Мінск 20:24

Раманчук: Кадравы голад можа спрыяць зніжэнню ўзроўню рэпрэсій

Яраслаў Раманчук
Фота: прыватны архіў

На нарадзе аб развіцці прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка адкрыта прызнаў праблему кадраў у гэтай сферы і артыкуляваў сваё бачанне яе рашэння: заклікаць на дапамогу “патрыятычна настроеных” пенсіянераў.

Паводле яго слоў, агулам па краіне з 27 тыс. вакансій у апрацоўчай прамысловасці 85% (23 тыс.) прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. Лукашэнка прызнаў, што прыцягнуць 30 тыс. пенсіянераў наўрад ці атрымаецца, аднак “некалькі тысяч”, на яго думку, “з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і вялікую карысць прыносіць яшчэ як настаўнікі”.

Наколькі жыццяздольная ідэя рашэння крызісу з кадрамі, які пагаршаецца, шляхам прыцягнення пенсіянераў? Пра гэта ў інтэрв’ю “Позірку” разважае кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

“Лукашэнка разумее, што ў яго могуць купіць больш, але зрабіць больш — няма каму“

— Чаму Лукашэнка пачаў адкрыта казаць пра кадравы голад, прыводзячы лічбы і назвы прадпрыемстваў?

— Перад ім замаячыла перспектыва зарабіць яшчэ больш на вайне. Пуцін і яго ўрад узялі выразную арыентацыю на ізаляцыю, на скарачэнне імпарту. Беларусь уваходзіць у зону як бы ўнутранага рынку Расіі, і гэта адкрывае магчымасць перад беларускімі прадпрыемствамі ў цэлым шэрагу рынкавых нішаў. Лукашэнка гэта выдатна разумее са зместа інвестыцыйных праектаў, якія прапануюць расіяне. І ён як “кіраўнік” і “уласнік усяго” выступае ў якасці выканаўчага дырэктара. У дадзенай сітуацыі яму далажылі, дзе і чаго не хапае. І ён, як на нарадзе цяпер ці на лятучцы ў калгасе, пачынае “муштраваць” такія прадпрыемствы.

Сапраўды, працоўных не хапае. Лукашэнка разумее, што ў яго могуць купіць больш, а ён не можа зрабіць больш. Расіяне за апошнія два гады зрабілі добры аўдыт беларускай прамысловай базы. Яны гатовыя ўкладваць грошы, але, натуральна, патрэбныя кадры. Аднак іх няма, паколькі кадры ў нас не толькі часцяком некампетэнтныя, але і палахлівыя і не прымаюць беларускую дыктатуру.

Лукашэнка разумее, што калі цягам года нічога не зрабіць, то цягнік [які дае магчымасць зарабіць на вайне] можа хутка сысці, а канчатковы прыпынак гэтага цягніка — безумоўна, перамога Украіны ў вайне.

Гэта той часавы зазор, калі Лукашэнка сапраўды можа зарабіць на вайне беспрэцэдэнтна шмат для сябе і паспрабаваць чарговы раз мадэрнізаваць прамысловасць за кошт расійскага рынку.

Не варта забываць таксама, што гэта год электаральнай кампаніі. Гэта ўсё частка ідэалагічнай падтрымкі. Ён кажа: я запусціў заводы. Санкцыі? Глядзіце, у крамах усяго поўна, працаваць усе сталі яшчэ больш, нават у тры змены.

“У пенсіянераў няма патэнцыялу для працы на мадэрнізаваных прадпрыемствах“

— Што крыецца за заявай аб прыцягненні да працы “патрыятычна настроеных” пенсіянераў? Ці азначае гэтая рэмарка прызнанне ў чыстках працоўных шэрагаў з палітычных матываў — тых, што ўжо адбыліся і якія рыхтуюцца?

— “Чысціць” больш няма каго. Калі “чысціць” надалей — выдаткі становяцца ўжо відавочнымі. Я не думаю, што гаворка ідзе пра “чысткі” таго, што засталося. Тыя, хто нешта выказваў або рабіў, ужо альбо з’ехалі, альбо ў турме, альбо прыціснулі вушы.

Лукашэнка, робячы гэтую заяву, кажа: я даю магчымасць зарабіць пенсіянерам, якія ў Беларусі часта скардзяцца на нізкую пенсію. Гэта такі піяр-ход.

Не выключана, што ён можа пайсці на такі крок, які даўным-даўно наспяваў: не скарачаць пенсію працуючым пенсіянерам. Спачатку ён яе скараціў, а цяпер “жэстам пана” верне, і працуючыя пенсіянеры атрымаюць у поўным памеры пенсію і нешта заробяць.

Аднак, калі мы гаворым пра сучасныя, мадэрнізаваныя прадпрыемствы — каго ён прыцягне на іх і за колькі? Я сумняваюся, што сярод пенсіянераў, якія не працуюць, ёсць такі магутны чалавечы патэнцыял і кампетэнцыі, каб запускаць праекты, пра якія заікаецца Лукашэнка.

— Лукашэнка казаў таксама пра “настаўніцтва”. Гэта жаданне ідэалагічна перакаваць больш маладых работнікаў?

— Яму даўно казалі пра дуальную сістэму адукацыі ў Германіі, калі ёсць інстытут настаўнікаў, калі школа і ўніверсітэт разам і са школы або ўніверсітэта людзі ведаюць, дзе будуць працаваць. У Савецкім Саюзе таксама былі настаўнікі і дынастыі. Лукашэнка гэта напісалі спічрайтэры дзеля чырвонага слоўца, якое наўрад ці будзе мець практычныя наступствы ў эканамічнай палітыцы.

“Хоча ўмацаваць імідж добрага гаспадарніка, які клапоціцца пра ўсіх“

— На нарадзе прагучала адмова ад ідэі замахнуцца на 30 тыс. пенсіянераў, якія маглі б развязаць кадравыя праблемы, і выказаная гатоўнасць задаволіцца некалькімі тысячамі — ці азначае гэта прызнанне, што і ў пенсіянерах ён таксама больш не ўпэўнены?

— У Беларусі 2,4 млн пенсіянераў па ўзросце, яшчэ прыкладна 350 тыс., якія выходзяць на пенсію раней, гэта людзі ва ўзросце ад 40+ да 65. Абсалютна нармальныя мужыкі і жанчыны, якія маглі б працаваць. Але ён разумее, што яму для іх няма чаго прапанаваць. Калі ён прапануе ўмовы, якія цяпер на рынку працы — заробак у 800 рублёў “бруднымі”, пенсіянеры на такое дакладна не пойдуць.

Таму тэму пенсіянераў цяпер трэба разглядаць з пункту гледжання таго, як ён вядзе перадвыбарчую кампанію. Ён хоча спадабацца, умацаваць імідж добрага гаспадарніка, які клапоціцца аб любым чалавеку, дае магчымасць зарабіць у тым ліку пенсіянерам. А 30 тыс. — лічба, узятая са столі.

— Узнятую тэму пенсіянераў варта разглядаць як прамы зварот Лукашэнкі да свайго асноўнага электарату?

— Так, пенсіянеры — гэта людзі, якія памятаюць, як у 1994 годзе, калі ім было па 30-40 гадоў, ён абяцаў ім запусціць заводы. Усё іх працоўнае жыццё прайшло пры Лукашэнку.

Ён нагадвае пенсіянерам, колькі часу яны былі разам, і прапануе быць разам да канца.

“Вакол ворагі, душаць, шчымяць нас, а мы павінны ратаваць краіну, вы наша надзея і апора”, — такая думка ў яго ў галаве, яе ён транслюе, і гэта абсалютна прадказальна.

“Звяртаецца да сілавікоў, якія распужалі працоўную сілу”

— Калі ідэя з прыцягненнем пенсіянераў, якія могуць вырашыць кадравы голад, нежыццяздольная, як вы ацэньваеце верагоднасць таго, што ўлады пачнуць прыцягваць гастарбайтэраў?

— Яны ўжо спрабавалі прыцягваць кітайскіх рабочых за 1.000 долараў у месяц. Гэта нявыгадна, таму што адзін заробак такога спецыяліста роўны двум заробкам беларусаў. Такіх высокатэхналагічных гастарбайтэраў, якія б працавалі на сучаснай вытворчасці, у свеце проста няма.

Лукашэнка, кажучы пра кадры, не проста канстатуе праблемы на рынку працы. Гэта яшчэ і зварот да сілавікоў, якія перастараліся, таму што распужалі ўсю працоўную сілу. Калі паглядзець, як разбурыліся прафесійныя пласты і “белых каўнерыкаў”, і іншых спецыяльнасцяў (лекары, адвакаты, дызайнеры, будаўнікі), натуральна, яго турбуе, хто ж тут застанецца. Ці не прыйдзецца працаваць адвёрткамі менавіта з пенсіянерамі, якія ўжо не могуць нікуды з’ехаць і з-за ўзросту, і з-за паніжанай здольнасці адаптавацца да новых умоў.

— Кадравы голад можа падштурхнуць улады да зніжэння ўзроўню рэпрэсій?

— Так, асабліва ў гэты год. Лукашэнка бачыць, што структуры грамадзянскай супольнасці няма, СМІ зачышчаныя. З 2020 года назіраецца татальная дамінацыя сілавікоў. У сілавіках, калі зрабіць паўнавартасную ацэнку выгады і выдаткаў, для Лукашэнкі ёсць палітычная выгада. Але на гэтым фоне пачалі выяўляцца эканамічныя, сацыяльныя выдаткі, звязаныя з тым, што ён мог бы зарабіць значна больш, калі б у яго былі людзі.

ПВТ больш няма, будаўніцтва няма, ён мог бы зарабіць на экспарце ў Расею мільярды долараў, але вырабляць няма каму і няма што.

Гэта і ёсць наступствы яго абыходжання з людзьмі. У расійскай эканоміцы рабочая сіла агрэгаваная, а ў Беларусі гэта — сацыяльныя колы, яны вельмі ўразлівыя, тым больш, у нас няма жалезнай заслоны. Таму я лічу, што такі фактар будзе станоўча ўплываць, наколькі гэта магчыма, на стаўленне да людзей.

***

У эканоміцы Беларусі ў лютым 2024 года было занята 4 млн 132,9 тыс. чалавек — на 0,09% больш (+3,8 тыс.), чым у студзені, і на 39,5 тыс. менш, чым у лютым 2023-га (-0,95%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені 2023 года налічвалася 4 млн 172,9 тыс. работнікаў, лютым — 4 млн 172,4 тыс., сакавіку — 4 млн 175,9 тыс., красавіку — 4 млн 163,8 тыс., траўні — 4 млн 150,7 тыс., чэрвені — 4 млн 148,1 тыс., ліпені — 4 млн 147 тыс., жніўні — 4 млн 151 тыс., верасні — 4 млн 137,9 тыс., кастрычніку — 4 млн 143,3 тыс., лістападзе — 4 млн 140,5 тыс., снежні — 4 млн 140,1 тыс., у студзені 2024 года — 4 млн 129,1 тыс.

Падзяліцца: