Мінск 19:58

“На пачатку 1990-х была мода на штаны клёш і прэзідэнтаў“. Як Беларусь ад падзелу ўладаў прыйшла да іх зліцця

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 5 лютага 2025 года ў 18:31

Анатоль Лябедзька
Крыніца: сацсеткі Анатоля Лябедзькі

32 гады таму, 5 лютага 1993-га, Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў пастанову “Аб праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь“. Дата не круглая, але вартая ўвагі. Дакумент утрымліваў палажэнні, ад якіх Аляксандр Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады дзякуючы прынятаму праз год Асноўнаму закону, аддаляўся паслядоўна і настойліва, у імя бясконцай пралангацыі бязмежнай асабістай улады.

Цяпер вычышчаныя ад іншадумцаў усе галіны ўлады працуюць на аднаго чалавека. А ў той пастанове змяшчалася даручэнне Канстытуцыйнай камісіі адлюстраваць у тэксце праекта асноўнага закона палажэнні аб прынцыпе падзелу ўладаў; Вярхоўным Савеце як прадстаўнічым і заканадаўчым органе дзяржаўнай улады; прэзідэнце як кіраўніку выканаўчай улады; мясцовым самакіраванні, якое ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя прадстаўнічыя органы і іншыя формы прамога ўдзелу насельніцтва ў грамадскіх справах.

Чаму быў зроблены выбар на карысць прэзідэнцкай формы праўлення і як здарылася, што кіраўнік выканаўчай улады ператварыўся ў дыктатара, які падпарадкаваў сабе ўсе дзяржаўныя інстытуты, у інтэрв’ю “Позірку“ разважае дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Ён уваходзіў у першую каманду Лукашэнкі, але затым сышоў у жорсткую апазіцыю, за што быў не раз біты у прамым сэнсе.

Прэзідэнцкую шынель шылі на постаць Кебіча

— Чым было абумоўлена прыняцце пастановы Вярхоўнага Савета 12-га склікання 5 лютага 1993 года? Што не так было ў парламенцкай Беларусі з падзелам уладаў?

— Па-першае, на пачатку 1990-х была мода на штаны клёш і прэзідэнтаў. І Беларусь была часткай гэтага агульнага трэнду на прасторы, якую тады называлі постсавецкай.

Па-другое, 1993 год — кропка развароту ў калектыўнай грамадскай думцы. Парламент, Вярхоўны Савет 12-га склікання, вычарпаў рэсурс даверу выбаршчыка. Прамыя трансляцыі з Авальнай залы, якія спачатку збіралі мільённыя аўдыторыі захопленых беларусаў, сталі фактарам раздражнення. Выбаршчык адчуваў расчараванне як у старой наменклатуры, якая засядала ў Вярхоўным Савеце і ўвасаблялася з мінулым, так і з дэмакратамі, якія ў 1992 годзе прайгралі бітву за датэрміновы роспуск парламента (ВС адмовіўся спыняць свае паўнамоцтвы, нягледзячы на дастатковую колькасць подпісаў, сабраных у падтрымку адпаведнага рэферэндуму. — “Позірк”.). У краіне быў попыт на Робін Гуда, сумленнага, справядлівага, эфектыўнага.

Па-трэцяе, наменклатура разумела, што яе час сыходзіць, і з дапамогай інстытута прэзідэнта мела намер падоўжыць сваё кіраванне. Прэзідэнцкую шынель шылі на постаць Вячаслава Кебіча, які ўзначальваў тады ўрад.

Абранне Лукашэнкі стала “нацыянальнай катастрофай“

— Як здарылася так, што за гэтыя гады Асноўны закон змяніўся да непазнавальнасці?

— Я ўжо адказаў, што і грамадскі запыт, і жаданні наменклатуры мелі кропку перасячэння і гэта было вырашальным фактарам. Цяпер гэта называюць “трыгер”.

Задача апанентаў з абодвух бакоў зводзілася да таго, каб у праекце Канстытуцыі зафіксаваць прынцып падзелу ўладаў і вяршэнства права. Агулам гэта ўдалося зрабіць.

Самым слабым месцам Канстытуцыі 1994 года стала прэзідэнцкая форма праўлення, а нацыянальнай катастрофай — абранне першым прэзідэнтам краіны чалавека, хворага на ўладу. Які ператварыў Канстытуцыю не ў закон прамога дзеяння, а ў пляцоўку для ўстанаўлення дыктатуры. У гэтай сітуацыі права, правілы, мараль не працуюць.

Канстытуцыя новай Беларусі чакае свайго часу

— Што чуваць пра праект Канстытуцыі новай Беларусі? На якой стадыі ён знаходзіцца? І на якім узроўні наладжана супрацоўніцтва з Венецыянскай камісіяй?

— Праект Канстытуцыі новай Беларусі гатовы. З ім можа азнаёміцца кожны. Там ёсць выразны падзел уладаў, выбудаваная эфектыўная сістэма стрымак і проціваг. Калі яшчэ дазваляла абстаноўка, мы правялі прэзентацыі, дыскусіі, абмеркавалі праект у дзясятках рэгіёнаў Беларусі. Збіралі поўныя залы і двары. У рабочую групу паступіла каля 3 тыс. заўваг і прапаноў. Маё апошняе абмеркаванне праекта ў Беларусі — гэта камеры на Акрэсціна (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна ў Менску. — “Позірк”.) у 2022 годзе.

Мы маем пазітыўнае заключэнне ад Венецыянскай камісіі на палітычную сістэму праекта Канстытуцыі і працуем над тым, каб атрымаць прававое заключэнне на ўвесь праект. Важна, што да прававой экспертызы мы падключылі больш за 40 вядучых еўрапейскіх экспертаў.

Больш за тое, цяпер мы робім другі крок: распрацоўваем пакет законапраектаў у развіццё і дадатак праекта КНБ. З імі таксама можна азнаёміцца. Запрашаю ўсіх неабыякавых беларусаў да абмеркавання наяўных напрацовак. Асабліва аптымістаў — тых, хто верыць у перамены і разумее, што без падрыхтаваных рэформаў немагчыма будаваць новую краіну для людзей і будучыні.

Даведка “Позірку“:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая Вярхоўным Саветам 12-га склікання 15 сакавіка 1994 года.

Першае змяненне ў дакумент было ўнесенае па выніках рэферэндуму 14 траўня 1995 года: Аляксандр Лукашэнка атрымаў права распускаць парламент “у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі“.

24 лістапада 1996 года Асноўны закон быў абноўлены і дапоўнены на другім рэферэндуме, у выніку чаго Лукашэнка атрымаў фактычна неабмежаваныя паўнамоцтвы, парламент ператварыўся ў дэкарацыю.

На рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года з Канстытуцыі было выкрэслена палажэнне, якое абмяжоўвае права адной асобы абірацца прэзідэнтам больш чым на два тэрміны.

Апошнія на сённяшні дзень папраўкі былі ўнесены ў Канстытуцыю па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года. Сярод іх — легалізацыя Усебеларускага народнага сходу, вяртанне нормы аб абмежаванні знаходжання на пасадзе прэзідэнта аднаго чалавека (не больш за два тэрміны), недатыкальнасць былога прэзідэнта, манаполія дзяржаўнай ідэалогіі, скасаванне пункта аб нейтральным і бяз’ядзерным статусе краіны.

Падзяліцца: