Мінск 16:25

У адсутнасці канкурэнцыі электаральныя кампаніі не маюць сэнсу, лічаць прадстаўнікі дэмпартый

Апублікавана на закрытай версіі “Позірку” 8 студзеня 2024 года

Фота: БелаПАН

Маючыя адбыцца ў Беларусі электаральныя кампаніі не з’яўляюцца выбарамі. Такое меркаванне, ацэньваючы перспектывы 2024 года, выказалі “Позірку” прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных партый, дэ-юрэ ліквідаваных у краіне, але якія працягваюць дзейнасць на мяжой.

На 25 лютага запланаваны т. зв. адзіны дзень галасавання за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым — канстытуцыйным — статусе.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць. У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

Раней дэмакратычны лідар, кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў “не даць падмануць сябе і выказаць нязгоду з выбарчым фарсам”, пазбягаць удзелу “ў любых рэжымных мерапрыемствах”, не заахвочваць да гэтага іншых.

За актыўны байкот выбараў з паходам на выбарчы ўчастак і галасаваннем супраць усіх выступае платформа “Сумленныя людзі”.

АГП: Каб зрабіць выбар, трэба бачыць розныя палітплатформы, але выбару няма

“У “нявыбарах” 2024 года ніякага ўдзелу браць не будзем, — заявіў “Позірку” выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. — Ва ўмовах, калі вядомыя палітычныя партыі ліквідаваныя, палітычнае поле зачышчанае ад канкурэнцыі, выбарчыя кампаніі наогул не маюць сэнсу. Таму што выбары — гэта перш за ўсё канкурэнцыя”.

Паводле пераканання Шанцава, каб зрабіць усвядомлены выбар, выбаршчык павінен бачыць розныя палітычныя платформы і праграмы, але сёння “выбару няма, як у часы гістарычнага матэрыялізму”.

“Чым для СССР гэта скончылася, свет памятае. З гэтага пункту гледжання можна расцэньваць цяперашнюю сітуацыю як блізкасць да краху існуючага рэжыму. Тым больш, мы ведаем, што рэжым трымаецца толькі на расейскай зброі”, — мяркуе палітык.

У гэтых умовах ён заклікаў грамадзян адмовіцца ад усялякага ўдзелу ў працэсе, але калі іх “будуць заганяць на выбарчы ўчастак”, то “галасаваць супраць усіх”.

Разам з тым Шанцаў не выключыў, гэтая кампанія можа быць выкарыстана партыяй для “актывізацыі сваёй інфармацыйнай дзейнасці”.

Гаворачы аб планах на 2024 год, суразмоўца ў першую чаргу назваў дзейнасць па “стварэнні і ўмацаванні структур партыі за межамі Беларусі”. АГП збіраецца таксама “павышаць актыўнасць працы” ў інфармацыйнай прасторы, кааб “развіваць партыйную агітацыю ўсімі вядомымі спосабамі”.

БСДП (Грамада): Кампанія-2024 ператвараецца ўжо не ў імітацыю выбараў, а ў дэкарацыю

З сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якія засталіся ў краіне, жаданне ўдзельнічаць у выбарах-2024 выказалі “ўсяго некалькі чалавек”, паведамілі “Позірку” ў палітструктуры. Аднак і яны могуць адмовіцца ад ідэі вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты “на фоне рэпрэсій і атмасферы страху”.

“Цяпер вылучэнне будзе адбывацца шляхам збору подпісаў. Разумеючы, што дагэтуль пераследуюць людзей, якія падпісаліся ў 2020 годзе за пратэстных кандыдатаў, подпісы сабраць будзе вельмі складана”, — мяркуе суразмоўца, які пажадаў застацца неназваным.

ПАСЕ і Еўрапейскі парламент, хутчэй за ўсё, яшчэ да дня выбараў не прызнаюць іх легітымнасць, мяркуе прадстаўнік партыі, паколькі “ўлады ліквідавалі дэмакратычныя сілы, працягваюць рэпрэсіі, маюць вялікія праблемы з інстытутам выбараў — ад уключэння дэмакратычных прадстаўнікоў у склады камісій да падліку галасоў”.

На гэтым фоне, упэўнены суразмоўца, кампанія-2024 “ператвараецца ўжо не ў імітацыю выбараў, а ў дэкарацыю: такая з’ява фармальна існуе ў краіне, аднак улада калі і змяняецца, то толькі не праз выбары”.

У новым годзе дзейнасць палітсілы, паводле слоў яе прадстаўніка, будзе заключацца ва ўдзеле ў міжнародных мерапрыемствах, працы з беларускай дыяспарай у Еўропе, правядзенні інфармацыйных кампаній, распрацоўцы праектаў рэформ, у тым ліку ў рамках “Рэанімацыйнага пакета рэформ для Беларусі” (zabelarus.com), а таксама адукацыйных праектах.

БХД: Ніхто за мяжой не можа забараняць актывістам у Беларусі ўдзельнічаць ў падобных выбарах

“Мы лічым, што будучыя электаральныя кампаніі не з’яўляюцца выбарамі”, — заявіў “Позірку” адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Дзяніс Садоўскі.

Разам з тым, падкрэсліў ён, калі прадэмакратычныя актывісты хочуць выкарыстаць гэты працэс для актывізацыі працы з насельніцтвам, развязання мясцовых пытанняў, то іх дзейнасць не будзе абмяжоўвацца — “гэта выбар кожнага чалавека”.

“Я лічу, што ніхто з тых, хто цяпер за мяжой, не мае права дыктаваць людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, як ім сябе паводзіць, напрыклад забараняць удзельнічаць у падобных выбарчых кампаніях”, — лічыць палітык.

Паводле яго слоў, у Беларусі працягнецца праца ў рамках дзейнага заканадаўства. Адсутнасць у БХД рэгістрацыі “стварае цяжкасці для паўнавартаснай дзейнасці ўнутры краіны, але дае некаторыя магчымасці прыцягваць людзей у аргкамітэт, вывучаць з імі статутныя і праграмныя дакументы, абмяркоўваць планы працы пасля рэгістрацыі партыі”.

Як лічыць суразмоўца, праводзіць грамадскія кампаніі можна “ў індывідуальным парадку ад імя звычайных фізічных асоб”.

Гл. таксама:

Калякін, Бухвостаў і Вазняк ствараюць марксісцкую дэмакратычную партыю

Экс-кіраўніку “зялёных” Кучуку адмоўлена ў рэгістрацыі групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты

Падзяліцца: