Мінск 19:47

У першую гадавіну праект “Новая Беларусь” праводзіць у трох краінах Hastrafest Novaj Biełarusi

Сэт ад віленскай Karčma 1863, прысвечаны Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Фота: платформа "Новая Беларусь"

Згуртаванне беларусаў, падтрымка айчыннага бізнесу ў выгнанні і ідэя зрабіць беларускую нацыянальную кухню great again (то бок вярнуць былую веліч) — з такой задумай платформа “Новая Беларусь” адзначае сваю першую гадавіну (2 снежня) дзесяцідзённым фестывалем Hastrafest Novaj Biełarusi.

Хто, дзе і калі?

Hastrafest Novaj Biełarusi адбываецца з 1 па 10 снежня ў трох краінах (Польшчы, Літве і Грузіі) і пяці гарадах (Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні). У фестывалі ўдзельнічаюць 11 беларускіх бараў, кафэ і рэстаранаў. Усе яны рыхтуюць па-новаму 35 страў і напояў, так ці інакш звязаных з нацыянальнай кухняй Беларусі. Спецыяльныя стравы, прыгатаваныя ў рамках фестывалю, можна пакаштаваць толькі ў гэтыя дні.

У Польшчы ў гастрафэсце бяруць удзел восем бараў і рэстаранаў. Напрыклад, Варшаўскі бар Karma прапануе традыцыйную беларускую бабку, але ў сучаснай інтэрпрэтацыі: пад сырам пармезан. Іншы варшаўскі бар — GiGi — акрамя страў уключыў у меню кактэйль з бурачным хрэнам. Бар Mirzam у Гданьску рыхтуе веганскую мачанку, а кухар познаньскага бара MY прапануе мачанку “паводле старажытнага рэцэпту сваёй бабулі з-пад Барысава”.

У Літве да гастрафэсту далучылася віленская Karčma 1863, якая падрыхтавала сэт, прысвечаны драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

У Грузіі на арбіту фестывалю выйшлі два тбіліскіх бара — 5327° і D20.

Акрамя ежы і напояў арганізатары анансуюць для карыстальнікаў прыкладання “Новая Беларусь” (спампаваць можна ў Google Play альбо Apple Store) атрыманне “кампліменту” 2 снежня, а ў працэсе ўсяго гастрафэсту ў месцы-ўдзельнікі будуць прыязджаць “таемныя госці” — вядомыя беларусы і беларускі.

Кактэйль з бурачным хрэнам ад GiGi. Фота: платформа "Новая Беларусь"

“Водгукі ўжо дазваляюць думаць пра паўтарэнне фестывалю”

У каментары “Позірку” арганізатары фестывалю адзначылі, што галоўнай яго ідэяй было не толькі адсвяткаваць дзень нараджэння ініцыятывы “Новая Беларусь”, але і рэалізаваць ідэю сумеснага адпачынку і душэўных сустрэч для беларусаў, бо менавіта гэтага многім вельмі не хапае пасля пераезду ў іншыя краіны.

Арганізатары прызнаюцца, што асцерагаліся залішняй амбітнасці планаванага мерапрыемства, якое адбываецца адразу ў трох краінах, але ўжо атрымалі вялікі водгук ад суайчыннікаў: правесці падобныя мерапрыемствы ў сябе гатовыя ў ЗША, Германіі, Партугаліі, Чэхіі і іншых краінах. Сёлета ініцыятары запрасілі ўзяць удзел у фестывалі бізнэсы, звязаныя з гастраноміяй, якія нанесеныя на карту BY_MAPKA (дадатак для беларускага бізнэсу за мяжой).

Мачанка ад "бабулі з-пад Барысава" ў MY. Фота: платформа "Новая Беларусь"

Пры гэтым у “Новай Беларусі” не хаваюць, што тэрміны падрыхтоўкі да ўдзелу ў гастранамічным фестывалі для ўдзельнікаў “былі не самыя камфортныя”, бо ідэя нарадзілася адносна нядаўна. Гэта стала адной з прычын, па якой некаторыя лакацыі адмовіліся ад удзелу ў праекце. Яшчэ адна прычына адмоваў — захаванне бізнэсоўцамі сувязі з Беларуссю, што робіць небяспечным удзел у праектах “Новай Беларусі”, якая мае “экстрэмісцкі статус”. У “НБ” ставяцца да гэтага з разуменнем.

Паводле інфармацыі арганізатараў, у шэф-кухараў устаноў, што ўдзельнічаюць у фестывалі, не было абмежаванняў і выразных рамак: выбар і афармленне страў залежалі ад іх фантазіі і жаданняў. Патрабаванне было толькі адно: страва павінна быць звязана з нацыянальнай беларускай кухняй.

"Моцная" прапанова ад бара 5327°. Фота: платформа "Новая Беларусь"

Цяперашні гастрафэст, як адзначаюць арганізатары, яшчэ да старту атрымаў масу ўхвальных водгукаў ад карыстальнікаў платформы “Новая Беларусь”, што дазваляе разлічваць на паўтор фестывалю з пашырэннем яго геаграфіі і павелічэннем колькасці ўдзельнікаў. Хоць першапачаткова планавалася, што Hastrafest Novaj Biełarusi стане разавым святочным мерапрыемствам, прымеркаваным да дня нараджэння платформы.

У “Новай Беларусі” падкрэсліваюць: будзе важная зваротная сувязь з беларусамі пасля фестывалю, каб вызначыць, ці варта ўключыць Hastrafest Novaj Biełarusi ў “экасістэму”, якую выбудоўвае “НБ” сумесна з беларусамі.

Спампаваць прыкладанне Hastrafest Novaj Biełarusi можна тут.

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: