Мінск 17:38

Альтэрнатыва турме павінна быць заўсёды — праваабаронца

Фота: unsplash.com

У Беларусі створана рабочая група па распрацоўцы змяненняў у крымінальнае заканадаўства. Сярод іншых туды ўключаны прадстаўнікі адвакатуры, паведаміла 26 студзеня намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс на пашыраным пасяджэнні савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Навошта зноў “пералапачваць” КК

Рабочая група створана паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі, які на нарадзе з сілавікамі 11 студзеня адзначыў, што трэба ўважліва паглядзець на тое, “якія справы і адносна каго даходзяць да разгляду ў судзе, і ў гэтым плане перагледзець заканадаўства”.

“Наперадзе ў нас, думаю, вельмі вялікая праца ў гэтым плане. Трэба пералапачваць крымінальны, можа, нават і іншыя кодэксы. Тым больш што сітуацыя ў краіне характарызуецца нармальна ў плане правапарушэнняў. Таму трэба на гэта ісці”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Па выніках нарады 81-гадовы старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, які ўзначальвае гэты орган з 1997 года, патлумачыў, што неабходнасць паправак у КК абумоўлена і тым, што дзейны дакумент “не перажываў комплексных сур’ёзных змяненняў на працягу апошніх 24 гадоў”.

“У гэты перыяд заканадаўцы ўзмацнялі адказнасць за нейкі від злачынстваў. І з часам узнік дысбаланс паміж нормамі КК”, — сказаў Сукала.

Прычым тут сутэнёры?

Як лічыць кіраўнік ВС, альтэрнатыўныя санкцыі могуць быць уведзены па 24 з 35 менш цяжкіх, негвалтоўных складаў злачынстваў, па якіх зараз прадугледжана толькі пазбаўленне волі.

У якасці прыкладу злачынства, за якое плануецца караць не пазбаўленнем волі, старшыня Вярхоўнага суда прывёў сутэнёрства, а менавіта ч. 1 арт. 171 КК (арганізацыя і (або) выкарыстанне заняцця прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для заняцця прастытуцыяй).

Сукала адзначыў, што па гэтай частцы артыкула было асуджана 49 чалавек (перыяд часу не ўказаў), але да 31 з іх суды былі вымушаны прымяніць адтэрміноўку выканання пакарання.

Карэкціроўкі для “палітычных”

Хоць глабальна КК сапраўды не мянялі, заканатворчая дзейнасць ішла, зводзіўшыся ў апошнія гады да ўзмацнення жорсткасці і ўвядзення новых пакаранняў, перш за ўсё па палітычных артыкулах.

Напрыклад, 14 траўня 2021 года быў падпісаны закон “Аб змене законаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму”, які ўступіў у сілу праз месяц, 16 чэрвеня. Сотні чалавек апынуліся ў зняволенні, стаўшы ў раптоўна стваральнікамі або ўдзельнікамі “экстрэмісцкіх фармаванняў” альбо іх “спонсарамі”.

Як пагаршэнне сітуацыі ў сферы заканадаўства праваабаронцы расцанілі і пашырэнне магчымасці прымянення пакарання смерцю: з сакавіка 2023 года арт. 356 дазваляе прымяняць гэтую меру пакарання за “здраду дзяржаве”, учыненую службовай асобай.

Раней, у 2022 годзе, у КК з’явілася магчымасць караць смерцю за “замах на злачынствы”, звязаныя з падрыхтоўкай актаў тэрарызму.

Цяжар злачынства вызначаецца цяжарам пакарання

Разам з тым у дэмакратычным грамадстве працэс заканатворчасці, у тым ліку ў галіне крымінальнага судаводства, павінен ісці бесперапынна, адзначыў у каментары “Позірку” юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка.

“Крымінальная абстаноўка, сацыяльна-эканамічная сітуацыя, нават погляды на мараль і традыцыі ў грамадстве пастаянна мяняюцца, адначасова грамадская небяспека асобных злачынстваў можа істотна павялічвацца ці зніжацца. Важнае патрабаванне да гэтага працэсу: нацыянальны закон павінен адпавядаць палажэнням абавязковых для дзяржавы міжнародных дагавораў”, — падкрэсліў суразмоўца.

Аднак, лічыць Сапелка, чыноўнікі дэ-факта канцэнтруюць намаганні на “тэхнічных цяжкасцях” пры прызначэнні пакаранняў па асобных складах злачынстваў. Гэта адбываецца “на фоне ўзмацнення жорсткасці пакаранняў за палітычную дзейнасць, іншадумства і пратэстную актыўнасць на заканадаўчым і практычным узроўні”.

Юрыст звярнуў увагу, як на нарадзе Лукашэнка паказальна “заступіўся за старанна адабраную “ахвяру” судовай улады з папулісцкім заклікам разабрацца з парушэннямі і недахопамі”. Калі яму распавялі, што запланаваная ў 2024 годзе амністыя можа закрануць жанчыну, якая, абараняючыся, забіла мужа, услед узнікла рэакцыя здзіўлення: “Ну дык навошта яе наогул пасадзілі, калі яна абараняла саму сябе, калі муж здзекаваўся з яе?”

Як склаўся лёс асуджанай да пазбаўлення волі жанчыны, невядома.

Сапелка падкрэсліў, што корань праблемы ў адсутнасці “сапраўднай класіфікацыі крымінальных злачынстваў па ступені цяжкасці” і правілаў прызначэння пакаранняў у залежнасці ад гэтага. Выкарыстоўваецца падыход, калі “цяжар злачынства вызначаецца відам і цяжарам максімальнага пакарання”, а не наадварот.

На думку суразмоўцы, менавіта з-за гэтага паводле класіфікацыі ўладаў адна толькі міфічная пагроза ўжывання гвалту ў інтэрнет-каментары ў дачыненні да супрацоўніка МУС расцэньваецца як цяжкае злачынства. А, напрыклад, прымус да дачы органаў або тканак для трансплантацыі або прыцягненне ў якасці абвінавачанага загадзя невінаватага — гэта злачынства, якое нібыта не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі.

Агулам жа праваабаронца лічыць, што альтэрнатыва пазбаўленню волі павінна быць заўсёды, нават калі гаворка ідзе аб цяжкім злачынстве, паколькі пры прызначэнні пакарання часта даводзіцца ўлічваць вельмі шырокае кола абставін.

Суддзям падрыхтавацца

“Альтэрнатыва павінна быць не толькі ў сутэнёраў, лёсам якіх раптоўна заклапаціўся старшыня вышэйшай судовай інстанцыі. Яна павінна быць у тых, хто можа паўтарыць лёс Мікалая Клімовіча, пазбаўленага волі за “лайк” і памерлага ў няволі. У Рыгора Кастусёва, Васіля Бераснева, якія, вядома, увогуле не павінны былі трапляць пад суд; у сотняў бацькаў і маці, якіх разлучаюць з дзецьмі з-за палітычнай дзейнасці ці поглядаў”, — перакананы Сапелка.

Ён падкрэсліў, што менавіта для гэтага павінны быць перагледжаны і Крымінальны кодэкс, і склад судзейскага корпуса. Пры гэтым трэці суддзяў праваабаронца прапануе “бліжэй пазнаёміцца з правіламі кваліфікацыі злачынстваў супраць чалавечнасці, службовых злачынстваў, злачынстваў у сферы правасуддзя і правілаў прызначэння пакарання за іх учыненне”.

Падзяліцца: