Мінск 07:06

BelPol: Не хаваем, што крызіс быў, правялі работу над памылкамі

Бывший следователь Андрей Остапович

На пачатку лета адбыўся публічны канфлікт у аб’яднанні былых беларускіх сілавікоў ByPol. Пасля перамоваў бакоў з удзелам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай ByPol трансфармаваўся ў BelPol, а фонд ByPol выведзены ў асобную структуру.

“Поўным праваўладальнікам абсалютна ўсіх магчымасцей і інструментаў, як тэхнічных, так і інтэлектуальных, з’яўляецца BelPol. Юрыдычная назва ByPol і план “Перамога” застаецца за фондам А.Азарава”, — гаварылася ў паведамленні былых сілавікоў па выніках “развядзення бакоў”.

Пра вынікі двух месяцаў працы і бліжэйшыя перспектывы ў інтэрв’ю “Позірку” распавёў прадстаўнік BelPol, былы старшы следчы Следчага камітэта Андрэй Астаповіч.

“Змянілася не толькі назва”

— Як змянілася праца пасля канфлікту і з’яўлення BelPol?

— 7 жніўня мы падсумавалі вынікі працы за першы месяц. Арганізацыя рэфармавалася, змянілася не толькі назва: была праведзена работа над памылкамі, перагледжаны фарматы і падыходы. На многіх напрамках яны былі паспяхова ўкаранёныя. На жаль, не магу больш дэталёва спыняцца на ўсіх новаўвядзеннях, каб не аблягчаць працу сілавікам у Беларусі, але пра некаторыя змены ўсё ж скажу.

Перамены закранулі апрацоўку і праверку інфармацыі, падыходы да ўзаемадзеяння з незалежнымі мас-медыя. Будзе надавацца дапамога ў іхніх расследаваннях, каб больш эфектыўна весці інфармацыйную барацьбу.

Зоймемся кансультаваннем СМІ ў абласцях, дзе ў нас ёсць спецыялісты сілавога блока: пракуратура, міліцыя, армія ды інш. Ёсць спецыфічныя тэмы, у якіх журналістам цяжка разабрацца — як і што працуе, якія нюансы…

— Праверка на паліграфе, якая фігуравала падчас канфлікту паміж тады яшчэ сябрамі ByPol, цяпер уваходзіць у сферу дзейнасці ініцыятывы?

— Яшчэ адным напрамкам нашай дзейнасці заяўлена верыфікацыя. Укаранёна своеасаблівая сістэма кантролю і ўліку. Праславуты паліграф, пра які столькі было размоваў, таксама прысутнічае. На 14 жніўня ўсе супрацоўнікі BelPol прайшлі верыфікацыю на паліграфе. Без выключэнняў і паспяхова. Па ўсіх супрацоўніках ёсць заключэнні паліграфолага з графікамі зняцця фізіялагічных рэакцый. Праходжанне нашай камандай паліграфа было адной з умоў, калі на пачатковым этапе канфлікт мадэравала Святлана Ціханоўская.

Нас не так мала і праверка на паліграфе патрабуе часу. Супрацоўнікі, якія з самага пачатку знаходзяцца ў арганізацыі, прайшлі паліграф 3-4 разы.

“Вызначылі 73 ключавыя мэты і задачы”

— У ліпені было паведамленне аб сустрэчы з прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага. У агульных рысах, якога роду супрацоўніцтва абмяркоўвалася?

— Пра сустрэчу з прадстаўнікамі палка Каліноўскага з дазволенага магу сказаць толькі тое, што яна адбылася. Мы наладзілі супрацоўніцтва з палком, але расказваць пра дэталі не можам, каб з боку рэжыму не маглі супрацьдзейнічаць нашай працы.

Таксама зменены фарматы дзелавых сустрэч з партнёрамі. Магу сказаць, што ранейшыя недахопы былі ўлічаны, сістэма бяспекі палепшана.

— Што яшчэ зроблена з таго, пра што можна казаць?

— Асабіста я вяду ўвесь улік, гэта мая зона адказнасці. Мы вызначылі 73 ключавыя мэты і задачы для арганізацыі, якія павінны быць рэалізаваны ў бліжэйшыя месяцы. Першы блок накіраваны на пераадоленне крызісу. Мы не хаваем, што крызіс быў, і пастаўленыя мэты закліканы забясьпечыць эфэктыўнае і арганічнае разьвіцьцё BelPol. Па стане на 7 жніўня было рэалізавана 29 такіх мерапрыемстваў. Гэта глабальныя задачы, з разраду паездкі ў полк імя Кастуся Каліноўскага. На яе падрыхтоўку і рэалізацыю спатрэбіўся амаль тыдзень, а падчас візіту з працы выключылася частка супрацоўнікаў, якія паехалі на сустрэчу.

Таксама за справаздачны перыяд праведзены міжнародныя візіты, дасягнуты дамоўленасці ва Украіне, Літве і Польшчы. Усяго адбылося каля 40 сустрэч з рознымі партнёрамі, дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі, якія гатовы з намі супрацоўнічаць на партнёрскіх умовах.

Калі больш падрабязна раскрыць гэты блок, то размова ідзе аб дамоўленасцях па пытанні сумесных расследаванняў з арганізацыямі або супрацоўніцтве са СМІ, аб наданні дапамогі з нашага боку. Таксама мы ўдзельнічалі ў некалькіх канферэнцыях і стратэгічных сесіях у Польшчы, Літве і Ўкраіне. За кароткі перыяд праведзена сур’ёзная работа.

“Публічная толькі расследавальніцкая і журналісцкая дзейнасць”

— Большая частка публічнай працы BelPol, заяўленая пасля змены назвы і рэструктурызацыі ініцыятывы, — расследвальніцкая дзейнасць. Што можна сказаць пра гэты напрамак?

— Гаворачы аб самай публічнай частцы нашай працы — расследаваннях, можна адзначыць, што пачаты і застаюцца ў працы чатыры вялікія медыйныя праекты. Мы дзелім расследаванні на публічныя і непублічныя. Некалькі непублічных завершана. Наконт апошніх можна сказаць, што падчас іх прымаюцца меры па выяўленні парушэнняў або злачынстваў, учыненых рэжымам або яго прыхваснямі. Далей адміністрацыйным шляхам, не праз публікацыю, даныя перадаюцца ў адпаведныя структуры. Напрыклад, звесткі для прадухілення спроб абыходу рэжымам санкцый і іншых злачынстваў.

Адно расследаванне мы спадзяемся выпусціць у канцы жніўня ці на пачатку верасня. У нас былі праблемы з тэхнічнай рэалізацыяй з-за таго, што ўсё абсталяванне засталося ва ўласнасці фонду [ByPol], але мы іх вырашаем.

Акрамя расследаванняў у нас ёсць і інфармацыйныя мерапрыемствы. Калі расследаванні — гэта глабальная праца на дзясяткі і сотні старонак дакументаў, то інфармацыйнае мерапрыемства — гэта нешта накшталт трохстаронкавага артыкула з канкрэтнай інфармацыяй. Часцей за ўсё такая інфармацыя таксама не публічная. Такіх мерапрыемстваў за першы месяц было праведзена восем і 11 яшчэ ў рабоце.

Асобны блок — сумесныя расследаванні з шэрагам арганізацый і СМІ. Ужо на стадыі вытворчасці знаходзяцца дзевяць публічных і два непублічныя праекты. Ёсць не толькі СМІ, але і расследвальніцкая цэнтры, якія працуюць па той жа методыцы, што і мы. З імі мы таксама супрацоўнічаем непублічна.

— Вы кантактуеце з сілавымі ведамствамі еўрапейскіх краін?

— Тэму супрацоўніцтва з сілавымі ведамствамі краін Балтыі, Польшчы і Украіны магу апісаць так: недзе там, нешта, у ліку нашых сустрэч магло быць ці не. Пакінем прастору для фантазіі нашым “апанентам” у Беларусі. Публічнай мы робім толькі расследавальніцкую і журналісцкую дзейнасць. У першую чаргу па зборы інсайдаў, доказаў злачынстваў рэжыму і верыфікацыю.

— Такая сакрэтнасць дзеля таго, каб не дапусціць уцечак інфармацыі і не нашкодзіць тым, хто можа знаходзіцца ў Беларусі?

— Пасля інтэрв’ю [кіраўніка ByPol] Аляксандра Азарава відэаблогеру Таццяне Мартынавай, як мы мяркуем, некаторыя людзі [у Беларусі] атрымалі дадатковыя склады злачынстваў [да абвінавачанняў на свой адрас]. Мы лічым, што дзеля самапіяру ці ахоўных дзеянняў, каб апраўдаць сябе ў канфлікце, такое недапушчальна. Інфармацыю можна выкарыстоўваць у якасці дадатковага ціску на рэжым, каб сэрца сваволіла ў аднаго вусатага дыктатара. Але мы не бачылі працы іншых структур у гэтым напрамку. Мы падобныя напрамкі нават не агучваем, не паведамляем, што робім, а што — не. Хай тамака варожаць. Камусьці аблягчаць працу на тым баку мы не збіраемся.

“Супрацоўнікі сілавых ведамстваў працягваюць дэградаваць”

— Як ацэньваеце працу сілавых ведамстваў, якія супрацьстаяць вам у Беларусі і абараняюць рэжым?

— Гаворачы аб працы цяперашніх беларускіх карных структур, можам сказаць, што працягваем атрымліваць, вывучаць і выкарыстоўваць неабходную нам інфармацыю з Беларусі. Яны даволі непрафесійныя і не маюць поспех у расследавальніцкай працы. Ім важней поспехі ў прапагандзе. Як Азаронку хлусіць з экрана, так і ім прасцей лавіць людзей, збіваць і публікаваць у сваіх каналах “пакаянныя відэа”. Займацца інтэлектуальнай працай складана, ды і няма жадання. Такі падыход рэжыму не перашкаджае BelPol рабіць сваю працу — збіраць інфармацыю і расследаваць.

Дзеля эфектыўнага расследавання трэба выдаткаваць некалькі месяцаў, а вынік будзе адзінкавы. За той жа час можна запісаць на відэакамеру тысячу збітых беларусаў і паказаць вынік такому ж недалёкаму начальніку: што ў цябе сто тэчак са справамі, а ў “інтэлектуальнага” супрацоўніка — адна.

Такі падыход у рабоце сілавікоў быў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, не змяніўся і пасля іх. Падчас пратэстаў пасля выбараў людзей збівалі, выбівалі доказы, што і працягваюць рабіць дагэтуль. Супрацоўнікі ведамстваў працягваюць дэградаваць.

Падзяліцца: