Мінск 05:43

Фрыдман: Уяўленні Лукашэнкі пра габрэяў заснаваныя на забабонах савецкага часу

Аляксандр Фрыдман
Фота: "Позірк"

Наконт габрэяў Аляксандр Лукашэнка “хахміў” неаднойчы. У 2007 годзе дайшло нават да паездкі галоўнага рэдактара газеты Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” габрэя Паўла Якубовіча ў Ізраіль з выбачэннямі ад патрона за выказванні пра Бабруйск, які габрэі нібыта ператварылі ў “свінушнік”.

З 2020 года Беларусь рэгулярна трапляе ў даклад Міністэрства дыяспар Ізраіля “Аб антысемітызме ў свеце”. Аднак апошнім часам Лукашэнка аддае перавагу слізкую тэму не чапаць. А сёння, 23 красавіка, афіцыйна павіншаваў габрэяў з Песахам. Зрэшты, падобныя віншаванні, як вынікае з выдачы сайта Лукашэнкі на адпаведны запыт, выходзяць з-пад яго пяра шосты год запар.

“Некаторыя заявы на адрас габрэяў носяць як мінімум дзіўны характар”

Уяўленні Лукашэнкі пра габрэяў “заснаваныя на стэрэатыпах і забабонах савецкага часу”, заявіў у каментары “Позірку” палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман.

“Ён працаваў у таварыстве “Знание”, а таму добра ведае ўсю гэтую савецкую прапаганду і агітацыю па Дзяржаве Ізраіль, — адзначае суразмоўца. — Таксама яму відавочна вядомы бытавой антысемітызм, які быў у беларускай правінцыі і якога цалкам хапала ў гады яго маладосці”.

Фрыдман звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка ўспрымае людзей, у тым ліку сваё асяроддзе, найперш праз прызму іх паходжання.

У прыватнасці, у інтэрв’ю для кнігі прафесара Рэдфардскага ўніверсітэта (ЗША) Рыгора Іофе “ён канкрэтна казаў, на якіх пасадах у яго знаходзяцца габрэі, хоць гэтыя персоны ніколі і ніякім чынам сваё стаўленне да габрэяў не афішавалі, тыя ж Міхаіл Мясніковіч, Сяргей Сідорскі…”

Наогул, паводле слоў аналітыка, Лукашэнка пра габрэяў кажа не так часта, але заявы, якія дапускаюцца, “носяць як мінімум дзіўны характар”.

“Мне здаецца, ён асабліва не задумваецца над тым, што кажа. Больш за тое, да гэтых скандалаў, мабыць, ставіцца паводле прынцыпу: а што я такога сказаў? — лічыць Фрыдман. — У 2021 годзе Ізраіль выказаў пратэст з нагоды ягонай заявы, што, маўляў, габрэі даказалі ўсяму свету свой Халакост, і мы павінны гэта зрабіць. Беларуская амбасада спрабавала апраўдвацца, тлумачачы гэтыя словы захапленнем габрэямі. Лукашэнка нават у галаву не магло прыйсці, што ён агучыў упадабаны антысеміцкі міф, быццам габрэі выкарыстоўвалі тэму Халакосту ў сваіх палітычных мэтах”.

“Прамых жорсткіх абвінавачванняў на адрас Ізраіля цяпер не гучыць”

Апошнім часам Лукашэнка паводзіць сябе вельмі асцярожна ў гэтым пытанні, пазбягаючы рэзкіх заяў на адрас Ізраіля, адзначае аналітык.

“Яго выказванні па сітуацыі ў Сектары Газа вельмі агульныя, — звяртае ўвагу Фрыдман. — Дзяржаўная прапаганда, вядома, працягвае паўтараць усе расійскія наратывы, хай і ў мяккай форме. Аднак прамых жорсткіх абвінавачванняў на адрас Ізраіля не гучыць”.

Тая ж пазіцыя і па сітуацыі з Іранам, хоць, здавалася б, Тэгеран для Мінска — іншага ўзроўню партнёр, таму чакалася, што беларускі бок акрэсліць праіранскую пазіцыю хоць бы так, як гэта зрабіла Масква, адзначае суразмоўца.

На яго думку, верагодна, пасля ўсіх гэтых антысеміцкіх скандалаў Лукашэнка зрабіў выснову, што лепш тэму не чапаць.

“Так, ён падкрэслівае габрэйскае паходжанне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, але і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гэта робіць, прычым рэгулярна і груба, — канстатуе Фрыдман. — Лукашэнка ж — канспіролаг савецкага гатунку, перакананы, што габрэі ў гэтым свеце адыгрываюць вельмі важную ролю, а таму з імі лепш не сварыцца”.

Таўро антысеміта на вядучых прапагандыстах рэжыму

Аналітык нагадвае, што ў 2020 годзе тэма антысемітызму на дзяржаўным узроўні “адсутнічала, але была ў арсенале прапаганды”: “калі трэба было кагосьці з апанентаў укалоць, то ўспаміналася яго паходжанне — гэта было і са мной, і з Арцёмам Шрайбманам”.

У 2021 годзе ўзнікла тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. “Спачатку ўлада дзейнічала выключна па-савецку: узялі ўсіх загінулых на тэрыторыі і пазначылі іх у якасці беларускага народа. Фактычна ж яны абвясцілі ахвярамі генацыду беларускага народа і ахвяр Халакосту”.

Яшчэ адзін важны момант, на які звяртае ўвагу Фрыдман, — штогадовыя даклады “Аб антысемітызме ў свеце”, якія рыхтуе Міністэрства дыяспар Ізраіля.

“З 2020 года там рэгулярна згадваецца Беларусь з важнымі персанажамі беларускай прапаганды тыпу Андрэя Крывашэева, Андрэя Мукавозчыка, Вадзіма Гігіна, Рыгора Азаронка. Фактычна на іх налеплены лэйбл “антысеміт”. Трапленне ў даклад яны “заслужылі” сваімі выказваннямі”, — перакананы Фрыдман.

Ён нагадаў, што, калі летась Гігіна прызначылі дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі, Ізраіль выказаў пратэст. “З тых часоў ён усяляк спрабуе — невядома, па сваёй ініцыятыве або па ўказцы зверху — ад гэтага іміджу адмыцца. Дайшло нават да таго, што Гігін першым з усіх афіцыйных асоб Беларусі павіншаваў габрэяў з Песахам”, — звяртае ўвагу аналітык.

У пасланні ж Лукашэнкі беларускім іўдзеям з нагоды Песаха Фрыдман не бачыць нічога экстраардынарнага, бо “ён усе канфесіі віншуе з важнымі рэлігійнымі святамі”.

Падзяліцца: