Мінск 21:18

“Украіна не забудзе яго ролю ў 2022 годзе“. Чаму Лукашэнка не зможа паўторна прадаць паслугі міратворца

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 лютага 2025 года ў 16:07

Яўген Магда на ІІІ Канферэнцыі беларусаў свету 23 сакавіка 2024 года ў Празе
Фота: "Позірк"

У трэцюю гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны па-ранейшаму незразумела, як можна спыніць гэтую бойню.

Рэцэпт насамрэч просты: Масква павінна спыніць агонь, вывесці войскі з украінскай зямлі, вызваліўшы акупаваныя тэрыторыі. Але гэта сцэнар, на які Крэмль, прынамсі цяпер і ў агляднай перспектыве, не пагодзіцца.

Ужо і стары-новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які абяцаў падчас перадвыбарнай кампаніі завяршыць вайну за 24 гадзіны пасля свайго абрання, мякка кажучы, гэтак больш не аптымістычны.

Пагатоў, у апошніх прамовах гаспадара Белага дома ледзь ні чырвонай ніткай праходзіць тэзіс аб вінаватасці Кіева, які за тры гады не дамовіўся з Масквой аб перамір’і. У той жа час расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну Трамп майструе імідж чалавека, які толькі і марыць спыніць кровапраліцце.

Непрывабную ролю ва ўсёй гэтай гісторыі з умоўнымі планамі “Кіеў за тры дні” адыграў і працягвае граць Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік не толькі зрабіў з дзяржаўнай мяжы прахадны двор для саюзніка-агрэсара, надаўшы тэрыторыю краіны для абстрэлу ракетамі ўкраінскіх гарадоў, прытуліў параненых расійскіх салдат у беларускіх бальніцах, а пашкоджаную тэхніку з літарай Z — у майстэрнях заводаў, але і арганізаваў выпуск беларускай спецпрадукцыі для расійскага ваенна-прамысловага комплексу.

Некалі Лукашэнка лічыўся найбольш папулярным замежным палітыкам ва Украіне, што ён рэгулярна сам і падкрэсліваў. Але саўдзел у вайне абрынуў яго рэйтынг да статыстычнай хібнасці.

Як цяпер ва Украіне ставяцца да беларускага кіраўніка і народа, ці ёсць шанец у Лукашэнкі трапіць за стол перамоваў аб міры, а ў Беларусі — у будучыні браць удзел у аднаўленні паўднёвай суседкі — на гэтыя і іншыя тэмы “Позірк“ паразмаўляў з украінскім палітолагам Яўгенам Магдам.

“Дзеянні Лукашэнкі сталі яшчэ бліжэй да палітыкі Пуціна“

— Шанцы ёсць заўсёды і ва ўсіх, — кажа Магда. — Аднак не варта забываць, што за мінулы год дзеянні Лукашэнкі сталі яшчэ бліжэй да палітыкі Пуціна. Таму магчымасці стаць незалежным удзельнікам перамоў у Мінска мізэрныя.

Навошта краінам Захаду саджаць за стол перамоваў таго, хто будзе займацца “дыпламатычным хуліганствам“?

Таму Лукашэнка можа радавацца, што яго перапрызначылі прэзідэнтам, намалявалі 86,82%, але ўсе навакольныя краіны ведаюць жа, што такіх адсоткаў няма ў прыродзе і быць не магло.

— Як за гэтыя гады змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў і афіцыйнага Кіева да Мінска?

— Беларусы знаходзяцца на перадапошнім месцы ў спісе сімпатый украінцаў, гэта значыць яны вышэйшыя толькі за расіян. Гэта азначае, што ў нас няма выразнай інфармацыйнай працы на тэму таго, што беларусы — гэта нацыя ў цэнтры Еўропы і без бяспечнай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы.

Гэта не вельмі добра для Украіны, бо ў нас ёсць цікавасць, каб Беларусь наўпрост не ўступала ў вайну.

Але расіяне зайшлі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі — на гэта ніхто не забыўся.

Трэба разумець, што існуе аб’ектыўная гістарычная памяць, у якой добра захавалася, хто, што і адкуль рабіў.

Што тычыцца Лукашэнкі, то афіцыйных кантактаў з ім даўно ўжо няма. Пасля адстаўкі Ігара Кізіма з пасады амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны ў Беларусі наогул незразумела, што будзе з беларускім кірункам.

Нейкія нефармалізаваныя кантакты з Мінскам маюцца хоць бы таму, што праз тэрыторыю Беларусі ўвесь час адбываецца абмен палоннымі.

Трэба прызнацца, што ў нас вялікі крызіс неразумення і ён не знікне проста так. Калі гэта адбудзецца, сёння не магу сказаць.

“Ціханоўскай няма чаго прапанаваць Зяленскаму“

— Дагэтуль не адбылася сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай, у якой ужо былі перамовы і з прэм’ерам Арменіі Ніколам Пашынянам, і з прэзідэнтам Малдовы Маяй Санду, і з Саламэ Зурабішвілі, якая ўважае сябе за легітымнага прэзідэнта Грузіі. У чым, на вашую думку, прычына?

— Мне здаецца, Святлане Ціханоўскай няма чаго прапанаваць Уладзіміру Зяленскаму. Ну што яна прапануе? Што будзе падтрымліваць Украіну? Так у яе па вялікім рахунку няма іншага выйсця. Мабілізаваць грамадзян унутры Беларусі па антываеннай позве, думаю, яна не можа. Полк Каліноўскага ўвесь гэты час ваяваў без яе.

Каманда Ціханоўскай па сваёй працы нагадвае Міністэрства замежных спраў: актыўна і прадуктыўна сустракаецца і мае зносіны на міжнароднай арэне. А што далей акрамя размоў — незразумела. Калі б каманда Ціханоўскай магла паказаць, што ў яе ёсць рэальны ўплыў на сітуацыю ўнутры Беларусі, то, думаю, цікавасць да яе была б большай. А калі гэтага няма, то і на Банкавую (вуліца ў Кіеве, дзе знаходзіцца Офіс прэзідэнта Украіны. — “Позірк”.) яе не запрашаюць.

— Ёсць распаўсюджанае меркаванне, што ўкраінскія ўлады падлашчваюцца да беларускага рэжыму, не хочуць “тузаць дзеда за вусы“.

— Паўтаруся, мы не хочам, каб Беларусь непасрэдна са сваімі войскамі ўступала ў вайну, але казаць, што Кіеў заігрывае з Лукашэнкам, нельга. Нельга таму, што Украіна не забудзе яго ролю ў 2022 годзе.

— Яшчэ адно меркаванне: Лукашэнка марыць быць сярод міратворцаў, а пасля вайны — сярод тых, хто будзе адбудоўваць Украіну.

— Я думаю, што яму не ўдасца паўторна прадаць сябе як міратворца і партнёра. Думаю, не атрымаецца і пасля заканчэння вайны. Занадта шмат усяго Лукашэнка сказаў І зрабіў. Палітычна на гэта забывацца нельга.

Каб быць сярод тых, хто будзе аднаўляць Украіну, Лукашэнку трэба як мінімум трохі адарвацца ад Расіі.

Яшчэ варта адзначыць, што Украіне нанесены такі ўрон, што Лукашэнка са сваімі магчымасцямі проста згубіцца сярод транснацыянальных карпарацый і краін Захаду.

“Беларуска-ўкраінская мяжа — гэта лінія фронту, проста там цяпер не страляюць“

— Якімі вы бачыце галоўныя пагрозы для Украіны: беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні “Захад-2025“, ціск Вашынгтона і Масквы?..

— Рыхтавацца да нападу з боку Беларусі трэба будзе ў тым выпадку, калі колькасць войскаў будзе станавіцца небяспечнай. Думаю, выведка любой развітой краіны сёння здольная гэта адсачыць. Раней падымаць шум няма сэнсу, таму што пасля ўварвання беларуска-ўкраінская мяжа стала зусім іншай, чым была ў лютым 2022 года. Гэта лінія фронту, проста там не страляюць.

Ціск з боку Трампа і Пуціна — гэта самая непрыемная на сённяшні момант сітуацыя. Але тут Беларусь Украіне нічым дапамагчы не можа.

— Ціханоўская ўсюды папярэджвае, што Беларусь можа стаць “суцяшальным прызам“ для Пуціна.

— Нельга выключаць такі варыянт, хоць публічна, зразумела, Захад пра гэта ніколі не скажа.

Трэба разумець, што Масква і так упэўнена пачуваецца ў Беларусі. Навошта ёй гэтая фармалізацыя? Каб больш марнаваць грошай са свайго бюджэту? Не думаю, што гэта ёй цяпер трэба.

Расія аддае перавагу непрамым метадам кіравання. Ёй Беларусь патрэбная ў камплекце з Украінай.

Вось тады — так, тады можна казаць пра аднаўленне Савецкага Саюза, а без гэтага — навошта?

— Калі і чым усё скончыцца?

— Апошнія заявы Трампа, вядома, узмацнілі пазіцыі Зяленскага ва Украіне, але казаць пра тое, што ён непахісны прэзідэнт, я не вазьмуся. Вядома, з аднаго боку выбары — гэта дэмакратычны працэс, з другога — выбары, якія праходзяць у цяперашніх умовах, могуць проста разарваць краіну.

Казаць пра нейкія тэрміны завяршэння вайны, на мой погляд, немагчыма. Я не выключаю, што будзе ў той ці іншай форме прыпыненне баявых дзеянняў. Аднак разлічваць на ўсёахопны і стабільны мір, мне здаецца, наіўна.

Што тычыцца будучыні Беларусі. Выкажу непапулярнае для беларусаў меркаванне: у цяперашняй палітычнай сітуацыі Лукашэнку можа змяніць толькі яшчэ больш прарасійскі палітык.

Гл. таксама матэрыял палітычнага аналітыка “Позірку ” Аляксандра Класкоўскага да трэцяй гадавіны поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны:

Если сольют Украину, то что ожидает Беларусь? (на рускай мове)

Падзяліцца: