Мінск 05:20

Прадстаўнік BelPol: Летась працавалі не пакладаючы рук, вынікамі вельмі задаволеныя

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 4 студзеня 2024 года

Андрэй Астаповіч
Стоп-кадр эфіру тэлеканала "Белсат"

Завяршэнне 2023 года практычна супала з першым паўгоддзем працы аб’яднання былых сілавікоў BelPol, якое было створана пасля “разводу” удзельнікаў ByPol. За гэты перыяд на рахунку ўдзельнікаў новай арганізацыі некалькі сур’ёзных расследаванняў, а таксама паспяховых прыкладаў супрацоўніцтва са СМІ ў сумесных і самастойных праектах, збор і верыфікацыя інфармацыі аб злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пра вынікі працы ў 2023 годзе і прагнозах на 2024-ы ў інтэрв’ю “Позірку” распавёў прадстаўнік BelPol, былы старшы следчы Следчага камітэта Андрэй Астаповіч.

“Санкцыі і іншыя меры — вынік нашых непублічных расследаванняў”

— Пра якія вынікі працы арганізацыі ў 2023 годзе вы можаце расказаць публічна, тым больш што канец года фактычна супадае з першым паўгоддзем аўтаномнага плавання арганізацыі?

— З моманту стварэння BelPol мы правялі працу над памылкамі і распрацавалі новыя статуты арганізацыі з улікам мінулых недапрацовак, каб не дапусціць наступстваў, што мелі месца ў ранейшым аб’яднанні сілавікоў. Гэта было зроблена на самым старце. Праз два месяцы вызначылі падыходы да працы са СМІ, іншымі партнёрамі і арганізацыямі.

На ўзаемапаважлівых партнёрскіх умовах мы працуем з усімі, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі. У публічны доступ ідзе толькі малая частка таго, што можна публікаваць. Справаздачнасць у большай ступені тычыцца нашых медыяпраектаў: тое, што мы вельмі сур’ёзна распрацоўваем, прапускаем праз некалькі этапаў бяспекі і вырашаем апублікаваць пасля дбайных праверак.

Па выніках года выпушчана два вялікія расследаванні аб рэзідэнцыі Лукашэнкі і прыватным ахоўным прадпрыемстве “Гардсервіс”, а таксама тры расследаванні паменш, прысвечаныя карнікам рэжыму, якія бягуць у Еўрасаюз, і прапагандыстам. У фармаце сумеснай працы мы ўдзельнічалі ў трох вялікіх расследаваннях: з “Белсатам”, “Кіберпартызанамі” і Альянсам расследавальнікаў Беларусі. На нашым сайце выйшла шэсць аналітычных матэрыялаў. Сам факт запуску сайта мы расцэньваем як дасягненне, паколькі ўсё робім самастойна. Быў рэанімаваны другі ютуб-канал, пачата праца ў “ЦікТоку”.

За паўгода працы дасягнуты дамоўленасці з 16 СМІ, у тым ліку з трыма замежнымі: аб сумеснай працы, падтрымцы і абмене інфармацыяй, у тым ліку з тымі, хто здольны праводзіць свае ўласныя расследаванні. Дзякуючы інфармацыі, якой мы дзяліліся з журналістамі, у незалежных медыя выйшаў 131 матэрыял.

“Якасць вывучэння абстаноўкі выйшла мінімум на ўзровень да канфлікту ў арганізацыі”

— Якая дзейнасць вялася ў непублічнай сферы?

— Мы правялі 11 непублічных расследаванняў, пра якія магу сказаць толькі, што ўсе яны завершаныя і з іх дапамогай былі прынятыя меры па прыцягненні злачыннага рэжыму Лукашэнкі і яго памагатых да законнай адказнасці. Як вынік — уведзеныя санкцыі і іншыя меры.

Дзякуючы інфармацыі “з зямлі” (з тых ці іншых крыніц, якія перадаюць звесткі аб неправамерных дзеяннях непасрэдна ў Беларусі) за шэсць месяцаў выпушчана 76 інфармацыйных пастоў, напрыклад аб сітуацыі з палітвязнямі. Мы правяраем інфармацыю, якая паступіла, верыфікуем крыніцы і публікуем тое, што можна. Напрыклад, звесткі пра здароўе палітвязняў.

Таксама намі падрыхтавана 183 інфармацыйна-аналітычныя даведкі ў непублічным фармаце. Па сутнасці, тыя ж расследавання, аднак меншыя па аб’ёме, але не менш інфарматыўныя і не менш важныя. Яны рыхтуюцца і перадаюцца па прызначэнні для рэагавання на дзеянні рэжыму.

У рамках паўсядзённай дзейнасці праводзілі праверачныя мерапрыемствы па запытах дэмакратычных сіл, незалежных СМІ, дыяспар. Да прыкладу, хтосьці набірае новых супрацоўнікаў, дзесьці выяўляецца актыўнасць падазроных асоб. такіх верыфікацыйных мерапрыемстваў мы правялі за паўгода 468.

— Як рэагуеце на цікавасць беларускіх спецслужбаў да дэмакратычных сіл за мяжой?

— У рамках сваіх магчымасцяў спрабуем праводзіць, так бы мовіць, вывучэнне абстаноўкі. З-за стратэгічных памылак, дапушчаных у ранейшай арганізацыі, асноўныя кантакты былі завязаныя на пэўных асоб, якія ад нас сышлі. Мы былі вымушаныя вельмі шчыльна працаваць над наладжваннем і аднаўленнем кантактаў з рознымі органамі і структурамі. У выніку правялі 159 сустрэч і перамоў аб супрацоўніцтве. У цяперашні момант якасць вывучэння абстаноўкі выйшла як мінімум на ўзровень да канфлікту ў арганізацыі.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што мы вельмі задаволеныя вынікамі сваёй дзейнасці за паўгода, працавалі не пакладаючы рук. Выканана 257 мэтаў і задач. Дадзена 107 інтэрв’ю. У найбліжэйшых планах — забяспечыць рэгулярнасць выхаду расследаванняў. На жаль, не атрымліваецца выпускаць іх штомесяц, таму што мы робім іх самастойна і вельмі карпатліва. У некаторых абласцях мы не з’яўляемся спецыялістамі і нешта даводзіцца вывучаць з нуля. Гэта значыць расследаванне рыхтуецца хутчэй, чым мы паспяваем яго потым адздымаць, змантаваць і выпусціць.

“Умяшанне сілавікоў наносіць менш шкоды, чым яго асвятленне ў незалежных СМІ”

— Як паводзілі сябе беларускія спецслужбы ў дачыненні да дэмакратычных сіл за межамі краіны ў 2023 годзе?

— Рост іх намаганняў прыкметны, на жаль, і падобнае ўзмацненне стала магчымым таму, што яны цалкам задушылі супраціў у Беларусі і могуць накіраваць сілы за яе межы. Гэтага дакладна не было ў 2020 годзе і практычна не было ў 2021-м. Тады яны яшчэ ўзмоцнена зачышчалі ўсё ў краіне, а цяпер з’явіліся “свабодныя рукі”.

— Наколькі гэта небяспечна для прадстаўнікоў СМІ, НДА, палітыкаў, тых, хто проста з’ехаў з Беларусі?

— Усё адбываецца па-рознаму. Могуць заходзіць “у адкрытую”, да кожнага чалавека ў іх ёсць свой падыход. У першую чаргу шукаюць слабыя месцы і спосабы на іх ціснуць. Прасцей за ўсё, калі ёсць сваякі ў Беларусі. Могуць дзейнічаць праз іх, і гэта будзе рабіцца больш ці менш адкрыта. Калі так зрабіць нельга, будуць спрабаваць увайсці ў давер пад выглядам даўніх сяброў, дзяўчыны ці хлопца ў сацыяльных сетках. Ужо бывалі выпадкі ў “Ціндары”, калі пад асобай дзяўчыны хаваліся супрацоўнікі КДБ. Важна разумець, з кім маеш зносіны, якую інфармацыю даеш, займаючыся палітыкай ці грамадскай дзейнасцю, старанна аналізаваць знаёмствы ў сацсетках, хто прыходзіць мець зносіны і наладжваць сувязі.

Захаванне інфармацыйнай гігіены ў сацсетках — асобнае вялікае пытанне, бо спецслужбы ўжываюць індывідуальны падыход у кожным канкрэтным выпадку. Цяжка прапаноўваць агульную схему для захавання бяспекі. Варта ўлічваць сваю сітуацыю.

Што тычыцца правядзення зум-канферэнцый, то іх бяспеку павінны прадумваць і забяспечваць арганізатары. Альбо першапачаткова прадугледжваць фармат, дзе нічога сакрэтнага не абмяркоўваецца і ніхто з прысутных не хавае сваю асобу, маючы на ўвазе, што для яго не будзе ніякай шкоды. Альбо, калі хтосьці захоўвае інкогніта, усе ўдзельнікі павінны быць не пад сваімі нікамі і з выключанымі камерамі. Калі фармат сустрэчы закрыты, аб яе правядзенні павінны ведаць толькі запрошаныя, усе ўдзельнічаюць без камер, не пад сваімі нікамі, альбо ўсё пайменна верыфікаваць. Паўтару: уся адказнасць ляжыць на арганізатарах, а пад кожнае мерапрыемства выбудоўваюцца канкрэтныя меры бяспекі.

Важна разумець, што ўмяшанне КДБ у працу падобных канферэнцый — гэта больш прапагандысцкі прыём, чым рэальнае дзеянне. Умяшанне сілавікоў наносіць менш шкоды, чым ягонае асвятленне ў незалежных СМІ, бо інфармацыя даводзіцца да аўдыторыі, якую прапагандысты не ў сілах ахапіць праз БТ-шныя каналы і розныя “слівы”.

З прамым уздзеяннем на людзей за мяжой за гэтыя тры гады я не сутыкаўся. Сілавікі разумеюць наступствы такіх дзеянняў, хоць заявы ад прапагандыстаў гучалі неаднаразова. Я не прыхільнік запалохвання дэмакратычных сіл, нагнятання страху і ўвядзення ў зман. Нават калі нешта падобнае адбудзецца, гэта будзе адзінкавы выпадак, і наступствы для афіцыйнага Мінска будуць нашмат больш сур’ёзнымі, чым у выпадку з Пратасевічам. Таму сюды яны наўрад ці сунуць нос.

Акрамя таго, важна разумець, што ў сучасных беларускіх спецслужбаў папросту няма падрыхтаваных кадраў, такіх, напрыклад, як у савецкай школы КДБ часоў халоднай вайны. Няма ні фінансавання на падрыхтоўку такіх супрацоўнікаў, ні спецыялістаў належнага ўзроўню. З відавочнага: яны перапрафіляваліся на вядзенне правакацыйнай дзейнасці праз сацыяльныя сеткі.

Больш бяспечны варыянт для зносін паміж Еўропай і Беларуссю, — гульнявыя чаты. Напрыклад, інсталюецца гульня, ствараецца клан, і ўдзельнікі спакойна ў ім маюць стасункі, дадаючы толькі сваіх. Нават поўны доступ да вашага тэлефона, калі не ведаць, дзе шукаць, не гарантуе, што сілавікі знойдуць перапіску.

“Машына рэпрэсій будзе працаваць, пакуль рэжым не абрынецца”

— Чаго чакаць ад 2024 года ў знешніх і ўнутраных справах?

— Наша арганізацыя працягне актыўную працу. На жаль, многія, у тым ліку ў дэмакратычным руху, кажуць, што органы ўсё пра ўсіх ведаюць, я сам з такім неаднаразова сутыкаўся. Насамрэч гэта далёка не так, большасць інфармацыі сілавікі чэрпаюць з адкрытых крыніц. Наша звышсакрэтнасць, якая многім не падабаецца, выкліканая тым, што мы ўсведамляем: кожнае наша інтэрв’ю кладзецца на стол супрацоўніку следчага падраздзялення КДБ. Кожнае слова запісана, гэта можа быць і дадатковы крымінальны артыкул, і інфармацыя для процідзеяння нам. Таму мы вельмі асцярожна гаворым пра публічную частку сваёй дзейнасці. У адкрытым доступе з’яўляецца прыкладна дзясятая частка рэальнай працы.

У нас няма фінансавання і якой-небудзь падтрымкі ад дэмсілаў, усё мы робім за кошт сваіх рэсурсаў і самастойна. Калі раптам з’явяцца дадатковыя рэсурсы, вы адразу гэта ўбачыце па тым, што часцей будуць выходзіць расследаванні.

На мой погляд, што тычыцца дэмакратычных сілаў і Беларусі, ключавыя моманты будуць бачныя да канца 2025 года. Тады будзе зразумела, ці зможам мы наогул вярнуцца дадому або Беларусь ператворыцца ў падабенства Паўночнай Карэі. Падобныя высновы вынікаюць са становішча Украіны ў вайне супраць агрэсіі РФ. Гэта ключавы фактар. Мы ўсім, чым можам, дапамагаем украінцам. У Беларусі не спыняцца рэпрэсіі, ніхто іх не спыніць. Гэтая машына працягне працаваць, пакуль рэжым не абрынецца. Гэта ж тычыцца інфаатак, дзейнасці прапагандыстаў.

Выбары, якія спрабуюць правесці Каардынацыйная рада і афіцыйны Мінск, і там, і там на мой погляд, пройдуць тухла. Калі да выбараў засталося паўтара месяца, а ў КР дагэтуль не вызначыліся, як яны будуць праводзіцца, не апублікаваныя праграмы кандыдатаў, наўрад ці шмат людзей возьме ўдзел у галасаванні. Я сам не зразумеў, па якой сістэме мне прапануюць прагаласаваць. А на выбары ў Нацыянальны сход пойдуць усе, каго змогуць прымусіць. Улады будуць забяспечваць яўку і спыняць любыя спробы зрыву, выкрыцця ў фальсіфікацыі вынікаў. Важна разумець, што нічога агульнага з дэмакратыяй выбары ў Беларусі не маюць.

Думаю, вайна не скончыцца налета і, верагодна, Украіна будзе перажываць не самыя простыя часы. Магчыма, з прыходам вясны і цяпла, калі сыдзе бездараж, РФ нанясе нейкі ўдар са свайго боку. Да канца 2024-га — пачатку 2025 года ў свеце адбудуцца глабальныя геапалітычныя змены, бо больш чым у 70 дзяржавах пройдуць выбары. Таму да 2025 года мы робім што можам, а там будзе бачны ўвесь расклад. Хутчэй за ўсё развязка вайны таксама наступіць у 2025 годзе.

Падзяліцца: