Мінск 20:07

Валер Кавалеўскі: У “пашпарта новай Беларусі” дастаткова нядрэнныя перспектывы

Праблема легалізацыі беларусаў за мяжой, якая ўзнікла пасля ўступлення ў сілу ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 278 ад 4 верасня, стала яшчэ адным выклікам, якому спрабуюць даць рады дэмакратычныя сілы. Ці атрымаецца і як гэта адаб’ецца на іміджы ў вачах грамадзян, якія з’ехалі, пакажа час.

Між тым палітычныя апаненты і проста крытыкі раз-пораз папракаюць Аб’яднаны пераходны кабінет у бяздзейнасці або недастатковасці намаганняў па шэрагу пытанняў, указваюць на бессэнсоўнасць шматлікіх замежных візітаў і размытасць палітычных мэт. Іншыя лічаць, што беларусы застаюцца ў міжнародным парадку дня толькі дзякуючы гэтым самым візітам.

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валер Кавалеўскі ў інтэрв’ю “Позірку” распавёў, чым зараз займаецца кабінет і як там плануюць дапамагаць беларусам у будучыні.

Валер Кавалеўскі
Фота: сайт Святланы Ціханоўскай

“Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь можа сябе захаваць як суверэнную дзяржаву”

— Якія вынікі вашага нядаўняга візіту ў ЗША?

— Для нас важна было ўзняць тэму пагрозы незалежнасці Беларусі: захоп Расіяй кантролю над дзяржкіраваннем, перадача ёй на водкуп цэлых сектараў кіравання, яе ідэалагічнае пранікненне, таму што нават сістэма адукацыі ўжо становіцца ў большай ступені сінхранізаваная з канцэпцыяй “рускага свету”. На гэтым фоне трэба, каб Злучаныя Штаты і іншыя краіны рабілі больш актыўныя намаганні ў падтрымку нашых дзеянняў па абароне незалежнасці Беларусі.

Другая тэма, якой мы шмат надалі ўвагі, — геапалітычны выбар Беларусі ў бягучых умовах. Мы бачым, што працяг адносін з Расіяй у тым фармаце, у якім яны склаліся да сённяшняга дня і ў што гэта ўсё выліваецца для нас, становіцца проста непрымальным. Толькі ў Еўрапейскім саюзе Беларусь можа сябе захаваць як суверэнную дзяржаву, умацоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. У саюзе з РФ гэта немагчыма, гэта проста ілюзія, і, больш за тое, вельмі небяспечная ілюзія, пры якой мы проста губляем сваю ўласную краіну, нацыю. Канцэпцыя нейтралітэту таксама ў дадзеным выпадку ўтапічная, паколькі цалкам адпавядае інтарэсам Расіі.

Яшчэ адно пытанне — міграцыйная праблематыка. Мы будзем больш актыўна працаваць з амерыканскімі ўладамі, каб знаходзіць вырашэнне праблем, якія і існавалі раней, і з’явіліся ў беларусаў пасля прыняцця “консульскага ўказа”. Мы выпрацавалі некаторыя канкрэтныя рашэнні і будзем прасоўваць іх у амэрыканскім урадзе. Рэакцыя канструктыўная, нам гатовы дапамагаць.

Абмяркоўвалася тэма прызначэння спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі, рашэнні па гэтай тэме найбліжэйшым часам будуць агучаныя.

— Пачатак стратэгічнага дыялогу з ЗША: як гэта будзе выглядаць, і ці ёсць ужо разуменне таго, як зрабіць яго не проста пратакольным, а тым, што мае практычны сэнс для беларусаў?

— Стратэгічны дыялог — гэта механізм на будучыню, які павінен садзейнічаць прыняццю практычных рашэнняў праблем, якія ў нас назапашваюцца. Дыялог будзе складацца з шасці напрамкаў. Гэта і пытанні палітычных адносін, і механізмы адказнасці рэжыму за злачынствы, пытанні незалежных медыя і супрацьдзеяння прапагандзе, пытанні прыватнага сектара, а таксама беларуская ідэнтычнасць.

Цяпер фарміруецца беларуская дэлегацыя на гэтае мерапрыемства, яна павінна быць дастаткова прадстаўнічай і ахопліваць усе гэтыя сектары, будзе складацца з прадстаўнікоў палітычных структур і грамадзянскай супольнасці, каб размова была прадметнай. У гэтым сэнсе ўсё ідзе паводле плана, і ні ў кога — ні з беларускага, ні з амерыканскага боку — няма зацікаўленасці ў тым, каб гэта было проста месца для абмену думкамі, але не прыняцця рашэнняў. Мы хацелі б, каб гэтае мерапрыемства прывяло нас да прыняцця практычных рашэнняў, развязвання праблем і ўмацавання двухбаковых адносін.

— На якім этапе зараз знаходзіцца праект “пашпарта новай Беларусі”, ці ёсць дзяржавы, якія гатовыя “авансам” яго прызнаць?

— Цяпер мы займаемся тэмай вырабу ўзораў дакументаў, каб іх перадаць ва ўрады краін, якія павінны будуць прызнаць гэты дакумент. Гэта з’яўляецца абсалютнай умовай для пачатку працэсу. Трэба мець у руках фізічны дакумент, каб ацаніць яго, але таксама і для таго, каб ацаніць сістэму, што будзе стаяць за самім дакументам. Яна павінна адпавядаць усім патрабаванням, у тым ліку захаванне даных, якія будуць перадавацца беларускімі грамадзянамі пры падачы заявак на атрыманне пашпарта.

Ёсць пазітыўная рэакцыя на праект ад шэрагу дзяржаў, але, пакуль не будзе афіцыйнага рашэння, заўчасна казаць аб прызнанні дакумента. Тым не менш мы бачым, што перспектывы ў яго дастаткова нядрэнныя.

“Мы не пачулі ад дэмакратычных сіл Расіі яснай, дакладнай пазіцыі, як будзе выглядаць знешняя палітыка РФ пасля дэмакратычных перамен”

— Ці ёсць у кабінета зрухі ў дыялогу з Кіевам?

— У нас пастаянны дыялог з кіеўскімі ўладамі. Не толькі з урадам, але і з Вярхоўнай Радай. Рыхтуецца шэраг мерапрыемстваў экспертнага ўзроўню, якія пройдуць пазней восенню з удзелам у тым ліку дэпутатаў Вярхоўнай Рады. У Кіеве працуе місія дэмакратычнай Беларусі, якую ўзначальвае Генадзь Манько. Будзем спадзявацца, што яго прысутнасць дасць новы імпульс вырашэнню праблем. Для нас вельмі важныя будуць яго намаганні і па міграцыйнай праблематыцы, якая таксама абазначана як вельмі вострая для беларусаў.

Палітычныя стасункі — аснова нашага ўзаемадзеяння, тут трэба будзе зрабіць больш працы і прыкласці больш намаганняў, каб вывесці іх на новы ўзровень. Ужо ёсць станоўчы прыклад: памянялася рыторыка ўкраінскіх уладаў па Беларусі. Але каб ісці далей, трэба прымаць прынцыповыя рашэнні на ўзроўні офіса прэзідэнта Зяленскага. Цяпер мы над гэтым і працуем.

— У АПК ёсць кантакты з нейкімі сіламі ў Расіі?

— У нас няма кантактаў з Расіяй. Калі казаць пра рэжым Пуціна — няма адназначна. З расійскай апазіцыяй, якая знаходзіцца за мяжой, калі і ёсць, то яны настолькі спарадычныя, што не вартыя згадкі. Важна адзначыць, што на сённяшні дзень мы не пачулі ад дэмакратычных сіл Расіі яснай, дакладнай пазіцыі, як будзе выглядаць знешняя палітыка РФ у адносінах да краін-суседзяў пасля дэмакратычных перамен. Мы не пачулі, што Расія будзе адмаўляцца ад сваёй каланіяльнай палітыкі, ад спроб трымаць пад кантролем суседнія краіны, негатыўна ўплываць на палітычныя, эканамічныя працэсы.

Мы не пачулі, што яны будуць гатовыя цалкам спакойна ўспрымаць заявы любой з краін, няхай гэта будзе Беларусь ці Малдова, Украіна, Арменія, Азербайджан, аб намеры ўступіць у Еўрапейскі саюз, НАТО і г.д. І пакуль мы не ўбачым зразумелай пазіцыі па гэтых пытаннях з таго боку, з боку расійскіх дэмакратычных сіл, мы не зможам развіваць адносіны якім бы там ні было чынам. Мы не хочам мяняць шыла на мыла, падтрымліваць сілу, якая прыйдзе і будзе праводзіць такую ж агрэсіўную, незаконную палітыку, як гэта зараз робіць Пуцін.

— На якім узроўні ў АПК кантакт з Венгрыяй, якая падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна?

— У нас ёсць дыпламатычныя кантакты, ёсць пэўны абмен інфармацыяй, але няма пастаянных адносін, якія б заслугоўвалі такой увагі, як, напрыклад, адбываецца з іншымі, практычна ўсімі краінамі ЕС. Гэта адпавядае той пазіцыі, якую яны займаюць у цэлым па супрацоўніцтве з аўтарытарнымі дзяржавамі. Яны добразычліва глядзяць і на Расію, і на рэжым Лукашэнкі, таму мы не здзіўленыя.

— Правы беларусаў у Польшчы. Ці могуць выбары, якія маюць адбыцца, паўплываць на іх становішча?

— Польшча паказала проста выдатныя вынікі, яна вельмі шмат дапамагла беларусам з легалізацыяй. Мы бачым таксама рэкордныя паказчыкі па выдадзеных візах. Я не бачу ніякіх прыкмет, што гэтае стаўленне да беларусаў з боку польскай дзяржавы будзе мяняцца ў горшы бок. Тут мы маем вельмi добры дыялог. Функцыянуе рабочая група пры Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы, дзе ёсць пастаянны абмен інфармацыяй, абмеркаванне праблем і пошукі іх вырашэння.

— Які дыялог з Літвой і Латвіяй?

— Што тычыцца Літвы, у найбліжэйшы час у нас адбудзецца экспертная сустрэча з Міністэрствам унутраных спраў, міграцыйнай службай, Міністэрствам замежных спраў і, магчыма, памежнай службай, каб абмеркаваць праблемы. Але мы бачым станоўчыя сігналы з боку літоўскіх уладаў аб гатоўнасці заканадаўча замацаваць падаўжэнне тэрміну дзеяння пашпартоў для замежнікаў, якія з’яўляюцца важнай тэмай для многіх, хто аказаўся ў Літве. Будзем абмяркоўваць і сітуацыю на межах, і магчымасць падаўжэння гуманітарных ВНЖ таксама на заканадаўчым узроўні, пытанне рэгістрацыі і перарэгістрацыі аўтамабіляў.

З Латвіяй у нас таксама пастаянны дыялог на ўзроўні Міністэрства замежных спраў. Тут пакуль не магу сказаць пра нейкія канкрэтныя дзеянні, запланаваныя на бліжэйшы час, але, думаю, на прыкладзе таго, як мы ўзаемадзейнічаем з Літвой, мы можам дабіцца нейкіх вынікаў і з Латвіяй.

— Вялікая колькасць беларусаў выбрала для пераезду Грузію. Як ідуць справы ў кабінета з гэтай краінай?

— Грузія — больш складаны варыянт, больш складаны кейс. У нас там ёсць узаемадзеянне па лініі парламента, ёсць абмеркаванне пытанняў. Праблематыка, якая склалася вакол беларусаў на фоне “консульскага ўказа”, — гэта таксама новая ўступная, якую мы пакуль спрабуем інтэграваць у размовы з рознымі краінамі, і з Грузіяй пакуль у нас такой размовы не было. Але гэта тое, да чаго мы рыхтуемся.

“Лукашэнка нават у сферы рэпрэсій ужо не настолькі аўтаномны, як здавалася раней”

— Пытанне палітвязняў і спробаў іх вызваліць. Што робіцца ў гэтым накірунку, напрыклад, дыпламатамі, якія засталіся ў Беларусі, ці іншымі сіламі, якія маглі б паўплываць на вырашэнне праблемы?

— Рэжым не ідзе на абмеркаванне гэтага пытання. Больш за тое, ён робіць больш жорсткай сваю палітыку па палітычных зняволеных. Рэжым у прынцыпе не зацікаўлены ў вырашэнні гэтай праблемы: ёсць страх перад грамадствам, ёсць разуменне таго, што яно засталося на пазіцыях 2020 года. Грамадства разглядае Лукашэнку як незаконнага, ён — перашкода для развіцця Беларусі як сучаснай еўрапейскай дзяржавы. Гэты страх дыктуе неабходнасць рабіць больш жосткай палітыку ў дачыненні да грамадства, знішчаць яго далей, атамізаваць.

На гэтым тле мы разумеем, чаму рэжым адмаўляецца ад любых спроб вырашыць праблему з палітычнымі вязнямі. З’яўляюцца ўсё новыя, а ў дачыненні да тых, хто ўжо знаходзіцца ў няволі — узмацняюць жорсткасць або захоўваюць жорсткае абыходжанне.

Мы памятаем пра тое, што цэлая група палітычных лідараў зараз знаходзіцца ў зняволенні без якой бы там ні было сувязі са знешнім светам, і ўжо шмат месяцаў мы не ведаем пра лёс многіх з іх. Гэта Калеснікава, Знак, Бабарыка, Статкевіч, Севярынец, Ціханоўскі — такіх імёнаў ужо вельмі шмат. І калі б у рэжыма было хоць нейкае жаданне рухацца ў напрамку вырашэння праблемы, пачынаць можна было б хаця б з палягчэння, паляпшэння ўмоў зняволення. Але Лукашэнка баіцца страціць уладу, і зараз над ім усё больш уціскае жаданне Расіі як мага больш размыць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў.

Атрымліваецца, што Лукашэнка нават у сферы рэпрэсій ужо не настолькі аўтаномны, як здавалася раней. Магчыма, РФ і тут не дазваляе яму прадпрымаць самастойныя дзеянні.

Падзяліцца: