Мінск 12:43

Губарэвіч: Маё вылучэнне кандыдатам было палітычнай акцыяй

Архіўнае фота: "Позірк"

Старшыня Руху “За Свабоду” (ліквідаванае ў Беларусі, працягвае дзейнасць за мяжой) Юрый Губарэвіч, які знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, увечары 27 кастрычніка падаў заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Ужо 29 кастрычніка Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яму ў гэтым праве, спаслаўшыся на парушэнні ў парадку прадстаўленні дакументаў. Фактычна гэтая палітычная кампанія пратрывала трохі больш за суткі.

“Позірк” распытаў палітыка, адкуль узнікла ідэя падаць дакументы ў такой сітуацыі, ці быў план правядзення паўнавартаснай кампаніі і ці няма ў гэтым разыходжання з ужо абвешчаным планам дэмсілаў.

З якой мэтай вы падалі дакументы ў ЦВК?

— У першую чаргу таму, што гэта маё права як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Я вырашыў гэтым скарыстацца. Пад пункты пашыранага спісу фармальных абмежаванняў для ўдзелу я не трапляю: маю больш за 40 год, валодаю выбарчым правам, нарадзіўся і пражываў у Беларусі.

Пытанне па колькасці дзён адсутнасці ў краіне, якая магла б стаць падставай для адмовы, не ўрэгулявана ў заканадаўстве.

На дадзены момант я не маю ні грамадзянства, ні часовага дазволу на жыхарства іншых дзяржаў. Можа, у бліжэйшай будучыні буду мець часовы дазвол, калі размова пра гэта — але на момант падачы я такога ДНЖ не меў і не маю зараз, праз два дні.

Была матывацыя патэсціраваць сістэму. Рэжым хацеў бы правесці працэс абсалютна стэрыльна і падкантрольна.

Мая палітычная акцыя — гэта як раз спроба паказаць, што не ўсё так чыста і прыгожа, як будуць прапагандысты рэжыму даносіць да грамадзянаў Беларусі, не ўсё так стэрыльна, не ўсё так законна.

Гэта значыць, што вашае вылучэнне менавіта палітычная акцыя?

— Менавіта, можна так назваць.

— Хто ўвайшоў у ініцыятыўную групу, пададзеную ў ЦВК? Ці няма перасцярогаў наконт бяспекі яе сябраў?

— Ініцыятыўная група — гэта фактычна копія той, якую я падаваў у 2020 годзе. Яна на гэты момант ужо знаходзіцца ў ЦВК у суседняй тэчцы, таму тут нічога новага для іх прадстаўлена не было.

— Ці лічыце вы, што можна было правесці паўнавартасную кампанію ў гэтай сітуацыі, знаходзячыся за мяжой?

— Лічу, што можна. І сама падача — частка гэтай палітычнай кампаніі, палітычнай акцыі.

Бо я не разглядаю тое мерапрыемства, якое будзе адбывацца, як прэзідэнцкія выбары, як увогуле выбары. З іншага боку, я і не бачу магчымасці заплюшчваць вочы і ігнараваць гэтую падзею. Таму трэба выказваць да яе нейкае стаўленне, фармаваць меркаванне на падставе канкрэтных фактаў.

Калі мы будзем ацэньваць вынікі гэтых выбараў і казаць, што яны былі нелегітымныя і нельга прызнаваць тое, што намалююць у пратаколах, мы павінны пакласці ў кошык канкрэтныя доказы.

І вось адсутнасць рэгістрацыі — адзін з доказаў, што няма роўных правоў для грамадзянаў.

Ёсць велізарная частка беларусаў, якіх улады дэ-факта зрабілі ізгоямі, пазбавілі выбарчага права як актыўнага (права абіраць), так і пасіўнага (быць абраным). Гэта тычыцца сотняў тысячаў беларусаў, якія не змогуць вярнуцца, а за мяжой не будуць адкрытыя ўчасткі.

—-Як ідэя падацца ў якасці кандыдата ўпісвалася ў стратэгію дэмсілаў, у прыватнасці рэкамендацыі галасаваць супраць усіх?

— Я цалкам і поўнасцю падзяляю агульную стратэгію дэмакратычных сілаў і лічу, што рашэнне рэкамендаваць тым, хто будзе загнаны на выбарчыя ўчасткі, галасаваць супраць усіх — адзінае слушнае. Нават пры рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы я бы праводзіў гэты наратыў у публічных камунікацыях.

Як думаеце, чаму не зарэгістравалі?

— Фармальная падстава, якую назвалі: мусіў быць іншы парадак падачы дакументаў. Але тут зноў мы кажам, што да кожнага кандыдата ёсць свой падыход, свая практыка. Кандыдат Аляксандр Лукашэнка ніколі на маёй памяці сам не прыязджаў, каб падаць дакументы для ўдзелу ў выбарах.

У маёй сітуацыі такі ж самы шлях: падача праз электронную пошту — гэта такі ж самы дыстанцыйны варыянт падачы, як і ў Лукашэнкі, які кожны раз рабіўся зарэгістраваным кандыдатам.

— Пасля адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ці маеце бачанне, што рабіць далей?

— Зрабіць высновы з гэтага незаконнага, на мой погляд, рашэння і даводзіць грамадзянам Беларусі, што выбараў у іх няма, кампанія, якая будзе рэалізоўвацца, не з’яўляецца прэзідэнцкімі выбарамі, і рэкамендаваць галасаваць супраць усіх, калі іх прымусяць прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Падзяліцца: