Мінск 06:18

Тры гады міністра інфармацыі Пярцова. Зачыстка медыяполя

Архіўнае фота: Міністэрства інфармацыі

Цяпер ужо былы міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў запомніцца як прадаўжальнік рэпрэсіўнай палітыкі, пры якім фактычна завяршылася шматгадовая праца рэжыму па зачыстцы айчыннага медыяполя ад непадкантрольных СМІ.

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 8 красавіка Пярцова намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, адзначыў, што “ідэалагічная праца сёння выходзіць на першы план”, і даручыў таму “падцягнуць, прывесці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалагічную працу і вывесці на намесніка кіраўніка адміністрацыі”. Такім чынам, варта чакаць, што ў новай якасці экс-міністр яшчэ больш заўзята возьмецца пераўтвараць пазбаўлены ад непажаданых элементаў медыясектар, дзе амаль не засталося ніводнага недзяржаўнага гульца, у прапагандысцкую машыну.

Пярцоў ачоліў Міністэрства інфармацыі 5 красавіка 2021 года. За тры гады яго дзейнасці ў Беларусі спынілі працу (а то і былі разгромленыя) амаль усе буйныя незалежныя медыя, напрыклад інформагенцтва БелаПАН, партал tut.by, “Радыё Свабода”, “Еўрарадыё”, “Белсат”. Усе гэтыя СМІ, як і шмат іншых, атрымалі ярлык “экстрэмісцкіх” (фарміраванняў альбо арганізацый), былі абвешчаныя па-за законам і выціснутыя з краіны.

Многія прадстаўнікі медыя апынуліся за кратамі (некаторыя нават паспелі адбыць тэрмін і выйсці на волю), 34 прафесіяналы дагэтуль у зняволенні. У 2023 годзе, згодна са справаздачай міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”, Беларусь увайшла ў тройку краін з найбольшай колькасцю пазбаўленых волі журналістаў.

Спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які Мінінфарм папаўняе на падставе судовых рашэнняў у тым ліку за кошт кантэнту цяпер ужо фізічна недасяжных для рэжыму незалежных медыя, пры Пярцове разросся амаль да тысячы старонак.

Працягнуў і ўдасканаліў кампанію па зачыстцы

Cтаршы аналітык праекта Media IQ Паўлюк Быкоўскі ў каментары “Позірку” нагадаў, што ў Беларусі ўжо прызначалі міністра інфармацыі намеснікам кіраўніка АП. Так ў 2021 годзе здарылася з Ігарам Луцкім, на міністэрскую пасаду якога і прыйшоў Пярцоў.

Паводле слоў аналітыка, Пярцоў “працягнуў і ўдасканаліў кампанію па зачыстцы” інфармацыйнай прасторы Беларусі ад непадкантрольных рэжыму медыя. За час яго кіравання міністэрствам набылі моц папраўкі ў закон аб СМІ, якія пашырылі магчымасці блакавання сайтаў незалежных медыя і іх “люстэрак”. Доступ да іх “быў жорстка абмежаваны” і працягвае абмяжоўвацца Мінінфармам разам з сілавікамі.

Паралельна, адзначыў Быкоўскі, Пярцоў “дабіваўся максімальнага рэсурснага перакосу” на карысць дзяржаўных СМІ. У прыватнасці, быў створаны мэтавы “фонд падтрымкі нацыянальнага кантэнту” — “дафінансаванне дзяржаўнай прапагандысцкай машыны з кішэні замежных рэкламадаўцаў, якіх прымушаюць рабіць адлічэнні”.

Разам з тым, звярнуў увагу эксперт, менавіта новапрызначанаму намесніку кіраўніка АП належаць словы пра тое, што рэкламны рынак Беларусі “крышачку сціснуўся” (у арыгінале на рускай мове — “немножко схлопнулся”), таму “цяжка ацаніць рэзультатыўнасць кроку па стварэнні фонду падтрымкі нацыянальнага кантэнту”.

У выніку ўсіх гэтых “метадычных намаганняў” да 2024 года ў краіне “практычна не засталося незалежных крыніц інфармацыі”, падсумаваў старшы аналітык Media IQ.

Падзяліцца: