У Беларускім доме ў Варшаве праходзіць выстава фота аўтарства Зянона Пазьняка — першая ў яго жыцці. Яна прымеркавана да 80-годдзя дзеяча, якое ён адзначыў 24 красавіка.
На адкрыцці ветэран беларускай палітыкі папярэдзіў, што сустрэча, нарэшце, не пра яе, але амаль адразу дадаў, што “будзем гаварыць і пра гэта”. Свой выступ старшыня руху “Вольная Беларусь” акрэсліў як лекцыю. Пазней стала зразумела, чаму.
“Я ўжо тут неяк казаў, што мае заняткі, да якіх ідзе душа, — гэта дзве рэчы. Ну, не толькі дзве, шмат. Але дзве найперш. Гэта пісаць вершы і рабіць фатаграфіі. Але прыйшлося заняцца зусім іншым. Таму што з дзяцінства яшчэ, як кажуць, з сямейнага выхавання я адчуваў, што мы жывем у такой краіне, дзе нас зневажаюць — нашу мову, нашу гісторыю, — сказаў Пазьняк. — І я ведаў таксама гісторыю свайго роду, сваіх бацькоў, дзядоў і вырашыў, што ёсць абавязак змагацца за Бацькаўшчыну. І гэта прывяло да палітыкі”.
Паводле Пазьняка, цікавіцца фотасправай ён пачаў з 14 гадоў, скончыў прыватныя курсы і “з таго часу здымаў пастаянна”: “Калі я вучыўся ў інстытуце, то на лекцыях у мяне вісеў на шыі фотаапарат”.
Спаслаўшыся на тое, што сённяшняя публіка не ведае канструкцыю старых апаратаў, выступоўца ўзяўся “тлумачыць некаторыя рэчы”.
“Гэтым фотаапаратам трэба было здымаць так: спачатку навесці рэзкасць, далей трэба было выставіць вытрымку, потым трэба было выставіць дыяфрагму — гэта адтуліна такая, прапускае святло. На гэта ўсё — ну, секунд 20-30. Ніякіх маментальных здымак, ніякіх экспанометраў. Усё на вока. Вока натрэніравана так… Прафесіяналізм”, — апісаў ён.
У рэпартажнай фатаграфіі 60-х гадоў “калі ты хочаш злавіць момант — хутка рабі, а там як бог дасць”, сказаў Пазьняк.
Да сучаснага лічбавага фота ён ставіцца, мякка кажучы, крытычна, бо з цяперашняй тэхнікай “проста націсканнем кнопкі нешта атрымліваецца”, але “не мастацкая фатаграфія”.
“Усе валодаюць тэлефонамі, аўтаматычнымі апаратамі — ніякіх праблем. А фатаграфія не прасунулася ні на крок, наадварот, дэградавала”, — сцвярджае юбіляр.
Увогуле фатаграфію ён лічыць “вялікім мастацтвам і фіксаваннем рэчаіснасці”, бо яна “мае розныя жанры: партрэт, пейзаж, эцюд, рэпартаж, рэкламная фатаграфія”.
І жанры гэтыя, паводле прызнання Пазьняка, яго “цікавілі ўсе”, але найперш “фотаэцюд”, у якім “галоўнае, каб быў падтэкст”. Бо калі “проста прыгожа” — гэтага недастаткова.
Далей ішлі развагі пра хараство як такое, бо без яго “няма мастацтва”.
“Гэта ўсё падробка, калі нам прапануюць нейкае паскудства — гэта не мастацтва, гэта дэградацыя”, — лічыць аратар.
Узгадаў ён сярод жанраў побытавую і сямейную фатаграфію, якая “мае значэнне для тых людзей, якія былі”: “І вось праходзіць гадоў 50. І мы, чужыя людзі, глядзім тыя фатаграфіі сямейныя, і нам так цікава, праўда? Фантастычна цікава. А там простыя людзі: зняліся, вось стаяць. І мы лепш разумеем той свет”.
Пазьняк прачытаў свой верш “Старая паштоўка”, які калісьці напісаў, натхніўшыся фота XIX стагоддзя і адчуўшы, як “пранікае ў той свет, бачыць таго фатографа ў кацялку”.
І зноў прыняўся тлумачыць тэхналагічныя рэчы, дайшло нават да дагератыпаў.
Аб сваёй эміграцыі, якая пачалася ў 1996 годзе, палітык казаў няшмат. Прызнаўся, што рабіў здымкі і там.
“Ведаеце, у Беларусі дзе б ты ні паехаў — ты ў палёце. Ну вось я выпусціў там альманах, дзе здымаў тыпажы амерыканскія. Але гэта тыпажы. А вось такога яднання, як на Беларусі, неяк не ўзнікае. Можа, гэта ў мяне толькі такое, таму што былі фатографы, якія здолелі быць грамадзянамі свету”, — сказаў ён.
І пераключыўся на гісторыю беларускай фатаграфіі, знакамітыя здымкі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Кастуся Каліноўскага, фатографаў часоў “бальшавісцкага панавання”, якія былі “сярэднія фатографы”.
Нарэшце, лекцыя дайшла да матэрыялу выставы. Гэта 20 фотаздымкаў беларускай сталіцы 70-х гадоў, найперш архітэктуры, раней змешчаных у фотаальбоме “Мінск”.
Пазьняк сцвярджае: ён разумеў, што стары горад часткова будзе знішчаны, таму фіксаваў яго.
“Я ўдзельнічаў у Таварыстве аховы помнікаў. Пісалі маскоўскаму начальству. Ішла вялікая барацьба, каб захаваць горад. Удалося захаваць — не ўсё, але частку. Знішчылі частку Траецкага прадмесця, цалкам знішчылі Нямігу. Нават аднаго з нас забілі — Лявона Баразну*, майго сябра. Гэта была гісторыя не такая вясёлая, што там змагаліся з бюракратамі — нават трупы былі. Таму што нішчылі нас пад корань”, — сказаў выступоўца.
Свае фота сталіцы Пазьняк лічыць “неацэнным матэрыялам” для рэстаўратараў. “Усё гэта ёсць, і ўсё гэта ў Мінску”, — прызнаўся ён.
* Лявон Баразна (4 лютага 1929 года — 15 жніўня 1972 года) — беларускі мастак і даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Забіты ў Мінску пры нявысветленых абставінах, меркавана, смерць арганізавана спецслужбамі.