be
Arrow
Мінск 11:34

Сяргей Будкін: Рэжым спадзяецца адной паперкай знішчыць беларускую музыку

* Перадрук дазволены з пазначэннем першакрыніцы

У музычную індустрыю вяртаюцца чорныя спісы. 8 лютага Беларуская рада культуры апублікавала пералік выканаўцаў, чыім творам цяпер няма месца ў краіне. Сярод непажаданых не толькі айчынныя музыкі і гурты, але і расійскія, і зоркі сусветнай сцэны кшталту Лэдзі Гагі альбо Шэр. Усяго ў спісе 87 пазіцый рознай ступені пазнавальнасці.

Многія звярнулі ўвагу на наяўнасць у беларускай частцы “персон нон грата” імёнаў, якія слаба асацыююцца з пратэстамі 2020 года. І наадварот, у спісе адсутнічае шэраг артыстаў, якія выразна артыкулявалі сваё стаўленне да ўлады пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паралельна з укараненнем чорных спісаў папулярныя выканаўцы працягваюць трапляць пад палітычны пераслед. Калі за ўдзел у пратэстах, калі за грамадзянскую пазіцыю, а калі і наўпрост за “шкодныя” песні.

Пра апошнія рэпрэсіўныя тэндэнцыі ў айчыннай музыцы — і культурнай сферы ўвогуле — BPN паразмаўляў з кіраўніком Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным.

“Такія спісы існуюць з 1996 года”

— Вас здзівіла з’яўленне чорнага спіса?

— Здзіўленне калі і ёсць, то невялікае. Бо падобны спіс, напрыклад, быў і ў 2010 годзе. Нікім не падпісаны, невядомыя асобы яго проста ўкінулі ў інтэрнэт. А ўвогуле такія спісы існуюць з 1996 года: першыя забароны ўвялі пасля рэферэндума. Пікавы момант — напэўна, 2004 год, трыгерам тады стаў мітынг на плошчы Бангалор у Мінску.

У 2010-м, дарэчы, акрамя беларускіх дзеячаў культуры у стоп-спіс трапілі і галівудскія зоркі — такія, як Кевін Спейсі, Джуд Лоў і іншыя; і расіяне — пісьменнікі Андрэй Бітаў, Віктар Ерафееў, Эдуард Успенскі… То бок ужо тады гэта выглядала абсурдна.

Але цяперашні выпадак па ўзроўні абсурднасці перавысіць усе папярэднія. Цяпер пад забаронай нават некаторыя праўладныя выканаўцы, якія ніяк не выказваліся ні пра рэпрэсіі, ні пра вайну. Ёсць і гурты, лідараў якіх ужо няма ў жывых, як той жа “Нейра Дзюбель” (Аляксандр Кулінковіч, які памёр у 2018 годзе. — BPN.). І, канешне, некалькі сусветных зорак.

— Бачыце крытэрыі, паводле якіх складзены спіс?

— Разумею так, что галоўны крытэрый — публічныя выказванні. Крытычныя да рэжыму Лукашэнкі альбо з асуджэннем вайны ва Украіне. Нам дакладна вядома, што спіс быў распаўсюджаны ў дзяржаўных установах, дзе ладзяцца жывыя выступы калектываў. Атрымліваецца, што пад забарону трапляюць у тым ліку кампазіцыі забаненых музыкаў у выкананні кавер-бэндаў, самадзейных ансамбляў. І ў рэпертуары прэзідэнцкага аркестра мы, напэўна, больш не ўбачым твораў замежных выканаўцаў з гэтага спісу ў сімфанічнай апрацоўцы.

Відавочна, што паўплывае спіс і на ратацыю ў радыёэфіры. І, канешне, на атрыманне дазволу на правядзенне канцэртаў. Канцэртнае жыццё ў краіне ў прынцыпе “забіта”, у зоне рызыкі нават тыя, хто без дазволу выконвае нейкія бяскрыўдныя поп-песні. Агулам колькасць музыкаў і гуртоў, якім сёння не дадуць выступіць са сцэны, паводле маіх ацэнак, сягае недзе пад 200.

Дый і сам чорны спіс насамрэч значна шырэйшы, там не хапае шэрагу вядомых выканаўцаў. І ён пастаянна актуалізуецца.

— Кагосьці ў “блэк-лісце” няма — але ён там прысутнічае па змоўчанні?

— Зараз шмат што ў Беларусі “па змоўчанні”. Бо і гэты спіс не мае аніякай юрыдычнай сілы. Пад ім зноў няма ніводнага подпісу. Раней я не аднойчы асабіста расследаваў забароны канцэртаў, нават судзіўся з упраўленнем ідэалогіі Мінгарвыканкама. Высветлілася, што гэтыя рашэнні нідзе не фіксуюцца, таму што ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за гэта. Часта выступ таго ці іншага артыста забараняўся тэлефонным званком дырэктару пляцоўкі.

Цяпер усё можа зводзіцца да ініцыятывы нейкага ідэолага альбо спецслужбіста. Бачна, што спіс складалі, мякка кажучы, не музыказнаўцы, не эксперты і не культуролагі. Дастаткова сказаць, што некаторыя назвы гуртоў напісаны з памылкамі. Відавочна, што гэта прафанская праца, чалавек упершыню напісаў сваёй рукой пэўнае спалучэнне літар.

У мяне ёсць падазрэнне, што спіс створаны пры актыўным удзеле КДБ, які больш шчыльна ўзяўся кантраляваць публічнае жыццё, у тым ліку культурніцкае. Вось неяк і аформілі забарону. Думаю, калі людзі ў Беларусі змогуць гаварыць, мы дазнаемся больш падрабязнасцяў. А пакуль, на жаль, я не магу раскрываць свае крыніцы. Але гэтым крыніцам веру, тым больш яна не адна.

— Даволі пікантна глядзяцца ў спісе як праўладныя спевакі кшталту Дзмітрыя Калдуна, так і сусветныя велічыні — тая ж Лэдзі Гага.

— На маю думку, наяўнасць замежных зорак мае і станоўчы бок. Гэта прасоўвае беларускі парадак дня, паказвае абсурднасць рэжыму. Да той жа Лэдзі Гагі абавязкова дойдзе інфармацыя, што яе забанілі ў Беларусі. І яна, магчыма, адрэагуе, яшчэ раз пацікавіцца, што гэта за Беларусь. Гэта прыцягне ўвагу да нашай сітуацыі. Хаця ўвогуле сітуацыя невясёлая, асабліва для артыстаў, якія зараблялі музыкай, жылі з гэтага заробку.

“Калі ты звязаны з культурай, табе зробяць горш, чым звычайнаму затрыманаму”

— Шмат музыкаў цяпер за кратамі. Чаму падчас рэпрэсій яны аказаліся адной з самых уразлівых груп?

— Калі казаць пра музыкаў, то іх у няволі каля 30. Агульная колькасць закратаваных прадстаўнікоў культуры — 110. Гэта новая тэма для Беларусі. Раней той факт, што ты артыст, пры спробе затрымання гарантаваў пэўную недатыкальнасць. Можна ўзгадаць NRM, які на мітынгах часта ўжывую выступаў са сцэны. У цывізаваным свеце такія публічныя персоны сваім удзелам у пратэстах нібыта сведчаць пра іх мірны характар. Іх прысутнасць — заклад таго, што ўсё не скончыцца крывёй.

2020 год паставіў усё з ног на галаву. І ўжо калі ты звязаны з культурай, табе зробяць горш, чым звычайнаму затрыманаму. Быў выпадак: чалавек сказаў сілавікам, што ён піяніст, і яму пачалі адбіваць пальцы.

Гэты ўжо рэакцыі на ўзроўні “свае-чужыя”. Для тых, хто чыніць гвалт і рэпрэсіі, беларуская культура чужая. Невядомая, незразумелая, супрацьвага ўласным густам і сімпатыям. А чужое выклікае ў іх негатыў. Калі б у Беларусі было ўсё добра з адукацыяй, з ідэнтыфікацыяй, з сістэмай каштоўнасцяў, то амапаўцы і пратэстоўцы раслі б на адных песнях і кнігах — напрыклад, Лявона Вольскага і Уладзіміра Арлова. І падчас масавых мерапрыемстваў сілавікі ці наўрад ўжывалі б такі гвалт, які мы бачым зараз.

Ёсць і іншае тлумачэнне. Улады ўсвядомілі тое, што раней недаацэньвалі: культура з’яўляецца рэальнай сілай. Што гэта таксама зброя, форма супраціву, якая надае людзям натхненне і рашучасць. Значыць, з гэтай сілай трэба змагацца.

— А ці ёсць падзел — і адпаведна нейкі рэванш — па лініі, так скажам, таленту, папулярнасці? Вядома, што артысты, якія хочуць перамен, збіраюць поўныя залы, іх песні ведаюць, слухаюць, спяваюць. У той жа час праўладная эстрада не здольная нарадзіць нешта лепшае, чым нядаўні “шлягер” “Белорусская жена”…

— Безумоўна. Калі людзі растуць на сумнеўных каштоўнасцях… На абсалютна дзікіх рускіх серыялах і шансоне, то ў іх фармуецца адпаведная мадэль паводзін. З непавагай да жанчыны, да свабоды слова, з гопніцкімі інтанацыямі. У Беларусі ўладу фактычна захапілі гопнікі. І сілай імкнуцца даказаць, што яны мацнейшыя і разумнейшыя.

Усе, што прадукуецца тым бокам, пазбаўлена эстэцкасці, прыгажосці, рэфлексіі. Яно робіцца альбо па замове — выверана, як у савецкія часы. Альбо пад прымусам, альбо ў межах сваіх інтэлектуальных і творчых магчымасцяў.

Тут кепская навіна для рэжыму: гэта вельмі дрэннае падмацаванне. Кожна ўлада імкнецца самасцвярдзіцца за кошт культуры — нешта данесці да людзей праз фільмы, песні, фестывалі, спектаклі і гэтак далей. Рэжыму даносіць няма чаго, бо яго культура бесталанная і грунтуецца на рускай базе. Справа часу, калі гэта ўсё абрынецца.

“Хто прыдумае свой фармат, той і працягне ствараць”

— Шмат беларускіх музыкаў апынулася ў вымушанай эміграцыі. Наколькі рэальна там развівацца, зарабляць?

— Складаная тэма. Усё індывідуальна. Нехта за гэтыя два гады здолеў уладкавацца за мяжой, захавацца на сваім узроўні і нават дасягнуць чагосьці новага. Нехта працягвае займацца творчасцю, але паралельна зарабляе нечым іншым. Нехта, на жаль, не прыжыўся ў эміграцыі і мусіў сысці са сваёй сферы. І гэта балюча.

Складанасці за межамі Беларусі вядомыя: іншая мова, аўдыторыя, новае канкурэнтнае асяроддзе. Інтэгравацца ў яго досыць праблематычна, асабліва для тых, хто на радзіме меў лакальную, нацыянальна арыентаваную папулярнасць. Даводзіцца фактычна пачынаць з нуля, граць для меншай публікі, а гэта не натхняе. Натуральны адбор у пэўным сэнсе: хто прыдумае свой фармат, той і працягне ствараць.

Мы імкнемся дапамагаць людзям, каб яны хаця б заставаліся ў творчай галіне. Умоўна, калі ты не можаш далей быць скрыпачом у аркестры, то паспрабуй сябе ў ролі арт-менеджара. Альбо перавучыся на нейкую іншую культурніцкую прафесію.

Асноўныя цэнтры беларускага культурнага жыцця за мяжой — Вільня і Варшава. Насамрэч тут шмат падзей. Спадзяюся, беларускія творцы перажывуць траўму, адаптуюцца і будуць надалей займацца любімай справай. Частка, паўтаруся, гэты этап паспяхова пераадолела і застаецца запатрабаванай у аўдыторыі як у замежжы, так і ў Беларусі.

— Напрыклад?

— Цяжка пераходзіць на асобы, бо баюся кагосьці не ўзгадаць… Але паспрабую. Самыя відавочныя прыклады — нашыя суперзоркі. Лявон Вольскі. Юрый Стыльскі і “Дай дарогу!”. Света Бень. NaviBand. J:Морс. “Разбітае сэрца пацана”. Маргарыта Ляўчук, канешне. Яны здолелі больш-менш адаптавацца, у іх ёсць пастаянныя канцэрты і гастролі. Вольскі з J:Морс нават зладзілі тур у ЗША. Як і Маргарыта Ляўчук.

Асобны кейс — купалаўцы, наш тэатральны брэнд. Яны прайшлі складаны шлях, былі спачатку ва Украіне, потым выехалі ў Польшчу. Але здолелі знайсці сябе. Складанасць у тым, што за мяжой цяжка заставацца вялікім тэатрам. Цяжка і дорага. Аднак трупа выступае, рыхтуе новыя пастаноўкі, і гэта выклікае вялікую павагу.

Увогуле беларускае культурніцкае жыццё за мяжой віруе. Ёсць безліч індывідуальных праектаў — у кіно, жывапісу… Шмат чаго адбываецца і ўнутры Беларусі, проста гэта сёння па-за публічнасцю. У сучасным свеце разграміць культуру, забараніць, перакрыць каналы дастаўкі проста немагчыма. Дзіўна, што рэжым гэтага не разумее і спадзяецца адной паперкай знішчыць тую ж музыку.

— Дзеячы культуры працягваюць з’язджаць?

— Безумоўна, і гэта адбываецца кожны дзень. Пакуль немагчыма назваць канкрэтныя лічбы. Мы бачым патрэбу ў даследаванні гэтага пытання, каб зразумець маштабы. Шмат з’ехала яшчэ да вайны праз Расію, шмат хто абраў іншыя шляхі. Некаторыя могуць сабе дазволіць выязджаць, прэзентаваць праекты і вяртацца. Працэс вельмі разнастайны, цяжка зафіксаваць, хто дзе цяпер — у Польшчы, Літве, Грузіі ці недзе яшчэ.

Штодня мы атрымліваем запыты на кансультацыі — па пытаннях рэлакацыі, атрымання віз, працаўладкавання. Так, людзі з’язджаюць. Але я вельмі спадзяюся, што яны будуць далей займацца ўлюбёнай справай і працягнуць працаваць на карысць беларускай культуры.

Падзяліцца: