Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 19 студзеня 2025 года ў 10:02

Дзяржпрапаганда любіць памінаць нейкія “заходнія метадычкі”, паводле якіх нібыта дзейнічаюць пратэстоўцы і любыя нязгодныя з уладай. Насамрэч раз на месяц выпускаючы свае — на“адзіныя дні інфармавання”. Гэта калі на прадпрыемства прыходзіць хтосьці з чыноўнікаў ці дэпутатаў рознага ўзроўню, супрацоўнікаў дзяржСМІ або адкрытых агітатараў. У шырокім сэнсе тэма, як правіла, заўсёды адна: “Кавалак зямлі і астравок стабільнасці пад уладай А.Р. Лукашэнкі”. Кан’юнктурна — бываюць нюансы.
Перад выбарамі 26 студзеня актыўнасць “інфармацыйна-прапагандысцкіх груп” зашкальвае. “Позірк” прааналізаваў свежыя матэрыялы, падрыхтаваныя для іх.
Заблыталіся ў паказаннях
Сваю вольна-мімавольную публіку “інфарматары” сегментуюць паводле прафесійнага і ўзроставага прынцыпу на некалькі груп.
Пачнем з работнікаў прадпрыемстваў рэальнага сектара.
Да іх даручана давесці, што да выбараў усё гатова, а ўдзел у іх — “грамадзянскі абавязак“. Выбары названыя “адной з формаў дэмакратыі“, сродкам фармавання органаў дзяржаўнай улады, а таксама “спосабам забеспячэння кантролю над ёй”.
Далей змест падобны на вытрымку з падручніка паліталогіі, і ўсё нібыта правільна: “Выбарчая сістэма з’яўляецца найважнейшым і абавязковым элементам дэмакратычнага палітычнага рэжыму“. Гаворыцца аб прынцыпах дэмакратычных выбараў, сфармуляваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Прагаворваецца, што выбарчая сістэма ў Беларусі мажарытарная, ёсць усеагульнае выбарчае права, а выбары, згодна з Канстытуцыяй, свабодныя, роўныя, дзейнічае прынцып тайнага галасавання і г.д.
Прысутным прапануюць усвядоміць, што “ганаровае права“ ўдзелу ў выбарах павінна стаць “грамадзянскім абавязкам і маральным абавязкам”.
Аўтары пералічваюць чатыры малаадрозныя адна ад адной прычыны, чаму, на іх думку, трэба ісці на выбары. Там у розных варыяцыях — пра грамадзянскую пазіцыю і адказнасць і трохі пра палітычную культуру.
Пры гэтым не зусім зразумела, да чаго ўсе гэтыя заклікі, калі адразу ж заяўляецца, што “высокая яўка выбаршчыкаў — адметная асаблівасць беларускіх выбараў“ (без тлумачэнняў, як яна дасягаецца).
Прыводзіцца спасылка на вынікі апытання праўладнага цэнтра EcooM (без лічбаў), з якіх вынікае, што і гэтым разам яна будзе “досыць высокай“, а следам — цытаты на зададзеную тэму ад ананімных акушэра-гінеколага, бухгалтара, майстра на вытворчасці і адваката. Усе, натуральна, кажуць, што на выбары пойдуць.
Наступны тэзіс даўно знаёмы: “Выбары мы праводзім для сябе”. І тут усплываюць падзеі перыяду мінулых прэзідэнцкіх выбараў. “Нашы людзі”, як сцвярджаецца, “навучаныя горкім досведам 2020 года, які мог прывесці да краху дзяржаўнасці і ўсіх тых заваёў і дасягненняў, якімі наша краіна сёння па праве ганарыцца”.
Беларусы (яшчэ б!) “хочуць жыць у міры і згодзе, будаваць сваю будучыню на аснове нацыянальных інтарэсаў, а не інтарэсаў еўрабюракратаў і палітыканаў“, на прыкладзе “падзей у рэгіёне і свеце“ ў цэлым “як ніколі раней ўсведамляюць важнасць захавання міру і стабільнасці ў краіне“.
“Мы б і гатовыя прытрымлівацца адзіных міжнародных стандартаў правядзення выбараў, але такіх пакуль ніхто не прыдумаў“, — наракаюць ідэолагі.
Менавіта таму Беларусь “устрымалася ад запрашэння назіральнай місіі АБСЕ як на парламенцкія выбары 25 лютага 2024 года“, так і (увага!) “на будучыя выбары прэзідэнта”.
Агітатарам, якія падглядвалі ў лісток 16 студзеня, яшчэ не давялі, што фармальна запрашэнне БДІПЧ АБСЕ, як і ў 2020-м, накіраванае — пра гэта МЗС даложыць на наступны дзень, выканаўшы даручэнне Лукашэнкі, дадзенае яшчэ 3 студзеня (толькі місія, натуральна, не прыедзе, паколькі не займаецца кароткатэрміновым назіраннем).
Але гэта не важна. Бо ёсць назіральнікі ад СНД. Аб іх місіях расказана падрабязна.
Хоць не, усё ж такі важна. Ужо ў наступным абзацы гаворыцца, што “рашэнне ўстрымацца ад запрашэння назіральнікаў АБСЕ на выбары не азначае агулам адмову ад супрацоўніцтва ў назіранні за выбарамі па лініі АБСЕ“, а Мінск “будзе гатовы перагледзець свае падыходы ў частцы запрашэння назіральнікаў АБСЕ, калі Захад знойдзе сілы, смеласць, магчымасць адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі і ад спробаў умяшання ва ўнутраныя справы Беларусі”.
Завяршае праграму блок прамой агітацыі за Лукашэнку. Аўтары ўпэўненыя, што “абсалютная большасць насельніцтва шчыра лічаць і называюць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку “Бацькай”. Але, бач ты, “хтосьці ўпэўнены, што краінай больш за 30 гадоў кіруе “дыктатар“. Далей ідзе цытата “мудрага Бацькі“ (гэта таксама цытата) Лукашэнкі пра “дыктатуру справядлівасці”.
Слухачам нагадваюць, што кандыдатаў пяць, але нібыта “Лукашэнка — адзіны ⟨…⟩ сваім жыццём даказаў, што “Каханую не аддаюць“ (менавіта тлустым, курсівам і з вялікай літары).
Як бачна, акрамя пасажу пра назіральнікаў АБСЕ, які хутчэй варта спісаць на бюракратычны рассінхрон, змест “метадычкі“ агулам не нясе нічога новага, наратывы — заношаныя самой прапагандай да дзірак.

У нешта пагулялі
У матэрыялах, адрасаваных “прадстаўнікам інтэлігенцыі”, тэарэтычнай часткі няма. Выбары там названыя “іспытам для кіраўніцтва краіны“, а для грамадзян — экзаменам на “палітычную сталасць”.
Іх перасцерагаюць ад веры ў “фантастычныя“ абяцанні, якія “ўкідваюць легкаважныя палітыканы, “свае“ і замежныя “добразычліўцы“.
Ідэолагі не хочуць, каб інтэлігенцыя “прыпадабнялася дзіцяці, якое катаецца па падлозе крамы з істэрычнымі выкрыкамі: “Хачу, хачу, хачу!“
Далей ідзе вельмі арыгінальны эканамічны лікбез. Згадваецца шэраг паказчыкаў, але “само па сабе ВУП “на хлеб не намажаш” (арфаграфія арыгінала захаваная).
У аўтарскім стылі крытыкуюцца міжнародныя рэйтынгі і ацэнкі: “Нашых прыбалтыйскіх суседзяў прынялі ў члены АЭСР (Арганізація эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. — “Позірк”.) за нейкія невядомыя нікому дасягненні, але дадзеная “каранацыя” (гэта як дурнічка ў турме дзеля смеху карануюць “злодзеем у законе”) не адмяняе лідарства дадзеных дзяржаў у рэйтынгу сацыяльнай няроўнасці дзяржаў ЕС (Літва на другой пазіцыі)”.
Таму аўдыторыі прапанавана “правесці рэдукцыю, вылучыць галоўнае”. На выбары, лічаць складальнікі, трэба паглядзець “як на справаздачна-выбарны сход, а за канчатковы пункт прыкладання намаганняў, дзеля чаго ўсё круціцца, прыняць сям’ю”. Так вылучылі, што зразумела становіцца яшчэ менш.
“Рэдукцыя дазваляе, не мудрагелячы хітра, на простыя пытанні даваць простыя адказы: “так“ ці “не“. А яшчэ — здзейснім спробу абысціся без лічбаў — звышзадача, для прыгажосці гульні“, — гэта даслоўная цытата з дапаможніка.
Значыць, ідзе нейкая гульня (правілы не апісаныя), але “без лозунгаў і заклікаў“.
Гульцы ўяўляюць, што прыйшлі ў краму (дзе 30 гадоў таму былі чэргі, а цяпер няма). “Прадуктаў шмат, яны даступныя па цане, якасць кантралюецца, асартымент пашыраецца. Так ці не? Адкажам без пафасу, без клічніка, спакойна, але абсалютна ўпэўнена — “так“, — кажуць “без лозунгаў“ ідэолагі.
Жыллё, кажуць, будуецца. Забяспечана водазабеспячэннем і паравым ацяпленнем “па абсалютна даступных тарыфах“? Што вам яшчэ трэба?
Ахова здароўя, кажуць вядучыя гульні, “захавала савецкі прынцып даступнасці і бясплатнасці“, якасць медпаслуг расце, і за імі ў Беларусь прыязджаюць нават “барацьбіты“, якія выехалі — гаворка пра палітэмігрантаў.
Падтрымка мацярынства і дзяцінства, бяспека на вуліцах. Пераклічка завершаная.
Пачакайце, тут яшчэ напісана, што знешняя палітыка Беларусі — гэта “складаная матэрыя на ўзроўні алхіміі“, у якой “вельмі многае не аддаецца галоснасці“ (так у арыгінале).
“Але сям’і ў гэтай сферы перш за ўсё важна, каб тату не забралі на вайну і на дом не падалі бомбы. Атрымліваецца? Так ці не? Так”, — таксама даслоўная цытата.
Гэты цынічны пасаж папярэднічае адбельванню Лукашэнкі-суагрэсара ў вайне супраць Украіны. Ідэолагам “пацешна“ ад таго, што яго “перыядычна абвінавачваюць у агрэсіі лідары дзяржаў, якія праліваюць рэкі крыві чужых і сваіх грамадзян, перманентна ўдзельнічаюць у нейкіх разборках са зброяй у руках або нацкоўваюць іншыя дзяржавы”.
Згадваюцца “забойствы 500 тыс. іракскіх дзяцей дзеля “ўстанаўлення дэмакратыі“, якая паўстае “чымсьці з жыцця вампіраў”.
Суседзі (мабыць, акрамя ўсходняга) абвінавачаныя ў тым, што яны “задзіраюцца і задзіраюцца“, іх просяць растлумачыць, хто іх “кранае“, каму яны “патрэбныя“ і на што “напрошваюцца“. Аргументацыя на ўзроўні складаных матэрый, ну-ну.
Усё, што там пералічвалі і хорам ухвалялі, выяўляецца, “лёгка страціць“ — “вайна, як цалкам рэальная перспектыва, маментальна пахавае“ шанец усё захаваць.
“Таму наш лідар і надалей будзе праяўляць цуды эквілібрыстыкі ў замежнай палітыцы, каб ухіляцца ад удзелу ва ўзброеных канфліктах” — вось так. Нуль сумненняў у тым, каго абвесцяць пераможцам — эквілібрыста і алхіміка з пацанскімі замашкамі ў дачыненні да суседзяў.
І ўсё дзеля “тварэння на карысць беларускага народа”. Лукашэнка “ішоў да гэтай мэты ўсё жыццё, ён цалкам паглынуты яе дасягненнем“, таму зноў ухвальныя крыкі.
Ніхто іншы замест яго, вядома ж, паводле версіі складальнікаў, гэтага прытрымлівацца не будзе. Чаму? Таму што “іншыя краіны былога сацлагера пагадзіліся падмяніць высокія мэты ўсякай мішурой накшталт гендарнага вар’яцтва”. Логіка — без каментароў.
Поўны экстаз і ўсеагульная яўка на галасаванне, трэба меркаваць. Гульня скончаная, усе вольныя.
Неяк у інтэлігенцыі ўсё весялей, чым у рабочых, мяркуючы па метадычках.
Напрацавалі і зрабілі
Трэцяя версія агіткі адрасавана моладзевай аўдыторыі. Яна пакідае ўражанне не самага лепшага школьнага сачынення.
Казаць пра тое, як важна для моладзі ўдзельнічаць у выбарах, аўтар не палічыў неабходным, таму што…“гэта сапраўды значна для ўсіх нас”.
Нешта сказана пра “30-годдзе інстытута прэзідэнцтва“, а потым, як і ў папярэдняй версіі, пачынаецца “вайна маці родная”.
“Сучасная напружаная вайскова-палітычная абстаноўка ля нашых межаў патрабуе моцнага і аўтарытэтнага лідара”, — пішуць ідэолагі.
Далей апавядаецца пра суверэнітэт і незалежнасць, нібыта “напрацаваных і зробленых“ сярод іншага за перыяд знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе — з 1994 года (без малога тры гады незалежнага існавання Беларусі чакана выкінутыя).
Пералічваецца ўтульнасць, камфорт і дабрабыт, “багацце тавараў на паліцах крам“, якога “маладому пакаленню не зразумець“.
Далей пераказваць змест сэнсу няма, паколькі гэта проста вельмі дрэннае сачыненне.