Мінск 01:51

Мілінкевіч: Васіль Быкаў пачаў дарогу да праўды ў самыя змрочныя часы

Васіль Быкаў
Фота: Сяргей Шапран / бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта

Асоба Васіля Быкава, як і яго творчасць, мала каму незнаёмая. Пісьменнік, які адразу абраў быць паслядоўна беларускім, стаў маральным і вартасным арыентырам для соцень тысяч людзей, якія верылі, што на зломе тысячагоддзяў, пасля знікнення савецкай імперыі Беларусь можа вярнуцца да Еўропы, даць людзям годнасць, павагу і дабрабыт.

Мабыць, таму для ўлады Быкаў стаў няўтульным з таго моманту, калі пачаў пісаць сваю праўду пра вайну — без прапаганды і мітаў, хаця, здавалася б, закрануць сэрцы людзей, для якіх вайна была недалёкай і страшнай мінуўшчынай, цяжка, калі магчыма ўвогуле. Яшчэ больш нязручным пісьменнік стаў, калі пайшоў у палітыку: яго аўтарытэт і бездакорная, бясплямная біяграфія пужалі чыноўнікаў, якія цягнулі ў будучыню свае шафы са шкілетамі часоў рэпрэсій, цкавання, знішчэння асобы дзеля ўлады. Быкаў супрацьпастаўляў ім шчырасць, працавітасць, сціпласць і праўду, бо ветэранаў не падманеш казкамі пра “подзвіг савецкага народа”.

19 чэрвеня споўнілася 100 год з дня нараджэння пісьменніка. Сваім поглядам на яго жыццё, прынцыпы, спадчыну і яе актуальнасць для сённяшняй Беларусі з “Позіркам” падзяліўся заснавальнік і каардынатар прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”, кандыдат ў прэзідэнты на выбарах 2006 года, канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч.

“Быкаў — гэта слова “праўда”

— Якім чалавекам быў Васіль Быкаў? Што азначала яго асоба і творчасць?

— Пісьменнік, мастак, літаратар і палітык — ўсё неяк разам у ім для мяне гэта злілося. Васіль Быкаў заўсёды паказваў чалавека ў бесчалавечных, складаных умовах. Бываюць такія варункі, што няма добрага выйсця ў маральным сэнсе, і нават для мяне выбар звышскладаны. Я не крытык і не мастацтвазнаўца, але было так, што, калі я чытаў яго творы, для мяне адразу паўставала пытанне: а што б я зрабіў, як бы я паводзіўся на месцы яго героя?

І гэта такая школа яго жыцця, якое ён прайшоў, а я, дзякуй богу, не быў на вайне, хаця яна зараз зноў пачынаецца, яле яго вайна стала і маёй, бо на вайне пытанне выбару часта ставіцца супервостра і чалавеку звышскладана яго зрабіць.

Другое, што асацыюецца з Васілём Быкавым, — гэта слова “праўда”. Чаго больш за ўсё не хапала ў Савецкім Саюзе? Свабоды не хапала і шмат іншых слушных слоў, але для мяне слова “праўда” — самае галоўнае. У Савецкім Саюзе не было праўды. У маім доме яна была. Бацькі не былі ні прасавецкімі, ні антысавецкімі, але дакладна не верылі ні ў які камунізм. У іх была іншая школа і паходжанне, яны крытычна ставіліся, але звышасцярожна паводзіліся з вядомых прычын.

А для мяне таксама важная творчасць Быкава, яго асоба. У Гародні да яго асаблівае, трапяткое стаўленне, ўсё ж такі ён столькі там быў, яго ведалі, паціскалі руку, размаўлялі. Яго праўда не тое каб адразу разбурала Савецкі Саюз, але паказвала, што гэта — ключавое слова.

“На наша пакаленне моцна паўздзейнічала фраза “Быкаў з намі”

Цяжка было несці праўду ў тыя часы?

— Мае продкі з вёскі Бершты на мяжы з Літвой, і там людзі заўсёды любілі казаць: “А трэба заўсёды рабіць па-проўдзе”. Для іх слова “праўда” (на мясцовай гаворцы “проўда”) было сімвалам маральнасці, годнасці — шырокае вельмі слова. А Быкаў як пісьменнік — такі ж. Мне здавалася, што ён такі чалавек, які пачаў доўгую дарогу да праўды, прычым у самыя змрочныя часы Савецкага Саюза. Канешне, гэта былі часы хрушчоўскай адлігі, але гэта ўсё роўна быў СССР з КДБ і пераследам.

З аднаго боку яго не маглі не прызнаць, бо ён геніальны пісьменнік для ўсіх часоў, ён будзе заўсёды актуальны, бо праўды заўсёды будзе не хапаць. З іншага боку ён быў такі важны ў грамадскім і палітычным жыцці, асабліва калі змянялася савецкая эпоха і мы верылі, што час зменіцца на дэмакратычны. І калі такая постаць пры жыцці — вялікі пісьменнік і аўтарытэт — пераходзіць на бок дэмакратыі публічна, ведаючы, што яго за гэта будуць папракаць, спрабаваць прынізіць, мабыць, праўда была яго натурай.

А чым была гарбачоўская перабудова? Па сутнасці дазволілі казаць праўду. Свабода слова была такая, што, можа, і ў дэмакратычных краінах не заўсёды такое ёсць. Калі рабіць можна было не ўсё, то гаварыць — так. А ён гэта рабіў значна раней.

Аляксандр Мілінкевіч
Фота: "Радыё Свабода"

 — Яго пазіцыя і выхад у палітыку, на вашую думку, былі спробай змяніць грамадства чымсці апроч літаратуры, прынесці нешта карыснае акрамя слова?

— Ён проста адчуў сваю адказнасць. Важна, калі на цябе азіраюцца і хочуць пачуць тваю думку, а новае — заўсёды страшнае, невядомае. І яшчэ ёсць рэпрэсіўная машына. Яе ніхто не адмяняў, калі Быкаў увайшоў у склад аргкамітэта Беларускага народнага фронта за перабудову “Адраджэнне”. Гэта патрабавала цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, але ў яго гэта было не пафасна, ён не красаваўся, проста натуральна ішоў і рабіў сваё. На наша пакаленне фраза “Быкаў з намі” паўздзейнічала вельмі моцна!

“Годны чалавек, калі не можа сказаць праўды, спрабуе жыць па праўдзе”

— У палітычным жыцці Быкаў адразу кідаўся ў вочы, стаяў паасобку, і складалася ўражанне, што ўлада, Лукашэнка яго баяліся. Насколькі моцным быў яго аўтарытэт і ўплыў?

— Канешне, ў 90-я грамадства было моцна расколатае. Былі людзі, якія верылі, што будуць перамены, што яны ўжо ёсць. Яны былі відавочныя!

Для іншых людзей, якіх была большасць, тыя часы сталі трагедыяй: беспрацоўе, гіперінфляцыя, жыццё стала значна бяднейшым. У такіх людзей вера хутка спынялася, і хацелася вярнуцца назад. Быкаў быў сцягам для тых, хто верыў, што Беларусь будзе беларускай, вольнай, што стане сапраўдным лідарам у нашым рэгіёне. І для нас ён быў сапраўдным лідарам.

Некаторыя кажуць, што лідарамі нараджаюцца. Можа, ён і меў такія лідарскія якасці як асоба, але ўсё ж такі лідарамі становяцца, бо калі з’яўляюцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час, то займаюць сваю пазіцыю і ў людзей стае значна больш смеласці духа. Канешне, не для ўсёй Беларусі — для тых людзей, што верылі ў дэмакратыю, што мы еўрапейцы і мусім вяртацца ў Еўропу. Але такія людзі, што разумелі значэнне нацыянальнага адраджэння, былі ў меншасці, безумоўна.

— Чым важная постаць Васіля Быкава зараз і ў будучым, калі прыйдзецца вяртаць Беларусь?

— Складаны быў час, але будзе другая перабудова, і яна таксама не будзе патрабаваць, каб грамадства адразу ўсё разумела і стала на адзін бок. Гэта будуць складаныя часы, але важна, каб тыя людзі, якія будуць вяртаць Беларусь у Беларусь, былі аўтарытэтнымі, каб ніхто не сказаў, што яны хлусяць. Гэта будзе вырашальным момантам. Маю надзею, што прыклад Быкава будзе вырашальным для людзей, якія будуць вяртаць Беларусь да сябе і да Еўропы. Такія людзі не гадуюцца ва ўніверсітэтах, яны вырастаюць з сям’і, традыцыі. Якія захавалі сваю ідэнтычнасць. Васіль Быкаў важны перш за ўсё таму, што нам праз нацыянальную свядомасць трэба будзе перайсці ў новую краіну, пра якую мы марым, і Быкаў будзе прыкладам заўсёды.

Праўда і годнасць заўсёды побач. Годны чалавек спрабуе, калі не можа сказаць праўды (бываюць такія моманты), хаця б жыць па праўдзе. Гэта таксама важна.

Пераломны час, які нас чакае, будзе часам маральных палітыкаў, а не гульцоў, якія працуюць дзеля піяру. Грамадства робіцца больш патрабавальным, яго не купіш папулісцкімі штукамі. Акрамя таго, дзякуючы інтэрнэту ўсё вядома пра ўсіх.

Топ-5 твораў Васіля Быкава ад Аляксандра Мілінкевіча:

“Жураўліны крык”

“Альпійская балада”

“Мёртвым не баліць”

“Знак бяды”

“Аблава”

***

Васіль Быкаў — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Класік беларускай літаратуры.

Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці.

У аснове творчасці Быкава — праўда аб Другой сусветнай вайне, апісанне яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.

Пісьменнік меў актыўную грамадзянскую пазіцыю, быў адным з непрымірымых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Уваходзіў у аргкамітэт, а затым у Сойм Беларускага народнага фронта, быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі доўгі час жыў у эміграцыі. Вярнуўся на радзіму незадоўга да смерці.

Памёр 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Падчас пахавання труна была накрытая бел-чырвона-белым сцягам, развітацца з класікам прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Падзяліцца: