![](https://aianalyticsweb.com/wp-content/uploads/2025/02/sharendo-vilnius-2025-0206-POZ.jpg)
Былая палітзняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Паліна Шарэнда-Панасюк увечары 6 лютага прыехала цягніком у Вільнюс, прарабіўшы доўгі шлях з Беларусі. За некалькі гадзін да гэтага пра яе эвакуацыю з краіны паведаміў кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.
Муж актывісткі Андрэй Шарэнда запрасіў усіх неабыякавых сустрэць яе на вакзале.
Паліна Шарэнда-Панасюк адказала на некалькі пытанняў журналістаў і іншых прысутных. “Позірк” запісаў гэтую эмацыйную размову:
— Мой нізкі паклон усім людзям, якія ў Беларусі і за межамі Беларусі думалі пра мяне, клапаціліся. За ўсю гэтую дапамогу, але я хачу сказаць, каб не забываліся на тых людзей, якія засталіся ў гэтай жывадзёрні, як я яе называю, ПК № 24 (у Рэчыцкім раёне. — “Позірк”.). Гэта самая сапраўдная жывадзёрня! Там засталася Вольга Маёрава(затрыманая 4 студзеня 2021 года; 21,5 года пазбаўлення волі. — “Позірк”.). Там засталася Алена Гнаўк (11 студзеня 2022 года; 4,5 года. — “Позірк”.). Там засталася Вікторыя Кульша(4 лістапада 2020 года; 4,5 года. — “Позірк”.). Сітуацыя ў гэтых людей вельмі катастрафічная. Яны ўсе ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — “Позірк”.) і ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — “Позірк”.). Усім ім могуць сфабрыкаваць гэты 411-ы артыкул [Крымінальнага кодэкса] (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. — “Позірк”.). Я вельмі прашу не забывацца на гэтых людзей, усе сілы аддаваць на тое, каб іх вызваліць. Я прайшла па гэтым шляху [да волі], і я хачу, каб гэтыя людзі прайшлі гэты шлях таксама. Яны вельмі чакаюць, і яны вельмі спадзяваюцца на вашу дапамогу. Яны вельмі на вас спадзяваюцца. Калі ласка. Дзякуй, даруйце.
Вельмі катастрафічная сітуацыя з гэтымі людзьмі. У Вікторыі Кульшы, напэўна, ужо адмовілі ныркі. Яна трымала галадоўкі проста месяцамі. Яна адмаўлялася ад вады. Яна ўскрывала сабе вены. Яе з гэтым кідалі ў ШІЗА. Яна ў ШІЗА ўскрывала сабе вены. Яна ў ПКТ трымала галадоўкі. Яна адмаўлялася ад дапамогі лекараў.
Апошні месяц сітуацыя была такая, што мяне ў парушэнне ўсіх тэрмінаў проста адразу 13-га [снежня], калі ўступіў ужо ў сілу гэты нелегітымны, незаконны прысуд (1 год і 1 дзень па арт. 411 КК. — “Позірк”.), вывезлі ў Рэчыцу. У Рэчыцы, пратрымаўшы 10 дзён на карантыне, яны тэрмінова перакінулі мяне ў атрад. Я зразумела, што гэта робіцца для таго, каб я ні ў якім разе не перасяклася з Вікторыяй Кульшой. І сапраўды яе адразу прывезлі пасля мяне ў гэты карантын. І ў карантыне ёй адразу сфабрыкавалі парушэнне, адразу кінулі ў ШІЗА.
ШІЗА з лістапада 2024 года — гэта не 10 дзён [утрымання], гэта 15 дзён. Там зрабілі страшэнны рамонт проста. Там зрабілі проста падвал. Чалавек 15 дзён [там], уявіце сабе. Проста каб вы разумелі сітуацыю. Гэта не тое што 15 дзён. Нас бесперапынна трымалі вось у гэтых умовах катавальні. Проста ўмовы катавальні. Бесперапынна трымаць з восені 21-га года, калі нас першы раз кінулі ў ШІЗА і ПКТ. І чалавек на вуліцы практычна не бывае.
Я падлічыла, што ў 23-м годзе, напрыклад, я была на вуліцы толькі восем дзён. Увесь астатні час — гэта ШІЗА і ПКТ.
— Калі здымалі гэтае “в’ю” прапагандысцкае, як гэта было, як гэта адбылося ўвогуле?
— Вы мусіце разумець, што яно рабілася “з нажом у горла і з пісталетам у патыліцу”.
— Як вы пачуваліся, пра што думалі, калі яго давалі?
— Я думала, як адказаць на гэтае пытанне. Я адкажу так, што гэта мерзка і страшна. Но жить под властью психопата, убийцы 30 лет подряд — это еще более мерзко и еще более страшно (вымаўлена на рускай мове. — “Позірк”.).
— А калі вас вызвалялі, што яны казалі?
— Будзе прэс-канферэнцыя — я ўсё дам, я дам адказы на гэтыя пытанні. Зараз, прабачце, проста на эмоцыях.
— Што вы адчуваце? Столькі людзей, сям’я.
— Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. Я проста думала ў пэўны момант, што ўжо ніколі не выйду. І ёсць вялікая небяспека, што сапраўды можа не выйсці Вікторыя Кульша. Я бачыла яе за дзень да таго, як мяне фактычна выпусцілі з гэтага палону. Яна выглядала вельмі жудасна. Вельмі жудасна выглядала. Калі ласка, не забывайце пра гэтых людзей. Усімі сіламі, усімі сродкамі грукацца ва ўсе дзверы, трэба дамагацца вызвалення гэтых людзей. Яны вельмі чакаюць на вас.
[Мой] стан вельмі ўзнёслы. Разумееце, гэтае было такое падарожжа — проста сціснутая пружына. Проста з каменным тварам перасякаючы ўсе дарогі, мытні, самалёты, параходы, цягнікі і гэтак далей. І яшчэ пружына гэтая сціснутая.
— Колькі часу вы былі ў дарозе?
— Я пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне, але я вельмі ўдзячная тым людзям, якія гэта арганізавалі і зрабілі. Вельмі ім удзячная.
— Якія зараз у вас планы?
— Планаў у мяне шмат, я больш агучу на прэс-канферэнцыі. Зараз я пакуль хачу нарэшце абняць сваіх дзяцей, свайго мужа Андруся, яму таксама вялікі дзякуй (апладысменты).
…На маім календары жнівень 2020 года. У 20-м годзе мы не дарабілі справу. Мы можам дарабіць гэтую справу. Мы можам ствараць новую нацыю. Жыве Беларусь! (у адказ: “Жыве вечна!”)
— Паліна, дзякуй за моц. Проста вялікі паклон.
— Я не змянілася, я засталася такой жа самай.
***
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзілася ў няволі з 3 студзеня 2021 года. Праз шэсць месяцаў пасля затрымання суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў яе да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.
У красавіку 2022 года, кастрычніку 2023-га і кастрычніку 2024-га палітзняволеную прызнавалі вінаватай паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Дадаткова яна атрымала тры гады і адзін дзень пазбаўлення свабоды. Цяпер, а не пазней яна выйшла на волю ў сувязі з тым, што дзень у СІЗА лічыцца за паўтара.
21 сакавіка 2024 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын заклікаў беларускія ўлады прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта стала першым такім выпадкам па справах супраць Беларусі.
На наступны дзень у эфір выйшла інтэрв’ю палітзняволенай дзяржаўнаму тэлеканалу “Беларусь 1”, у якім яна сказала, што звярнулася да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні.
Аб вызваленні актывісткі 1 лютага паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.