Мінск 06:13

“Новая Беларусь”. Першы год ад першай асобы

Павел Лібер прадстаўляе вынікі года. Фота: "Новая Беларусь"

2 снежня споўніўся год з моманту пачатку працы платформы “Новая Беларусь”. У нядаўнім вялікім інтэрв’ю “Позірку” стваральнік платформы Павел Лібер закрануў шэраг аспектаў яе функцыянавання, а з нагоды гадавіны на сустрэчы з журналістамі размашыста начарціў плюсы з мінусамі і расставіў маркеры на наступныя 365 дзён, дакладней на 366 — 2024 год высакосны. А значыць, прынамсі сумна не будзе.

“Нас 30 гадоў адвучалі ад актыўнасці, а цяпер трэба “перасабрацца”

Пад “Новай Беларуссю” мы разумеем найперш лічбавую экасістэму для беларусаў і беларусак у краіне і за мяжой. З яе дапамогай яны могуць вырашыць свае надзённыя праблемы, задаволіць запатрабаванні. Гэта адначасова і вельмі проста, і вельмі складана, тым больш што праблем пачынае дадавацца: у некаторых краінах гісторыю 2020 года ўжо “не памятаюць”, у некаторых, асабліва пасля падтрымкі ўладамі ўварвання Расіі ва Украіну, ужо пачынаюць пазбаўляцца нават нашых студэнтаў.

Мушу сумленна сказаць: на сённяшні дзень мы як нацыя яшчэ не вельмі навучыліся вырашаць свае праблемы самастойна.

Мы цудоўныя, добрыя, спагадлівыя людзі, якіх раскідала па розных краінах. Мы вельмі добра групуемся вакол узаемадапамогі ці нейкіх культурных івэнтаў, але, калі пачынаецца нешта больш сур’ёзнае — адвакатаванне сваіх інтарэсаў, стварэнне складаных праектаў ці праграм нацыянальнага ўзроўню, то выяўляецца, што ў нас няма ні неабходнай інфраструктуры, ні маральнай гатоўнасці дзейнічаць.

У свой час мы вырашылі, што паспрабуем стварыць лічбавую прастору, дзе пачнем збірацца разам і нешта рабіць. Задача дастаткова складаная, таму што яна вельмі моцна ўпіраецца ў наш менталітэт, бо нас 30 гадоў адвучалі ад актыўнасці, ад неабходнасці ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, агулам у палітыцы і г.д., а цяпер нам трэба “перасабрацца”, навучыцца ўсяму гэтаму.

“Прадукты, якія дапамагаюць вырашаць праблемы грамадзянскай супольнасці”

Яшчэ адна важная заўвага: прадукты нашай платформы ствараліся паступова. У 2020 годзе з’явілася платформа “Голас”, якая выявіла фальсіфікацыі на выбарах. Пасля гэтага — анлайн-медыцына, якая дапамагла з аднаго боку лекарам падтрымліваць кваліфікацыю пасля выезду з краіны, а з другога — простым людзям атрымліваць бясплатныя медыцынскія кансультацыі. У рамках медыцынскага праекта 21 тыс. пацыентаў ужо атрымала кансультацыі 150 урачоў, што па маштабах цалкам параўнальна з нядрэнным медыцынскім цэнтрам.

Паслугамі платформы юрыдычных кансультацый з 2021 года скарысталася ўжо каля 8 тыс. кліентаў. Амаль усе юрысты, якія задзейнічаныя на платформе (а іх каля 30) — гэта людзі, якія абаранялі палітвязняў і з-за гэтага страцілі ліцэнзіі.

Такім чынам мы стваралі прадукты, якія дапамагаюць вырашаць праблемы грамадзянскай супольнасці. Мы разумеем, што гэтых прадуктаў недастаткова, што яны хоць і пакрываюць нейкае вызначанае поле, з’яўляюцца своеасаблівым “хоспісам”, які камусьці дапамагае, гэта не вырашае фундаментальных праблем.

Год таму з’явіўся дадатак “Новая Беларусь”, які стаў “пунктам уваходу” ў гэтую экасістэму, таму мы адзначаем яго першую гадавіну. Насамрэч гэтая сістэма значна старэйшая, яна ствараецца з 2020 года.

Фота: "Новая Беларусь"

“Наша агульная аўдыторыя — напэўна, каля 100 тыс.”

Людзі ў гэтай экасістэме — карыстальнікі яе пэўных экапрадуктаў. Адны карыстаюцца медыцынскімі кансультацыямі, іншыя — юрыдычнымі, трэція — бізнес-хабам, чацвёртыя — афішамі і г.д. І мы свядома даем ім магчымасць пры жаданні заставацца ананімнымі.

Частка нашай аўдыторыі — людзі, да якіх мы можам “пагрукацца”, у нас ёсць іх адрасы электроннай пошты. І калі мы лічым нашых карыстальнікаў, то робім гэта па ўсёй экасістэме, не толькі па мабільным дадатку, улічваючы толькі тых, да каго можам пры жаданні дацягнуцца, і запрасіць, напрыклад, на нейкае нашае мерапрыемства кшталту гастрафэсту.

Такіх карыстальнікаў у нас зараз каля 58 тыс., хаця агульная аўдыторыя, з улікам таго, што я сказаў, складае, напэўна, каля 100 тыс. Але ідэнтыфікаваць мы можам, паўтаруся, толькі каля 58 тыс. Я заўсёды кажу “каля”, таму што ў нас дастаткова складаная сістэма ідэнтыфікацыі, і мы заўсёды даем калідор плюс-мінус тысяча-паўтары. Калі год таму мы запускалі дадатак, было 21 тыс., так што ў любым выпадку рост ёсць. Мы планавалі за год дарасці да 75 тыс., але пераацанілі сваю сілу ў многіх рэчах, пра якія я распавяду напрыканцы. У прынцыпе, мы задаволены ростам і зараз займаемся нейкім самаасэнсаваннем, каб зразумець, чым яшчэ можам зацікавіць людзей, якую карысць ім прынесці, каб яны прыходзілі ў нашу экасістэму.

52% заходзяць у нашу экасістэму з Беларусі. Яны не карыстаюцца палітычнымі ці нават сацыяльнымі прадуктамі, яны прыходзяць атрымаць для сябе нейкую карысць, напрыклад бясплатную юрыдычную ці медыцынскую кансультацыю. 90% аўдыторыі нашых юрыстаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Што тычыцца медыцынскіх кансультацый, то апошнія 7-8 месяцаў назіраецца плынь пацыентаў з невялікіх населеных пунктаў Беларусі, дзе ўвогуле ўсё дрэнна з медыцынай. І яны прама кажуць: “А мы чулі, што ў вас тут ёсць урач з Мінска. Усё роўна, знаходзіцца ён у Варшаве ці недзе яшчэ, але мы хочам у яго пракансультавацца”. Таму мы імкнемся “намацваць” тыя праекты, якія, з аднаго боку, могуць прыносіць людзям карысць, а з другога — захаваць іх ананімнасць. Усімі нашымі прадуктамі можна карыстацца, нічога не паведамляючы пра сябе. І нават тое, што мы ведаем, складана назваць “персанальнымі данымі”, бо чалавек можа зайсці, напрыклад, пад імем Аляксандр Лукашэнка і заставацца “Аляксандрам Лукашэнкам”.

“Самаарганізоўвацца, а не чакаць дапамогі ад Дзярждэпа ці кагось яшчэ”

У 2023 годзе мы рэалізавалі т.зв. “падатковы праект”, сабраўшы ў выніку 42 тыс. еўра, што аказалася вялікім прыемным сюрпрызам, бо ледзве не на мінулым тыдні мы ацэньвалі сабраную суму прыкладна ў 20 тыс. еўра. Першую версію беларускай бібліятэкі ў Літве, на стварэнне якой пайдзе частка сабраных грошай, мы ўбачым ужо ў гэтым месяцы. Другая палова сродкаў будзе выдаткавана на стварэнне ў Польшчы англамоўнага, з далейшым перакладам на іншыя мовы, партала па гісторыі Беларусі для замежных гісторыкаў, журналістаў і ўсіх, хто хоча зірнуць на нашу гісторыю не праз прызму савецкіх і постсавецкіх падручнікаў. Мы зараз збіраем супольнасць гісторыкаў, каб забяспечыць напаўненне гэтага партала, адпаведна ён плануецца да запуску ўжо налета.

Падатковы праект вельмі важны для нас, паколькі людзі практычна без старонняй дапамогі самаарганізаваліся, сабралі грошы і вызначылі кірункі інвеставання.

Гэта першы праект, рэалізаваны ў тым рэчышчы, пра якое я казаў вышэй: людзі павінны самаарганізоўвацца для вырашэння сваіх праблем, а не чакаць нейкай дапамогі ад Дзярждэпа, офіса Святланы Ціханоўскай ці кагось яшчэ.

Калі ўявіць, што наступны падатковы праект мы правядзем у значна буйнейшых маштабах і збярэм некалькі сотняў тысяч еўра, то можна будзе запусціць самавітую нацыянальную анлайн-праграму, напрыклад па беларускай мове і літаратуры для дзяцей дашкольнага ўзросту, якую можна будзе рэалізаваць у глабальным маштабе як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Або, дапусцім, выдаткаваць іх на стварэнне беларускага лобі.

Праўду кажучы, цяпер у нас няма сапраўдных лабістаў ні ў Еўропе, ні ў ЗША, акрамя некаторых прыватных выпадкаў, калі людзей прыцягвалі для арганізацыі нейкіх візітаў ці івэнтаў, але гэта не мела працягу.

Такім чынам, гэта крокі, дзякуючы якім людзі могуць навучыцца рабіць нешта самастойна.

Другі наш вялікі праект быў рэалізаваны ў галіне культуры, калі мы сталі партнёрамі сямі фестываляў, большасць з якіх праводзіліся ў Польшчы. На аснове гэтых івэнтаў мы атрымалі вялікі досвед, як можна дапамагаць культурным падзеям і ўдасканальваць нашу платформу, каб, напрыклад, на ёй можна было рэгістравацца і набываць квіткі на тыя ж фестывалі. Зноў жа сёння не існуе беларускай нацыянальнай сістэмы продажу білетаў на такія мерапрыемствы, людзі карыстаюцца расійскімі, польскімі рэсурсамі, таму тут ёсць пэўная ніша для нашай дзейнасці. І мы нядаўна ў сябе на платформе арганізавалі і напаўняем суполкі па краінавым прынцыпе: у канкрэтнай краіне будзе чалавек, кантэнт-менеджэр, які будзе нам дапамагаць напаўняць платформу. Да гэтага ў нас дзевяць кантэнт-мэнэджараў вялі практычна ўсе паблікі ва ўсіх краінах, і ў выніку дзесьці нешта ўпускалася.

З іншага боку, мы запускаем і такія суполкі, якія дадуць магчымасць мець на платформе сваю арганізацыю з унутранымі навінамі, рэгістрацыяй на анлайн-мерапрыемствы і майстар-класы, апытаннямі, галасаваннямі, мясцовымі чатамі і г.д. Гэта могуць быць супольнасьці дзелавыя, культурныя, сацыяльныя, дыяспаральныя. Там вельмі вялікі функцыянал, і мы яго паступова пачынаем тэсціраваць з рознымі групамі. Напрыклад, наш свежы раздзел платформы “Гастрафэст Новай Беларусі” рэалізаваны на функцыянале суполкі.

Фота: "Новая Беларусь"

Медыяагрэгатар, знаёмствы і Зянон

Што мы збіраемся рабіць у найбліжэйшы час? У 2024 годзе жадаем рэалізаваць некалькі новых праектаў.

Першы — гэта медыяагрэгатар, які прадстаўляе магчымасць карыстальніку мець уласны агрэгатар навін з персаналізацыяй, рознымі крыніцамі, з групоўкай навін і г.д. Хутчэй за ўсё, мы запусцім яго ў сярэдзіне студзеня. Жадаем сабраць разам адразу некалькі стрымаў: сусветныя навіны, мясцовыя навіны (у залежнасці ад месцазнаходжання чалавека); навіны, агрэгаваныя з беларускіх медыя, а таксама дабудаваць да гэтага кантэнт, які ўжо ёсць у нас на платформе: відэа, івенты, мітапы, падкасты… Карыстальнік зможа абраць раздзелы навін у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. Адпаведна яны будуць мець прыярытэт адлюстравання, пры гэтым будуць сабраны з самых розных крыніц, у тым ліку непасрэдна навінавыя сайты, “Ютуб” ды інш.

Другі праект — сэрвіс арганізацыі івэнтаў з ананімнай рэгістрацыяй, дзе мы паспрабуем арганізаваць продаж квіткоў на мерапрыемствы, стварыць іх інтэрактыўную карту і супольнасць для іх абмеркавання.

Таксама ў планах на 2024 год — рэалізацыя праекта “Al-дарадца”. Гэта памочнік на аснове штучнага інтэлекту ChatGpt4, які ў рэжыме рэальнага часу на аснове публічнай інфармацыі будзе адказваць на запыты карыстальнікаў, улічваючы іх месцазнаходжанне, напрыклад, па пытаннях легалізацыі ці пра тое, якія беларускія падзеі ў Варшаве адбудуцца на наступным тыдні ці якія дзіцячыя сады ёсць у Літве. Гэты праект будзе нашмат больш актуалізаваны з пункту гледжання інфармацыі, чым наяўныя ў нас зараз статычныя гайды.

Наступны праект — сэрвіс знаёмстваў. Ён будзе даступны для неананімных карыстальнікаў платформы, якія зацікаўлены знайсці людзей у краіне свайго знаходжання для сацыяльных або дзелавых знаёмстваў, сумеснай арганізацыі майстар-класаў, іншых мэт. І, нарэшце, мы займаемся дабудоўваннем функцыяналу для любога віртуальнага палітычнага офіса ці палітычнага актара. Мы не жадаем замыкацца на кімсьці канкрэтна.

Калі заўтра да нас прыйдзе Зянон Пазьняк, які называе нас эфэсбэшнікамі, то з радасцю дамо яму функцыянал палітычнай супольнасці.

Ідэя ў тым, што любая палітычная арганізацыя ці грамадская арганізацыя ў дадатак да функцыяналу, які ў нас ёсць для іншых супольнасцяў, атрымае яшчэ, напрыклад, функцыі зваротнай сувязі, петыцый, календара візітаў, інфармацыйнага менеджменту, прасоўвання сваіх праектаў і інш. Усё гэта ствараецца для паляпшэння ўзаемадзеяння паміж палітычнымі арганізацыямі і людзьмі, паколькі яно сёння рэальна вельмі слабое. Паўтаруся: мы — тэхнолагі, мы даем платформы любым прадэмакратычным сілам без якіх-небудзь пераваг.

Пра вывучаныя ўрокі

І апошняе. Чаму мы навучыліся за гэты год?

Першае. Пасля нашай заявы пра будаўніцтва лічбавай дзяржавы выявілася, што вялікая колькасць людзей не ўяўляе сабе, што гэта такое. Паводле іх меркавання, гэта нешта вельмі складанае і вельмі сумнае. Цяпер мы пераасэнсоўваем спосабы данясення да людзей сваёй місіі, каштоўнасцей. Мы распавядаем людзям пра асобныя праекты без прывязкі да тэрміну “лічбавая дзяржава”. Гэта ніяк не мяняе нашай ідэі — пабудова грамадзянскай супольнасці ў лічбавай прасторы, але спрашчае зносіны.

Другое — настрой людзей. Мы не ўлічылі, што людзі вельмі стаміліся, асабліва ад палітычнага парадку дня. І таму, калі мы ў дадатак да лічбавай дзяржавы спрабавалі яшчэ нешта расказваць пра палітыку, гэта людзей не цікавіла. Калі мы зразумелі, што наша платформа і сама “не пра палітыку”, усё пайшло значна лепш. І стала бачна, што ў нас ёсць аўдыторыя, якая прыходзіць альбо атрымаць нейкую кансультацыю, альбо для забаў, а калі нават іх мэтай з’яўляецца нейкая грамадзянская актыўнасць, то толькі тая, якая, на думку чалавека, прынясе яму асабістую карысць. Напрыклад, калі ў Літве адчыніцца беларуская бібліятэка, ён зможа скарыстацца ёй і прачытаць нейкую кнігу. Гэта значыць, мы зразумелі, што нам трэба больш старанна даследаваць аўдыторыю, яе патрэбы. Ну і трэцяе: у нас саміх на першым этапе было недастаткова досведу і разумення, як трэба пра сябе распавядаць, як сябе пазіцыянаваць. Фактычна мы ўвесь гэты час не толькі развівалі платформу, але і вучыліся расказваць пра яе, і гэта таксама стала для нас нейкім урокам. Вынік — павышэнне бачнасці платформы і прыцягненне новых карыстальнікаў.

Спампаваць аплікацыю можна тут.

Ахвотныя падзякаваць камандзе “Новай Беларусі” за працу ў любы час могуць зрабіць гэта двума спосабамі: разавым данатам альбо штомесячнай падтрымкай.

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: