Нават тыдзень у калоніі — гэта шмат, кажа былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева, якая правяла ў няволі 2,5 гады. Яна мяркуе, што для вызвалення вязняў неабходна рабіць усё магчымае і немагчымае. З ёй салідарныя іншыя былыя палітвязні і іх сваякі.
Сукенка з жоўтай біркай, сэрцайкі на яго выварату — бунт
Дар’я Афанасьева выйшла з калоніі ў сакавіку. Сваёй гісторыяй яна падзялілася на прэс-канферэнцыі, якую 21 траўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, арганізавалі заснавальніца праекту “Палітвязынка” Яўгенія Доўгая і Беларускі дом у Варшаве.
Паводле слоў Афанасьевай, у калоніі жыццё пастаўленае на паўзу: “Я села ў снежні 2021 года, выйшла ў сакавіку 2024-га. Але мне не 29, мне 26 гадоў. У мяне ў галаве не ўкладваецца: што, тры гады жыцця былі аддадзеныя, каб я збегла са сваёй роднай краіны, дзе мая сям’я, сяброўкі?”
У маладой жанчыны хранічная астма, праз працу з ненатуральнымі тканінамі ў калоніі ў яе пачаліся праблемы з бронхамі.
На прэс-канферэнцыю Афанасьева і былая палітзняволеная Міа Міткевіч, якая выйшла з калоніі ў кастрычніку 2023 года, прынеслі турэмныя сукенкі — так званую “форму адзення № 2”. Іх жанчыны ў няволі носяць у цёплую пару года.
Сукенка Дар’і асаблівая не толькі праз жоўтую бірку — адзнаку, якой начальства пенітэнцыярных устаноў па ўсёй краіне прымушае абазначаць сябе асуджаных па палітычных справах.
Па-першае, звярнула яна ўвагу, адзенне — з дзіркамі. Паводле слоў Афанасьевай, сукенка “шытая-перашытая”, але ў пэўны момант жанчына вырашыла больш яе не цыраваць. Па-другое, гэтая сукенка з сакрэтам. Да яе выварату Дар’я прышыла сэрцайкі — “для ўзняцця настрою”. “Гэта такі невялікі бунт. Гляджу на ахову і думаю: “Ты пра мяне не ўсё ведаеш”, — сказала яна.
У калоніі, распавяла экс-палітзняволеная, была жанчына, якой дасталася вельмі кароткая сукенка. Пасля мыцця яна села і стала амаль як майка. “Ёй давялося пайсці да аператыўнага куратара, каб атрымаць дазвол на тое, каб дашыць сукенку. Так што сваю я перашыла на свой страх і рызыку, без дазволу”, — адзначыла Афанасьева.
Паводле яе слоў, у калоніі “апынаешся ў закрытай прасторы, дзе сама сабе не належыш, не можаш нічога вырашаць”, і гэта “сур’ёзны выклік”. “Вы сёння раніцай вырашылі, а якой гадзіне ўстанеце, што апранеце”, — сказала яна ўдзельнікам прэс-канферэнцыі. У калоніі ж, канстатавала Афанасьева, быў адзіны выбар — надзець “майткі ў кветачку або чорныя”. “І тое не заўсёды, паколькі выбар маецца ў залежнасці ад пральных дзён”, — падкрэсліла яна.
Штрафны ізалятар — сон на голых дошках, без коўдры
Менеджар у сферы культуры Міа Міткевіч у Беларусі была асуджаная за каментарыі ў інтэрнэце. У калоніі яе зрабілі “злосным парушальнікам”, яна была на ўліку як “асоба, схільная да нападу на супрацоўнікаў”.
Маладую жанчыну двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар — “падвальнае памяшканне, камеру плошчай метр на метр”.
“Там два слупкі, на іх адкідваецца ложак з металічнымі перакладзінамі. Зацвілае акно з кратамі, дапатопная рукамыйніца, прыбіральня-дзірка, — сказала Міткевіч. — Там маецца ацяпленне, але заўсёды холадна. Застаешся ў адной спадніцы і пінжаку. Майка без рукавоў. Ласіны можна толькі зімой. <…> Без шкарпэтак, без легінсаў, у перабітых туфлях, якія сціскаюць і намульваюць нагу”.
Паводле яе слоў, у штрафным ізалятары спяць “на голых жалязяках”, без коўдры, падушкі, посцілкі. “Калі рухаешся, каб сагрэцца, могуць напісаць рапарт, і застанешся там яшчэ даўжэй. Я хадзіла ў прыбіральню, там грэлася кожныя паўгадзіны каля батарэі”, — распавяла жанчына. У ізалятары яна захварэла, але яе ніхто не лячыў.
Пасля вызвалення Міткевіч пакінула радзіму і адкрыла ў Варшаве школу танцаў.
Былая палітзняволеная Вольга Скрашчук у Беларусі была асуджаная на 2,5 гады пазбаўлення волі за каментарыі ў інтэрнэце — па “справе Зельцара”.
28 верасня 2021 года ў Мінску супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі ўварваліся ў кватэру IT-спецыяліста Андрэя Зельцара. Паміж імі адбылася перастрэлка, у выніку якой загінулі Зельцар і прадстаўнік спецслужбы Дзмітрый Федасюк. Здарэнне выклікала рэзананс. Многія людзі ў сацсетках падтрымалі дзеянні Зельцара і асудзілі прадстаўнікоў спецслужбы. За падобныя каментарыі па “справе Зельцара” асудзілі сама меней 114 чалавек.
Скрашчук у сацсетках абурылася забойствам Зельцара — як і іншыя 14 жанчын, з якімі яна правяла 50 дзён пасля затрымання. “Пра гэтых жанчын, не ўсе з якіх пакуль прызнаныя палітзняволенымі, мала хто ведае… Нас затрымлівалі ў кватэрах, бальніцах, аўтобусах, па месцы працы, у басейнах”, — адзначыла спікер.
Паводле слоў былой палітзняволенай, жанчын, малодшай з якіх было 26 гадоў, старэйшай — 68, пры затрыманні збівалі. Многія з іх пасля вызвалення пакінулі Беларусь.
У памяшканні, куды іх змясцілі на каранцін, не было туалетнай паперы, мыла, там адключалі ваду, душ быў нерэгулярным. Жанчын не вадзілі на прагулкі, медыцынскай дапамогі не было. 50 дзён ім перашкаджалі спаць — не выключалі святло, кожную ноч будзілі па тры разы. Прымушалі станавіцца на расцяжку, прысядаць, за няправільнае выкананне загадаў “білі дручкамі пад каленкі”.
“Мы не мелі ні асадкі, ані паперы, мы не маглі пісаць скаргі на ўмовы ўтрымання, — сказала Скрашчук. — Праз 40 дзён з’явіўся першы адвакат. У жанчын пачыналіся галюцынацыі, нехта не мог назваць сваё імя і прозвішча. Пачалося выпадзенне валасоў, падзенне зроку. Некаторых жанчын падчас гэтага каранціну выклікалі да адміністрацыі турмы і пыталіся, ці раскайваюцца яны, ці прызнаюць віну. Мы не прызнавалі, нас трымалі далей. Я цяпер, ведаючы, якія вялізныя тэрміны даюць, думаю, што мы неяк надта лёгка ставіліся да ўсяго, яшчэ спрабавалі бараніць свае правы”.
Большасць з тых 14 жанчын атрымала ад 2 да 3 год пазбаўлення волі.
“Мы не змагаліся, мы выжывалі”
У няволі палітвязні марылі пра амністыю, што іх вызваляць, бо ў Беларусі нешта зменіцца. У 2022 годзе яны казалі фігурантам “справы студэнтаў”, што тыя не прасядзяць поўны тэрмін, выйдуць раней, аднак гэтага не адбылося.
Палітзняволеныя жанчыны кажуць, што ў калоніі “можна не працаваць на адміністрацыю”, але калі не прызнаеш віну, не пішаш на яе патрабаванне прашэнне аб памілаванні, то “запрэсуюць”.
Паводле слоў Афанасьевай, у 2022 годзе адміністрацыя калоніі пыталася, ці будуць зняволеныя прасіць аб памілаванні. Многія, адзначыла яна, збіралі дакументы, якім у выніку “не далі ход”. “Я ведаю, што напрыканцы 2021 года пісала большасць [асуджаных] у калоніі. І нават на пачатку 2023-га многія былі з напісанымі памілаваннямі. Людзі робяць усё, каб выратавацца. Але цяпер “памілаўкі” нікому не патрэбныя, іх не пішуць”, — сказала былая палітзняволеная.
Міткевіч таксама паведаміла, што з 2021 года па сакавік 2022-га адміністрацыя “ціснула практычна штодня”, патрабуючы пісаць прашэнне аб памілаванні. У лютым 2022 года жанчына хадайнічала аб змене выраку, а ў выніку апынулася ў штрафным ізалятары.
“Зараз у дэмсіл павінна быць толькі адна задача…”
“Мы не змагаліся, мы выжывалі, — сказала Афанасьева. — У такіх умовах складана за нешта змагацца, асабліва калі не вельмі разумееш, за што. Жанчын пераконваюць, што на іх усе забыліся, што іх ніхто не чакае. Інфармацыі пра тое, што адбываецца, няма, лісты прыходзяць толькі ад родных, і тое не факт”.
“У маім уяўленні зараз у дэмсіл павінна быць толькі адна задача — выратаваць і выцягнуць палітвязняў з турмаў. Рабіць варта любымі даступнымі і недаступнымі спосабамі: угаворваць, ісці на саступкі. Калі нехта будзе называць гэта продажам, калі ласка, купіце палітвязняў, калі гэта магчыма”, — заявіла былая зняволеная.
На думку Афанасьевай, “ідэал свабоднай Беларусі” не павінен будавацца на ахвяры беларусаў за кратамі і за кошт чалавечых жыццяў. “Вольная Беларусь не павінна атрымаць перамогу за кошт жанчын. Апроч санкцый трэба прыдумаць нешта яшчэ, там знаходзіцца немагчыма”, — канстатавала яна.
Аляксандр Лойка, муж журналісткі Ірыны Слаўнікавай (у жніўні 2022 года асуджана на 5 гадоў пазбаўлення волі), лічыць несправядлівым, што палітвязні з’яўляюцца “разменнай манетай у вялікай палітыцы”. Паводле яго інфармацыі, вязні просяць іх вызваліць, “зрабіўшы для гэтага ўсё, што заўгодна”, але “не атрымліваюць нічога”.
Яшчэ ў 2022 годзе Лойка выказаў меркаванне, што трэба пачаць перамовы з рэжымам дзеля вызвалення палітвязняў з дапамогай пасярэднікаў. Цяпер ён паўтарыў сваю думку: “Перамовы ідуць нават паміж Расіяй і Украінай, я не разумею, чаму пра нашых родных не гавораць, не вядуцца перамовы”.
Яўгенія Доўгая адназначна выступае супраць пазіцыі, што палітвязні вытрымаюць усе выпрабаванні. Яна настойвае, што выпрабаванні, якія выпалі на долю жанчын, “несупастаўныя з чалавечымі сіламі”.
Сітуацыя пагаршаецца тым, што з месцаў зняволення прыходзіць мала інфармацыі ці яе немагчыма абнародаваць без шкоды для вязняў. За кратамі знаходзяцца “жанчыны, якіх пазбавілі дзяцей; жанчына, якая страціла ў калоніі здольнасці хадзіць”. “Іх трэба ратаваць”, — падкрэсліла заснавальніца праекта “Палітвязынка”.
Абмеркаванне варыянтаў вызвалення палітвязняў удзельнікі прэс-канферэнцыі ў мэтах бяспекі працягнулі без журналістаў.