Мінск 20:05

“Трэба дапамагаць тушыць хату суседа, калі пажар”. Як беларуска паўтара гады возіць гуманітарныя грузы ва Украіну

Алена Жаркевіч
Фота: фэйсбук-старонка Алены Жаркевіч

Беларуска Алена Жаркевіч — валанцёр, актывістка, прадстаўніца грамадскай арганізацыі “Сустрэча”, якая збірае гуманітарную дапамогу украінцам, а таксама беларускім і украінскім вайскоўцам у складзе Узброеных сіл Украіны. У 2021 годзе Алена вымушана з’ехала з Беларусі праз Расію у Кіеў, пасля пачатку вайны засталася там і ўжо паўтара гады займаецца гуманітарнай дапамогай краіне і грамадзянскім актывізмам.

Амаль год таму “Позірк” ужо размаўляў з Аленай, якая на радзіме працавала якраз у сферы лагістыкі, пра яе асабісты 2020 год і пра тое, што было пасля. Як змянілася яе жыццё за гэты час?

“Украінцы здзіўляюцца: што вы тут робіце ў Кіеве? Вы ж можаце з’ехаць у Польшчу, падацца на міжнародную абарону”

— Чым займаецца “Сустрэча” ва Украіне, якую дапамогу вы аказваеце?

— Мы зарэгістравалі грамадскую арганізацыю, якая займаецца дапамогай беларусам, што засталіся тут. Усе мясцовыя беларусы звяртаюцца да нас. У асноўным па дакументы. Напрыклад, за апошнія два тыдні мы падалі дакументы пяці чалавек на атрыманне віда на жыхарства па валанцёрству. Акрамя таго, ўжо паўтара гады збіраем і перавозім гуманітарныя грузы.

Так склалася, што шмат беларусаў жадаюць тут заставацца, але ж не маюць магчымасці зарэгістравацца. Таму мы дапамагаем з гэтым, аказваем юрыдычную дапамогу. У нас ёсць падтрымка з боку буйной украінскай юрыдычнай фірмы Barristers, з якой падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Зараз на базе нашай грамадскай арганізацыі працуе клуб, дзе сустракаюцца беларусы і ўкраінцы. У Кіеве ўлады выдзелілі нам памяшканне, і мы праводзім сумесныя мерапрыемствы. Да нас пастаянна прыходзіць каля 20-30 чалавек, якія, напрыклад, як ні дзіўна, вывучаюць беларускую мову. Яны “апантана” прыходзяць і лічаць, што нашу мову варта вучыць. Я бачу зацікаўленасць украінцаў у беларусах, ім вельмі важная наша падтрымка. Мы блізкія суседзі, і тое, што мы разам з імі, вельмі важна.

Украінцы здзіўляюцца: што вы тут робіце ў Кіеве? Вы ж можаце з’ехаць у Польшчу, падацца на міжнародную абарону, вам ўсё будзе! Але мы разумеем, што трэба дапамагаць тушыць хату суседа, калі пажар.

Таму украінцы адстойваюь нас у спрэчках са сваімі чыноўнікамі: паглядзіце — беларусы робяць, а вы ім карткі заблакавалі.

Так, цяжка, але украінцы ідуць нам насустрач. Наша арганізацыя хоць і маладая, але мы можам дапамагчы зрабіць ўкраінскія дакументы, від на жыхарства.

Якім чынам адбываецца збор гуманітарнай дапамогі?

— Мы прымаем гуманітарную дапамогу, збіраем яе ў Польшчы пры садзейнічанні мясцовых беларусаў. Гэта пачалося з хабу ў Беластоку, дзе мы прымалі беларускіх і украінскіх уцекачоў, разам з імі збіралі гуманітарку і прывозілі ва Украіну. Потым вырашылі зрабіць гэта больш цэнтралізавана, каб усе ахвотныя беларусы маглі дапамагаць Украіне хто як можа. Потым пазнаёміліся з украінскімі фондамі, якія набывалі машыны для ўкраінскай арміі. Яны паказалі мне, як гэта робіцца, і мы падумалі: чаму б беларусам таксама гэтым не заняцца?

Цяпер мы прыганяем машыны і для нашых, і для ўкраінскіх ваяроў, а каб аўто не ездзілі пустымі, пачалі загружаць іх гуманітарнай дапамогай.

Якія аб’ёмы сабралі за час працы?

— З траўня 2022 года мы перадалі на грошы, сабраныя беларусамі ў Польшчы, больш за 20 машын. Агулам жа перагналі больш за 200 на сродкі, сабраныя разам з украінцамі. На вайне аўтамабіль — такі ж расходнік, як і снарады. Адна машына “жыве” ў сярэднім два тыдні.

Таксама мы перадалі больш за 7,5 тоны гуманітарнай дапамогі: адзенне, сродкі гігіены, медыкаменты. Мы ўсё збіраем самі. Я кідаю кліч сярод беларусаў: хто што можа — давайце збіраць. Машыны з Польшчы заўсёды едуць пустыя, таму я кажу: прыеду ў нядзелю. Яны за тыдзень збіраюць, грузяць гэтыя машыны, і мы прывозім дапамогу ва Украіну. Калі грузу збіраецца шмат, бярэм бус і едзем, напрыклад, на Херсоншчыну або ў Харкаў. І вось так кожны тыдзень я езджу і езджу.

Алена Жаркевіч і яе каманда з чарговай гуманітарнай місіяй
Фота: тэлеграм-бот "Сустрэча"

“На фронце хлопцы эканомяць на сродках гігіены, каб сабраць на дровы”

— Ці дапамагаюць беларусы, якія эмігравалі ў іншыя краіны?

— У асноўным мы працуем з беларусамі Польшчы. Апошнім разам, калі з’ездзілі ў Херсон і паглядзелі, што там адбываецца пасля падрыву Кахоўскай ГЭС, абвесцілі вялікую беларускую гуманітарную місію, і да нас у тэлеграм-канал пагрукаліся беларусы Германіі і сказалі, што таксама хочуць дапамагчы. Мы прапанавалі ім сабраць што можна і перадаць ў Варшаву, бо грошы мы не збіраем. Вельмі шмат у нас фондаў, якія гэтым займаюцца, а з Варшавы я ўжо вязу гуманітарку сюды. Так і жыву: тыдзень у Польшчы, тыдзень ва Украіне.

Пад мінулы Новы год мы сабралі 57 падарункаў для дзяцей, якіх эвакуявалі з Бахмута і Херсона. Гэта дзеці-сіроты, ў якіх пазабівалі бацькоў. Яны былі вельмі нам удзячныя, ведалі, што гэта рабілі беларусы. Сёлета мы таксама хочам, каб беларусы паўдзельнічалі і павіншавалі дзяцей са святам.

Шмат хто з беларусаў кажа: я магу ахвяраваць умоўна долар. Ну што гэта за дапамога? Але калі нас выехаўшых 500 тыс. і кожны на долар набудзе туалетнай паперы альбо сродкі гігіены, а яны на фронце вельмі патрэбныя, гэта будзе велічэзная падтрымка. Мы былі ў васьмі кіламетрах ад лініі фронту, і ў хлопцаў там дровы каштуюць шалёных грошай. Яны эканомяць на гігіенічных сродках, каб набыць дровы і перазімаваць у цяпле. З міру па нітцы сабраць, і мы можам зрабіць вялікую справу!

Якія складанасці ёсць ў беларускіх валанцёраў, якія дапамагаюць Украіне?

— Канкрэтна ў нас сем чалавек, якія працуюць і дапамагаюць, але зараз фактычна робяць “за ежу”. Мы супрацоўнічаем з украінскімі фондамі, куды нашы беларусы прыходзяць дапамагаць, і іх там кормяць. А з’ехаць не дазваляе сумленне. І гэтыя людзі не лайдакі, яны разумеюць: чым больш нас тут будзе, тым больш мы можам казаць, што беларусам не ўсё роўна. На жаль, нас становіцца менш, бо людзям трэба працаваць.

Апошні раз ў Польшчы сабралася пяць машын, і мы з беларусамі арганізавалі гуманітарную калону. Калі прыехалі на польска-ўкраінскую мяжу, гэта быў такі фурор: прапусцілі за палову гадзіны, хаця даводзілася стаяць па дзесяць і болей.

Гуманітарная калона
Фота: тэлеграм-канал "Хаб Сустрэча ў Кіеве"

Што з гуманітарных грузаў карыстаецца найбольшым попытам?

— Збіраем сродкі асабістай гігіены, пральныя парашкі, мыючыя сродкі для посуду. Таксама вельмі патрэбныя коўдры. Мы завозім іх нават у шпіталі, там іх не хапае. Яшчэ бінты, пластыр, лекі і г.д. Зараз будзем збіраць прадуктовыя кошыкі для Чарнігаўскай вобласці: крупы, каву, гарбату. Ну і таксама дзіцячыя падарункі на Новы год.

“У 2020 годзе мы не змагаліся з расійскай агрэсіяй, і гэта была вялікая памылка”

Як ставяцца да беларусаў ва Украіне?

— З тым, што пішуць у СМІ пра негатыўнае стаўленне да беларусаў, я бы паспрачалася, бо знаходжуся не толькі ў Кіеве і кантакты маю не толькі з вайскоўцамі УСУ. Яны, як і Служба бяспекі Украіны, безумоўна, разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Канешне, цівільнае насельніцтва менш ведае, але я была два месяцы таму пад Чарнігавам, ў адным сяле, якое знаходзілася пад акупацыяй той часткі расійскай арміі, што ўвайшла з тэрыторыі Беларусі. Даведаўшыся, што мы беларусы, яны сказалі: “Госпадзе, бедныя вы, беларусы, бедныя! Вы ж знаходзіцеся пад такой жа акупацыяй, як і мы былі!”

Раней украінцы добра ставіліся да Лукашэнкі, бо чыталі беларускія навіны, глядзелі беларускае тэлебачанне і думалі, што ён “хазяйственны такі мужык”, які “калгасы дзержыць”, і ў параўнанні з Украінай ён выглядаў лепей за кіраўнікоў іх краіны.

Пасля 24 лютага 2022 года яны ўсе зразумелі, хто такі Лукашэнка. Але іх стаўленне да беларусаў нашмат лепей, чым да яго. Большая частка ўкраінцаў не дурні, яны разумеюць, што гэта не насельніцтва Беларусі сядзіць і ракеты запускае, што ніхто ў звычайных беларусаў не запытваў, ці можна паставіць тыя ракетныя ўстаноўкі.

З моманту, як пачалася паўнамасштабная вайна, я знаходжуся тут, і хоць бы адзін чалавек мне сказаў: ты вінаватая! Не! Яны кажуць: “Мы спадзяваліся, што вы ў 2020 годзе вытрымаеце і ў вас ўсё будзе”. Ты ім адказваеш: ведаеце, беларусы не зусім разабраліся, з кім трэба было ваяваць ў 2020 годзе. Лукашэнка, канешне, вораг беларусаў, але ж сапраўдны вораг — Расія. Беларусы ў 2020 годзе не змагаліся з расійскай агрэсіяй, мы змагаліся з Лукашэнкам, і гэта была наша вялікая памылка. Украінцы гэта таксама разумеюць. Яны бачылі нашы пратэсты, бачылі, як мы падтрымлівалі рускіх, як мы казалі, што будзем сябраваць і з Расіяй, і з Украінай, і з усімі будзем сябраваць.

Аб чым вы распавядаеце ўкраінцам, калі гаворка ідзе пра Беларусь?

— Пытаюцца ўкраінцы пра нашу апазіцыю: “Як так, чаму ваша апазіцыя з’ехала, не засталася са сваім народам? Можа, тады было б лепей, лягчэй беларусам? Можа, трэба было не пакідаць сваю краіну, а заставацца там?” Калі ім распавядаеш, за што і паводле якіх артыкулаў у нас саджаюць людзей, то ў іх валасы дыбам устаюць: такога не можа быць! Яны не разумеюць, як можна праверыць тэлефон або забраць ноўтбук, бо ва Украіне стаўленне да людзей ужо іншае. Яны не разумеюць, што бывае іначай.

Таксама ўкраінцы не ўсведамляюць, якая Беларусь, маленькая ці вялікая. Кажаш: Беларусь — гэта няхай 9 млн чалавек, а ваша краіна — 43 млн. Цяпер падумайце, як такая Беларусь можа змагацца з Расіяй, калі мы бачым, што гэтая велічэзная краіна зрабіла з вашай: зруйнавала дамы, забівае людзей? Уявіце, што Расія можа зрабіць з нашай маленькай Беларуссю, калі яна захапіла ваш Крым без аніводнага стрэлу.

Беларусы сёння не маюць магчымасці з’ехаць у нейкую іншую Беларусь. Калі ў Крыму пачалася акупацыя, тыя ўкраінцы, хто не жадаў даваць прысягу, з’ехалі у кантынентальную Украіну, а нашы беларусы не могуць гэтага зрабіць. Таму ў нас нашмат горшае становішча за вашае. Цяпер Беларусь ізаляваная ад усяго свету і пакінутая сам насам з Расіяй, ў беларусаў няма іншага выбару.

Я ўяўляю, як зараз беларускім ваенным цяжка знаходзіцца на радзіме, бачыць, што іх краіну акупуюць, і не мець магчымасці нічога зрабіць. У іх выбар альбо страляцца, альбо ісці ў Расію. Мы тут уцекачы, я не магу вярнуцца дадому, тры гады не бачыла маці, а яны могуць выехаць за мяжу, пабыць, напрыклад, у Польшчы і потым вярнуцца. Вось пра гэта мы з украінцамі і размаўляем.

Падзяліцца: