Мінск 09:14

Стрыжак: 2023 год вельмі моцна пагоршыў становішча тых, хто выехаў за мяжу

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 13 студзеня 2024 года

Андрэй Стрыжак
Фота: "Позірк"

У 2023 годзе фонд салідарнасці BYSOL працягваў эвакуацыю беларусаў, збіраў дапамогу тым, хто ў ёй меў патрэбу з-за вымушанага ад’езду за мяжу, займаўся перападрыхтоўкай палітвязняў, якія пакінулі краіну, і канцэнтраваўся на новых накірунках, якія сталі актуальнымі з-за зменлівай сітуацыі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак распавёў “Позірку” пра наступствы “пашпартнага крызісу”, стаўленне да беларусаў ва Украіне, вяртанне да “беларусацэнтрычнай парадыгмы” і падзяліўся планамі на 2024 год.

“У сувязі з пашпартным указам павялічылася плынь у Беларусь людзей, якія ніколі б туды не паехалі”

— Якія праблемы для беларусаў выявіў 2023 год, як яны паўплывалі на працу фонду?

— 2023-ы чарговы раза паказаў, што мы на марафонскай дыстанцыі, хуткіх перамен чакаць не варта і праблемы, звязаныя з палітычным рэжымам у Мінску, працягваюць быць актуальнымі для ўсіх.

Гэты год вельмі моцна пагоршыў становішча людзей, якія выехалі за мяжу, таму што Беларусь фактычна адмовілася ад консульскага абслугоўвання сваіх грамадзян, стварыўшы пашпартны крызіс, які цяпер спрабуюць развязаць розныя краіны рознымі спосабамі. Літаральна днямі Літва паказала, якім чынам гэта можа быць вырашана, прыняўшы папраўкі ў закон аб прававым статусе замежнікаў: беларусы могуць атрымліваць трохгадовы дазвол на жыхарства і адпаведна на яго падставе іншыя дакументы, напрыклад пашпарт замежнага грамадзяніна.

У сувязі з пашпартным указам павялічылася плынь людзей у Беларусь, якія пры іншых абставінах ніколі туды не паехалі б, а сярод іх нямала тых, хто ў зоне рызыкі і можа трапіць пад крымінальны пераслед.

Працягваецца вайна ва Украіне. Ваеннае супрацьстаянне не вырашылася летась, як разлічвалі некаторыя аналітыкі. У сувязі з тым, што ўсё перайшло ў 2024-ы і завяршэння не бачна, ёсць вялікія выклікі і праблемы. Па-ранейшаму частка палітычных сіл вельмі хоча простых адказаў на складаныя пытанні і ставіць у адзін шэраг лукашысцкі рэжым, “ябацек”, якія падтрымліваюць вайну, і агулам усіх беларусаў. Гэта выклікае праблемы ў многіх краінах — там, дзе беларусаў пачынаюць ураўноўваць з рэжымам.

Мы таксама з’яўляемся часткай працэсаў, у якіх задзейнічаны і офіс Святланы Ціханоўскай, і яна сама, і пастаянна падкрэсліваем: беларусы не роўна Лукашэнка і яго прыхільнікі, не роўна падтрымка вайны. Гэта даволі вялікі кавалак працы, хоць і не профільны, таму што мы беларусы і нашы пашпарты абавязваюць нас гэта рабіць літаральна на кожным кроку.

“Вярнуліся ў беларускі парадак дня”

— Як змяніліся аб’ём сабранай дапамогі і яе профіль?

— Самая важная тэндэнцыя: калі ў 2022 годзе ў нас вялікая частка сродкаў, ад 400 да 600 тыс. еўра, пайшла на разнастайныя ўкраінскія зборы (праграмныя і індывідуальныя), на падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і пацярпелых ад вайны людзей, то ў 2023-м паток пераарыентаваўся назад на беларускі парадак дня, вярнуўся ў рэчышча беларусацэнтрычнай парадыгмы. Безумоўна, на дапамогу Украіне і добраахвотнікам рэсурсы ідуць па-ранейшаму, але іх аб’ёмы зусім іншыя.

Гэта важны аспект, бо былі асцярогі, што людзі агулам расчаруюцца ў магчымасці ахвяраванняў пасля таго, як многія ўкраінскія лідары думак заявілі, што беларусы — такія ж, як і рускія, плюс невыразная пазіцыя ўкраінскага істэблішменту ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, спробы падлашчвацца да яго, утрымлівацца ад кантактаў з дэмакратычнымі сіламі, у тым ліку ад прыёму Ціханоўскай. Беларусы цяпер насцярожана ставяцца да Украіны, а цікавасць да яе падтрымкі ў вайне трохі згас. Гэта натуральны працэс, на які мы ніяк паўплываць не можам — гэтак жа, як і на працэсы ўнутры Украіны ў дачыненні да Беларусі.

Летась па персанальных зборах мы зноў выйшлі на суму больш за мільён еўра. У апошнія месяцы 2023 года сума штомесячнага збору складала прыблізна 50-60 тыс. еўра. Цяпер у нас выйшла каля 1,1 млн, але гэта прамежкавы вынік. Годам раней давалі справаздачу за 1,2 млн еўра збораў, аднак, калі палічылі абсалютна ўсе сродкі, у тым ліку інстытуцыйную падтрымку, выйшла каля 2 млн. Дакладную лічбу мы даем пазней, да чэрвеня, калі выходзіць зводная справаздача за папярэдні год. Цяпер мы гаворым выключна пра тое, што атрымліваем у якасці данатаў ад фізічных асоб, і гэта радуе, бо паказвае ўзровень салідарнасці. Я, напрыклад, да гэтай сумы адношу 100 тыс. еўра, якія мы атрымалі ад ліпеньскага марафону “Нам не ўсё адно”, бо гэта грошы, якія людзі ахвяравалі палітвязням.

Андрэй Стрыжак
Фота: "Позірк"

“Лукашэнка чарговы раз павінен стварыць нейкі трэш, каб міжнаяродная супольнасць зноў успомніла пра яго”

— У жніўні ты казаў, што эвакуацыя стала важнай часткай працы фонду. Што яшчэ змянілася ў 2023 годзе, якія з’явіліся новыя напрамкі?

— Летась, калі браць два нашых вялікіх накірункі, зборы і эвакуацыю, то прыкладна па адным зборы ў дзень адкрывалася і адзін чалавек у дзень эвакуіраваўся. Гэта дзесьці 300-350 заявак на зборы і прыкладна столькі ж на эвакуацыю.

Агулам год быў досыць актыўным. Мы моцна абнаўляліся, з’явіліся новыя члены каманды. Зараз актыўна працуем над фандрайзінгам, пошукам дадатковых рэсурсаў, таму што вельмі важна не залежаць ад адной крыніцы, асабліва цяпер, калі Беларусь перастала быць прыярытэтным напрамкам для міжнародных донараў.

“Агулам з красавіка 2021 года паступіла 652 заяўкі на зборы і 1.743 заяўкі на эвакуацыю з Беларусі. На “гарачую лінію” фонду з 24 лютага 2022 года паступіла 19.753 заяўкі, са студзеня 2021 года 204 вызваленых палітвязні атрымалі разавую дапамогу 500 еўра, 439 сем’яў палітвязняў таксама атрымалі па 500 еўра”.

Гэта таксама відавочная і зразумелая тэндэнцыя, думаю, яе пік прыйдзецца на 2025 год. На працягу бліжэйшых двух гадоў інстытуцыянальнае фінансаванне будзе скарачацца. Хацелася б памыляцца, але практыка паказвае, што да чарговых “прэзідэнцкіх выбараў” у Беларусі цікавасць да яе знаходзіцца ў ніжэйшым пункце. Лукашэнка чарговы раз павінен стварыць нейкі трэш, дзічыну і запал, каб міжнародная супольнасць зноў успомніла, што ёсць на планеце такі enfant terrible і трэба нешта з ім рабіць. Рэкамендаваў бы калегам з грамадзянскага сектара і НДА рыхтавацца да таго, што наступныя два гады будуць складанымі.

— Якія прыярытэты можа выявіць 2024 год?

— Мы працуем зыходзячы з выклікаў і патрэбаў грамадства. На 100% вымаляваліся дзве новыя аўдыторыі, на падтрымку якіх ёсць запыт грамадства і з якімі трэба працаваць. Першая — вызваленыя палітвязні, якія актыўна ствараюць уласныя структуры, спрабуюць уплываць на працэсы, звязаныя з тымі, хто выйшаў на волю. Ёсць група, якая ўвесь час трымае ў фокусе тэму вызвалення палітвязняў.

Для нас гэтае пытанне важнае, бо мы пачалі праграму перанавучання, у рамках якой людзі могуць атрымаць новую прафесію. Яны звязаны, як правіла, з новымі фарматамі. Каб чалавек мог працаваць, у тым ліку дыстанцыйна, не так залежаць ад месца жыхарства. На дадзены момант гэтая праграма ахоплівае каля двух сотняў чалавек. 92 з іх мы ўжо падрыхтавалі і 87 набралі на другі паток.

Праца ў гэтым накірунку працягнецца, мы шукаем для яго рэсурсы, разумеем важнасць і бачым перспектыўнасць тэмы. Можна колькі заўгодна дапамагаць чалавеку разавымі выплатамі, але гэта не мяняе яго жыццё стратэгічна, а вось новую працу як раз можна лічыць такім змяненнем.

Фота: BYSOL

Другая катэгорыя — беларускія добраахвотнікі, якія ўдзельнічалі ў расійска-ўкраінскай вайне на баку Украіны. Калі ёсць праблемы са здароўем, выбыў з ладу па раненні, камісавалі або псіхалагічна немагчыма больш ваяваць, то, як правіла, цяжка з рэабілітацыяй, лячэннем, рэсацыялізацыяй. Не будзе навіной, што нават у самой Украіне гэтыя працэсы для ветэранаў яшчэ адладжваюцца і не працуюць добра на 100%. У нас няма вялікай колькасці ветэранаў, аднак людзі, якія выходзяць з ладу, павінны разумець, што ёсць нейкая магчымасць і дапамога для іх па рэсацыялізацыі.

У першую чаргу мы працуем з механізмамі нашых персанальных збораў. Дакладна не скажу, колькі іх было адкрыта — каля дзесяці або трохі больш. Тыя, хто спрабуе знайсці сваё месца ў жыцці — пасля ранення, да прыкладу, — як правіла, вымушаныя пакінуць Украіну, таму што ў іх пасля кантракту не застаецца прававых падстаў знаходзіцца ў краіне. Яны з’язджаюць у Літву, часцей у Польшчу і там спрабуюць уладкаваць сваё жыццё. Вось для іх мы і аб’яўляем зборы. Людзі спачуваюць, пералічваюць грошы і такім чынам выказваюць салідарнасць. Гэты сектар працы трэба падтрымліваць, таму што, акрамя нас, напэўна, ніхто не будзе думаць, як вярнуць гэтых людзей у грамадства. Гэтыя накірункі цалкам дакладна будуць адным з фокусаў у 2024 годзе.

— Ты казаў пра магчымае зніжэнне цікавасці донараў да Беларусі. Адпаведна дзесьці трэба будзе шукаць сродкі на далейшую дапамогу.

— Мы працягнем пошук новых рэсурсаў з новых крыніц. Будзе пашырацца геаграфія, мы нададзім увагу працы ў ЗША і агулам з англамоўным полем, таму што гэтыя тры гады мы працавалі ў асноўным з беларуска – і рускамоўнай аўдыторыяй. Для нас важна выходзіць на новыя гарызонты і паказваць, наколькі важна падтрымліваць беларусаў і Беларусь. Будзем умацоўваць свой кадравы склад і набіраць новых людзей, спрабаваць будаваць працу так, каб прыцягваць больш новых рэсурсаў, распавядаць пра сябе, каб пра нас больш ведалі, з дапамогай паспяховых прыкладаў.

“Нават калі ўсе, хто з’ехаў, будуць данаціць у выглядзе добраахвотнага падатку, гэтага не хопіць”

— На прыкладзе апошніх падзей, як раз звязаных з падтрымкай беларускіх незалежных медыя і грамадзянскіх ініцыятыў, да чаго варта быць гатовым у 2024 годзе?

— Калі мы да чагосьці прызвычаіліся і нешта нам дорага, трэба разумець, што хтосьці за ўсё гэта плаціць. Калі мы гаворым пра нейкія медыя, якія чытаем, альбо арганізацыі, якія робяць важную працу, вельмі многія з іх выкарыстоўваюць магчымасці міжнародных донарскіх структур. Гэта, як правіла, альбо нейкія дзяржпраграмы іншых дзяржаў, альбо міжнародныя інстытуцыйныя праграмы. І вось як раз гэта фінансаванне звужаецца. Вельмі шмат ідзе размоў пра тое, што беларусы павінны самі фінансаваць свае праекты.

Я вельмі моцна гэта падтрымліваю, аднак як рэаліст разумею: калі казаць пра краіну агулам — 9 млн насельніцтва, падатковая сістэма, дзяржпадтрымка, крэдыты і ўсё астатняе, гэта лагічна і прыгожа гучыць і ўкладваецца ў такую карціну. Але мы гаворым пра людзей, якія выехалі з Беларусі, а паводле самых кансерватыўных падліках сілавікоў, якія ніколі не кажуць праўду, гэта 350 тыс.чалавек. Нават калі ўзяць максімальную колькасць і выказаць здагадку, што ўсе тыя, хто з’ехаў, пачнуць ахвяраваць у выглядзе добраахвотнага падатку, гэтых сум не будзе хапаць на забеспячэнне ўсяго, што трэба беларусам у выгнанні. Таму так ці інакш мы залежым ад інстытуцыйных донарскіх праграм.

Аднак я лічу, што дыверсіфікацыя і размеркаванне рэсурсаў, спроба знайсці новыя крыніцы — вельмі правільны падыход, каб не апынуцца ў сітуацыі, калі ты і ўся твая каманда залежаць ад аднаго росчырка пяра еўрапейскага або амерыканскага бюракрата. Так быць не павінна.

Андрэй Стрыжак
Фота: "Позірк"

З 2015 года і да сённяшняга дня Беларусь паказвае вялікі рост разумення, што такое фінансаванне і данаты, чаму людзі павінны так ці інакш памятаць, што іх грамадскія грошы маюць значэнне і могуць удзельнічаць у развіцці тых ці іншых ініцыятыў. Я з аптымізмам гляджу ў гэты бок. У грамадстве павінны ўкараняцца такія звычкі, як падпіска на каналы, каб фінансава іх падтрымаць, дапамога грамадскім структурам. І, вядома, разавы данат ніхто не скасоўваў.

Спадзяюся, што 2024 год стане яшчэ адным, калі донарская супольнасць Беларусі будзе развівацца. Мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб укараняць гэтую звычку, каб людзі разумелі, што дабрачыннасць не незвычайная падзея, а частка паўсядзённага жыцця.

— У сувязі з гэтым што б ты пажадаў беларусам у 2024 годзе?

— Каб як мага менш людзей звярталася ў нашы экстранныя службы, таму што гэта заўсёды звязана з бядой і непрыемнымі падзеямі ў жыцці. З іншага боку, кожны раз, калі ўдаецца вырашыць праблему і чуеш ад чалавека “я ў бяспецы, усё атрымалася”, гэта моцна падымае настрой і матывуе дапамагаць далей.

Я разумею, што вайна не скончыцца ў адзін дзень і рэжым у адзін дзень у Беларусі не зменіцца, але ўменне знаходзіць пазітыўнае ў суцэльным чорным полі нам неабходна для выжывання. Таму ўсім — больш радасных інфармацыйных нагод.

Падзяліцца: