Мінск 19:40

“Новая Беларусь”: Каб перадаць беларускасць наступнаму пакаленню, трэба стварыць інфраструктуру

Скрыншот: мабільны дадатак "Новая Беларусь"

У мабільным дадатку “Новая Беларусь” з’явіліся першыя прапановы па развіцці беларускай супольнасці ў рамках другога сезона праекта па лічбавым самакіраванні “Будуй сваё”.

Беларусы ў Польшчы і Літве пры дэклараванні даходаў могуць накіраваць частку падаткаў — 1,5% і 1,2% адпаведна — партнёрскім арганізацыям платформы “Новая Беларусь”, суайчыннікі ў іншых краінах — прафундаваць іх шляхам ахвяравання. За гэта удзельнікі праекта атрымліваюць магчымасць прапанаваць свае ідэі, а пасля выбраць, якія ініцыятывы будуць рэалізаваныя за “народныя грошы”.

У 2023 годзе больш за 260 беларусаў у Польшчы і Літве сабралі каля 47 тыс. еўра. На гэтыя сродкі адкрылася беларуская бібліятэка Čytalnia (“Чытальня”) у Вільнюсе, распрацоўваецца сайт па сапраўднай гісторыі Беларусі.

Cуму сабраных сёлета грошай арганізатары абяцаюць раскрыць у лістападзе. Пераможцаў конкурсу ідэй назавуць у снежні, а рэалізацыя праектаў запланаваная на студзень — красавік 2025 года.

Беларусы Польшчы ўжо прапанавалі стварыць “бяспечны блог” для беларускамоўных, некамерцыйную платформу для пошуку розных адмыслоўцаў, дзіцячы летнік на Падляшшы, беларускую батлейку ў Беластоку, кансьерж-сэрвіс па пытаннях рэлакацыі, праект па святкаванні традыцыйных беларускіх Калядаў па ўсім свеце, дзіцячы клуб ці пакой з беларускамоўнымі выхавацелямі ў Варшаве, стэнды на мяжы з Беларуссю з інфармацыяй пра бяспечны ўезд у краіну, гульню ці квіз пра Вялікае княства Літоўскае, віртуальную копію Мінска для шматкарыстальніцкай гульні GTA.

Ад беларусаў Літвы пакуль атрыманыя тры ідэі: анлайн-часопіс казак, дзіцячы клуб ці пакой з беларускамоўнымі выхавацелямі, творчая майстэрня з магчымасцью арэнды абсталявання.

Суайчыннікаў з іншых краін заклікалі дасылаць ідэі, якія можна ўвасобіць, не прывязваючыся да пэўнай дзяржавы і яе заканадаўства. У рамках “Будуй сваё Global” ужо прапанавана стварыць лічбавую ілюстраваную кніжку казак, віртуальную выставу беларускіх твораў мастацтва, 3D-мадэлі гістарычнай беларускай архітэктуры для агляду з дапамогай сродкаў дапоўненай ці віртуальнай рэальнасці (AR/VR), мультфільм пра Еўфрасінню Полацкую, беларускамоўны праект па сексуальнай адукацыі для падлеткаў і нават сфармаваць Таварыства беларусаў свету.

Палова ідэй накіраваная на дзяцей

У другім сезоне праекта людзі больш адказна ставяцца да сваіх прапаноў, адзначыла ў інтэрв’ю “Позірку” прэс-сакратар платформы “Новая Беларусь” Марыя Грыц. Пры гэтым, паводле яе слоў, кожная ідэя можа быць пісьменна рэалізаваная.

Марыя Грыц
Фота: архіў суразмоўцы

— Што адметнага можна вылучыць на гэтым этапе праекта?

— Цікава пераклікаюцца дзве ідэі, прапанаваныя беларусамі з Польшчы і Літвы, — дзіцячы пакой з беларускамоўнымі выхавацелямі. Не паўнавартасны садок, а месца, куды можна прывесці дзіця, дзе яно будзе не проста пад наглядам, але і ў беларускамоўным асяроддзі, калі бацькам трэба зрабіць свае справы.

Мяне вельмі ўсцешвае тое, што каля паловы прапанаваных ідэй скіравана на дзяцей. Людзі разумеюць: каб нам захаваць сваю беларускасць уласнымі сіламі, перадаць яе наступнаму пакаленню, калі мы застаемся з гэтага боку мяжы надоўга, трэба стварыць нейкую інфраструктуру.

— Актыўнасць і цікавасць да праекта сёлета большыя?

— Праект быў прыдуманы летась, калі ўжо падаваліся дэкларацыі [аб даходах у Польшчы і Літве]. Нам давялося “даганяць” гэтыя дэкларацыі. Было складана патлумачыць людзям, што мы не фонд, што мы не сабе бярэм гэтыя грошы, што не будзе нейкіх адмысловых людзей, якія будуць вызначаць, куды накіроўваць грошы, што людзі самі сваімі рэакцыямі будуць уплываць на лёс гэтых праектаў.

Летась праект выклікаў зацікаўленасць у беларусаў з іншых краін, не толькі Польшчы і Літвы, таму сёлета паўдзельнічаць могуць і беларусы па-за межамі гэтых дзвюх краін. Зрабіць гэта можна праз унёсак у 35 еўра.

Я хачу адзначыць, што даволі часта людзі, якія падаюць дэкларацыі і праз іх адлічваюць адсотак, потым не рэгіструюцца ў нас на платформе. То бок яны робяць добрую справу, накіроўваюць свае грошы, але на гэтым іх удзел закончваецца. Людзі ж, якія робяць унёскі, паводзяцца інакш: прапаноўваюць ідэі, каментуюць і актыўнічаюць.

Сёлета шмат людзей чакала працягу праекта, было “на нізкім старце” з мінулага пілотнага праекта, прыдумляла, што можна будзе зрабіць і прапанаваць.

Ананімнасць — у першую чаргу

Фота: unsplash.com / Javardh

— У суполцы “Будуй сваё Global” не бачна, з якой краіны прыходзяць ідэі. Акрамя таго, каб паглядзець усе ідэі праз сайт, трэба прайсці рэгістрацыю…

— Так, і мы просім беларусаў пры рэгістрацыі на сайце выкарыстоўваць пошту без асабістых звестак, бо бывае, што ў пошце пішуць імя і прозвішча. Таму, калі вы хочаце паглядзець ідэі, выкарыстоўвайце пошту без асабістых звестак.

Праз тое, што “Новая Беларусь” прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем”, тое, што было зроблена ў першую чаргу, — гэта ананімнасць. Нават людзі, якія дасылаюць ідэі з Польшчы ці Літвы, мы не ведаем, хто гэта. Мы не ведаем, з якіх краін прыходзяць ідэі ў “Будуй сваё Global”, але калі чалавек захоча, ён можа пра гэта паведаміць сам.

Праекты, якія прапануюцца па Польшчы ці Літве, будуць праходзіць адбор у адпаведнасці з заканадаўствам гэтых краін, бо гэта падатковыя грошы. Паводле закону, яны могуць быць накіраваныя толькі на дабрачыннасць і толькі ў гэтай краіне, [дзе быў сплачаны падатак]. Летась людзі прапаноўвалі сабраць і перадаць грошы [ад падаткаў] палку Каліноўскага, але гэта немагчыма зрабіць менавіта праз заканадаўства. Пры гэтым нагадаю, што суполка “Будуй сваё Global” не прывязаная да заканадаўства пэўнай краіны, і не істотна, адкуль піша чалавек, калі ён прапаноўвае анлайн-праект, якім можна будзе скарыстацца з любой кропкі свету.

Напрыклад, адна з прапанаваных ідэй — стварэнне 3D-мадэлей гістарычнай беларускай архітэктуры ў AR/VR. Мы памятаем са школы, з урокаў гісторыі, колькі мы страцілі помнікаў архітэктуры. Адмыслоўцы гатовыя аднавіць гэтую архітэктуру ў фармаце віртуальнай рэальнасці, каб беларусы пабачылі тое, што было страчана. Ёсць праект білбордаў для людзей, якія маюць магчымасць ездзіць у Беларусь, перад імі даволі часта паўстае пытанне бяспекі. Нашыя ўдзельнікі прапануюць паставіць білборды, якія будуць распавядаць, на што трэба праверыць тэлефон, каб адчуваць сябе ў большай бяспецы, акурат на мяжы з Беларуссю. Гэта вельмі актуальна для часоў рэпрэсій, у якія мы жывем.

Ідэі беларусаў — самае каштоўнае

Фото: freepik.com / Tirachardz

— Ці перайначылі нешта ў праекце на падставе леташняга досведу?

— Мы не змянялі механіку: адбор у гэтым годзе будзе такі ж самы. Спачатку праекты будуць адбірацца на падставе адпаведнасці заканадаўству Літвы і Польшчы. Потым будзе адбор самых упадабаных карыстальнікамі праектаў. Мы запусцім адпаведны навучальны курс пра тое, як рабіць праэкты, бо бачым, што людзі могуць прыдумаць класную ідэю, а на моманце рэалізацыі могуць з’явіцца цяжкасці.

У нас на сайце з’явіўся гайд, які дапаможа запоўніць налогавыя дэкларацыі беларусам, што жывуць у Польшчы ці Літве, бо людзі часта сутыкаюцца з праблемамі ў гэтым пытанні, нават наймаюць пасярэднікаў, якія запаўняюць дэкларацыі за грошы.

Таксама з новага: калі карыстальнік падае ідэю, то можа пазначыць, ці мае ён адпаведную каманду для яе рэалізацыі, людзей, якім проста трэба фінансаванне, гатовыя дзейнічаць. Альбо карыстальнік можа прапанаваць ідэю і шукаць каманду для яе рэалізацыі. Ёсць функцыя для тых, хто мае класную ідэю, але не гатовы “ўпісацца” і рабіць яе ад пачатку і да канца. Тады ёсць магчымасць перадаць працэсс реалізацыі некаму іншаму.

Зараз нашая тэхнічная каманда стварае краудфандзінгавую платформу. Ідэі, якія не пройдуць у гэтым праэкце, змогуць падацца на краўдфанынг. Бо ідэі беларусаў — гэта самае каштоўнае.

Падзяліцца: