якімі б ні былі вынікі выбараў. Мы цяпер сутыкаемся з палітычнымі рашэннямі, якія прымаюць сілы, якія знаходзяцца ва ўладзе. Калі баланс у парламенце зменіцца і ўрад сфармуюць іншыя партыі, гэта, безумоўна, прывядзе да пэўных зменаў. Быццам бы апытанні паказваюць, што апазіцыя агулам бярэ большасць, а як яно будзе, пакуль невядома. Але ў любым выпадку будзе нешта мяняцца.

Ёсць рызыка зацяжнога палітычнага канфлікту, калі вынікі будуць сфальсіфікаваныя і пачнуцца працяглыя масавыя маніфестацыі, супраціў. Палітычны крызіс на парадку стаіць. Вырашыцца ён хутка ці не, сказаць складана. Але 26 кастрычніка відавочна вызначыцца не ўсё.

Бюлетэнь для галасавання на парламенцкіх выбарах у Грузіі 26 кастрычніка 2024 года. Апошні радок — кіруючая партыя "Грузінская мара" ("Картулі оцнэба")
Фота: "Позірк"
Падзяліцца: