Мінск 20:31

Эканаміст Львоўскі: Лукашэнку больш не трэба залагоджваць электарат перад выбарамі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 11 студзеня 2024 года

Фота: "Позірк"

Маючыя адбыцца ў 2024 годзе выбарчыя кампаніі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, не паўплываюць на эканамічныя працэсы ў краіне. Такі прагноз у інтэрв’ю “Позірку” даў акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі.

“Урад адчуў, што можна спрачацца з падручнікам па эканоміцы”

“У Беларусі ўсё зачышчана, таму не думаю, што Аляксандру Лукашэнку ёсць неабходнасць залагоджваць электарат, — адзначае эксперт. — Ну будзе інфляцыя 15%, і што, людзі прагаласуюць за ўмоўную партыю ўмоўнага Віктара Бабарыкі?”

Паводле слоў Львоўскага, стрымліванне курсу долара, кантроль коштаў, рост заробкаў — усё гэта не будзе звязана з выбарчымі кампаніямі.

“Гэта ўлады будуць рабіць і так, таму што ім падабаюцца прыгожыя лічбы, — лічыць Львоўскі. — Палітыка накачкі эканомікі працягнецца. Урад адчуў, што можна спрачацца з падручнікам па эканоміцы, і гэта пачуццё ён перанясе на 2024 год. Улады будуць яшчэ больш збіраць грошай з насельніцтва і бізнэсу праз новыя падаткі і штрафы, працягнуць эмісію, спрабуючы адначасова кантраляваць кошты, працягнуць пераграваць эканоміку”.

“Калі кантраляваць кошты яшчэ пару гадоў, рызыкуем убачыць працэсы, як у познім СССР”

“Улады і на 2024 год паставілі мэту росту ВУП на 3,8%”, — адзначае эканаміст. Аднак, падкрэслівае ён, 3,8% летась і сёлета — “зусім розныя лічбы”. “Летась у нас быў аднаўленчы рост пасля падзення на 4,7% у 2022-м. Аднаўляцца заўсёды прасцей, чым расці. Але нават гэта аднаўленне падвяло эканоміку да стану перагрэву”, — перакананы Львоўскі.

Ён падкрэслівае, што ў краіне вельмі нізкая беспрацоўе, а гэта значыць, што прадпрыемствы вымушаныя браць не кампетэнтнага работніка, а “таго, каго могуць знайсці”.

“Мы бачым, што рост заробкаў кратна апярэджвае рост эканомікі. І ў той час, калі яна яшчэ не аднавілася да ўзроўню 2021 года, заробкі ў рэальным вымярэнні выраслі да гістарычнага максімуму, — звяртае ўвагу Львоўскі. — Мы бачым, што ў нас падаўленая інфляцыя, пра што рапартуе нават Нацбанк, аднак сістэма стрымлівання коштаў не з’яўляецца прыкметай здаровай эканомікі. Колькі яна пратрымаецца, невядома. Калі скасаваць яе цяпер, то ўсплёск інфляцыі не будзе вялікім. Але калі кантраляваць яшчэ пару гадоў, мы рызыкуем убачыць больш сумныя працэсы, падобныя тым, што былі ў познім СССР”.

На думку эканаміста, адмаўляцца ад кантролю коштаў улады найбліжэйшым часам не будуць. “А вось калі яны сутыкнуцца з тым, што эканоміка буксуе, не расце, пачнуць яшчэ больш яе напампоўваць: друкаваць грошы, раздаваць іх нейкім заводам, каб яны будавалі свае філіялы, спрабавалі вырабляць новую прадукцыю і г.д. Але з-за нізкай беспрацоўя працаваць на новых вытворчасцях няма каму, і гэта яшчэ больш будзе пераграваць эканоміку, пакуль не стрэліць”, — мяркуе Львоўскі.

Падобная сітуацыя, нагадаў ён, была ў 2011 годзе, калі ўрад думаў, што “вельмі ліха кантралюе курс рубля”, але “так ліха, што потым давялося чатыры нулі прыбіраць” (маецца на ўвазе дэнамінацыя рубля ў прапорцыі 10.000:1, якая адбылася 1 ліпеня 2016 года. — “Позірк”.).

“Рост ВУП будзе да 2%”

“Калі казаць пра ВУП у 2024 годзе, то, паводле розных мадэляў, якія ў нас ёсць, рост будзе да 2%, — прагназуе прадстаўнік BEROC. — У нас ёсць невялікі запас адносна лёгкага аднаўленчага росту, бо летась яшчэ не ўсё адыгралі, але далей — як пашанцуе. Да прыкладу, колькі Расія выдзеліць грошай. Калі [прэзідэнт РФ] Уладзімір Пуцін з панскага пляча дасць пяць млрд [долараў], гэта дадасць пару адсоткаў”.

Інфляцыю, паводле слоў Львоўскага, сёння прадказваць складана, бо яна “адміністрацыйна кантралюецца”. “Але выкажу здагадку, што будзе ад 5 да 15%”, — удакладняе суразмоўца.

“Курс долара ў снежні 2024-га — 3,5 рубля (цяпер 3,2 рубля. — “Позірк”.). Абменны курс долара страціў за апошні год сваю значнасць, бо амаль 70% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію, таму важны курс расійскага рубля, а не долара”, — тлумачыць Львоўскі.

2 кастрычніка 2023 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год. Згодна з указамі № 307 і 308, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%. Намінальны сярэднямесячны заробак мусіць павялічыцца да 2.087 рублёў (у лістападзе 2023 года складаў 1.975,6 рубля), у бюджэтным сектары — да 1.634, інфляцыя — не перавысіць 6%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не быць ніжэй за 6 млрд долараў ЗША (на 1 студзеня 2024 года складалі 8 млрд 127,4 млн).

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця прагназуюць рост ВУП у Беларусі на 2%, інфляцыю — на ўзроўні 8%. Па выніках 11 месяцаў 2023 года спажывецкія цэны павялічыліся на 4,93%.

Гл. таксама па тэме:

Пераарыентацыя на РФ не дазволіла і не дазволіць беларускай эканоміцы хутка расці — дарадца Ціханоўскай

Падзяліцца: