Мінск 05:10

Дзень Волі. Барацьба за Беларусь працягваецца

Аляксандр Класкоўскі
Палітычны аналітык, больш за 20 гадоў адпрацаваў у БелаПАН

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 25 сакавіка 2024 года

Архіўнае фота: "Позірк"

106 гадоў таму была прадпрынятая дзёрзкая спроба стварыць беларускую дзяржаву. 25 сакавіка 1918 года прадстаўнікі нацыянальнай эліты абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Іх праект быў размолаты жорнамі гістарычных абставінаў, але гэты парыў не прапаў дарэмна. Беларусы здабылі сваю дзяржаву.

Аднак незалежнасць і сёння пад ударам — праз тое, што кіроўны ў краіне палітычны рэжым вядзе авантурную палітыку хаўрусніцтва з ненасытнай імперыяй. Фактычна гэта здача суверэнітэту ў растэрміноўку.

Рэжым Лукашэнкі — на імперскім кручку

Аляксандр Лукашэнка любіць замалявацца бацькам беларускай незалежнасці, гарантам суверэнітэту. Угодлівая прапаганда нават спрабавала запэўніць, што дзяржаўнасць Беларусі варта адлічваць не з 1991-га, калі распаўся СССР, а з 1994-га, калі ён, Лукашэнка, стаў прэзідэнтам.

Між тым стэнаграма гістарычнай сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая адбылася пасля паразы путчу ГКЧП, сведчыць: 25 жніўня 1991 года дэпутат Лукашэнка не галасаваў за незалежнасць Беларусі. Яшчэ больш, ужо стаўшы прэзідэнтам (дарэчы, дзякуючы так нялюбай ім дэмакратыі), ён не аднойчы публічна шкадаваў аб распадзе Савецкага Саюза.

Тым не менш гэты дзеяч, які прыйшоў да ўлады на хвалі настальгіі па СССР, па-майстэрску выкарыстаў постсавецкія рэаліі, каб пабудаваць сістэму, у якой стаў фактычна самадзержцам.

Аднак яго мадэль праўлення аказалася ад пачатку заганнай. У той час як краіны Балтыі, напрыклад, пайшлі на балючыя рэформы, каб інтэгравацца ў развітую Еўропу, Лукашэнка распачаў гульню ў “брацкую інтэграцыю” з Расіяй, каб вырашаць эканамічныя праблемы, прыстаканіўшыся да яе рэсурсаў.

Але ніякай “брацкай інтэграцыі” з імперыяй не можа быць паводле азначэння. І ўжо неўзабаве Лукашэнку, абараняючы сваю ўладу, давялося паказваць Крамлю зубы, калі той спрабаваў фарсіраваць паглынанне былой саюзнай рэспублікі (напрыклад, у 2002-м Уладзімір Пуцін настойваў на ўваходжанні Беларусі ў РФ шасцю абласцямі).

Аднак пасля 2020 года кіраўнік Беларусі трапіў у такую залежнасць ад Масквы, што ўжо не рызыкуе ўставаць на дыбкі. І тая метадычна прыбірае да рук беларускі суверэнітэт.

Пуцін адкрытым тэкстам адмаўляе ў праве на дзяржаўнасць украінцам. На беларускую тэму ён так не выказваецца, але зыходзячы з яго тэзісу аб “трыадзіным народзе”, лёгка зрабіць выснову, што і беларускую дзяржаўнасць крамлёўскі ўладар лічыць гістарычным непаразуменнем.

Розніца толькі ў тым, што ў беларускім выпадку Маскве няма патрэбы ўрывацца на танках і біць ракетамі па жылых кварталах. Навошта, калі можна рухацца да той жа мэты спакваля, ціхай сапай, пад маркай “развіцця Саюзнай дзяржавы”?

Пратэст пад бел-чырвона-белым сцягам

У савецкі час беларусы ў масе сваёй нічога не ведалі пра БНР, гэтую старонку гісторыі тагачасная ўлада замоўчвала. Гадавіну БНР адзначала ў асноўным дыяспара, палітычная эміграцыя.

Фрагмент першай старонкі Трэцяй Устаўной граматы Рады БНР — дакумента, які быў прыняты 25 сакавіка 1918 года і абвясціў незалежнасць БНР
Крыніца: petitions.by

У Беларусі гэтая дата ўвайшла ў публічную плоскасць на сыходзе СССР, калі перабудова дазволіла прарасці, набраць моц нацыянальна-дэмакратычнаму руху, быў створаны Беларускі народны фронт. Тады ж з падачы незалежнай газеты “Свабода” прыжылася паэтычная назва “Дзень Волі”.

Першыя гады незалежнай Беларусі сталі кароткім перыядам адноснай дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння, калі Дзень Волі выйшаў з падполля, стаў прызнавацца на дзяржаўным узроўні. Бел-чырвона-белы сцяг, зацверджаны ў 1918-м як дзяржаўны сімвал БНР, у 1991–1995 гадах быў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. У 1993-м Дзень Волі адзначаўся ў сталічнай філармоніі з удзелам старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і тагачаснага кіраўніка Рады БНР Язэпа Сажыча.

Для параўнання: у 2023-м Генпракуратура ўзбудзіла шэраг крымінальных спраў “па факце супрацьпраўнай дзейнасці Рады БНР”, улады абвясцілі яе “экстрэмісцкім фарміраваннем пранацысцкага толку”. Вось такое “пераасэнсаванне гісторыі”.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі Дзень Волі стаў для яго апанентаў сімвалам супраціву дыктатуры, якая ўмацоўвалася, навязванню саўковых парадкаў і саўковых трактовак мінулага, курсу на саюз з імперыяй. Вулічныя акцыі ў гэты дзень не раз заканчваліся жорсткімі разгонамі, масавымі затрыманнямі.

Разгон Дня Волі ў Мінску ў 2017 годзе
Фота: svaboda.org

Дзяржаўная прапаганда імкнулася ачарніць БНР. Асабліва любілі выдзіраць з гістарычнага кантэксту і мусіраваць той факт, што ад імя яе кіраўніцтва ў красавіку 1918-га была адпраўлена тэлеграма нямецкаму кайзеру.

Так, людзі, якія стаялі ля вытокаў БНР, не мелі палітычнага досведу, рабілі памылкі, жорстка спрачаліся паміж сабой. Але варта ўлічваць, што тая адчайная спроба ўвасобіць у жыццё мару аб незалежнай дзяржаве ажыццяўлялася ў вельмі неспрыяльных гістарычных умовах, калі бальшавікі паводле Брэсцкага міру аддалі беларускія землі Германіі.

Дзеячы БНР. 1918 год
Фота: commons.wikimedia.org

Нават Лукашэнка ў 2018-м выказаўся пра бацькоў-заснавальнікаў БНР з пэўнай эмпатыяй: “Тыя людзі, якія спрабавалі стварыць незалежную Беларусь, не ведалі, куды кінуцца. Бальшавікі разагналі [Першы Усебеларускі] з’езд <…> Але я прасіў бы не судзіць іх (стваральнікаў БНР. — А.К.) строга, таму што нас там не было і мы гэта не перажывалі псіхалагічна, не разумеем, што тады адбывалася. Гарачае жаданне зрабіць Беларусь незалежнай іх магло штурхнуць хоць да кайзера, хоць чорт ведае да каго”.

Несумненна, Лукашэнка больш сімпатызуе БССР, але бальшавікі наўрад ці стварылі б яе, калі б не было феномену БНР. Так, у савецкі час суверэнітэт Беларусі быў папяровым, аднак пры распадзе СССР менавіта былыя саюзныя рэспублікі (у адрозненне, напрыклад, ад аўтаномных) сталі незалежнымі дзяржавамі.

Іншая рэч, што цяпер суверэнітэт Беларусі скурчваецца — і гэта акурат сумны вынік прывязкі рэжыму Лукашэнкі да Масквы.

Гэта не столькі пра гісторыю, колькі пра будучыню

Зрэшты, быў перыяд, калі кіраўнік Беларусі, устрывожаны анэксіяй Крыма, адчуваючы пальцы Крамля на сваім горле, паспрабаваў трохі пагуляць на нацыянальным полі, даў адмашку на так званую мяккую беларусізацыю. Тады нават афіцыйныя гісторыкі і дзяржаўныя СМІ сталі больш прыязна трактаваць гістарычнае значэнне БНР.

Самай буйной саступкай уладаў стаў дазвол адзначыць у 2018-м стагоддзе БНР у цэнтры сталіцы, ля Опернага тэатра. Аднак шматлюдны (да 50 тысяч чалавек) мітынг-канцэрт пад бел-чырвона-белымі сцягамі спарадзіў у вярхушкі рэжыму дыскамфорт.

Мітынг-канцэрт у цэнтры Мінска 25 сакавіка 2018 года
Фота: tut.by

Годам пазней улады зрэзалі фармат святкавання, не дазволілі апазіцыі правесці мерапрыемствы на заяўленых пляцоўках. “На стадыёне “Дынама” гэтага не будзе. Не марнуйце нервы, не ідзіце на канфрантацыю. Стагоддзе [БНР] адсвяткавалі — і годзе”, — адрэзаў тады Лукашэнка.

Але гэта былі яшчэ кветачкі.

Рэжым пайшоў у бязлітасную атаку на нацыянальную ідэю і яе сімвалы пасля таго, як у 2020-м бел-чырвона-белыя сцягі сталі яркім атрыбутам масавых вулічных акцый, мірнага паўстання супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Парадокс быў у тым, што нацыяналісты старой загартоўкі ў той электаральнай кампаніі з розных прычын амаль не ўдзельнічалі, а каманда Святланы Ціханоўскай бчб-сімволіку зусім не рэкламавала.

Верагодна, адыграла ролю як шматгадовая асветніцкая праца старой, ідэйнай апазіцыі, так і проста эстэтычнасць самой сімволікі. Гэта быў моцны кантраст з афіцыйнымі сімваламі рэжыму, выразны знак палітычнай альтэрнатывы. Так ці інакш, бчб-сцяг стрэліў, пайшоў у масы, залунаў над непакорлівымі калонамі.

Ціханоўскую ж апаненты з нацыянальна-дэмакратычнага лагера доўга крытыкавалі якраз за невыразнасць ідэйнай платформы, нібыта падлашчванне да Крамля. Але былая хатняя гаспадыня, якую гістарычны момант падняў на фантастычны ўзровень, прайшла вялікую палітычную эвалюцыю, стала ўпэўнена размаўляць па-беларуску і выразна артыкуляваць нацыянальныя лозунгі. Сёння яна і яе каманда цвёрда стаяць на антыімперскіх пазіцыях.

Улады ж, напалоханыя падзеямі 2020-га, абвясцілі бчб-сцяг фашысцкім і сталі жорстка за яго пераследаваць. Цяпер выходзіць з такімі сцягамі на вуліцу ў Беларусі ў Дзень Волі (ды і ў любы іншы дзень) немагчыма. Гэтую дату цяпер адкрыта святкуюць толькі за мяжой. Аднак і ўнутры краіны надзея на перамены не забітая. Рэпрэсіі прымушаюць сціскаць зубы, але не прымусяць любіць люты рэжым.

Жарсці вакол Дня Волі — гэта спрэчка не столькі пра гісторыю, колькі пра будучыню Беларусі. І не проста спрэчка, а жорсткая сутычка двух праектаў. Адзін — гэта заганны праект прывязкі да імперыі, які пагражае дэградацыяй краіны і стратай незалежнасці. Другі — гэта праект дэмакратычнай, адданай еўрапейскім каштоўнасцям і сапраўды беларускай Беларусі.

Прыхільнікі дэмакратычных пераменаў сёння ў цяжкай, драматычнай сітуацыі. І ўсё ж шанцаў у іх значна больш, чым у тых, хто стаяў ля вытокаў БНР. Барацьба за Беларусь працягваецца.

Падзяліцца: