Пытанне інтэграцыі ў мясцовае грамадства, вывучэнне мовы рана ці позна паўстае перад большасцю эмігрантаў. Яшчэ вастрэй яно можа адчувацца тымі, хто выехаў з Беларусі не па сваёй волі, а ратуючыся ад пераследу.
Больш за два гады ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве раз на тыдзень збіраюцца дарослыя і дзеці, каб чытаць — часцей услых — польскамоўныя кнігі. Дапамагаюць ім у гэтым мясцовыя філолагі і псіхолагі з арганізацыі “Czytam z tobą” (“Чытаю з табой”).
Аб крэатыўнай ініцыятыве “Позірк” паразмаўляў — па-польску — з віцэ-прэзідэнтам арганізацыі філолагам Барбарай Ласкоўскай, якую пастаянныя ўдзельнікі чытанняў ведаюць як пані Басю.
“Першы наш кантакт быў менавіта з беларусамі”
— Калі з’явілася ваша арганізацыя?
— Усё пачалося ў 2017 годзе. Асноўная наша дзейнасць — чытанне кніг з рознымі людзьмі, ад самых маленькіх дзяцей, нованароджаных, да людзей найстарэйшага ўзросту. Чытаем у розных месцах, у нас розныя праекты: у дзіцячых садках, на дзіцячых пляцоўках, у бібліятэках, хоспісах, дамах грамадскай дапамогі. З пажылымі людзьмі, з замежнікамі. Чытаем з усімі.
— Праца з замежнікамі пачалася не адразу?
— Яна была з самага пачатку. Мы вызначыліся, што станем накіроўваць намаганні на людзей, якія больш за ўсё патрабуюць гэтага, мацней за ўсё аддаленых ад культуры, мовы, асяроддзя. Іншаземцы, уцекачы адразу былі нашай мэтавай аўдыторыяй.
І, заўважу, першы наш кантакт быў менавіта з беларусамі. Падчас пандэміі каранавіруса праект рэалізоўваўся анлайн. А потым адна з беларусак запрасіла мяне ў хаб — так і пачалося наша супрацоўніцтва.
“Наймалодшай удзельніцы было два месяцы”
— Паводле вашага ўражання, ці спрыяюць такія сустрэчы псіхалагічнай адаптацыі ўдзельнікаў, бо многія з іх пераехалі ў Польшчу ўжо ў салідным узросце?
— Гледзячы на людзей, якія сюды прыязджаюць і, у прыватнасці, прыходзяць да нас на сустрэчы, магу сказаць, што старэйшаму пакаленню адаптавацца цяжэй за ўсё. Чым маладзейшы чалавек, тым больш адкрытае для яго асяроддзе. Старэйшым адчыняцца цяжэй.
Вельмі часта людзі прыходзяць на нашыя сустрэчы не толькі чытаць кнігі. Акрамя знаёмстваў з мясцовымі жыхарамі яны маюць патрэбу ў знаёмствах і адзін з адным. Бо кожны дзень праца, праблемы. І не заўсёды ёсць магчымасць сустрэцца ў групе.
— Людзі якога ўзросту прыходзяць?
— Наймалодшай удзельніцы было два месяцы. Гэта дзяўчынка, якая нарадзілася ва ўкраінскай сям’і ўжо ў Польшчы. Прыходзілі дзеці школьнага ўзросту — адразу пасля прыезду, пакуль яшчэ не хадзілі ў школу. Цяпер часцей прыходзяць людзі дарослыя, якія працуюць ва ўзросце 40-50 гадоў.
“У нашых сустрэч няма задачы мучыць”
— Што вы адчуваеце, калі бачыце ва ўдзельнікаў прагрэс у засваенні мовы?
— Для мяне найбольш сур’ёзны прагрэс у тым, што людзі імкнуцца сябе паказваць. Насамрэч кніга — гэта толькі дапаможнік. Галоўнае, што людзі адкрываюцца, пачынаюць слухаць тэксты па-польску, глядзець на польскія літары і спрабуюць перадаваць свае думкі, перажыванні па-польску. Паўтаруся: кніга тут вельмі важная, але гэта толькі сродак. Можна па-рознаму вучыць мову. Гэта толькі адна з форм.
Дарослыя часта даюць сабе ўстаноўку, што заняткі мусяць быць цяжкімі, аднак у нашых сустрэч няма задачы мучыць і цяжка працаваць. Мы стараемся праз задавальненьне дапамагчы людзям знайсці сябе ў польскай культуры і мове. Таму ў нас шмат дзіцячых кніг. Ня той час, каб яшчэ тут чытаць складаную літаратуру, абмяркоўваць праблемы.
Вусная гаворка вельмі каштоўная, але каштоўнасць кніг — у пісьмовай мове. Вельмі часта людзі кажуць: “Ніколі не чуў такога слова”. Таму што тое ці іншае слова не сустракаецца ў гутарковай мове. Кніжная мова вельмі важная, калі хочам паглыбіцца ў культуру. І тут таксама вельмі дапамагаюць менавіта кнігі для дзяцей. Хаця часта першая рэакцыя такая: “Я дарослы! Я інжынер ці ўрач і зараз буду чытаць дзіцячыя кнігі?” Але я не сустракала яшчэ людзей, якія пасля іх прачытання сказалі б, што мелі рацыю.
— Апошняе пытанне — пра стэрэатыпы. Блізкасць беларускай і польскай моў дапамагае ці замінае?
— Веданне моў — наша багацце. Бывае, што блізкасць моў спярша мяшае, бо словы здаюцца нам вядомымі, блізкімі, але маюць іншае значэнне ў іншай мове. Аднак у гэтым, уласна, і прыгажосць моў. Першае слова, якое мне прыйшло ў галаву як прыклад — awantura (адно са значэнняў у польскай — “сварка”). Удзельніца растлумачыла мне яго значэнне ў рускай мове. І гэтая размова для нас была вельмі важная.
Відавочна, што беларуская мова бліжэй да польскай, чым руская. Вельмі часта чую, што людзям усё зразумела, і гэта дазваляе хутчэй засвоіць польскую.
* Партнёрскі матэрыял