Мінск 07:20

Не расце какос. У праграмах Лукашэнкі замоўчваецца тэма дэмаграфіі

Напярэдадні “выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” штатныя прапагандысты і чыноўнікі ўсіх масцей не стамляюцца нахвальваць 30-годдзе знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе, параўноўваючы “ліхія 1990-я” і “тлустыя 2020-я”. Сам “кандыдат“ таксама не скромнічае: “Тры дзесяцігоддзі таму, на парозе сваёй незалежнасці, Беларусь стаяла ля бездані сістэмнага крызісу дзяржавы. Мы не проста выдужалі. Мы стварылі ўласную, беларускую мадэль дзяржавы і забяспечылі яе ўстойлівасць“.

Зрэшты, крыху ніжэй у цяперашняй “перадвыбарнай праграме кандыдата ў прэзідэнты”, адкуль і ўзятая цытата, упэўненасці ва ўстойлівасці неяк паменей: “галоўнай задачай” прапісана “не даць разарваць краіну”.

Лукашэнка разлічвае “перадаць яе (краіну. — “Позірк”.) нашым дзецям і ўнукам моцнай, устойлівай і незалежнай”. У праграме ён паўтарае сваё ўпадабанае клішэ: “Беларусь — дзяржава для народа, краіна, у якой хочацца жыць”.

А калі хочацца жыць, насельніцтва павінна на радасцях толькі пладзіцца і размнажацца. Аднак ужо ў трэцяй запар перадвыбарнай праграме (2015, 2020, 2025) тэму дэмаграфіі Лукашэнка абыходзіць. Магчыма, таму, што дынаміка колькасці насельніцтва за час яго кіравання абнуляе ўсе патугі і яго, і прыдворнай прапаганды.

Nasielnictva Bielarusi biel
Infogram

Чаму Беларусь не краіна, “у якой хочацца жыць”

Асабліва паказальныя лічбы, калі дадаткова ўзяць для параўнання апошнюю пяцігодку перад прыходам Лукашэнкі, якая ўвабрала ў сябе апошнія гады ў складзе СССР (1989–1991) і першыя гады незалежнасці (1992–1993).

Згодна з перапісам насельніцтва Беларускай ССР, на пачатак 1989 года ў рэспубліцы пражывала 10.151.806 чалавек. Да 1 студзеня 1992 года колькасць насельніцтва ўзрасла да 10.198.346 чалавек. Улічваючы, што незалежнасць Беларусь атрымала ў снежні 1991-га, можна лічыць гэты год поўным. Такім чынам, за апошнія тры гады жыцця СССР яе насельніцтва ўзрасла на 46.540 чалавек (0,46%), або ў сярэднім на 15.513 у год.

Рост насельніцтва паскорыўся ў першыя два гады незалежнасці: плюс 45.160, ці 22.580 у сярэднім за год. На 1 студзеня 1994 года ў краіне жыло 10.243.506 чалавек.

І тут да ўлады прыйшоў Лукашэнка. Краіна, “у якой хочацца жыць”, за тры дзесяцігоддзі ператварылася ў краіну, у якой жыць хацелася, “але нешта пайшло не так”: толькі паводле афіцыйных звестак колькасць яе насельніцтва скарацілася на 1.087.528 чалавек, або на 10,62%.

Што гавораць навукоўцы? Дэмаграфічную яму выкапалі вонкавыя прычыны

Беларускія навукоўцы, заробак якіх у немалой ступені залежыць ад бюджэтных асігнаванняў, прычыну дэмаграфічнай ямы бачаць не ў дзяржаве, пабудаванай Лукашэнкам і для Лукашэнкі, а ў наступствах Другой сусветнай вайны і распадзе СССР.

Кіраўнік Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі НАН Беларусі Анастасія Баброва ў нядаўнім інтэрв’ю праўладнаму тэлеканалу СТБ (іншых тэлеканалаў у краіне няма і не дазволяць) заявіла: “Наколькі шмат нас магло быць? Рабілі мы рэтраспектыўны прагноз, колькі б нас было, калі б не было вайны. На сённяшні дзень налічваем 16–17 млн беларускіх жыхароў. Гэта з улікам таго, што ў нас яшчэ распад СССР. Калі б не было вайны і гэтага распаду, напэўна, нас было б 30 млн”.

Гэта значыць, паводле версіі супрацоўнікаў НАНБ, калі б не распад СССР, народу ў Беларусі было б больш на 13–14 млн. І гэтая тэорыя не адпавядае прыведзенай вышэй дынаміцы колькасці насельніцтва ў 1989–1993 гадах.

Адкуль узялася лічба 30 млн насельніцтва

30 млн насельніцтва — гэтая лічба ўжо гучала. Як мінімум тройчы — з вуснаў Лукашэнкі. Праўда, вельмi даўно.

“Сваю краіну я бачу стабільнай дзяржавай, дзе праз 10 год будуць жыць не 10 млн, а 13 млн чалавек, дай бог. А нам трэба 25–30 млн насельніцтва на гэтай зямлі, тады гэта будзе поўная незалежнасць і суверэнітэт”. Гэта было заяўлена ў лютым 2008 года ў інтэрв’ю расійскім прапагандыстам — тэлеканалу Russia Today і інфармацыйнаму агенцтву “РИА Новости”.

Але замест росту насельніцтва працягвала змяншацца: з 9.542.412 на пачатак 2008 года да 9.495.608 на пачатак 2010-га (-46.804). Лукашэнка публічна выказаў незадаволенасць тэндэнцыяй, але па-ранейшаму трымаўся за лічбу 30 млн. “Калі і надалей мы не будзем забяспечваць станоўчага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся. Нам трэба хаця б 30 млн чалавек, а мы да 10 млн недацягваем. Што такое 10 млн на такую тэрыторыю?” – заявіў ён у верасні 2010 года на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Да пачатку 2011 года насельніцтва скарацілася яшчэ на 23.544 чалавекі, да 9.472.064, што, здаецца, прымусіла Лукашэнку крыху зменшыць велічыню планаў: “Нам трэба, каб было 20 млн, а яшчэ лепш — 30 млн, мы можам іх пракарміць” (у кастрычніку 2011-га на Еўразійскім кангрэсе кардыёлагаў).

Чаму зменшыліся амбіцыі

На пачатак 2018 года замест запланаваных Лукашэнкам 13 млн у краіне пражывала 9,4 млн грамадзян (9.448.312). За 10 гадоў ад моманту інтэрв’ю расійскім прапагандыстам насельніцтва замест росту на 36% да тых самых 13 млн скарацілася на 1%.

І Лукашэнка скараціў мяжу сваіх дэмаграфічных летуценняў роўна ў два разы і нават правёў спецнараду. “Самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 млн насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, магутнасць нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях”, — заявіў ён у жніўні 2017 года падчас слухання дакладу аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Лічба 15 млн засталася апорнай і ў пачатку цяперашняга дзесяцігоддзя, пры гэтым з “найгалоўнейшай задачы” яна трансфармавалася ў прыблізную: “Самая вялікая праблема ў нас — дзеці. У нас не хапае дзяцей, а калі не хапае дзяцей, значыць, і насельніцтва. Нам трэба мільёнаў 15. Нават і 20 Беларусь пракорміць. Але пакуль маем, што маем. Да дзесяці недацягваем“ (26 красавіка 2021 года ў Брагіне, падчас візіту ў Гомельскую вобласць у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС).

Як прысутнічаў дэмаграфічны парадак дня ў перадвыбарных абяцаннях Лукашэнкі

У праграме Лукашэнкі да выбараў 2006 года дэмаграфіі быў прысвечаны цэлы раздзел з амбіцыйнай назвай: “Беларусаў павінна станавіцца больш”. Да таго часу — гэта значыць за 12 гадоў — колькасць насельніцтва скарацілася на 613.152 чалавекі да 9.630.354.

“Трэба стварыць такія сацыяльна-эканамічныя ўмовы, каб у кожнай сям’і было не менш за двух-трох дзяцей. Для гэтага будуць значна павышаны грашовыя дапамогі па доглядзе дзіцяці. Забяспечаны гарантыі захавання за маці працоўных месцаў і поўны ахоп дзяцей дашкольнымі ўстановамі. Пераабсталявана на самым сучасным узроўні індустрыя дзіцячага харчавання і дзіцячага адзення. Але галоўнае пытанне — жыллё. Яно павінна быць даступным. Да 2010 года забяспечанасць ім складзе не менш як 25 квадратных метраў на чалавека. Ужо на працягу бліжэйшых двух гадоў будзе спынена самавольства ў цэнаўтварэнні на жыллё. Яго кошт павінен быць зніжаны ўдвая, спрошчаны ўмовы крэдытавання. Наш арыенцір: кожнай маладой сям’і — кватэру не пазней чым праз 3 гады пасля ўступлення ў шлюб. А шматдзетным сем’ям дзяржава яе аплоціць: пры наяўнасці пецярых дзяцей —100%, чацвярых — 50%, траіх — 30%”, — абяцаў Лукашэнка ў 2006-м.

Не дапамагло: да 2010 года, калі надышоў час чарговых выбараў, насельніцтва зменшылася яшчэ на 134.746, да 9.495.608. У перадвыбарнай праграме Лукашэнкі тэма дэмаграфіі ўціснулася да чатырох прапановаў, хаця шматдзетным сем’ям абяцана было крыху больш: “Умацаваць нацыю — дзяцей павінна быць больш. Кожная сям’я, дзе ёсць чацвёра і больш дзяцей, за рахунак дзяржавы атрымае кватэру. Сем’ям з трыма дзецьмі будуць кампенсаваны 75% кошту жылля. Мець шмат дзяцей стане прэстыжна“.

У наступных трох перадвыбарных праграмах абяцанняў ужо не было. У двух — агульныя, амаль аднолькавыя словы з розніцай у дзесяць гадоў. Праграма-2015: “Захаванне і развіццё ўсіх дзяржаўных праграм па абароне і падтрымцы людзей сталага веку, інвалідаў, мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем’яў”. Праграма-2025: “Захаваем <…> падтрымку мацярынства, дзяцінства, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі”.

У праграме-2020 праблеме дэмаграфіі месца не знайшлося ўвогуле, хаця да таго часу скончыўся невялікі лакальны рост колькасці насельніцтва — на 27.215 чалавек за 2013–2016 гады (у сярэднім на 6.804 у год).

Як мянялася хуткасць скарачэння насельніцтва

Дзеля нагляднасці ў графіку дынамікі колькасці насельніцтва 30-годдзе праўлення Лукашэнкі разбітае на пяцігодкі (сам ён вельмі любіць лічыць савецкімі пяцігодкамі). З найменшай хуткасцю насельніцтва скарачалася ў 2014–2019 гадах (-0,16%) і 2009–2014-м (-0,73%), з найбольшай — у 2019–2024-м (-2,90%) і 1999–2004-м (-2,81%). Наконт апошняй пяцігодкі ўсё відавочна: пандэмію кавіда і асабліва масавую эміграцыю па палітычных матывах ігнараваць было немагчыма.

Няўхільнае падзенне колькасці насельніцтва звязана ў прамым сэнсе з выміраннем вёскі. Калі гарадское насельніцтва вырасла на 3,92% (з 6.927.057 чалавек у 1994 годзе да 7.198.285 у 2024-м), то сельскае — скарацілася на 40,97%, або ў 1,69 раза (з 3.316.449 да 1.957.693). Яго доля ў агульнай колькасці знізілася за 30 гадоў з 32,38%да 21,38%. Мэта многіх — сталіца, Мінск, доля насельніцтва якога ў маштабе краіны ўзрасла з 16,26% да 21,77%.

Лукашэнка ўвесь час ганарыцца сваім сельскім паходжаннем, у вёску ўкладваліся значныя сродкі, каб у тым ліку запаволіць непазбежны працэс урбанізацыі. Але замест аддачы – запусценне, што нават знайшло адлюстраванне ў перадвыбарнай праграме-2020: “Вытокі сучаснай Беларусі – у сельскім укладзе. Наш гістарычны абавязак – знайсці гаспадароў для тысяч пакінутых зямельных участкаў“.

Аднак за наступныя тры гады (2021–2023) сельскае насельніцтва зменшылася яшчэ на 111.362 чалавекі, упаўшы ніжэй за 2 млн (з 2.069.325 да 1.957.693).

Для чаго насамрэч уладам патрэбнае насельніцтва

Для абароны саміх сябе ад “бразгаючага зброяй” НАТО і іншых ворагаў з дапамогай як мага больш шматлікага войска. У 2023 годзе, звяртаючыся да жанчын, якія нарадзілі ў афіцыйны Дзень незалежнасці (3 ліпеня), старшыня Савета Рэспублікі, былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава наўпрост заявіла, што задача жанчыны — нараджаць, а дзеці належаць дзяржаве: “Вы робіце, запомніце, самую галоўную справу ў жыцці: вы нараджаеце нам нашых беларусаў. А гэта вельмі важна“.

Пра гэта жа і прыведзеныя вышэй выказванні Лукашэнкі: “А нам трэба 25–30 млн насельніцтва на гэтай зямлі, тады гэта будзе поўная незалежнасць і суверэнітэт” і “Калі і далей мы не будзем забяспечваць станоўчага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся”.

“Людзі — гэта галоўны рэсурс дзяржавы”, — не саромеецца і старшыня праўладнай партыі “Белая Русь” Алег Раманаў.

Для генералітэту салдаты — гэта “мабілізацыйныя рэсурсы”. А на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта няма раздзела “Заработная плата” — ёсць “Кошт рабочай сілы”.

На што спадзяюцца ўлады

Падобна, толькі на прамое ўмяшанне ў чужое асабістае жыццё і бога, парушаючы свабоду сумлення і веравызнання.

У канцы снежня 2023 года ў Гомельскім аблвыканкаме прайшла нарада па пытаннях маладзёжнай і кадравай палітыкі з удзелам яго старшыні Івана Крупко і першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максіма Рыжанкова (цяпер министр замежных спраў). Вось што напісала ў справаздачы дзяржаўная “Гомельская праўда“: “Што да ўмацавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, то тут не абысціся без маштабнай працы на ўсіх узроўнях, пачынаючы з дзіцячага сада. Уключацца мусяць не толькі адукацыя, ідэалогія, БРСМ, але і палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, СМІ. І тыя ж кіраўнікі прадпрыемстваў, якім трэба падаваць прыклад і заахвочваць любымі спосабамі жаданне ствараць нармальныя, здаровыя сем’і і нараджаць дзяцей. Ніякіх “пажыць для сябе”, дацягнуць да сарака і гэтак далей. Дзейнічаць тут і цяпер — браць на сябе адказнасць за каханага чалавека. І ўсімі шляхамі спыняць згубную для любога грамадства псіхалогію чайлдфры (у пер. з англ. без дзяцей) — модная сягоння плынь, лад думак, якія маюць на увазе прынцыповую адмову ад падаўжэння роду”.

У сакавіку 2024 года Наталля Качанава заявіла, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца, калі ўсе жыхары краіны навучацца “быць духоўна-маральнымі і жыць па запаветам божым”, усё роўна, вернікі яны ці не. Свой спіч Качанава вымавіла на пасяджэнні прэзідыума верхняй палаты Нацыянальнага сходу ў мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры. Які падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны. Вельмі далёкую ад “запаветаў божых”, адзін з якіх — “не забі”.

Падзяліцца: