Мінск 03:58

Полк Каліноўскага: Прыбраць дыктатуру немагчыма толькі вайсковым шляхам, трэба палітычнае прадстаўніцтва

Дзяніс Прохараў
Фота: "Позірк"

Дзякуючы падтрымцы беларускіх дыяспар полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) мае індывідуальную экіпіроўку, лепшую, чым у рэгулярных частак Узброеных сіл Украіны (УСУ). Гэта пікапы, дроны і іншыя рэчы, без якіх удзел у сучаснай вайне проста немагчымы, заявіў на сустрэчы з беларусамі ў Берліне 26 студзеня камандзір палка Дзяніс Прохараў.

Паводле яго слоў, цягам сустрэч, якія адбыліся ў іншых гарадах (папярэдняя — днём раней у Празе, першая была 21 студзеня ў Варшаве, апошняя запланавана тамсама 1 лютага), прадстаўнікі палка ўбачылі, што беларусаў, якія жадаюць дапамагчы, шмат, яны “добра арганізаваныя”.

“Мы наладзілі сувязь, ў нас з’явіліся кантакты з новымі дыяспарамі, якія сказалі наўпрост, што гатовыя з намі супрацоўнічаць”, — адзначыў Прохараў. У той жа час “важны пасыл, які прагучаў ад дыяспар, — гэта асцярога, што дапамога ня дойдзе да палка, не патрапіць куды трэба”.

Вырашэнне сітуацыі, на думку камандзіра ПКК, ёсць: “Калі вернемся [з еўрапейскага турнэ], будзем думаць пра стварэнне свайго прадстаўніцтва, каб гэта вырашалася праз нашых людзей. То бок ёсць супраца, і гэта прыемна”.

Адказваючы на пытанне “Позірку”, намеснік камандзіра ПКК Вадзім Кабанчук паведаміў, што падчас папярэдніх сустрэч ўжо з’явіліся добраахвотнікі, якія жадаюць уступіць у полк. “Падыходзілі ў розных гарадах, і, дарэчы, не толькі беларусы. Былі палякі і чэхі, і мы былі прыемна здзіўленыя такой цікавасцю да нас”, — адзначыў ён.

Кабанчук таксама заявіў, што задача “прыбраць дыктатуру” не можа вырашацца выключна вайсковым шляхам, таму “трэба ствараць нейкае палітычнае прадстаўніцтва”.

Вадзім Кабанчук
Фота: "Позірк"

“Пакуль што мы не можам сказаць, ў якім выглядзе гэта будзе, — сказаў добраахвотнік. — Магчыма, як працяг нашай канферэнцыі “Шлях да волі” (на гэтым мерапрыемстве, якое адбылося 29-30 лістапада 2023 году ў Кіеве, разглядалася агульная стратэгія прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху. — “Позірк”.) і на яе базе мы будзем ствараць нейкую прадстаўнічую палітычную сілу”.

Кажучы пра перспектывы абрання прадстаўнікоў палка ў Каардынацыйную раду, камандзір і яго намеснік адзначылі, што ён з’яўляецца вайсковым падраздзяленнем і “зразумела, што байцы на кантракце не могуць вылучацца ў такі орган, які прэтэндуе на назву протапарламента”.

“Але ў нас ёсць шмат хлопцаў і дзяўчат, якія прайшлі праз нашы падраздзяленні і зараз знаходзяцца ці ва Украіне, ці ў Еўропе, — зазначыў Кабанчук. — Магчыма, яны вырашаць паўдзельнічаць <…>. Пра гэта рана казаць, але мы не адкідаем такой магчымасці. Можа быць, мы створым нейкі блок”.

Яго “галоўнай стратэгічнай тэзай” Кабанчук акрэсліў “не толькі тое, што будзе пасля дыктатуры, але і тое, як нам прыбраць дыктатуру ў Беларусі зараз”, бо пакуль што “беларускія дэмакратычныя сілы на гэта адказ не даюць”.

“Як вядома, ёсць пэўная стратэгія кабінета Святланы Ціханоўскай, але ў іх яна ўся прапісаная [для сітуацыі], што будзе пасля таго, як дыктатара не стане, — выказаў меркаванне намеснік камандзіра палка. — Прабачце, ў нас амаль трыццаць гадоў дыктатура і верыць у тое, што нехта з Мінска патэлефануе ў Еўропу і скажа “прыязджайце, мы аддаем уладу”, неяк не даводзіцца. Беларусы мусяць сваёй працай і барацьбой выбраць сваё месца сярод вольных народаў Еўропы”.

Паводле інфармацыі камандзіра палка, беларускія вайскоўцы з’яўляюцца ваеннаслужачымі УСУ і “маюць ваенныя білеты і заробак, які ёсць у войску Украіны”. Але большасць патрэб забеспячвае дыяспара.

“Нам [украінскае] вайсковае кіраўніцтва надала зброю, каскі. Усё астатняе: пікапы, дроны, бронекамізэлькі, абутак, добрыя рацыі і г.д. — гэта зборы дыяспары беларусаў. Грошы таксама збіраем праз дыяспары”, — распавёў камандзір. На сёння, паводле яго слоў, полк — гэта некалькі соцень чалавек.

У хуткім часе, павеміў Прохараў, апрача існуючых будзе ўтвораны інтэрнацыянальны батальён імя Тадэвуша Касцюшкі, куды ўступяць “добраахвотнікі з усяго свету, што прыязджаюць ва Украіну”.

“Таксама ў нас ёсць тылавая, медычная служба і два рэкруцінгавых цэнтры — у Варшаве і ў Грузіі. На сённяшні дзень полк — гэта вялікая вайсковая сістэма, якая паспяхова функцыянуе на працягу двух гадоў”, — заявіў камандзір.

Фота: "Позірк"

Распавядаючы пра патрэбы, Прохараў адзначыў, што “ёсць спіс ад “было патрэбна ўчора” і да шкарпэтак”. Перш за ўсё неабходныя пікапы, “бо гэта расходны матэр’ял на вайне”, і дроны “грамадзянскага” тыпу, такія як Dji Mavic 3 і Mavic 3T з цеплавізарам, а таксама FPV-дроны.

“Заўсёды актуальны чыннік грошай, якія ідуць на рэмонт тэхнікі, падтрымку параненых ваяроў і сем’яў загінуўшых герояў. У нас ёсць свая служба, якая займаецца пытаннямі рэабілітацыі нашых добраахвотнікаў. Трэба разумець, што [такія] выплаты беларускім ваярам не ідуць з украінскага боку <…>, таму мы намагаемся падтрымліваць іх сваімі сіламі”, — падсумаваў камандзір ПКК.

9 сакавіка 2022 года быў створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад УСУ. Неўзабаве, 21 траўня, было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — “Волат” і “Тэрор”. Пазней быў сфармаваны трэці — “Літвін”. Пасля “Тэрор” стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.

25 верасня 2023 года ПКК абвясціў аб стварэнні батальёна “Western” з удзелам замежнікаў. У яго склад увайшлі “афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы досвед у Іраку і Афганістане”.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага ўзбуджаная крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Гл. таксама:

Камандзір палка Каліноўскага: ПКК адбяліў імя Беларусі ва Украіне

Падзяліцца: