Мінск 07:12

Беларусы плацяць дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва за тое, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе

Фота: sb.by

Беларусь старэе. Міграцыя, павышэнне сярэдняга ўзросту, невысокая нараджальнасць вядуць да памяншэння долі працаздольнага насельніцтва.

Беларусы старэюць хутчэй за жыхароў іншын краін ЕАЭС

Паводле даных зборніка “Дэмаграфія ў лічбах. Статыстыка Еўразійскага эканамічнага саюза”, у Беларусі доля насельніцтва старэй за 65 гадоў павялічылася з 15,1% у 2019 годзе да 16,5% у 2023-м. На гэтым фоне паменшылася доля дзяцей і працаздольнага насельніцтва — ва ўзросце 15-64 гадоў цяпер знаходзяцца 66,8% жыхароў Беларусі супраць 68% у 2019 годзе.

Працэнт людзей старэйшых за 65 гадоў у Беларусі сувымерны з Расіяй, у астатніх краінах — членах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) пажылога насельніцтва менш, а моладзі — больш, чым у Беларусі. У Кыргызстане доля пажылых складае 5,4%, Казахстане — 8,5%, Арменіі — 13,4%.

Уражвае доля дзяцей у Кыргызстане і Казахстане — 32,7% і 29,5% адпаведна. У Беларусі ж — 16,7%.

Старэнне насельніцтва сярод іншага з’яўляецца адлюстраваннем павелічэння працягласці жыцця, што само па сабе станоўчая тэндэнцыя. Аднак у ЕАЭС Беларусь з’яўляецца лідарам па чаканай працягласці жыцця толькі жанчын: гэты паказчык у 2019 годзе складаў 79,3 года супраць 78,4 у Казахстане, 78,3 у Арменіі, 77,8 у Расіі, 76,3 у Кыргызстане. Па чаканай працягласці жыцця мужчын Беларусь (69,2 года) на трэцім месцы пасля Арменіі (71,4) і Казахстана (70,3).

Характэрна, што толькі ў Беларусі і Расіі працягласць жыцця мужчын больш чым на 10 гадоў менш, чым у жанчын. У астатніх краінах рэгіёну розніца менш значная, і гэта трэнд у развітых краінах.

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі не лічыць асабліва значным факт, што беларусы старэюць хутчэй за жыхароў іншых краін рэгіёну. Ён звяртае ўвагу на больш важную, на яго думку, тэндэнцыю — дэмаграфічныя хвалі.

“Гэта адносна рэдкая з’ява для іншых рэгіёнаў пачалося з Другой сусветнай вайны, калі было забіта вялікая колькасць людзей, — адзначыў Львоўскі ў каментары “Позірку”. — З тых часоў пакаленні старэюць і памяншаюцца не плаўна, а хвалямі. Цяпер у Беларусі старэнне адбываецца апераджальнымі тэмпамі. Гэты працэс выпаў на перыяд, калі дзетароднага ўзросту дасягнула малалікая кагорта жанчын”.

У выніку вышэйзгаданых хваляў Беларусь апынулася ў сітуацыі, калі адносна шматлікае пакаленне выходзіць на пенсію, а папаўняюць рынак працы народжаныя ў 90-х, у перыяд спаду нараджальнасці. Гэта стварае дысбаланс.

Паводле слоў эксперта, спецыялісты папярэджвалі пра гэта і трэба было займацца кампенсацыяй будучых дэмаграфічных страт.

Праўда, ніхто не прагназаваў, што Беларусь за некалькі гадоў пакінуць сотні тысяч працаздольных грамадзян.

З краіны з’ехаў Бабруйск

Львоўскі адзначае, што з 2020 года з Беларусі, паводле розных ацэнакх, з’ехала ад 200 да 350 тыс. чалавек. Гэта сувымерна з насельніцтвам Бабруйска.

Эксперт падкрэслівае: нават калі дапусціць, што краіну пакінула ўсяго 200 тыс., то гэта каля 5% працуючых. У айчыннай эканоміцы ў снежні 2023 года было занята 4 млн 140,1 тыс.чалавек — на 400 менш, чым месяцам раней (4 млн 140,5 тыс.), і на 49,5 тыс. — чым у снежні 2022-га (-1,2%; 4 млн 189,6 тыс.), паведамляў Белстат.

“Гэта значны адсотак насельніцтва. Рынак працы ўжо дэманструе, што для яго з’яўляецца праблемай зніжэнне колькасці працоўнай сілы. Эміграцыя, страта чалавечага рэсурсу — адзін з коштаў, які беларусы плацяць за тое, што Лукашэнка ўтрымліваецца ва ўладзе. У 2023 годзе эканоміка не аднавілася да ўзроўню 2021-га, а заробкі ўжо вышэйшыя, чым тады. Гэта адбываецца з-за змяншэння колькасці працоўнай сілы. Мы праводзім апытанні бізнесу і бачым, што менавіта недахоп працоўнай сілы з’яўляецца асноўнай перашкодай для яго развіцця”, — кажа Львоўскі.

Урад тым часам дэманструе заклапочанасць, прымаючы меры па прывязцы людзей да працоўнага месца, звяртае ўвагу эксперт. У кароткатэрміновай перспектыве гэта можа знізіць негатыўны ўплыў дэфіцыту працоўнай сілы, асабліва ў сельскай мясцовасці. Аднак у больш аддаленай будучыні стане яшчэ большым стымулам для моладзі з’ехаць з Беларусі назаўжды.

“Лепш быць дыктатарам у краіне з праблемамі, чым пенсіянерам або сядзець у турме — вось дзяржаўная палітыка на сёння”, — дзеліцца назіраннем эканаміст.

Кампенсаваць міграцыйныя страты можна хіба што прыцягненнем нізкакваліфікаваных мігрантаў, якія не ў курсе, што адбываецца ў Беларусі, адзначае Львоўскі. Аднак беларускае заканадаўства “не вельмі ветлівае для мігрантаў”: уехаць складана, за пяць адміністрацыйных правапарушэнняў могуць выправадзіць з краіны, грамадзянства атрымаць складаней, чым у ЗША.

Чаму не нараджаюць?

Найпрасцейшы спосаб змякчыць працэс старэння насельніцтва і масавую міграцыю — павялічыць нараджальнасць.

У Беларусі гэтым займаюцца, падвышаючы дапамогу пры нараджэнні дзяцей і штомесячныя выплаты. Аднак, звяртае ўвагу эксперт, такія меры працавалі толькі да 2017 года. У 2016-м нарадзілася 117.779 дзяцей, і з тых часоў колькасць нованароджаных падае. З 2020 года Белстат перастаў публікаваць звесткі, у 2019 годзе нарадзілася 87.602 дзіцяці.

Змяншаецца і агульная колькасць насельніцтва. У 2017-м яна складала 9 млн 504 тыс. 704 чалавекі, на пачатак 2023-га ў краіне пражывала 9 млн 200 тыс. 617 чалавек — на 0,6% менш, чым на пачатак 2022-га (9 млн 255 тыс. 524).

Сярод іншага памяншэнне нараджальнасці звязана з тым, што ў Беларусі не субсідуюць часавыя затраты на дзіця, лічыць Львоўскі.

Акрамя таго, перакананы ён, па меры росту ўзроўню жыцця ўсё большую ролю адыгрывае супрацьстаянне кар’еры і бацькоўства: “У Беларусі практычна цалкам адсутнічае сістэма дзіцячых ясляў, куды можна вызначыць дзіця да паўтара года. У нас найдаўжэйшы ў свеце аплатны адпачынак па догляду за дзіцем, і гэта дрэнна, хоць на бытавым узроўні ўспрымаецца інакш. Сучасная маладая жанчына пры вырашэнні пытання стаць маці ўсведамляе, што тры гады сядзення дома сур’ёзна нашкодзяць кар’еры, і многія не адважваюцца на такі перапынак, робячы выбар на карысць адкладзеных родаў”.

Каб змяніць сітуацыю, павінны быць створаны ўмовы, якія дазваляюць сумяшчаць кар’еру з бацькоўствам: паменшыць працягласць водпуску па догляду за дзіцем, стымуляваць бацькоў або іншых дарослых, якія ўдзельнічаюць у выхаванні дзіцяці, браць частку адпачынку. Можна абмяжоўваць адпачынак, калі яго выкарыстоўвае толькі маці пры наяўнасці ў сям’і бацькі. Пры гэтым трэба прадумаць сістэму з улікам інтарэсаў жанчын, якія выхоўваюць дзяцей у адзіночку, перакананы Львоўскі.

Ён паказвае на неабходнасць ствараць гнуткае заканадаўства, каб бацькі пры жаданні маглі працаваць тры-чатыры гадзіны, напрыклад, толькі ў першай або другой палове дня, змякчаць патрабаванні да прыватных ясляў, ствараць умовы, пры якіх будзе выгадна займацца такім бізнесам і зняць з ясляў гіперкантроль.

Таксама патрэбна інфраструктура: розныя паслугі для сем’яў з дзецьмі, месцы для спавівання, пераапранання, кармлення ў забаўляльных і бізнес-цэнтрах.

Нарэшце, для змены культурнай нормы неабходна інакш падыходзіць у СМІ да вобразу жанчыны з дзецьмі, якая працуе, не абмяжоўваць ролю жанчыны толькі мацярынскай.

А ці можна прымусіць нараджаць больш?

У насельніцтва краіны сталі прыкметныя рысы так званага еўрапейскіх рэпрадуктыўных паводзін. Гэта выяўляецца ў імкненні да самарэалізацыі, кар’ернаму росту, высокіх стандартаў спажывання. Як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, для Беларусі характэрная тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці.

Паводле звестак Белстата, сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб мужчын 28,7 года, жанчын — 26,5. З 2017-га гэты паказчык для абодвух полаў павялічыўся амаль на год. Тады мужчыны ўступалі ў першы шлюб у 27,9 года, жанчыны — у 25,8.

“Можна прымушаць нараджаць, забараняючы аборты і кантрацэпцыю, — кажа Львоўскі. — Так рабіў румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску. Нараджальнасць павялічылася, але нарадзілася пакаленне, у якім было шмат нежаданых дзяцей”.

Суразмоўца дапускае, што ў Беларусі не будуць у найбліжэйшай будучыні прадпрымаць дзейсных мер для павелічэння колькасці насельніцтва і да канца стагоддзя яно зменшыцца да 5 млн.

Можна і з такой колькасцю насельніцтва жыць, канстатуе эксперт, прыводзячы ў прыклад Літву, насельніцтва якой значна зменшылася пасля ўступлення ў ЕС. Пры гэтым узровень жыцця ў Літве ў разы вышэйшы, чым у Беларусі.

Так што пытанне не толькі ў колькасці насельніцтва. Сучасны падыход да дэмаграфіі — гэта ўкладанні ў якасць насельніцтва, у яго адукацыю, ахову здароўя, паляпшэнне ўзроўню жыцця, што не вяжацца з масавымі рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў Беларусі чацвёрты год.

Гл. таксама:

У 2021–2022 гадах з Беларусі выехала больш як 200 тыс. грамадзян, заяўляе МУС

Саўмін зацвердзіў міграцыйную канцэпцыю для вяртання на радзіму беларусаў, якія з’ехалі

Падзяліцца: