Платформа “Новая Беларусь” ставіць задачу аб’яднаць беларусаў за мяжой і ўнутры краіны пры дапамозе карысных інструментаў. Адзін з іх — праект па лічбавым самакіраванні, які быў прапанаваны сёлета нашым суайчыннікам у Літве і Польшчы.
Пра тое, як прайшоў запуск “пілота” і чаму арганізатары лічаць яго паспяховым, “Позірку” распавёў дырэктар па маркетынгу і камунікацыях праекта “Новая Беларусь” Глеб Германчук.
Як гэта спрацавала
Вясной 2023 года “Новая Беларусь” паведаміла аб пачатку рэалізацыі ў Літве і Польшчы праекта па лічбавым самакіраванні. Беларусы, якія жывуць у гэтых краінах, пры запаўненні падатковых дэкларацый маглі пералічыць частку свайго падаходнага падатку — 1,5% у Польшчы або 1,2% у Літве — на беларускія ж ініцыятывы.
Гэтая частка падатку ў абедзвюх краінах можа быць адпраўлена або на дабрачыннасць — канкрэтны праект з указаннем рахунку, або грошы сыходзяць у выпадковую арганізацыю. Платформа “Новая Беларусь” прапанавала суайчыннікам накіраваць грошы яе партнёрскім арганізацыям — Fundacja Tutaka ў Польшчы і Littouwin Lions Club у Літве, а потым сумесна вырашыць, на якія карысныя ініцыятывы будуць выдаткаваныя сабраныя грошы.
Пасля пералічэння грошай удзельнікі павінны былі даслаць скрын, які пацвярджае перавод, без пазначэння асабістых звестак (платформа падкрэслівае, што ў мэтах бяспекі не збірае асабістыя даныя карыстальнікаў), а пазней ім прыйшлі на пошту лісты з пацверджаннем удзелу ў праекце. Затым людзі былі дададзены ў закрыты чат, дзе калегіяльна вырашалася, на што накіраваць сабраныя сродкі.
Паводле папярэдняй інфармацыі сайта “Новая Беларусь”, у Літве было сабрана крыху больш за 13 тыс. еўра, у Польшчы — каля 8 тыс. Але выніковая сума склала 42 тыс. еўра, што для арганізатараў аказалася “вялікім прыемным сюрпрызам”.
Узровень лакальны — пытанні глабальныя
На этап збору ідэй і галасавання за іх арганізатары звяртаюць адмысловую ўвагу, называючы яго прыкладам таго, як людзі аб’ядноўваюцца на лакальным узроўні і вырашаюць пытанні дэмакратычным шляхам. І гэта можа працаваць на нацыянальным узроўні з вялікай колькасцю ўдзельнікаў для вырашэння больш агульных праблем.
Усяго было прапанавана 24 ідэі. Аўтары ахвотна адгукнуліся на прапанову арганізатараў сустрэцца анлайн у перагаворных пакоях, каб разам дашліфаваць прапановы. З гэтага было зроблена некалькі фундаментальных высноваў: беларусам на эміграцыі неабыякавыя нацыянальныя праблемы; ім цікава ствараць нешта разам; яны здольныя прымаць самастойныя рашэнні, разумеючы, што іх голас мае вагу.
І была яшчэ адна выснова: усім яшчэ трэба вучыцца дамаўляцца. Падчас першай рэвізіі ад некалькіх ідэй было вырашана адмовіцца, але потым яшчэ раз усё абмеркавалі, ідэі вярнулі, перад аўтарамі выбачыліся.
Галасаванне за прапановы доўжылася паўтара месяца. У выніку былі выбраны два пераможцы: у Польшчы — ідэя стварэння англамоўнага партала па гісторыі Беларусі, у Літве — ідэя бібліятэкі сучаснай дзіцячай і дарослай беларускай літаратуры.
Аўтары праектаў, якія выйгралі, павінны будуць рэалізаваць свае ідэі на працягу года, пасля чаго прадставяць справаздачу. Бібліятэка пачне працу яшчэ сёлета, партал — у студзені 2024-га.
Праект па лічбавым самакіраванні меўся паказаць беларусам, што яны гатовы да дэмакратыі і ўдзелу ў эканамічных і палітычных працэсах, падкрэсліваюць арганізатары.
Паводле іх інфармацыі, у абмеркаванні ідэй удзельнічала 265 чалавек, кожны з іх мог захоўваць поўную ананімнасць.
“Прататып таго, як можа быць у нармальным грамадстве”
— Ці можна казаць пра паспяховасць пілотнага праекта?
— Безумоўна. Вынікі, якія мы бачым, і ўвогуле зваротная сувязь, якую мы таксама збіралі, пра гэта якраз і сведчаць. Многія арганізацыі і звычайныя людзі наракалі, што мы позна запусцілі ініцыятыву, таму што некаторыя пачалі запаўняць дэкларацыі ў Польшчы ўжо ў лютым і з задавальненнем падтрымалі б ініцыятыву, калі б пра старт было абвешчана раней.
Важны сам працэс, калі свядома аддаеш частку свайго падатку, а пасля ўдзельнічаеш у яго размеркаванні. Такім чынам, мы дэманструем, што можам аб’ядноўвацца вакол нейкай ідэі, уносячы маленькі данат у памеры 35 еўра альбо пакідаючы невялікую частку свайго падатку, вырашаць нешта самастойна. І самастойна ж рэалізоўваць праекты, пачынаючы з лакальных рэчаў і заканчваючы нацыянальным узроўнем.
Па сутнасці падатковы праект — гэта прататып усяго, што можа быць у нармальным грамадстве: людзі плацяць падаткі, потым самі вырашаюць, куды і на што яны ідуць. Наша мэта глабальная, гэта проста маленькі крок у яе напрамку.
Сам факт таго, што ўдзельнікаў было нашмат больш, чым мы чакалі, паказвае: нашыя людзі гатовыя падтрымліваць праекты, якія ім цікавыя.
— Ці плануецца падключэнне іншых краін да праекту налета?
— Гэтым зараз займаецца асобная каманда, і ў бліжэйшы час, хутчэй за ўсё ў канцы студзеня, стане вядома, якія краіны, што маюць падобны падатковы механізм, змогуць далучыцца да праекта. Мы не выключаем, што для такіх краін, дзе ёсць падобны механізм адлічэнняў, аднак дзе мала беларусаў/-ак, будуць прапанаваны іншыя варыянты ўдзелу.
Пасля “Гастрафэсту” (праходзіць ва ўстановах Польшчы, Літвы і Грузіі з 1 па 10 снежня ў гонар першага дня нараджэння “Новай Беларусі”. — “Позірк”.) мы хочам актывізаваць працэс падрыхтоўкі наступнага этапу падатковага праекта. Да лютага плануецца яго пачатак.
— Для чаго былі патрэбныя партнёры і як размяркоўваліся грошы? Кацёл быў агульны для дзвюх краін, ці сабраныя ў Літве грошы накіраваліся на літоўскі праект, польскія — на польскі?
— У “Новай Беларусі” няма юрыдычнага адрасу ў прадстаўленых краінах, таму мы прыцягнулі да рэалізацыі праекта партнёраў. Для Літвы гэта адзін набор партнёраў, для Польшчы — іншы. Увесну пры запаўненні падатковых дэкларацый трэба было ўказваць, на якую арганізацыю адпраўляюцца грошы. Пераможцы расходуюць сродкі, атрыманыя ад арганізацый-партнёраў, зыходзячы з плана рэалізацыі і прадстаўленага бюджэту (каштарысы). Нам вельмі важна зацікаўліваць людзей удзельнічаць у дэмакратычным інструменце, дзе яны самі распараджаюцца сваімі грашыма. Дзякуючы сёлетняму досведу нам самім стала больш зразумела, як палепшыць праект, зрабіць яго прасцей, прыцягнуць да яго ўвагу многіх людзей.
Спампаваць аплікацыю можна тут.
Ахвотныя падзякаваць камандзе “Новай Беларусі” за працу ў любы час могуць зрабіць гэта двума спосабамі: разавым данатам альбо штомесячнай падтрымкай.
* Партнёрскі матэрыял