Мінск 05:56

“Пункт уваходу”. Кіраўнік Беларускага моладзевага хаба пра тое, як не згубіцца ў эміграцыі

Алесь Лапко
Фота: БМХ / "Позірк"

Ужо больш за два месяцы Беларускі моладзевы хаб працуе ў новым памяшканні ў варшаўскім раёне Макотуў. У параўнанні з былой лакацыяй месца адносна ціхае, аднак жыццё ўнутры, здаецца, поўнае той самай энергіі, што звычайна і зыходзіць ад маладых і крэатыўных беларусаў, якія воляй лёсу аднойчы апынуліся на чужыне, адрынутыя не Радзімай, а дзяржавай. Як ствараўся хаб, чым займаецца сёння, якія мае планы і што раіць суайчыннікам у эміграцыі — пра гэта “Позірк” грунтоўна паразмаўляў з адным з заснавальнікаў БМХ Алесем Лапко.

“Значная частка тых, хто да нас прыходзіць, зусім не моладзь”

— Алесь, першае пытанне, магчыма, будзе дзіўным: Беларускі моладзевы хаб праект выключна для беларускай моладзі?

— Зусім не, і няхай назва тут нікога не абмяжоўвае. Яна ўзнікла хутчэй дзякуючы першапачатковай мэтавай аўдыторыі і ўзросту заснавальнікаў. Калі ствараўся хаб, мне было 29 гадоў, а яго сузаснавальніцы Стасе Гліннік — 26 (Стася Гліннік — ўнучка першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча, які памёр летась у траўні. — “Позірк”.)

Але значная частка тых, хто да нас прыходзіць, — гэта зусім не моладзь. Насамрэч для моладзі акрамя хаба ёсць шмат іншых магчымасцей: большасць яе даволі лёгка ўсталёўвае кантакты сярод равеснікаў ва ўніверсітэтах, у клубах, на розных моладзевых мерапрыемствах.

А вось людзям старэйшага ўзросту ўжо цяжэй знаходзіць тут новыя кантакты, магчыма, праз боязь і няведанне польскай мовы. І калі чалавек раптоўна з’язджае з Беларусі, яму патрэбны час, каб асвойтацца, і гэта прасцей рабіць сярод сваіх, тых, хто цябе разумее.

Зусім нядаўна ў нашым хабе адбыўся устаноўчы сход ініцыятывы ўзаемападтрымкі людзей 50+. І на абедзвюх сустрэчах, якія ўжо прайшлі да моманту нашай гутаркі, былі поўныя залі. То бок такім людзям патрэбны нейкія свае супольнасці, і яны гатовы ўкладваць час, досвед, недзе грошы, каб гэта ўсё развіваць.

Больш за тое, на некаторыя мерапрыемствы Беларускага моладзевага хаба прыходзяць людзі не толькі рознага ўзросту, але і розных нацыянальнасцей, рознага паходжання, у тым ліку з краін, якія сёння знаходзяцца ў варожых адносінах. Напрыклад, у адной камандзе нашага клуба “Што? Дзе? Калі?” разам могуць гуляць украінцы і рускія, армяне і азербайджанцы. Гэта станоўча ўплывае на нашу супольнасць, бо такія сувязі ў будучым могуць адыграць пазітыўную ролю ў адбудоўванні стасункаў паміж народамі, якія зараз знаходзяцца ў стане вайны.

— Крыху нечакана для сённяшняга часу. Як усё пачыналася?

— Беларускі моладзевы хаб як ініцыятыва з’явіўся ўлетку 2020 года, яшчэ да выбараў, калі група аднадумцаў у Польшчы пачала праводзіць акцыі салідарнасці з беларусамі на радзіме.

Пасля падзей 20-га года, калі ў Польшчу прыехала вялікая група ўцекачоў, хаб займаўся іх уладкаваннем, тады ў першую чаргу моладзі і студэнтаў. Асаблівасцю хаба з’яўляецца тое, што яго заснавальнікамі, кіраўнікамі і актывістамі былі людзі, якія ўжо пэўны час жылі ў Польшчы. Таму нам, у адрозненне ад беларускіх арганізацый і ініцыятыў, якія, напрыклад, былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі пасля 2020 года, не трэба было займацца асабістым уладкаваннем, і мы маглі адразу ўключыцца ў непасрэдную дапамогу нашым грамадзянам.

У нас былі напрацаваныя кантакты з грамадскімі арганізацыямі, палітыкамі, арганізацыямі беларусаў замежжа.

Напрыклад, я жыву ў Варшаве з 2016 года, стварыў інтэлектуальную супольнасць — клуб “Што? Дзе? Калі?”. Штотыдзень мы сустракаліся на квізах і гульнях, якія гуртавалі з большага беларусаў.

Падзарадка перад "Што? Дзе? Калі?"
Фота: БМХ / "Позірк"

Гэтыя людзі і сталі падмуркам, калі яшчэ на пачатку 2020 года мы пачалі падтрымліваць беларусаў, рэпрэсаваных падчас акцый супраць інтэграцыі з Расіяй у канцы 2019 года. Тады кампанія ByHelp збірала грошы на аплату штрафаў публічна, легальна і проста. У Беларусі грошы збіраліся праз платформу MolaMola, і аказаць такую дапамогу сваёй банкаўскай карткай беспакарана мог кожны беларус. Але з-за мяжы гэта тэхнічна было зрабіць немагчыма, таму мы збіралі грошы на данаты.

У 2023 годзе можа падацца ўжо недарэчным, як тады КДБ і ГУБАЗіК прапускалі такія рэчы, але ў той час здавалася, што сітуацыя ўжо не зменіцца, у грамадстве адбывалася лібералізацыя і хацелася, каб наступіў нейкі пералом. Але пералом адбыўся ў іншы бок, і зараз многія актывісты таго часу або ў турмах, або за мяжой.

Беларускі моладзевы хаб сёння дапамагае НДА, журналістам, актывістам, якія былі вымушаны з’ехаць з радзімы, каб яны маглі аднавіць і працягнуць сваю дзейнасць і самі далей дапамагаць рабіць тую ці іншую справу.

Пры гэтым колькасць такіх бенефіцыяраў нашай падтрымкі нашмат большая, таму што, дапамагаючы, напрыклад, аднаму актывісту, мы дапамагаем, умоўна кажучы, дзесяці людзям, якім ён дапамагае далей.

А дапамагаючы ў легалізацыі нейкай арганізацыі, якая потым адчыняе нейкую фундацыю ў рэгіёне, мы дапамагаем сотням людзей, якія потым будуць туды звяртацца.

Таму адна з глабальных мэтаў хаба — стварэнне сеткі партнёрскіх грамадскіх арганізацый Польшчы пад агульным парасонам партала belarusam.pl, які ўяўляе сабой інфармацыйную лінію і платформу беларускіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Польшчы і дапамагае беларусам у розных гарадах.

Гэта было зроблена дзеля таго, каб не ўсе арыентаваліся толькі на сталіцу з беларускім досведам, што “па-за МКАДам жыцця няма”. У Польшчы гэта працуе крыху па-іншаму, і хацелася б гэты досвед пераносіць і на дыяспару, таму мы стараемся не цэнтраваць усё на сабе ці на Варшаве, а развіваем рэгіянальныя арганізацыі, падтрымліваем іх, каб яны рэгістраваліся, выкарыстоўвалі наш досвед камунікацыі з уладамі, партнёрамі, донарамі, станавіліся на ногі.

“Цяжка пераломваць жаданне нейкага патэрналізму з боку беларусаў”

— Ці гатовыя такія арганізацыі дзейнічаць самастойна, абапіраючыся на атрыманы ў вас ці ў падобных згуртаваннях досвед?

— Не заўжды. Былі выпадкі, калі нас запрашалі прыехаць у іншы горад і ўзначаліць камунікацыю з мясцовымі ўладамі. Але мы адмаўляліся, таму што, па-першае, мясцовыя ўлады непрыязна ставяцца да камунікацыі такога кшталту, а па-другое, арганізацыям трэба самім назапашваць досвед, вагу ў камунікацыі з гарадскімі ўладамі, мясцовымі беларусамі, каб яны бачылі, хто непасрэдна ў горадзе займаецца іх пытаннямі, і ўключаліся ў працэс.

Цяжка пераломваць жаданне нейкага патэрналізму з боку беларусаў, якія ўсё жыццё пражылі пад рукой “крэпкава хазяйственніка”, з’ехалі з краіны і ў якіх, з аднаго боку, душа прагне дэмакратыі, а з іншага — хочацца, каб замест іх вырашаў хтосьці. У 2021 годзе нават былі выпадкі, калі па такую дапамогу звярталіся да дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Мерапрыемства па інтэграцыйнай узаемадапамозе беларусаў у Польшчы
Фота: БМХ / "Позірк"

Канешне, шмат хто ўяўляе, што, звярнуўшыся да хаба, атрымае “бацькоўскую падтрымку” і за яго, як за малое дзіця, будуць нешта вырашаць у пошуках працы, партнёраў, фінансаў для некаторых арганізацый і ініцыятыў, што дзейнічалі ў Беларусі або ўтварыліся ў Польшчы. Але мы адразу акцэнтуем увагу, што ствараем умовы і даём рэсурсы, каб людзі самі вучыліся і назапашвалі досвед, маглі стварыць і рэалізаваць свае праекты і ідэі. Усе інструменты для гэтага ёсць, патрэбна толькі жаданне вучыцца, працаваць, дамаўляцца. І, вядома, нашы спецыялісты і калегі, якія могуць дапамагчы ў адаптацыі і інтэграцыі ў Польшчы, вельмі адкрытыя.

Мы стараемся дапамагчы, як кажуць, стаць на ногі, але далей трэба працаваць самім. Спадзяюся, што досвед беларусаў, якія былі вымушаны з’ехаць з краіны пасля 2020 года, будзе напрацоўвацца і калісьці ў колькасным і якасным стане вернецца ў Беларусь.

Як сказаў на адной з канферэнцый наш культуролаг Максім Жбанкоў, у беларусаў сёння ёсць цудоўная магчымасць навучыцца за мяжой нечаму новаму, еўрапейскаму, дэмакратычнаму. Бо калі б не было такой вялікай міграцыі, то мы папросту варыліся б унутры старога катла з нейкім старым канцэнтратам і, магчыма, нічога новага б з гэтага не атрымалася, а так беларусы на ўласныя вочы пабачаць, як працуе дэмакратычная і прававая дзяржава і яе інстытуты.

А ці падыходзіць для гэтага менавіта Польшча? Ці ўсё ж выключна геаграфія паўплывала на выбар беларускай моладзю гэтай краіны?

— Вядома, адной геаграфіі тут мала. Польшча можа быць вельмі добрым прыкладам для Беларусі, таму што яна гістарычна вельмі блізкая да нас краіна, дзе жыве вельмі блізкі нам народ. І развіццё сучаснай гісторыі ў нас вельмі падобнае: беларусы кажуць, што мы праходзім праз выпрабаванні 2020 года, але Польшча праз іх праходзіла 30 гадоў таму, таму нам трэба скарыстацца гэтым досведам.

І мы звяртаемся да польскіх партнёраў, каб яны ім дзяліліся, запрашаем іх на розныя мерапрыемствы ў хабе, каб беларусы параўноўвалі, заўважалі і прыслухоўваліся да таго ці іншага меркавання польскіх экспертаў.

Бо шмат з тых людзей, якія былі палітвязнямі ў 1970-80-я гады, сёння займаюць тут значныя пасады, у тым ліку ў парламенце, недзяржаўным сектары, і могуць уплываць на палітычныя рашэнні, якія датычацца Беларусі, бо яны разумеюць сітуацыю там як ніхто іншы. Таму трэба да іх звяртацца, грукацца ў іх дзверы — і тады іх адчыняць.

І адна з задач хаба — адвакацыя і лабіяванне не толькі беларусаў, якія сутыкаюцца з праблемамі ў Польшчы, але і інтарэсаў Беларусі ў глабальным плане, каб Польшча як дзяржава, яе палітыкі і дыпламаты маглі падтрымліваць імкненне беларусаў да свабоды.

На жаль, ёсць розныя супярэчнасці і плыні як у польскай палітыцы, так і ў еўрапейскай, але, калі беларусы самі будуць гаварыць пра свае праблемы і рабіць крокі для іх вырашэння, а не проста прасіць падтрымкі, гэтыя праекты будуць больш паспяховымі.

І тут нам трэба адыходзіць ад ідэй патэрналізму і каланіяльных пачуццяў, самім выходзіць на вядучыя ролі і браць на сябе адказнасць. У 20-м годзе беларусы ўзялі на сябе такую адказнасць і паказалі свету, што самі гатовыя да перамен, гатовыя займацца праблемамі сваёй краіны і дзяржавы. І нас заўважылі, мы самі адчулі ўсю годнасць і гонар за сябе як за народ і за нацыю.

Пазней гэта трохі зменшылася, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, калі беларусы, найперш за мяжой, пачалі самацэнзуравацца ў дачыненні да сваіх праблем і праблем унутры краіны, таму што трагедыя ва Украіне — гэта самае страшнае, што ёсць у нашым рэгіёне, і падаецца, што беларускія праблемы — гэта не так важна.

Але сёння тысячы людзей незаконна сідзяць у турмах, і мы працуем над тым, каб даносіць гэту праблему да польскай грамадскасці, палітыкаў дзе толькі можна. На будынку старога хаба на пляцы Канстытуцыі, 6 мы разам з праваабаронцамі “Вясны” павесілі вялікі банэр з партрэтамі палітвязняў і лічбай зняволеных і кожны дзень абнаўлялі іх колькасць. На жаль, тыя людзі, якія захапілі будынак, знялі гэты банэр з лічбамі, хаця іх важна дэманстраваць палякам, каб яны разумелі, што гаворка ідзе не толькі пра падзеі 2020 года, але і пра штодзённыя рэпрэсіі, гвалт супраць беларускага народа.

Мы шукаем іншыя варыянты, іншыя крыніцы камунікацыі і спадзяемся, што працягнем гэту працу і з польскімі, і з еўрапейскімі партнёрамі і будзе стварацца нешта новае і цікавае, каб тэма Беларусі не сыходзіла з еўрапейскага парадку дня.

Прэзентацыя дакументальнага фільма "ГУпоЗ" пра беларускую медыцыну
Фота: БМХ / "Позірк"

“З дапамогай партнёраў здолелі хутка перазапусціцца”

— Вы згадалі людзей, якія захапілі былое памяшканне хаба. У якой ступені крызіс, што адбыўся гэтым летам і пра які шмат пісалі як нядзяржаўныя, так і дзяржаўныя СМІ, толькі з рознымі мэтамі, адбіўся на яго дзейнасці? Як удалося даволі хутка яе аднавіць?

— Вядома, сітуацыя ў БМХ, якая здарылася сёлета ў ліпені — жніўні, трошкі паламала планы, дзесьці запаволіла дзейнасць, дзесьці перанакіравала яе, але мы не збіраліся апускаць рукі, тым больш што было вельмі шмат слоў салідарнасці ад нашых суайчыннікаў, польскіх, іншых еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў. Таму мы не маглі нават уявіць, што не будзем працаваць далей, тым больш што фактычна ўсе нашы ініцыятывы нас падтрымалі.

І ўжо 4 жніўня, праз два дні пасля ўварвання ў будынак хаба, мы сабралі іх для прэзентацыі праграмы дзеянняў на бліжэйшы год, каб яны таксама разумелі, што мы плануем працягваць рэалізацыю праекта ў Варшаве.

Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку ў такі няпросты для нас момант і Святлане Ціханоўскай, якая потым узяла удзел у цырымоніі адкрыцця новай пляцоўкі Беларускага моладзевага хаба, і Паўлу Латушку, які падаў заяву на ўступленне ў хаб, і многім іншым. Асобная падзяка ініцыятыве Free Belarus Center, у каворкінгу якой мы працавалі месяц перад тым, як знайшлі новае памяшканне.

Святлана Ціханоўская на адкрыцці БМХ у новым доме 3 кастрычніка
Фота: БМХ / "Позірк"

Пасля захопу асацыяцыі “Беларускі моладзевы хаб” мы зрабілі пэўныя крокі дзеля аднаўлення кантролю над той арганізацыяй, але, каб не губляць часу і сіл, зарэгістравалі новую — фонд Belarusian Youth Hub, ад імя якога сёння дзейнічае наша каманда. Уся яна засталася з заснавальнікамі і кіраўнікамі — са мной і Стасяй Гліннік. Мы прапанавалі камандзе ўвайcці ў кіроўныя органы новай арганізацыі, і яны цяпер знаходзяцца ў назіральнай радзе, у складзе фундатараў фонда.

Пры гэтым дзейнасць, якую мы праводзілі раней, цалкам застаецца за намі. У старой арганізацыі не засталося ніводнага чалавека, які меў дачыненне да яе да 26 ліпеня 2023 года, таму вельмі дзіўна і смешна часам чытаць, калі яны кажуць, што нешта робяць ці працягваюць традыцыі хаба.

З дапамогай партнёраў і донараў, якія ўсё добра разумеюць і бачаць, новая арганізацыя здолела хутка стаць на ногі, перазапусціцца.

Мы знайшлі новае памяшканне на вуліцы Дажынкова, 6а, у варшаўскім раёне Макотуў. Гэта прыватны дом, камерцыйная нерухомасць і зусім іншыя кошты ў параўнанні з тымі, што былі на пляцы Канстытуцыі. Але тут мы ў чымсці больш вольныя, у нас няма тых абмежаванняў, што былі падчас кантракта з мэрыяй Варшавы на арэнду былога памяшкання.

Тут мы можам больш і прапануем больш у тым ліку для беларускіх НДА, якія могуць карыстацца нашымі памяшканнямі для правядзення канферэнцый, сустрэч, сесій стратэгічнага планавання, варкшопаў.

У нас ёсць вялікая заля на 50-60 чалавек, меншыя залі на 15-20 асобаў для каманднай працы. Для нейкіх сустрэч ёсць персанальныя пакойчыкі. Працуе каворкінг, куды можна па папярэднім запісы прыходзіць і працаваць усім наведвальнікам. Даступная кухня з мікрахвалёўкай, кавай, гарбатай. Карацей, створаны ўтульныя ўмовы.

Для падтрымкі нашых ініцыятыў і валанцёраў мы прапанавалі новыя памяшканні. Канешне, гэта пасавала не ўсім, бо ў некаторых ёсць канкрэтныя патрабаванні. На жаль, новае памяшканне не копія старога, ёсць свае асаблівасці. Але мы працягваем іх падтрымку, працягваем камунікацыю, каб яны станавіліся на ногі.

А для кагосьці гэты крызіс стаў пунктам росту. Напрыклад, некаторыя ініцыятывы пайшлі рэгістраваць свае арганізацыі. У прыватнасці, спявак і музыка Сяржук Доўгушаў пачаў рэгістрацыю свайго “Дома творцаў”. Беларуская музычная школа таксама працуе над стварэннем свайго фонду. Мы іх падтрымліваем інфармацыйна, падказваем, як, дзе і што рабіць, якімі шляхамі рухацца, каб яны былі больш самастойнымі і змаглі далей выйці на ўласныя рэйкі.

“Нам патрэбныя не дзве лакацыі, а, можа, дваццаць толькі ў Варшаве”

— Далейшыя планы хаба?

— Вельмі актыўныя і пазітыўныя. Ёсць шмат розных выклікаў, але ёсць і адказы на іх, ёсць бачанне таго, што будзем рабіць далей, як развівацца. Нас часам пытаюць, што будзе, калі вернуць старое памяшканне. Адказваю, што будзем працаваць у абодвух. Насамрэч нам патрэбны і тры, і чатыры памяшканні, зыходзячы з запытаў, якія надыходзяць, бо актыўных беларусаў вельмі шмат, ініцыятыў таксама, і для іх патрабуецца прастора.

Калі падчас сустрэч ў варшаўскай мэрыі ў 2020 годзе мы казалі, што нам патрэбны памяшканні для новых арганізацый, яны адказвалі, што ў нас ёсць Беларускі дом на вуліцы Вейскай, памяшканне на вуліцы Крынічнай. Але ў 2020 годзе ў Польшчы жыло 30 тыс. беларусаў, а зараз іх каля 200 тыс., і гэта значыць, што цяпер нам патрэбны не дзве лакацыі, а, можа, дваццаць толькі ў Варшаве.

У Беларусі ліквідавана больш за тысячу арганізацый. Большасць з іх прыехала ў Польшчу, і менавіта ў Варшаву, і ім таксама патрэбны нейкія ўмовы, месцы для працы, мерапрыемстваў і г.д.

Мы працягнем лабіяваць удзел беларускіх арганізацый у розных праграмах падтрымкі НДА, у межах якой кожная з іх, напрыклад, мае права звярнуцца да горада па памяшканне на конкурснай ці пазаконкурснай аснове ў залежнасці ад таго, якія ўмовы неабходны ім для працы. На жаль, не ўсе ведаюць пра такія праграмы, і, магчыма, калі б той жа Сяргей Бульба (адзін з тых, каго Лапко абвінавачвае ў рэйдарскім захопе хаба на плошчы Канстытуцыі. — “Позірк”.) ведаў пра гэта, ён звяртаўся б у мэрыю наўпрост, а не захопліваў тое, што ўжо напрацавалі да яго.

Таксама такія арганізацыі могуць звяртацца па фінансавую падтрымку да міжнародных і польскіх фондаў, удзельнічаць у адпаведных гарадскіх і нацыянальных конкурсах, таму што дэ-юрэ арганізацыі, зарэгістраваныя ў Польшчы, — гэта польскія арганізацыі, хоць і называюцца беларускімі.

Але як беларускія арганізацыі яны могуць удзельнічаць у розных еўрапейскіх, міжнародных конкурсах, што садзейнічае пэўнай дыверсіфікацыі крыніц фінансавання, і гэта мы таксама падказваем арганізацыям, якія звяртаюцца па дапамогу ў хаб.

Мы самі не толькі разлічваем на грантавую падтрымку, але і праводзім платныя мерапрыемствы, якія дазваляе польскае заканадаўства. Сродкі ідуць на падтрыманне арганізацыі, на статутныя мэты. Мы звяртаемся да беларусаў у Варшаве, каб яны падтрымлівалі нас данатамі — гэта можна зрабіць анлайн па спасылцы https://byhub.org/donate. Рэалізуем мерч з нашым лагатыпам і дызайнам, просім падтрымкі для ініцыятыў хаба ў беларускага бізнэсу. Дарэчы, польскім заканадаўствам прадугледжана магчымасць адлічэння 1,5% падаткаў на дзейнасць беларускіх арганізацый, таму хацеў бы запрасіць беларусаў скарыстацца такой магчымасцю і падтрымаць Беларускі моладзевы хаб.

Цяпер у Польшчы вельмі шмат беларускай моладзі. Толькі студэнтаў ВНУ больш за 12 тыс., што прыкладна ў чатыры разы больш, чым было да 2020 года. І, наколькі мы ведаем, у Беларусі сёння вельмі папулярныя курсы польскай мовы, у тым ліку сярод моладзі, якая потым выязджае на вучобу ў польскія ВНУ, тым больш што кошт навучання тут толькі крыху вышэйшы. Праз умяшанне дзяржавы, прапаганду, насаджэнне альтэрнатыўнай гісторыі і забарону вальнадумства ў беларускіх ВНУ шмат моладзі выбірае Польшчу.

Хаб шмат для каго з іх — першы пункт, куды яны могуць звярнуцца ў пошуках падтрымкі, сяброў. У нас існуе ініцыятыва “Моладзевая суполка”, дзе маладыя людзі два разы на тыдзень сустракаюцца, абмяркоўваюць розныя тэмы, самі запрашаюць лектараў альбо просяць нас знайсці экспертаў па той ці іншай тэме, глядзяць фільмы, гуляюць у “настолкі”, а таксама ўдзельнічаюць у розных праектах хаба ці яго партнёраў.

Кандыдыт філалагічных навук, перакладчыца Марына Казлоўская распавядае пра беларускую літаратуру
Фота: БМХ / "Позірк"

Ёсць у краіне шмат адукацыйных праграм, удзел ў якіх дазваляе набыць пэўны досвед разам з польскімі пагодкамі, у тым ліку за мяжой, і мы можам падказаць, як трапіць у такія праекты.

Налета плануем пашыраць дзейнасць, у тым ліку падтрымку партнёраў, ініцыятыў, арганізацый, што дзейнічаюць у розных гарадах Польшчы, у іншых краінах. Гэта дапамога розным хабам, якія ўжо існуюць ці толькі ствараюцца, наладжванне сувязяў паміж намі, каб узмацняць адзін аднаго, праводзіць сумесныя мерапрыемствы. Напрыклад, арганізаваць выставы, якія б маглі праехаць па розных гарадах і краінах.

Вядома, многія мерапрыемствы наступнага года мы плануем ужо цяпер: святкаванне Дня Волі ў сакавіку і Дня вайсковай славы ў верасні, Тыдзень беларускай культуры ў ліпені, Ноч расстраляных паэтаў у кастрычніку. Як інфармацыйныя партнёры збіраемся ўзяць удзел у арганізацыі розных музычных фестываляў (“Тутака”, “Грай” і іншыя).

Увогуле, у Беларускім моладзевым хабе штодня адбываецца некалькі мерапрыемстваў, цыклічных і разавых. Інфармацыю пра іх можна знайсці, у прыватнасці, на нашым сайце https://byhub.org.

Партнёры з-за мяжы звяртаюцца да нас па дапамогу ў арганізацыі мерапрыемстваў. У тым ліку гэта “Мінскі форум”, “Прадмова” і іншыя больш прыватныя канферэнцыі, скіраваныя на больш вузкую мэтавую аўдыторыю, напрыклад студэнтаў. Плануем таксама праводзіць інтэграцыйныя мерапрыемствы для беларускіх жанчын, падтрымліваць ініцыятыву “ЯЁсць” — жаночы клуб на базе хаба. Планаў шмат, досвед ёсць. Ёсць і шышакі, якія мы ўжо набілі, і мы упэўненыя, што кожны наступны год будзе больш паспяховым за папярэдні.

“Ініцыятывы ператварыліся ў клубы па інтарэсах, супольнасці”

— Вы згадалі некаторыя праекты хаба. Якія можаце назваць яшчэ?

— Выключна нашых праектаў не так шмат. Той жа праект “Кава з гісторыкам”, рэалізацыя якога адбывалася на базе хаба, узнік тады, калі наш былы супрацоўнік і актывіст Аляксей Лукашэвіч сабраў кам’юніці беларускіх гісторыкаў, якія выехалі ў Польшчу, і прапанаваў, каб пад філіжаначку кавы ў нефармальнай абстаноўцы абмяркоўваць тыя ці іншыя падзеі з гісторыі Беларусі.

“Лісты палітвязням” — гэта ідэя актывістаў, якія з’ехалі пасля 2020 года ў Варшаву і ладзілі акцыі салідарнасці. Яны адбываліся штонядзелю, на пачатковым этапе — пры падтрымцы хаба. Потым мы навучылі іх працаваць самастойна: рэгістраваць акцыі, камунікаваць з паліцыяй, варшаўскімі ўладамі. Далей, калі ўвосень 2021 года ў нас з’явілася памяшканне, то яны, як і іншыя ініцыятывы, сталі прыходзіць да нас і карыстацца нашымі магчымасцямі. Такім чынам, “Лісты палітвязням” ужо два гады збіраюцца ў хабе. Дарэчы, гэтую дату яны адзначалі зусім нядаўна, запрашалі спецыяльнага госця, якім стаў Яўген Жураўскі — беларускі добраахвотнік, які раней жыў у Варшаве, а зараз ваюе ў палку Каліноўскага ва Украіне і прыехаў на часовы адпачынак. Ён падзяліўся з намі баявымі гісторыямі і не толькі, падпісаў лісты і паштоўкі палітвязням.

Ініцыятыва "Лісты палітвязням" за працай
Фота: БМХ / "Позірк"

Заняткі польскай мовай — гэта прыязная і класная калабарацыя з польскай ініцыятывай “Чытам з тобом”, у рамках якой дзве польскія філалагіні стварылі арганізацыю і сустракаюцца, каб чытаць польскія кнігі разам з замежнікамі. Заняткі ідуць па французскай методыцы “Аксэс”, калі разам чытаюць тэксты, звычайна вельмі простыя, каб навучыцца чытаць, слухаць і чуць, успрымаць на слых інтанацыю, вымаўленне носьбіта польскай мовы.

Усе гэтыя ініцыятывы ператварыліся ўжо ў клубы па інтарэсам, нейкія супольнасці, дзе амаль усе ўжо ведаюць адзін аднаго і, сыходзячы з хаба, не разрываюць кантакты, сябруюць сем’ямі, разам ездзяць на адпачынак, дапамагаюць адзін аднаму. Выбудоўваецца гарызантальная сетка кантактаў беларусаў у Польшчы, Варшаве — дзякуючы “пунктам уваходу”, якія стварае Беларускі моладзевы хаб, і ініцыятывам, што гуртуюцца вакол нас.

Хаб рыхтуецца да Хэлоўіна
Фота: БМХ / "Позірк"

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: