Мінск 04:05

Сузаснавальнік ByHelp: Зараз для людзей данаты працуюць як эмацыйная інвестыцыя

Падзеі жніўня 2020 года вывелі на вуліцы сотні тысяч мірных пратэстоўцаў, якія сутыкнуліся з жорсткім супрацьдзеяннем уладаў. Масавыя рэпрэсіі, катаванні спарадзілі глабальны рух салідарнасці, часткай якога стала ініцыятыва ByHelp, што дагэтуль збірае ахвяраванні.

Яна была створана яшчэ ў 2017 годзе для дапамогі пацярпелым праціўнікам дэкрэту “аб дармаедах”.

“Позірк” паразмаўляў з сузаснавальнікам ByHelp і фонду BYSOL Аляксеем Лявончыкам — аб працы ініцыятывы на працягу апошніх трох гадоў, змене прыярытэтаў беларусаў і фенаменальнай салідарнасці нават ва ўмовах, калі надзеі, здаецца, няма.

“Меньш чым за дзень сабралі да мільёну фунтаў”

— Распавядзі пра той рэактыўны збор данатаў, які шмат каго здзівіў ў чэрвені — жніўні 2020 году, бо дзіўнай падавалася не толькі хуткасць, але і сума, што ў выніку была сабрана на кампенсацыі наступстваў катаванняў.

— У 2020 годзе ByHelp рэстартаваў з той самай мэтай, што меў раней: кампенсацыя штрафаў, фінансавая падтрымка, аплата працы адвакатаў і нейкая гуманітарная дапамога. Калі мы даведаліся пра катаванні, то параіліся на каардынацыйнай радзе ініцыятывы і вырашылі, што дадамо кампенсацыі за траўмы. Гэта быў старт кампаніі ByHelp-III паводле нашай унутранай тэрміналогіі. Мы пачалі недзе 15 чэрвеня. Да 9 жніўня сабралі каля 200 тыс. фунтаў стэрлінгаў. 11 жніўня апублікавалі апдэйт па фандрайзінгу, абвясціўшы, што хочам даваць кампенсацыі за траўмы. Далей, 12 ці 13 жніўня, меньш чым за адзін дзень, у нас быў мільён пасля публікацыі ў СМІ. Цягам наступных трох дзён людзі заданацілі яшчэ мільён фунтаў.

У сярэдзіне жніўня ўзнік фонд BYSOL. Ён таксама моцна стартаваў, яго асноўны збор на “Фэйсбуку” дайшоў да 3 млн еўра.

“Калі сітуацыя палепшыцца, будзе такі узровень самаарганізацыі, што ByHelp ужо не спатрэбіцца”

— Колькі было сабрана агулам за ўвесь час, якой колькасці людзей атрымалася дапамагчы?

— Каля 5 млн еўра. Мы зрабілі выплаты прыблізна 18 тыс. чалавек, з іх за траўмы — прыкладна 1,5 тыс. Рэшта сродкаў пайшла на штрафы і адвакатаў. Пачынаючы з нейкага моманту штрафы станавіліся большыя, але колькасць заявак прапарцыйна змяншалася. Зараз да нас прыходзіць зусім не шмат зваротаў, аднак кошт кожнай заяўкі — мінімум некалькі тысяч еўра. У 2020 годзе стандартная выплата за штраф складала каля 200 еўра. За траўмы мы зрабілі выплаты ўсім, хто звярнуўся да нас, калі былі ўскосныя пацверджанні.

У Беларусі цяпер смяротна небяспечна данаціць, але, калі такая сітуацыя скончыцца, я ўпэўнены, што нас будзе вельмі клёвая тэма са зборам сродкаў, самаарганізацыяй і ByHelp ужо не спатрэбіцца. Атамізацыі грамадства, як разлічваў рэжым Лукашэнкі, не адбылося.

“У нас няма падушкі бяспекі, але і няма дэфіцыту”

— Якую дапамогу ByHelp надае сёння?

— ByHelp працягвае працаваць паводле асноўнага мандату. Запытаў ад тых, каго збівалі ў 2020 годзе, ужо няма, яны атрымалі дапамогу, але мы пераключыліся на дапамогу палітзняволеным. Для гэтых мэтаў у нас дзейнічае супольная праграма з BYSOL. Першая выплата складае 300 еўра. Таксама мы дапамагаем з медыцынскай рэабілітацыяй палітзняволеных як унутры краіны, так і за мяжой. У Беларусі гэта выключна праграма ByHelp. Мы імкнемся дапамагаць са стаматалогіяй, вырашаць нейкія стандартныя праблемы, ад спіны да суставаў, ладзіць лячэнне ў санаторыі і г.д. Калі чалавек хоча выехаць, яму дапамагае служба эвакуацыі BYSOL. Зараз у нашай праграме некалькі дзясяткаў чалавек. Не ўсе, хто вызваляецца, звяртаюцца да нас па дапамогу, але такіх шмат.

— Якія сумы на мэты ініцыятывы збіраюцца зараз?

— У 2023 годзе на статутную мэту: штрафы, кампенсацыі за траўмы, адсідкі і аплату працы адвакатаў — грошай прыходзіць менш, але тое, што мы ў стане збіраць, адпавядае запыту. Мы не пакідаем ніводную заяўку неаплочанай. Зараз у чарзе не больш за 25 заявак. Сродкі збіраем праз публічныя і прыватныя фандрайзы ад супольнасцяў беларусаў за мяжой, робім інстытуцыйны пошук сродкаў — на тую ж медыцынскую рэабілітацыю палітвязняў. У нас няма падушкі бяспекі, але няма і дэфіцыту. Беларусы вельмі крутыя ў гэтым плане. Калі на ліпеньскі марафон салідарнасці данаціла дыяспара, я ведаю, што былі людзі з Беларусі, якія прасілі за іх ахвяраваць з-за мяжы.

“Уявіце, што ў нас будзе, калі адкрыецца шлях да перамогі”

— Як змяніўся за гэтыя тры гады настрой тых, хто ахвяруе? Што паказаў марафон салідарнасці?

— Я маю тэорыю: у 2020 годзе людзі данацілі, бо верылі, што ў стане нешта памяняць. Людзі данацяць на рэчы, ад якіх могуць бачыць нейкі пазітыўны эфект. Тады верылі, што такая салідарнасць — цвік у труну рэжыму. Цяпер не бачна, што гэты збор атрымаўся такім. Ён з катэгорыі “абы не стала горш”, але таксама дэманстрацыя таго, што салідарнасць ёсць. Гэта куды больш складаная рэч, бо людзі не хочуць данаціць, калі не бачуць выйсця. Такія ахвяраванні працуюць як інвестыцыя, толькі эмацыйная. Калі бачыш выхад, сігнал супраць гвалту — нас не перамагчы. Падчас апошняга збору было так: “Усё тлен, незразумела што робіцца, бо вайна і вагнераўцы”. Але атрымалася салідарнасць такой моцы! Я лічу, што гэта было афігенна! Гэты ж данат — каб не стала горш. У такіх абставінах ахвяруюць значна цяжэй. А ўявіце, што ў нас будзе, калі адкрыецца шлях да перамогі. Не 5 млн, а значна больш, калі спатрэбіцца апошні высілак.

Падзяліцца: