Мінск 06:12

25 гадоў таму быў выкрадзены Юрый Захаранка

Юрый Захаранка на "Чарнобыльскім шляху", 1997 год
Фота: Уладзімір Сапагоў

25 гадоў таму ў Беларусі адбылося першае палітычнае выкраданне: 7 траўня 1999 года ў цэнтры Мінска знік экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка.

Версіі: ад палітычнага забойства да расплаты за грашовы доўг

Юрый Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 года ў пасёлку Васілевічы Палескай вобласці (цяпер пасёлак гарадскога тыпу ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці). Скончыў Валгаградскую вышэйшую школу міліцыі і Акадэмію МУС СССР. Працаваў на розных пасадах у следчых органах, у тым ліку намеснікам начальніка Міжрэгіянальнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС СССР, начальнікам следчага ўпраўлення (пазней — камітэта) МУС Беларусі. З 28 ліпеня 1994-га па 16 кастрычніка 1995 года ўзначальваў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Пасля адстаўкі ўвайшоў у склад Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазіцыяй, дзе быў старшынёй камітэта па бяспецы. З’яўляўся членам Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП).

Паводле афіцыйнай версіі, увечары ў раёне вуліцы Жукоўскага ў Мінску Захаранка быў выкрадзены з “ужываннем гвалту неўстаноўленымі асобамі і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку”.

17 верасня таго ж года (на наступны дзень пасля новых гучных знікненняў — апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага) была ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 101 КК (“наўмыснае забойства”, у рэдакцыі 1960 года).

Паводле слоў былога палкоўніка ГРУ Уладзіміра Барадача, Захаранку “захапіў лукашэнкаўскі “эскадрон смерці”. Яго падвергнулі жорсткім катаванням, білі, ужылі псіхатропныя спецсродкі. У генерала выбівалі прызнанне нібыта аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Зразумеўшы, што ў судзе ён не пацвердзіць сваіх паказанняў, яго расстралялі”.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што прычына знікнення Захаранкі ляжыць у эканамічнай плоскасці. Маўляў, будучы міністрам, ён узяў у доўг буйную суму грошай ва Украіне, якую не вярнуў. Са слоў Лукашэнкі, якія ніяк не былі пацверджаныя дакументальнымі доказамі, праз пяць гадоў пасля знікнення былога міністра сфатаграфавалі ў Германіі і фота надрукавалі ў нямецкай газеце.

“За два гады да прэзідэнцкіх выбараў Захаранка станавіўся палітычным цяжкавагавіком”

“Злачынствы без пакарання спараджаюць новыя злачынствы, — адзначыў у каментары “Позірку” былы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Палітычныя выкраданні і забойствы 1999 года адкрылі многім вочы на тое, што будуе ў Беларусі ўсе гэтыя гады брыгада шабашнікаў з-пад Шклова. Беларусы здольныя дараваць многае, але толькі не забойствы”.

Суразмоўца адзначыў, што Захаранка меў масу відавочных вартасцяў, якія рабілі яго папулярнай публічнай палітычнай фігурай.

“Ён быў важным спікерам для сілавых структур. Пра патэнцыял Захаранкі кажа той факт, што літаральна за некалькі тыдняў ён сабраў вакол сябе каля тысячы чалавек, якія пагадзіліся быць у апазіцыйным Саюзе афіцэраў. Лукашэнка, які паталагічна баіцца людзей са зброяй, не мог не бачыць гэтую сілу і пагрозу. Таму за два гады да прэзідэнцкай кампаніі 2001 года Захаранка станавіўся палітычным цяжкавагавіком”, — лічыць Лябедзька.

Смерць Генадзя Карпенкі ў красавіку 1999 года, выкраданне Захаранкі і Ганчара ён называе звёнамі аднаго ланцуга і “прагматычнымі, цынічнымі дзеяннямі рэжыму па зачыстцы палітычнага поля ад моцных гульцоў”: “Гэта быў ярка выражаны сімптом балючай прагі ўлады, якая кіраўніку патрэбна была любым коштам хоць на руінах, хоць на могілках”.

На думку палітыка, выкраданне экс-міністра было сігналам адразу некалькім мэтавым групам: “Па-першае, гэта чыноўнікі, на якіх аўтарытарны рэжым мог абаперціся. Таму было важна паказаць-распавесці пра новыя правілы, якія ўводзяцца, што ніякіх кампрамісаў не будзе. Па-другое, гэта было пасланне тым, хто збіраўся ў Беларусі займацца палітыкай, што тут няма дэмакратычных правілаў і стандартаў. Па-трэцяе, простым людзям, што гэты рэжым прыйшоў сур’ёзна і надоўга і ён будзе трымацца за ўладу ўсімі рукамі, нават калі яны пасінеюць”.

Юрый Захаранка ў асяроддзі паплечнікаў Уладзіміра Барадача (злева; палкоўнік ГРУ ў адстаўцы, пазбаўлены звання ўказам Лукашэнкі) і Валера Косткі (справа; падпалкоўнік КДБ у адстаўцы, пазбаўлены звання ўказам Лукашэнкі)
Крыніца: фэйсбук-акаўнт Уладзіміра Барадача

“Рэжым паклапаціўся пра магчымасць судзіць нават з помпай занесеных у маўзалей”

Суразмоўца сцвярджае, што ў падзеях 25-гадовай даўніны няма цёмных плям: “Мы ведаем, што адбылося ў 1999 годзе, — гэта былі забойствы з палітычных матываў, учыненыя “эскадронам смерці”. Гэтыя высновы ў 2004-м зафіксаваныя ў дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса“.

Лябедзька ўзгадаў размову восенню 1999-га са следчым сталічнай пракуратуры, які вёў справу Ганчара: “Пасля сустрэчы ў ягоным кабінеце ён дагнаў мяне ля ліфта і сказаў: “Няўжо вы думаеце, што мы непрафесійна працуем? У нас ужо сёння дастаткова доказаў, каб з імі ісці ў суд”.

“Калі ж казаць пра тое, ці сядуць на лаву падсудных выканаўцы, арганізатары і заказчыкі гэтых жахлівых злачынстваў, то я лічу — так. Тым больш што юрысты, якія абслугоўваюць гэты рэжым, паклапаціліся аб тым, каб была магчымасць судзіць нават з помпай занесеных у маўзалей”, — заявіў Лябедзька.

На думку экс-кіраўніка АГП, рэакцыя беларусаў і міжнароднай супольнасці, якая пачалася пасля выкраданняў, “спынілі далейшыя забойствы”: “У 1999-2000 гадах па ўсёй краіне праходзілі акцыі памяці “Ланцуг неабыякавых людзей”. Тады яшчэ было гучным слова дэпутатаў разагнанага Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Жонкі і маці выкрадзеных наведалі ледзь ці не ўсе сталіцы дэмакратычных дзяржаў і офісы міжнародных структур”.

Не толькі Захаранка

За месяц да выкрадання былога міністра раніцай 6 красавіка ад кровазліцця ў мозг памёр яго паплечнік — 49-гадовы намеснік старшыні АГП, кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэта Генадзь Карпенка, які за тыдзень да гэтага перанёс інсульт. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняваюцца ў натуральных прычынах яго смерці. Палітык планаваў балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Познім вечарам 16 верасня 1999 года пасля наведвання лазні на вуліцы Фабрычнай у Мінску быў выкрадзены абраны дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання, якія не прызналі вынікаў прэзідэнцкага рэферэндуму 1996-га, в.а. спікера парламента, былы старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар. Разам з ім знік бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

5 снежня 2002 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Ганчара адсутным без вестак. У студзені 2003 года пракуратура Мінска прыпыніла расследаванне крымінальных спраў па фактах знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

7 ліпеня 2000 года быў выкрадзены аператар беларускага карпункта расійскага “Першага канала” Дзмітрый Завадскі, які ў гэты дзень на службовым аўтамабілі выехаў з Мінска ў аэрапорт сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета (загінуў ад падрыву машыны 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве).

У сакавіку 2002-га Вярхоўны суд прыгаварыў двух былых афіцэраў МУС Валера Ігнатовіча і Дзмітрыя Маліка да 10 гадоў пазбаўлення волі за выкраданне Завадскага (забойства на судзе даказана не было). Ні на следстве, ні на судзе яны не прызналі віну ў выкраданні журналіста. Па іншых эпізодах іх прыгаварылі да пажыццёвага зняволення.

23 лістапада 2000 года быў арыштаваны камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Яго арышту папярэднічаў рапарт начальніка СІЗА № 1 Мінска Алега Алкаева аб адабранні “расстрэльнага” пісталета напярэдадні знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

У СІЗА КДБ Паўлічэнка правёў каля сутак, пакуль яго не выпусцілі паводле асабістага распараджэння Лукашэнкі, які на наступны дзень адправіў у адстаўку генеральнага пракурора і старшыню КДБ.

Каштоўны сведка

28 верасня 2023 года акруговы суд горада Роршах (Швейцарскі кантон Санкт-Гален) апраўдаў экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага, які ў 2019 годзе прызнаўся ва ўдзеле ў “эскадроне смерці”, які на загад Паўлічэнкі выкраў і забіў Захаранку, Ганчара і Красоўскага.

На працэсе Гараўскі выбачыўся перад блізкімі і роднымі загінулых і выказаў спадзяванне на справядлівае пакаранне.

Вынесены прысуд “не ставіць пад сумнеў злачынствы, учыненыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі”, адзначалася ў заяве праваабарончага цэнтра “Вясна”, Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і TRIAL International, якія ініцыявалі судовае разбіральніцтва.

Праваабаронцы заклікалі міжнародную супольнасць “пакласці канец беспакаранасці за злачынствы ў Беларусі”. Яны заявілі, што і надалей будуць падтрымліваць сваякоў зніклых і забітых апанентаў рэжыму ў іх імкненні дамагчыся справядлівасці.

“Незалежна ад рашэння судовы працэс над Юрыем Гараўскім ужо стварыў гістарычны прэцэдэнт: упершыню ў свеце суд вынес рашэнне па злачынствах, учыненых на тэрыторыі Беларусі, на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, — гаварылася ў дакуменце. — Апраўдальны прыгавор сведчыць, што шлях да правасуддзя часам абсыпаны падводнымі камянямі”.

Праз дваццаць гадоў — гісторыя паўтараецца?

Падчас акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сілавікі масава затрымлівалі людзей на вуліцах, у тым ліку выпадковых. Многія зведалі жорсткія катаванні.

18 жніўня быў знойдзены мёртвым дырэктар Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П.Баграціёна 29-гадовы Канстанцін Шышмакоў, які знік 15 жніўня на шляху з працы дадому — праз шэсць дзён пасля адмовы падпісваць пратакол на выбарчым участку. Яго цела было знойдзена пошукава-выратавальным атрадам “Анёл” за кіламетр ад Мастоў каля ракі Нёман, у лесе. Папярэдняя прычына смерці — самагубства.

22 жніўня ў Мінску быў знойдзены павешаным Мікіта Крыўцоў, які знік па дарозе на працу 12 жніўня. Да гэтага ён удзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту ў Маладзечне (Мінская вобласць). Паводле афіцыйнай версіі следства, ён скончыў жыццё самагубствам, некаторыя з блізкіх не паверылі ў гэта.

1 верасня Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека паведаміла, што большасць людзей, зніклых без вестак у Беларусі, знойдзеныя, але месцазнаходжанне і стан здароўя прынамсі шасці чалавек невядомыя.

У гэты ж дзень стала вядома, што 53-гадовы работнік Мінскага завода шасцерняў Аляксандр Будніцкі, які знік без вестак 11 жніўня, быў знойдзены мёртвым — як мяркуецца, у парку каля ўніверсама “Рыга”, дзе адбываліся сутыкненні пратэстоўцаў з сілавікамі. Ён памёр нібыта ад сардэчнага прыступу.

Падзяліцца: