Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 16 лютага 2025 года ў 09:48

У Мінскім абласным судзе 11 лютага пачаўся працэс над Максімам Піменавым. У крымінальнай справе шэсць артыкулаў, у тым ліку датычных агнястрэльнай зброі і падробкі дакументаў. А сам фігурант, як высветлілася, раней трапляў у непрывабныя гісторыі і з’яўляецца сынам Льва Піменава — палкоўніка КДБ у адстаўцы, былога начальніка архіва ведамства і былога старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола.
Сын свайго бацькі
Інфармацыя пра разгляд справы Максіма Піменава апублікаваная на партале электроннага судаводства. Вядзе працэс суддзя Уладзімір Арэшка. Чарговае пасяджэнне запланаванае на 17 лютага.
Абвінавачванне выстаўленае паводле ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 2 і 3 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 339 (хуліганства), арт. 379 (незаконныя набыццё альбо збыт афіцыйных дакументаў), ч. 1. і 2 арт. 380 (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў), ч. 1 і 2 арт. 381 (падробка альбо знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку) Крымінальнага кодэкса.
Падрабязнасці справы невядомыя.
Па адной толькі ч. 3 арт. 295 падсуднаму можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У аб’яднанні былых супрацоўнікаў сілавых структур “Позірку” паведамілі, што апошняе месца працы Піменава — вадзіцель у кампаніі “Белінтэртранс”. Гэтае дзяржаўнае прадпрыемства — афіцыйны экспедытар і лагістычны аператар Беларускай чыгункі, надае паслугі ў сферы грузаперавозак.
Яго бацька Леў Піменаў даслужыўся ў КДБ да палкоўніка і быў начальнікам цэнтральнага архіва. У 2001–2008 гадах ён кіраваў Беларускай федэрацыяй баскетбола, цяпешнім старшынём якой з’яўляецца міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.
Пры Піменаве-старэйшым сваіх найлепшых вынікаў дамаглася жаночая зборная, якая выйграла бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы-2007 і стала шостай на Алімпіядзе-2008.
Таксама палкоўнік вядомы па службе ў 1970-х гадах у ГДР, дзе яму давялося ўзначальваць каравульную службу знакамітай берлінскай турмы Шпандау. Найбольш вядомым вязнем у тыя гады там быў Рудольф Гес, намеснік Адольфа Гітлера ў Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) і былы рэйхсміністр урада нацысцкай Германіі. Пра той перыяд сваёй біяграфіі Піменаў час ад часу распавядае журналістам.
Цяпер яму 77 гадоў, ён на пенсіі.

350 тыс. долараў для супрацоўнікаў КДБ
Максім Піменаў, як паведамілі “Позірку” ў BelPol, нарадзіўся 18 красавіка 1979 года якраз у Берліне. І ў ягоным жыцці, адзначылі былыя сілавікі, яшчэ да сённяшніх непрыемнасцяў здарылася “вельмі сумная гісторыя”. 15 гадоў таму ён быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі.
Паводле звестак BelPol, з 5 па 22 сакавіка 2010 года ён “паўторна, наўмысна, шляхам пераканання і ўгавораў” схіляў да дачы хабару Святлану Узенберг. Гэта адбывалася як пры “асабістай сустрэчы” 5 сакавіка ў памяшканні сталічнага галоўпаштамта, так і падчас тэлефонных размоў.
Піменаў абяцаў, што перадача 350 тыс. долараў “службовым асобам КДБ” дапаможа “спрыяльнаму развязанню пытання” аб змене меры стрымання мужа жанчыны — расійскага бізнэсоўца Ісаака Узенберга. На той момант прадпрымальнік быў узяты пад варту па крымінальнай справе, за хабар яго прапаноўвалася вызваліць пад заклад.
Справу Узенберга вёў старшы следчы следчага ўпраўлення КДБ Мацукевіч А.В. (або А.У.).
Мяркуючы па ўсім, на ўгаворы жонка бізнэсоўца не паддалася, і ў выніку ўсё скончылася крымінальным тэрмінам для вымагальнікаў хабару.
Тры гады зняволення для “алмазнага” бізнэсоўца
Ісаак Узенберг нарадзіўся ў 1936 годзе ў горадзе Хмяльніцкі (Украіна), на момант ліхтугаў у Беларусі меў два грамадзянства — Расіі і Ізраіля, пражываў у Калінінградзе. Яго пераслед уладамі ў Мінску — цалкам тыпова для замежных інвестараў, якія паверылі ў магчымасць зарабіць пад “гарантыі” Аляксандра Лукашэнкі.
Пра жаласную спробу Узенберга інвеставаць у беларускую эканоміку шмат пісалі СМІ — як беларускія, так і расійскія, выходзіў сюжэт на тэлеканале НТБ. У кароткім выкладзе справа была такой.
У Калінінградзе ў бізнэсоўца было буйное прадпрыемства па вытворчасці брыльянтаў “Алмазхолдынг”. Узенберг стварыў яго яшчэ ў 90-х гадах, а ў 2007-м вырашыў пашырыць гарызонты і наладзіць працэс у Беларусі. СМІ паведамлялі, што ідэя была ўхваленая асабіста Лукашэнкам.
Аднак замест “неба ў дыяментах” калінінградскі прадпрымальнік убачыў “неба ў клетку” — у 2010-м яго затрымалі. Афіцыйная прычына — спроба дачы хабару.
Затрыманне, як паведамлялася, адбылося на здымнай кватэры Узенберга ў Мінску ў момант перадачы яму 50 тыс. долараў. Гэтыя грошы прызначаліся бізнэсоўцу нібыта ад калегі, які завінаваціўся і вырашыў пагасіць доўг. Калега да таго часу сядзеў у беларускім СІЗА, гарантам узаемаразліку выступала яго жонка. У выніку выявілася, што ўся аперацыя праходзіла пад кантролем камітэтчыкаў, якія і ўзялі атрымальніка на месцы злачынства.
Узенберг усе абвінавачванні рашуча адмаўляў, пісаў і рассылаў з камеры скаргі ў разнастайныя інстанцыі, аднак у выніку быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі.

“Называлі амерыканскім і ізраільскім шпіёнам”
У 2011 годзе 75-гадовы прадпрымальнік быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова і вярнуўся ў Калінінград. У інтэрв’ю абяцаў, што вінаватыя ў яго незаконным пераследзе абавязкова панясуць адказнасць.
Збольшага так і адбылося. СМІ паведамлялі, што Мацукевіч і Піменаў былі асуджаныя на шэсць гадоў пазбаўлення волі, у публікацыях яны абодва называліся “следчымі КДБ”. Разыходжанне прысудаў з данымі ад BelPol (4 гады) можа быць абумоўлена вынікамі разгляду апеляцыі.
Усяго за кратамі ў Беларусі Узенберг правёў паўтара года. Казаў, што з яго здзекаваліся ў СІЗА КДБ — “аблівалі халоднай вадой”, трымалі ў камеры-адзіночцы, “называлі амерыканскім і ізраільскім шпіёнам”. Скардзіўся, што пасля “беларускіх казематаў” стаў дрэнна чуць.
За гэты час бізнес “алмазнага караля” прыйшоў у заняпад. Ён заяўляў пра рэйдэрскі захоп прадпрыемства, цяжкім вяртанні яго пад свой кантроль, фінансавых праблемах. Будаваў планы аб перазапуску кампаніі, разлічваў вывесці яе на былыя магутнасці і прыбытак.
Нічога з гэтага не спраўдзілася. 5 лютага 2018-га Ісаак Узенберг памёр. Ён быў прызнаны банкрутам і пакінуў сям’і вялікія даўгі.