Мінск 20:05

Павел Баркоўскі: Родная мова робіцца нечым экзатычным для жыхароў самой Беларусі

Павел Баркоўскі

У 1999 годзе на 30-й сесіі ЮНЕСКО па прапанове Бангладэш 21 лютага было абвешчана Міжнародным днём роднай ці матчынай мовы. У гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане.

У Беларусі родная мова з’яўляецца адной з дзвюх афіцыйных, але, згодна з вынікамі апошніх даследаванняў, прынамсі ў гарадах яе лёс вызывае рэальную заклапочанасць. Пра праблему “Позірк” паразмаўляў з выканаўцам абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Паўлам Баркоўскім.

“Доля школ з беларускай мовай выкладання ў 2,5 раза меншая, чым пры камуністах”

19 лютага выйшлі несуцяшальныя вынікі даследавання сацыёлагаў Біканава і Несцяровіча аб беларускай ідэнтычнасці ў 2024 годзе сярод гарадскіх жыхароў. Толькі 11% з іх выкарыстоўваюць беларускую мову часцей за ўсё (год таму 7%, але ўсё роўна мала). Толькі для 21% беларуская мова маркер самаідэнтыфікацыі і для 4% нацыянальнай ідэнтыфікацыі іншых беларусаў. Доля апытаных, якія адносяць сябе да нацыянальна свядомых, знізілася з 13% да 11%, абыякавых узрасла з 27% да 32%, русіфікаваных з 4% да 7%. Як гэта можна пракаментаваць? Што трэба і магчыма зрабіць для паляпшэння становішча? У якасці суцяшэння можна прывесці нядаўнія словы прадстаўніка Мінюста, што 70% шлюбных цырымоній заказваецца на беларускай мове. Але наколькі гэта рэлевантна ва ўмовах дэ-факта панавання “рускага свету”?

Гэтыя лічбы не выклікаюць асаблівага здзіўлення для насельніцтва краіны, дзе адбываецца адна з самых жорсткіх русіфікацый за апошнія некалькі стагоддзяў. Дзе колькасць школ на беларускай мове выкладання скарачаецца амаль на 1% штогод і цяпер дасягае менш за 10%, што ў 2,5 раза горш, чым пры камуністах.

Вынішчэнне беларускай мовы з усіх публічных пляцовак, а цяпер нават з грамадскага транспарта і ўказальнікаў прыводзіць да таго, што родная мова робіцца нечым экзатычным для жыхароў самой Беларусі. Як нейкая мова карэнных народаў Поўначы. Гэтаму спрыяюць таксама рускамоўныя актывісты-рэваншысты, якія мараць ператварыць Беларусь ў Паўночна-заходні край “рускага свету”.

На жаль, той рэвалюцыйны ўздым 2020 года і агрэсіўная вайна супраць Украіны, хаця і змянілі стаўленне і паводзіны многіх беларусаў, асабліва сярод публічных асоб, не зрабілі веданне і вывучэнне мовы агульнанацыянальным трэндам.

Безумоўна, мы назіраем, як многія дзеячы культуры, медыя, спорта пераходзяць на родную мову, пачынаюць пісаць на ёй кніжкі, спяваць песні, ужываць у перадачах, але гэтага пакуль недастаткова, каб памяняць звычайныя практыкі людзей.

Толькі калі кожны з нас усвядоміць, што сёння трэба кожнаму асабіста супрацьстаяць палітыцы нацыянальнага выраджэння, якую цяпер вядзе мінскі рэжым пад націскам куратараў з Масквы: самім дбаць пра тое, каб дзеці чыталі больш кніжак па-беларуску, ведалі мову не толькі на пасіўным узроўні, ужывалі яе хаця б у дамашняй камунікацыі, хаця б у паасобныя дні… Тады толькі можна будзе казаць пра зусім іншыя трэнды.

Але, натуральна, без шырокай нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі і пераасэнсавання сваёй ідэнтычнасці беларусы не змогуць адрадзіцца як нацыя, што яшчэ ў большай ступені падкрэслівае важнасць і неабходнасць дэмакратычных перамен у краіне і кардынальнай змены дзяржаўных прыярытэтаў з паўзучай русіфікацыі пад маркай дзяржаўнага двухмоўя.

“Развіццё праектаў на беларускай мове наш безумоўны прыярытэт”

— Што зроблена прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні ў плане прасоўвання беларускай культуры, неад’емнай часткай якой з’яўляецца беларуская мова? Планы на будучыню?

Вось, напрыклад, для азнаямлення поўны тэкст справаздачы аб дзейнасці прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні за 2024 год.

Хачу падкрэсліць, што падтрымка роднай мовы займае важнае месца ў стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, якой кіруецца наша арганізацыя. Сярод шматлікіх падзей, прама ці ўскосна звязаных з падтрымкай беларускай мовы, магу ўзгадаць агульнацыянальную дыктоўку, якую мы рыхтавалі летась і да якой прапануем далучацца ў гэтым годзе. А таксама форум па моўнай палітыцы, які адбыўся 17 снежня 2024 года ў Варшаве з удзелам спікераў з такіх краін як Ірландыя, Вялікабрытанія (Уэльс), Украіна, а таксама беларускіх моўных экспертаў.

Цікавыя і карысныя ідэі з тых выступаў ёсць на нашым акаўнце ў інстаграме, выкладзеныя асобнымі публікацыямі. Мы таксама падтрымліваем ініцыятывы, звязаныя з пашырэннем выкарыстання беларускай мовы ў глабальных сервісах, напрыклад ініцыятыву Марыі Грыц са зваротам да Amazon KDP.

Мы намагаемся дапамагаць арганізацыям, якія займаюцца развіццём нацыянальнай культуры, роднай мовы, а таксама знаходзімся на сувязі з усімі зацікаўленымі бакамі ў гэтым пытанні. Пры падтрымцы прадстаўніцтва ў Вільні напрыканцы лютага 2025 года адбудзецца круглы стол, прысвечаны пытанням упарадкавання ўрбанімічнай прасторы Беларусі і працэсам дэкамунізацыі і дэкаланізацыі нашай гарадской прасторы. Безумоўна, праца над падтрымкай і развіццём праектаў на беларускай мове з’яўляецца нашым безумоўным прыярытэтам. Напрыклад, у межах нашай праграмы “Стыпендыі Адраджэння” яркія асобы і праекты, што ствараюць выдатныя прадукты па-беларуску. Спадзяюся, мы зможам гэты праект працягнуць сёлета таксама.

“Трэба пазбягаць змяншэння цікаўнасці да Беларусі, асабліва сярод бліжэйшых суседзяў”

— Інтэграцыя беларускай культуры ў еўрапейскую — гэта ў тым ліку вывучэнне беларускай культуры ў еўрапейскіх ВНУ. Якая сітуацыя зараз з кафедрамі беларусістыкі, ці ёсць спецдысцыпліны?

— Адзіная профільная кафедра беларусістыкі, якая сістэматычна рыхтуе спецыялістаў беларускай мовы і культуры гэта кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, якой цяпер кіруе прафесар Андрэй Масквін. Мы знаходзімся з імі ў добрым кантакце і нават плануем сумесныя праекты. Безумоўна, застаюцца асобныя кірункі і спецыялізацыі ў межах іншых кафедр славянскіх моваў, напрыклад кірунак “беларуская філалогія” ва ўніверсітэце Міцкевіча ў Познані. Нядаўна ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі аднавілася праграма па вывучэнні беларускай мовы, а таксама дзейнасць цэнтра беларускай мовы і культуры імя У. Караткевіча.

З іншага боку, больш няма профільных цэнтраў і кафедр у Віленскім універсітэце і ўніверсітэце Беластока. Таму гэтаму натуральна трэба садзейнічаць як мага болей і пазбягаць змяншэння цікаўнасці да Беларусі, асабліва сярод бліжэйшых суседзяў.

Істотным і важным кірункам для нас павінна стаць стварэнне не толькі сеткі цэнтраў вывучэння беларускай мовы і культуры ў краінах Еўропы дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, традыцый і народа замежнікамі, але агулам стварэнне цэнтраў беларускіх даследаванняў, якія б выводзілі нас з-пад уплыву расійскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў і давалі менавіта беларускі навуковы погляд на падзеі і культуру рэгіёна.

Падзяліцца: