Мінск 05:13

Міраслаў Папа: Стварэнне кантактнай группы — інвестыцыя Савета Еўропы ў будучыню дэмакратычнай Беларусі

Міраслаў Папа
Фота: Савет Еўропы / Sandro Weltin

У канцы студзеня Савет Еўропы разгледзеў і падтрымаў двухгадовы план працы Кантактнай групы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Аб мэтах стварэння групы, яе дзейнасці і бачанні Саветам Еўропы будучыні Беларусі “Позірк” пагаварыў з дырэктарам дэпартамента па палітычных пытаннях і міжнародных адносінах сакратарыята Савета Еўропы Міраславам Папам (Харватыя).

“Гэта было нешта зусім новае для нас”

— Прайшло ўжо больш за год пасля ўтварэння кантактнай групы па Беларусі. Навошта трэба было яе ствараць і чаго ўдалося дасягнуць?

— Рашэнне аб стварэнні групы было прынята ў верасні 2022 года, першая сустрэча адбылася ў лістападзе таго ж года ў Страсбургу. Таму так, праца ідзе дзесьці каля года. З таго моманту ў нас было чатыры сустрэчы. Апошняя адбылася ў снежні 2023 года, на ёй мы падводзілі вынікі і абмяркоўвалі планы на наступныя два гады.

Ідэя, якая стаіць за стварэннем кантактнай групы, заключаецца ў наладжванні інстытуцыйнага супрацоўніцтва паміж Саветам Еўропы і дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэтая ідэя была агучаная спадарыняй Ціханоўскай, калі яна выступала перад Камітэтам міністраў Савета Еўропы ў ліпені 2022 года. Рашэнне аб стварэнні групы стала прамой рэакцыяй на гэтую прапанову.

Для працы групы спецыяльна быў абраны не палітычны фармат, а фармат узаемадзеяння паміж беларускімі дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю з сакратарыятам Савета Еўропы. Вы можаце назваць гэта тэхнічным супрацоўніцтвам — мы аддаем перавагу тэрміну “экспертнае супрацоўніцтва”, таму што ўся дзейнасць [у рамках Кантактнай групы] накіравана на тых, хто атрымае з гэтага карысць.

А палітычны дыялог у нас вядзецца па іншых напрамках, у тым ліку праз нашу Парламенцкую асамблею Савета Еўропы, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад, іншыя палітычныя органы.

Для працы менавіта ў Кантактнай групе мы папрасілі беларускія апазіцыйныя дэмакратычныя сілы выбраць сваіх прадстаўнікоў. Гэта пяць прадстаўнікоў ад дэмакратычных сіл і супольнасцяў, яшчэ пяць — ад грамадзянскай супольнасці. У мэтах бяспекі называць імёны не буду, але скажу, што ў працы групы бярэ ўдзел спецпрадстаўнік спадарыні Ціханоўскай па выбарах, які таксама з’яўляецца сустаршынём групы з беларускага боку. Таксама ёсць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады, прадстаўнік па пытаннях гендарнай роўнасці ад фемгрупы Каардынацыйнай рады і прадстаўнік па пытаннях дыяспары і культуры. Гэта што тычыцца прадстаўнікоў ад дэмакратычнай апазіцыі. Ад грамадзянскай супольнасці ў працы групы бяруць удзел прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта, журналісцкай супольнасці, праваабарончага цэнтра “Вясна”, Беларускага моладзевага савета “Рада” і няўрадавых арганізацый.

З боку Савета Еўропы ў працы групы ўдзельнічае больш людзей. Гэта шмат у чым залежыць ад тэм, па якіх мы працуем. Тэм становіцца ўсё болей, таму ўдзельнічаюць супрацоўнікі з розных нашых дэпартаментаў.

Што было дасягнута за год? Цалкам відавочна, што палітычны дыялог актыўна развіваецца: прадстаўнікі дэмсіл рэгулярна бяруць удзел у працы сесій ПАСЕ, праводзяцца сустрэчы з палітычнымі групамі, з камітэтамі асамблеі, з дакладчыкамі.

Што тычыцца канкрэтных праектаў — і я лічу гэта ключавым у працы кантактнай групы, — нам удалося арганізаваць адукацыйныя візіты для беларускіх юрыстаў і моладзевых актывістаў. Яны праходзілі на працягу ўсяго мінулага года, і мы будзем працягваць іх нават з большай рэгулярнасцю. Праводзіліся таксама мерапрыемствы па розных пытаннях, напрыклад па барацьбе з дыскрымінацыяй і гвалтам у адносінах да жанчын; беларускія прадстаўнікі ўзялі ўдзел у апошняй сесіі Сусветнага форуму дэмакратыі, які ў лістападзе адбыўся ў Страсбургу, і мы працягнем гэтую ініцыятыву. Мы таксама правялі два семінары для беларускіх журналістаў у выгнанні і плануем падобныя мерапрыемствы ў бліжэйшыя два гады.

Магчыма, усё гэта падасца сціплымі поспехамі, але водгукі ад удзельнікаў станоўчыя. Акрамя таго, хацеў бы адзначыць, што ўсё гэта ўзаемадзеянне мы пачалі практычна з нуля, гэта было нешта зусім новае для нас. Бо Савет Еўропы раней ніколі не ўзаемадзейнічаў падобным чынам з дэмакратычнымі сіламі, нашы планы дзеянняў заўсёды рэалізоўваліся ў супрацоўніцтве з урадамі краін.

“Сумна, што большасць суддзяў — слухачоў праграм СЕ ўдзельнічаюць у рэпрэсіях”

— Вы згадалі адукацыйныя візіты для юрыстаў. У свой час, калі Савет Еўропы ўзаемадзейнічаў з афіцыйным Мінскам, памятаецца, быў праект па адукацыйных візітах для беларускіх суддзяў. Савет Еўропы быў ім вельмі натхнёны і верыў, што гэта дапаможа суддзям больш даведацца аб вяршэнстве права і арыентавацца на стандарты Савета Еўропы ў сваёй працы. Але пасля падзей 2020 года выявілася, што практычна ўсе суддзі ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. Што вы думаеце цяпер пра гэты праект — фактычна правальны?

— Гэта сапраўды сумна і выклікае непакой, што большасць суддзяў, якія, як вы згадалі, так ці інакш бралі ўдзел у адукацыйных праграмах і напэўна былі знаёмыя са стандартамі Савета Еўропы, цяпер удзельнічаюць у рэпрэсіях. План дзеянняў, які існаваў на той момант — да таго моманту, калі мы спынілі супрацоўніцтва з уладамі Беларусі, — быў вельмі сціплым у параўнанні з паўнавартаснымі планамі, якія мы рэалізоўвалі з дзяржавамі-членамі. Мерапрыемствы былі ў пэўным сэнсе аналагічныя тым, што праводзіліся ў іншых краінах, у тым ліку якія імкнуліся далучыцца да Савета Еўропы (цяпер у нас няма афіцыйных кандыдатаў на ўступленне).

І калі гаворка ідзе пра такога роду праекты, я заўсёды кажу, што ў іх абмежаваныя магчымасці аказаць уплыў. Таму што заўсёды — гаворка не толькі пра краіны, якія яшчэ не з’яўляюцца членамі Савета Еўропы, але і пра дзяржавы-члены, — заўсёды будуць суддзі, якія будуць больш успрымальныя да ідэі прамога правапрымянення Еўрапейскай канвенцыі, больш дасведчаныя аб стандартах у сферы правоў чалавека і г.д. і няма чароўнай палачкі, каб імгненна ўсё выправіць. Але ідэя праекта была ў тым, каб павышаць дасведчанасць, бо гэта важна і для будучыні. І гэта рабілася праз розныя каналы, у тым ліку шляхам анлайн-навучання па нашай юрыдычнай адукацыйнай праграме HELP (Human Rights Education for Legal Professionals).

Для нас вельмі важна, каб маладое пакаленне зараз вывучала і разумела, што такое страсбургская сістэма, Савет Еўропы і яго каштоўнасці. І аднойчы, калі складзецца правільная сітуацыя і дэмакратычныя сілы Беларусі змогуць вярнуцца ў краіну, шлях Беларусі ў Савет Еўропы, яе ўваходжанне ў еўрапейскую сям’ю, прыняцце дэмакратычных стандартаў будуць пачынацца не з нуля. Маладое пакаленне будзе ведаць, што такое Савет Еўропы і яго каштоўнасці, зможа распрацоўваць законы, якія адпавядаюць нашым стандартам. Гэта менавіта тая ідэя, якая ляжыць у аснове ўсёй нашай працы. Я думаю, мы паступова запускаем гэты працэс. І для гэтага патрэбныя перакананыя людзі, якія сапраўды вераць у гэтыя стандарты і будуць іх прымяняць.

Цяпер мы абсалютна ўпэўненыя, што знаходзімся на правільным шляху, водгукі пазітыўныя, у наяўнасці цікавасць, і нас просяць аб большым. Гэта добры знак.

“Планы амбіцыйныя, але мы цалкам залежым ад унёскаў”

— Што прадугледжана ў новым двухгадовым плане?

— Мы працягнем арганізоўваць адукацыйныя візіты і семінары для юрыстаў. Працягнуцца адукацыйныя курсы для юрыстаў-праваабаронцаў у рамках праграмы HELP. Запланаваныя мерапрыемствы на тэму адмены смяротнага пакарання — важнае пытанне, калі гаворка ідзе пра Беларусь (адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. — “Позірк”.). І, вядома, будзе працягвацца палітычны дыялог у рамках парламенцкай асамблеі, Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў.

З новага — мы плануем больш увагі надаць пытанням барацьбы з гвалтам у дачыненні да жанчын і хатнім гвалтам, прычым гаворка будзе ісці не толькі аб Стамбульскай канвенцыі (Канвенцыя Савета Еўропы па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын і хатнім гвалтам), але таксама аб прасоўванні роўнасці і недыскрымінацыі ў Беларусі. Акрамя таго, плануецца некалькі дадатковых мерапрыемстваў, звязаных з бяспекай журналістаў, умацаваннем навыкаў і патэнцыялу журналістаў, якія працуюць у выгнанні.

У планах круглы стол і кансультацыі па пытаннях належнага дэмакратычнага кіравання, а таксама падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці пры падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце ААН, бо Беларусь — сябра арганізацыі, а такія даклады важныя ў маніторынгу. Ёсць у нас і нямала праектаў для моладзі, накіраваных на актывізацыю яе ўдзелу ў дэмакратычных працэсах, для юрыстаў, а таксама ініцыятывы па распаўсюджванні інфармацыі аб Савеце Еўропы для грамадскасці.

Я думаю, у нас даволі амбіцыйныя планы на найбліжэйшыя два гады. Але буду вельмі шчырым: мы цалкам залежым ад добраахвотных унёскаў, таму вельмі разлічваем, што дзяржавы — члены СЕ, дзяржавы, якія маюць статус назіральнікаў, нашы партнёры, Еўрасаюз працягнуць фінансавую падтрымку ўсёй гэтай дзейнасці. Яе маштабы будуць залежаць ад рэсурсаў, але мы цяпер шмат працуем над тым, каб усе запланаваныя мерапрыемствы былі рэалізаваны на працягу наступных двух гадоў.

Святлана Ціханоўская на пасяджэнні Камітэта міністраў Савета Еўропы, студзень 2024 года
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

— Беларускія дэмсілы сярод іншага распрацоўваюць розныя дакументы. Напрыклад, стратэгію змяненняў у эканоміцы, палітыцы, выбарчым заканадаўстве, прынцыпы правядзення люстрацыі і г.д. Ці звярталіся яны да Савета Еўропы па экспертную дапамогу ў распрацоўцы такіх дакументаў? І ці можа Савет Еўропы такую дапамогу надаць?

— Калі казаць фармальна, то не. У нас ёсць працэдура падрыхтоўкі экспертных заключэнняў, але запыт на яе павінен зыходзіць ад краіны, а ў дадзеным выпадку гэта немагчыма.

Але тое ж навучанне маладых юрыстаў прававым стандартам — яго канчатковая мэта як раз у наданниі такой падтрымкі. Была просьба як ад дэмакратычных сіл, так і ад грамадзянскай супольнасці атрымаць магчымасць у будучыні правяраць заканадаўчыя акты, над якімі яны працуюць ужо цяпер, у тым ліку канстытуцыйную рэформу, згаданы вамі закон аб люстрацыі, выбарчае заканадаўства, на прадмет іх адпаведнасці стандартам Савета Еўропы. У нас ёсць вельмі выразныя стандарты па ўсіх гэтых пытаннях. І ў свой час мы, асабліва праз Венецыянскую камісію, сапраўды гэтак жа дапамагалі нашым дзяржавам-членам, уключаючы Украіну, Грузію і Малдову.

Увогуле, ідэя ў тым, каб будучае заканадаўства, падрыхтаванае юрыстамі, ужо ў агульных рысах адпавядала стандартам Савета Еўропы. Гэта дапаможа канчаткова прывесці яго з адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі.

“Беларусь дэнансавала ледзь не больш канвенцый, чым Расія”

— Калі гаворка заходзіць пра звычайных людзей, асабліва тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, то яны нярэдка задаюць пытанне: шмат размоў і сустрэч, на якіх абмяркоўваецца Беларусь будучыні, але як усё гэта можа дапамагчы ў цяперашняй сітуацыі? На ваш погляд, мог бы Савет Еўропы дапамагчы яе палепшыць? Напрыклад, спрыяць пачатку перамоваў аб вызваленні палітвязняў? Нягледзячы на ўсе абмеркаванні, рэпрэсіі працягваюцца, сітуацыя пагаршаецца, людзі расчараваныя, што не атрымліваецца нічога змяніць.

— Мы ведаем пра пагаршэнне сітуацыі, уважліва сочым за ёй. І, вядома, я цалкам разумею заклапочанасць людзей, якія там знаходзяцца. За апошні год мы бачым толькі ўзмацненне жорсткасці, падаўленне ўсяго, што хоць неяк падобна на грамадзянскі або дэмакратычны пачатак або працу ў гэтым кантэксце.

Але, як вы ведаеце, Беларусь ніколі не была членам Савета Еўропы. А калі краіна не з’яўляецца сябрам арганізацыі, то рычагі ўплыву на дзеянні ўладаў вельмі абмежаваныя, асабліва калі гаворка ідзе пра стандарты гэтай арганізацыі.

У нас у свой час быў інфармацыйны пункт у Мінску (адкрыўся ў 2009 годзе на базе БДУ. — “Позірк”.), але мы закрылі яго яшчэ да 2022 года з-за стаўлення ўладаў Беларусі (у сакавіку 2022-га Камітэт міністраў СЕ спыніў усе кантакты з беларускімі ўладамі з-за іх саўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. — “Позірк”.). А з таго часу, як мы прыпынілі любое супрацоўніцтва з уладамі, мы бачым толькі крайнюю адчужанасць афіцыйнага Мінска ў дачыненні да ўсяго, што тычыцца Савета Еўропы.

Як ні парадаксальна, але Беларусь на дадзены момант дэнансавала ці ледзь не больш канвенцый, чым Расія, якая была выключаная з нашай арганізацыі. Беларусь, як і Расія, вельмі актыўна выступае супраць Савета Еўропы ў АБСЕ, ААН і на іншых форумах. Таму я не лічу рэалістычным, што менавіта Савет Еўропы зможа ўзаемадзейнічаць з афіцыйным Мінскам з нагоды якіх-небудзь перамоваў.

Але менавіта з гэтай прычыны мы як арганізацыя хочам інвеставаць у будучыню краіны, стварыць умовы для станаўлення дэмакратычнай Беларусі, каб яна потым як мага хутчэй магла далучыцца да Савета Еўропы. І пасля выканання гэтых умоў Беларусь ужо зможа мець статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ, які цяпер замарожаны (з 1997 года. — “Пазірк”.). І такім чынам у будучыні, калі з’явіцца магчымасць вярнуць Беларусь у супольнасць дэмакратычных нацый, гэты працэс пройдзе значна хутчэй.

Такой мы бачым ролю Савета Еўропы. І таму мы сталі першай міжнароднай арганізацыяй, якая прыняла новы фармат узаемадзеяння: не з уладамі краіны, а з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Камітэт міністраў прадэманстраваў інавацыйны падыход і прыняў гэтае рашэнне надзвычай аператыўна.

Яго ўзялі на ўзбраенне многія. Еўрасаюз фактычна рушыў услед нашаму прыкладу. У АБСЕ гэта не можа быць зроблена афіцыйна, але там ёсць свайго роду “група сяброў” Беларусі. Стратэгічны дыялог, які ЗША пачалі з беларускімі дэмсіламі, шмат у чым капіюе рамкі нашага супрацоўніцтва. Я ведаю, што ў свой час ЗША вельмі цікавіліся тым, як мы запускалі гэты працэс. Так што, я думаю, Камітэт міністраў Савета Еўропы прыняў дальнабачнае рашэнне, якое з’яўляецца інвестыцыяй у будучыню. Мяркую, што такім чынам мы таксама спрыяем маніторынгавым працэсам у іншых міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН.

“Не было ніякіх знакаў, што афіцыйны Мінск хацеў бы зноў зблізіцца”

— Супрацоўніцтва Савета Еўропы з афіцыйным Мінскам спыненае. Але ці былі з таго боку нейкія знакі, якія сведчаць аб жаданні пачаць нейкія перамовы або кансультацыі?

— Няма. Была рэакцыя пасля рашэння аб прыпыненні кантактаў з уладамі Беларусі (яно было прынята фактычна тады ж, калі і рашэнне аб прыпыненні, а затым спыненні сяброўства Расійскай Федэрацыі з-за распачатай ёю вайны). У афіцыйнага беларускага прадстаўніка было сваё памяшканне тут, у Палацы Еўропы, і ён быў яго пазбаўлены. На гэта была рэзкая рэакцыя. Але з таго часу не было ніякіх знакаў таго, што афіцыйны Мінск хацеў бы зноў зблізіцца. Адзінае выключэнне, як я ўжо згадваў раней, — гэта афіцыйныя паведамленні аб дэнансацыі Беларуссю асобных канвенцый Савета Еўропы; прычым фармулёўкі ў вербальных нотах выкарыстоўваліся вельмі жорсткія. Напрыклад, у жніўні 2023 года Беларусь дэнансавала Бернскую канвенцыю аб ахове дзікай прыроды, а ў лістападзе 2023-га па сутнасці выйшла з еўрапейскай культурнай канвенцыі.

Так што, кажучы пра колькасць і дыяпазон дэнансаваных канвенцый, нават выключаная з Савета Еўропы Расея не зайшла так далёка. І гэта таксама дэманстрацыя адчужэння.

— Немагчыма не закрануць тэму вайны ва Украіне і падтрымкі расійскай агрэсіі рэжымам Лукашэнкі. Паводзіны Мінска адбіліся на стаўленні да беларусаў у цэлым. Ці адбілася гэта на супрацоўніцтве Савета Еўропы з беларускімі дэмсіламі?

— Ёсць вельмі дакладнае палітычнае пасланне ад усіх структур нашай арганізацыі ў тым, што тычыцца супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю Беларусі пад эгідай Кантактнай групы. Гэта супрацоўніцтва высока цэніцца.

Але таксама ёсць і выразная пазіцыя наконт ролі афіцыйных уладаў Беларусі ў гэтым канфлікце. Напрыклад, іх ролі ў кантэксце выкрадання ўкраінскіх дзяцей, і роля гэтая была даказаная. Парламенцкая асамблея прыняла адпаведныя рэзалюцыю і рэкамендацыі. Можа, медыйна яны асвятляюцца не так, як роля Расіі, але гэтае пытанне ўсё больш аказваецца ў цэнтры ўвагі. У дэкларацыі саміту Савета Еўропы (адбыўся ў траўні 2023 года ў Рэйк’явіку. — “Позірк”.) Беларусь у роўнай ступені згаданая з Расіяй як бок, адказны за незаконны вываз украінскіх дзяцей.

Такім чынам, з боку Савета Еўропы роля афіцыйнага Мінска ў дадзеным кантэксце асуджаецца на самым высокім узроўні. Але я б адзначыў, што гэта не толькі не ўплывае адмоўна, але надае яшчэ большы імпульс нашаму супрацоўніцтву з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю ў Кантактнай групе.

Падзяліцца: