Мінск 23:39

“Не дай бог жанчыну абяруць”. Кандыдаты пазбягаюць гендарнай тэмы

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 18 студзеня 2025 года ў 12:12

Ілюстрацыйнае фота: Tim Mossholder / unsplash.com

“Позірк” вывучыў апублікаваныя праграмы кандыдатаў у прэзідэнты, паглядзеў і паслухаў іх выступы па тэлебачанні і радыё на прадмет наяўнасці гендэрнай тэмы. Задача выявілася няпростай.

Кандыдаты-сатэліты бачаць у жанчынах толькі маці

Старшыня Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў прапануе абараніць жанчын-маці і мужчын-бацькаў, бачыць неабходнасць у павышэнні грамадскай ролі і аўтарытэту жанчыны-маці і мужчыны-бацькі.

Умацаваць інстытут сям’і кандыдат лічыць магчымым шляхам сістэмнай падрыхтоўкі грамадзян да сямейнага жыцця, увёўшы ў школах прадмет этыкі і псіхалогіі сямейнага жыцця (уласна, такі ўжо быў у савецкія часы).

Кіраўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк разам з Аляксандрам Лукашэнкам у перадвыбарных праграмах не сказалі ні слова пра сем’і або сваё ўяўленне пра гендарныя правы.

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Алег Гайдукевіч заявіў: “ЛДПБ выступае за прапаганду культу сям’і ў грамадстве, за абарону нашых беларускіх, традыцыйных каштоўнасцяў. Сям’я — аснова развіцця дзяржавы”.

Слова “жанчына” фігуруе ў адзінай жанчыны-кандыдата — Ганны Канапацкай — адзін раз у праграме, калі яна кажа пра сябе: ” Я перакананая ў тым, што сёння жанчына, якая валодае палітычным і грамадскім досведам, сапраўдны патрыёт сваёй краіны, мае высокія шанцы быць абранай на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У сучасным шматаблічным свеце, які дынамічна змяняецца, мужская мадэль адзінаасобнага кіравання дзяржавай больш не можа лічыцца адзіна магчымай і эфектыўнай. Асноватворнымі крытэрамі выбару лідара нашай дзяржавы павінны быць не гендэрная ідэнтычнаць ці персанальная харызма, а любоў да Радзімы, чысціня намеру і давер народу”.

Канапацкая адзначае неабходнасць “далейшага развіцця і напаўнення практычным зместам мерапрыемстваў па ўзмацненні сацыяльнага забеспячэння мацярынства і дзяцінства”, “рэалізацыі праграм па стымуляванні нараджэння дзяцей, стварэнні і ўмацаванні маладых сем’яў, прадастаўленні дадатковых сацыяльных гарантый”.

Адметна яе прапанова (скапіяваная з праграмы да выбараў-2020) знізіць са згоды бацькоў узрост уступлення ў шлюб для жанчын да 17 гадоў на фоне таго, што ў Беларусі ўжо не першы год назіраецца агульнаеўрапейская тэндэнцыя павелічэння ўзросту ўступлення ў шлюб. Сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні першага дзіцяці складае 27 гадоў.

Эксперт: дэмакратыя немагчымая без гендарнай роўнасці

Ніякая сучасная дэмакратыя немагчымая без уліку і прасоўвання гендэрнай роўнасці, паколькі доля жаночага насельніцтва практычна кожнай еўрапейскай краіны, Беларусі ў тым ліку, перавышае 50%, заявіла ў каментары “Позірку” палітычная і грамадзянская актывістка, феміністка Юлія Міцкевіч.

“Гендарная роўнасць мае на ўвазе роўныя правы, магчымасці, доступ да рэсурсаў і палітычнага ўдзелу ўсіх гендараў. У першую чаргу гэта тычыцца жанчын, таму што іх правы найбольшым чынам ўшчэмленыя. Мы не можам казаць пра пабудову дэмакратыі і дэмакратычных інстытутаў без уліку інтарэсаў і запытаў паловы насельніцтва”, — падкрэсліла эксперт.

Міцкевіч адзначыла, што на фоне масавых рэпрэсій у апошнія гады гендарная тэма публічна не падымаецца, у краіне не засталося грамадскіх арганізацый, якія маглі б гэтым займацца. Аднак праблемы, звязаныя з гендарам, нікуды не дзеліся.

Напрыклад, разрыў паміж заработнай платай жанчын і мужчын складае 20-25% на карысць апошніх. Працоўны кодэкс забараняе вызначаць розныя зарплаты ў залежнасці ад полу работніка, розніца фармуецца за кошт перавагі жаночых прафесій. Аднак выбар гэтых прафесій, навязванне стэрэатыпаў аб тым, што жанчына павінна клапаціцца пра сям’ю, а не пра кар’еру, і наогул навязванне жанчынам нейкіх рамак — таксама праблема гендарнай няроўнасці, адзначыла Міцкевіч.

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Лукашэнка, назваўшы яго “дурасцю, узятай перш за ўсё з Захаду“.

21 сакавіка 2023 года Лукашэнка на пашыранай нарадзе з сілавым блокам заклікаў “выкарчоўваць з нашага грамадства самымі жорсткімі метадамі“ гвалт над жанчынамі і дзецьмі. Паводле яго слоў, барацьба з гэтай з’явай павінна стаць такой жа, як барацьба з тэрарызмам. Аднак яго словы ніякім чынам на сітуацыю не паўплывалі.

Гендарная тэма небяспечная для ўлады

Тэма гендарнай роўнасці ўяўляецца небяспечнай для кандыдатаў, яе не падымаюць, бо яна ідзе насуперак цяперашняй палітыкай рэжыму, мяркуе Міцкевіч. Паколькі ўсе кандыдаты “спойлеры, якім далі дазвол зверху ўдзельнічаць у кампаніі, яны не могуць казаць нешта, што супярэчыць ідэалогіі Лукашэнкі”.

Суразмоўніца “Позірку” падкрэсліла, што пры размове аб гендарнай роўнасці гаворка ідзе пра рэсурсы, якія беларуская ўлада хоча захаваць у сябе: “Патрыярхальнае грамадства дзеліцца на тых, хто гэтымі рэсурсамі валодае (мужчын), і тых, хто знаходзіцца ў падпарадкаваным становішчы (у першую чаргу жанчыны і мужчыны, якія не ўпісваюцца ў патрыярхальныя гендарныя нормы). Цяперашнюю ўладу задавальняе такая сітуацыя”.

І нават у праграме Канапацкай дакладна вызначана, што можна жанчыне, звярнула ўвагу Міцкевіч: “Зыходзячы з патрыярхальных роляў, жанчына — гэта жонка і маці. Жанчына павінна раней нараджаць і нават раней выходзіць замуж. Хацелася б спытаць кандыдатку, ці вызначае яна сваю ролю ў грамадстве такімі рамкамі. Відавочна, што не, калі яна так хоча ўдзельнічаць у палітыцы, што нават пагадзілася на ролю спойлера на выбарах”.

Міцкевіч перакананая, што, калі б гаворка ішла пра рэальныя дэмакратычныя выбары, Канапацкая не была б адзінай жанчынай-кандыдатам, а праграмы кандыдатаў былі б іншыя, у тым ліку на гендарную тэму. Аднак у сітуацыі без выбараў пры дыктатуры такое немагчыма.

Пры цяперашнім рэжыме шанцаў у жанчыны (як, уласна, і мужчыны, калі яго завуць не Аляксандр Лукашэнка) няма ніякіх. Указанне на цяперашні выбарчы працэс было дадзенае яшчэ летась 14 лістапада пры наведванні мінскага стадыёна “Трактар”: “Не дай бог жанчыну абяруць”.

Падзяліцца: